Ламачы (Гомельская вобласьць)
Ламачы́[1] — былая вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Судкоўскага сельсавету.
Ламачы лац. Lamačy | |
Дата заснаваньня: | перад 1772 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Судкоўскі |
Насельніцтва: | 0 чал. |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
СААТА: | 3254816021 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°44′32″ пн. ш. 29°42′38″ у. д. / 51.74222° пн. ш. 29.71056° у. д.Каардынаты: 51°44′32″ пн. ш. 29°42′38″ у. д. / 51.74222° пн. ш. 29.71056° у. д. |
± Ламачы |
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьНайранейшая пакуль згадка сустрэтая ў мэтрычных кнігах уніяцкай Цешкаўскай Раства-Багародзіцкай царквы. Датаваная яна 28-м сьнежня 1772 году[a], але датычыцца не самога паселішча, а людзей, ад прозьвішча якіх і паходзіць яго назва. Першыя — Купрэй і Марыя, потым Якаў, Хведар, Якім, Мікалай, Сямён Ламачы. Нарэшце, 15 красавіка 1778 году сказана пра хрост сына Івана і Марыны Ламачоў, кумоў Мартына Бычкоўскага і Пелагею Ламачову[b] «ze wsi Łomaczow»[3]. На той час Ламачы, як і суседнія Кажушкі, належалі да маёнтку Нароўля Яна Мікалая Аскеркі, войскага мазырскага.
Расейская імпэрыя
рэдагавацьАд часоў другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ламачы — у Рэчыцкай акрузе Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 года ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[4]. Пасьля арышту «за клятвопреступление», г. зн. за ўдзел у вызвольным паўстаньні 1794 году, Яна Мікалая Аскеркі, стражніка польнага літоўскага, новым уладальнікам стаў былы пасол Расеі ў Рэчы Паспалітай Якаў Сівэрс. Падчас канфіскацыі, Кажушкі, адзінай прылегласьцю якіх былі Ламачы, выступалі нібыта асобным маёнткам, у якім налічвалася 379 душ[5].
30 чэрвеня 1803 году было складзена, а 13 сакавіка 1806 году зьмешчана да кніг Рэчыцкага земскага суда разьмежаваньне добраў Хвойнікі абозных літоўскіх Караля і Людвікі Прозараў, Тульгавічы харунжага мазырскага Феліцыяна Стоцкага і Барбароў тытулярнага саветніка Андрэя фон Гольста[c]. Wieś Kożuszki (а, значыць, і Ламачы) у тым дакумэнце выступала, як attinencya Barborowszczyzny, а яе ўгодзьдзі разьмяжоўваліся з грунтамі хвойніцкіх Навасёлак, Тульгавічаў і фальварка Бабчын hrabstwa Brahińskiego[6].
1 верасьня 1816 году маёнтак Нароўля А. фон Гольста, у складзе якога фальварак Кажушкі з аднайменнай вёскай і Ламачы, набыў за суму ў 242 650 рублёў серабром Ігнацый Горват. У 1825 годзе гэтая частка спадчыны нябожчыка Ігнацыя (†1820) дасталася сыну Даніэлю Горвату[7].
У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 43 жыхары вёскі Ламачы заставаліся прыхаджанамі Цешкаўскай Раства-Багародзіцкай царквы[8].
У парэформавы пэрыяд вёска належала да Юравіцкай воласьці. Каля 1864 году маёнткам Нароўля (і фальваркам Кажушкі з Ламачамі) завалодаў Артур, сын Даніэля, Горват[7]. На пачатак 1870 году ў Ламачах — 15 душ зь ліку сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Кажушкаўскага сельскага таварыства[9]. У сьпісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павету) Менскай епархіі на 1876 год Ламачы названыя ў прыходзе Тульгавіцкай Сьвята-Георгіеўскай царквы[10].
Паводле перапісу 1897 году, у Ламачах — 16 двароў, 113 жыхароў[2]. 20 ліпеня 1898 году Артур Горват перадаў права валоданьня маёнткам Нароўля з фальваркам Кажушкі і з Ламачамі сыну Эдварду[7]. У 1909 годзе у вёсцы налічваўся 21 двор, а ў ім — 127 жыхароў[11].
Найноўшы час
рэдагаваць9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Ламачы ў складзе Юравіцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападзкага[12].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 сьнежня 1926 году Ламачы — у Тульгавіцкім сельсавеце Юравіцкага раёну Рэчыцкай акругі БССР. У 1930 годзе арганізаваныя калгасы «Чырваная Прыпяць» і «Чырвонамайск», працавалі 2 кузьні[2]. З 8 ліпеня 1931 году вёска далучана да Хвойніцкага раёну. З 20 лютага 1938 году — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
На франтах Вялікай Айчыннай вайны загінулі і прапалі бязь вестак 22 вяскоўцы, 6 чалавек загінулі пад акупацыяй[13].
З 8 студзеня 1954 году Ламачы — у Гомельскай вобласьці. У вёсцы, згодна зь перапісам 1959 году, налічвалася 177 жыхароў. Уваходзіла ў склад калгасу імя А. А. Жданава з цэнтрам у вёсцы Тульгавічы[2].
Асобы
рэдагавацьАркадзь Кандрусевіч — беларускі пісьменьнік
Заўвагі
рэдагаваць- ^ На Генэральнай мапе «Беларускія землі ў канцы XVIІІ ст.» другога тому Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі аскеркаўскія Ламачы, як вёска ў Мазырскім павеце Менскага ваяводзтва Вялікага княства Літоўскага, што адпавядала б рэальнасьці, не пазначаныя. Адпаведна, у паказальніку да мапы паселішча адсутнае. І ўсё з даволі прыкрай прычыны: зьвестку пра Ламачы, знойдзеную ў крыніцы, укладальнікі памылкова дапасавалі да езуіцкага Ломыша, які пад такой сваёй назвай у XVIII ст. яшчэ ня згадваўся.
- ^ Менавіта так: форма прозьвішча Ломач — позьняя, падобна як Козел, Бойдак, Бордак, таму і назву паселішча людзі спрадвеку вымаўлялі — Ламачы, ня Ломачы, як пісаў С. В. Марцэлеў[2]. Даўняя вясковая традыцыя...
- ^ Тут выкарыстана копія гранічнага дакумэнту, перааформленая ў Мазыры 13 сьнежня 1809 г., імаверна, для А. фон Гольста, бо разьмежаваньне праводзілася, калі маёнткам валодаў Я. Сівэрс; засьведчана подпісам менскага віцэ-губэрнатара С. Бэнэволенскага.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ^ а б в г Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 447
- ^ НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1443. А. 4, 5, 6адв., 10, 15
- ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
- ^ Радзюк А. Р. Пад скіпетрам Расейскай імперыі… — Гародня-Кракаў, 2017. С. 33
- ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 12. S. 17–24
- ^ а б в Светлана Адамович. Дворец в Наровле: история и реалии. // Архитектура и строительство. 2010. №2 (213)
- ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 693
- ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 68адв.
- ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 464
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 109
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Хойніцкага раёна / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн імя Петруся Броўкі, 1993. С. 187, 296 – 297
Літаратура
рэдагаваць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.