Беларуская літаратура

(Перанакіравана з «Літаратура Беларусі»)

Белару́ская літарату́ра — галіна ў літаратуры, створаная на беларускай мове (неабавязкова людзьмі беларускага паходжаньня, але й носьбітамі).

Гісторыя

рэдагаваць

Да XVII стагодзьдзя

рэдагаваць

Беларуская літаратура фармавалася на базе старажытнарускай літаратуры эпохі Кіеўскае Русі, а працэс яе адасабленьня прыйшоўся на XIV—XV стагодзьдзі. Росквіт наступіў у XVI—XVII стагодзьдзях (так званы «Залаты век»). Старабеларуская мова была афіцыйнай мовай Вялікага Княства Літоўскага (Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 году, палемічная рэлігійная літаратура). З пачатку XVI ст. беларускія кнігі пачалі друкавацца. Першая друкаваная кніга на беларускай мове — «Псалтыр» — была выдадзеная ў Празе ў 1517 годзе Францішкам Скарынам. Гэта была першая кніга, надрукаваная на мове ўсходнеславянскае групы. У XVI і XVII стагодзьдзях пад уплывам польскае культуры зьявілася сылябічная паэзія барока й драматычная школа (Сімяон Полацкі).

Перадваенны час

рэдагаваць

У XVIII стагодзьдзі з прычыну прыгнёту народу й выраджэньня слою беларускамоўнае інтэлігенцыі беларуская літаратура спакваля прыйшла ў заняпад; яе адраджэньне пачалося ў апошняй чвэрці XVIII ст., калі зьявілася першая нацыянальная камэдыя на беларускай мове «Камэдыя» К. Марашоўскага. Працэсы актывізацыі творчасьці на беларускай мове працягваліся на пачатку XIX ст. (ананімная сатырычная паэма «Тарас на Парнасе», першыя рамантысты: Паўлюк Багрым і беларуска-польскія паэты Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Адам Міцкевіч і Аляксандар Рыпінскі. Першым аўтарам, у творчасьці якога беларуская мова заняла галоўнае месца, быў стваральнік першае беларускае камэдыі «Ідылія» (1846) Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Кнігі друкаваліся пераважна лацінкаю. У другой палове XIX ст. пачаўся час рэалізму (Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч, Янка Лучына). Новы этап разьвіцьця беларускае літаратуры наступіў пасьля рэвалюцыі 1905—1907, калі ў Вільні зьявіліся першыя газэты на беларускае мове: «Наша доля» (1906) і «Наша Ніва» (1906—1915), вакол якіх стварылася першае аб’яднаньне пісьменьнікаў, якія выступалі за ўзмацненьне нацыянальнае самасьвядомасьці (Максім Багдановіч, Сяргей Палуян, Зьмітрок Бядуля, Максім Гарэцкі, Ядвігін Ш., Янка Купала, Якуб Колас, Алесь Гарун, Андрэй Зязюля і інш.). Беларуская літаратура мела сынкрэтычны характар, злучала ў сябе элемэнты рамантызму, рэалізму, імпрэсіянізму й мадэрнізму. У прыватнасьці, імпрэсіянізм і сымбалізм у беларускай паэзіі разьвіваў Максім Багдановіч, у прозе — Зьмітрок Бядуля, рамантызм і мадэрнізм у паэзіі — Янка Купала.

Першая сусьветная вайна і міжваенны час

рэдагаваць

У час Першае сусьветнае вайны й абвяшчэньне БНР (1918) у беларускай літаратуры дамінавала праблематыка патрыятызму ў жыцьці грамадзтва.

У 1920-х гадох пасьля ўтварэньня БССР (1919) літаратурнае жыцьцё асабліва канцэнтравалася вакол часопісу «Маладняк» (1923—1928) і «Ўзвышша» (1926—1931), якія выдаваліся групамі літаратараў. Акрамя паэтаў і празаікаў старэйшага пакаленьня (Янка Купала, Уладзіслаў Галубок, Зьмітрок Бядуля, Якуб Колас), паэзіяй займаліся Міхась Чарот, Уладзімер Дубоўка, Алесь Дудар, а прозай — Максім Гарэцкі, Цішка Гартны, Міхась Зарэцкі, Кузьма Чорны.

Непапраўны ўдар па беларускай літаратуры быў нанесены ў другой палове 1930-х гг., калі ў час вялікага тэрору было загублена мноства маладых таленавітых паэтаў і пісьменьнікаў: Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Тодар Кляшторны, Валеры Маракоў і шматлікія іншыя. «Чорным» момантам для беларускае літаратуры зрабілася ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году, калі былі расстраляныя 23 маладыя паэты, уключаючы ўсіх вышэйпералічаных. Пра многіх зь іх пакінуў успаміны ў кнізе «Далёкае, але не забытае» (1988) Павал Пруднікаў, якому таксама давялося перажыць заключэньне ў ГУЛагу. Рэпрэсаваныя былі таксама Ўладзімер Дубоўка, Ларыса Геніюш (ужо пасьля вайны) і іншыя.

Беларуская літаратура разьвівалася й за межамі Беларусі — у Вільні, Коўне й Празе (Міхась Машара, Казімер Сваяк). У 1934 годзе быў утвораны Саюз пісьменьнікаў БССР, а дамінуючым напрамкам у літаратуры абвешчаны быў сацыялістычны рэалізм.

Пасьляваенны час

рэдагаваць

Пасьля Другое сусьветнае вайны галоўнымі тэмамі беларускае літаратуры сталі досьвед вайны, жыцьцё беларускага народу ў новых варунках і яго мінулае (аповесьці Івана Мележа, Івана Шамякіна). З другой паловы 1960-х гг. у беларускай паэзіі сталі ўзьнімацца ня толькі праблемы народу, грамадзтва й гісторыі, але таксама й маралі. Пісьменьнікі паўсталі на барацьбу за права творцы на свабоду выразу (творы Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Андрэя Макаёнка, Івана Пташнікава, Алеся Разанава).

З канца 1980-х гг. у беларускай літаратуры ўзьнялася тэма сталінскіх рэпрэсіяў. Ужо ў творах Васіля Быкава «Знак бяды» (1985) улоўліваецца трагічная сувязь паміж калектывізацыяй, рэпрэсіямі й вайной на тэрыторыі Беларусі. Цалкам гэтае тэме прысьвечаныя яго пазьнейшыя аповеды «Жоўты пясочак» і інш. З эпохай галоснасьці сталі даступныя дзёньнікі Ларысы Геніюш, у якіх адлюстраваныя яе лягерныя гады. Аўтабіяграфічны характар носяць аповесьці Паўла Пруднікава «Яжовыя рукавіцы» й «Паўночнае пекла» ў кнізе «За калючым дротам» (1993). Яскравым антысталінскім патасам напоўнены яго паэмы «Таймыр» і «Кожны другі». У плянах пісьменьніка было асьвятліць яшчэ адну вострую тэму — праблему вяртаньня мінулага палітвязьня назад у грамадзтва, — але ён не пасьпеў апублікаваць ужо напісаныя творы.

Глядзіце таксама

рэдагаваць