Кастусь Езавітаў

(Перанакіравана з «К. Езавітаў»)

Касту́сь Бары́савіч Езаві́таў (17 лістапада [ст. ст. 5 лістапада] 1893, Дзьвінск, цяпер Латвія — 23 траўня 1946, НКУС БССР, Менск, СССР) — беларускі палітычны, грамадзкі і ваенны дзяяч, публіцыст, перакладчык, пэдагог. Псэўданім і крыптанімы: Кастусёнак; К-нак; К. Е.; К. Ез.

Кастусь Езавітаў
лац. Kastuś Jezavitaŭ
Міністар па вайсковых справах БНР
21 лютага 1918 — травень 1918
Вайсковы міністар ва ўрадзе Беларускай Цэнтральнай Рады
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 5 (17) лістапада 1893
Памёр: 23 траўня 1946(1946-05-23) (52 гады)
Партыя:
Адукацыя:

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і кадравага афіцэра. У 1916 годзе скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут і Паўлаўскае ваеннае вучылішча. У 1913 стаў сябрам Беларускай Сацыялістычнай Грамады. У Першую сусьветную вайну праводзіў актыўную тлумачальную і арганізацыйную работу сярод салдатаў-беларусаў Паўночнага фронту. Быў абраны намесьнікам старшыні Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады. У лютым 1918 стаў камэндантам Менску. За ўдзел у працы Першага Ўсебеларускага кангрэсу і дзейнасьць па стварэньні беларускага войска ў студзені 1918 быў арыштаваны ВЧК, але здолеў уцячы.

Пасьля адступленьня бальшавікоў быў прызначаны камэндантам Менску і Менскага гарнізону. 25 сакавіка 1918 удзельнічаў у абвяшчэньні БНР, уваходзіў у склад Рады. Займаў пасаду народнага сакратара па вайсковых справах (міністра абароны).

У 1919—1920 гадох быў кіраўніком Вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Наладзіў дыпляматычныя стасункі беларускага ўраду з урадамі Ўкраіны, Летувы, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, зьвяртаўся з прозьбай аб ваеннай дапамозе да ўраду ЗША. Праводзіў працу па арганізацыі беларускага войска, пошуку сродкаў на яго ўзбраеньне. Арганізаваў пераход на службу БНР корпуса С. Булак-Балаховіча. У траўні 1920 «за выдатную працу на карысьць Беларускай Народнай Рэспублікі» атрымаў званьне генэрал-маёра.

У 1921—1944 гадох жыў у Рызе, узначаліў Беларускае нацыянальнае аб’яднаньне ў Рызе. Дзякуючы Езавітаву беларуская супольнасьць тут сталася, бадай, найлепш арганізаванай за межамі БССР. Ён быў намесьнікам старшыні таварыства «Бацькаўшчына» ў Латгаліі, узначальваў беларускае выдавецтва, таварыства беларусаў-выбаршчыкаў, беларускіх настаўнікаў, навукова-краязнаўчае. Браў удзел у Праскай і Бэрлінскай палітычных канфэрэнцыях. Рэдагаваў газэту «Голас беларуса» і часопіс «Беларуская школа ў Латвіі». За сваю нацыянальную працу чатыры разы арыштоўваўся латвійскімі ўладамі (у 1924, 1930, 1933 і 1935).

У Другую сусьветную вайну займаўся арганізацыяй у Латвіі беларускіх школ. На Другім Усебеларускім кангрэсе быў абраны ў склад Беларускай Цэнтральнай Рады, у 1945 годзе займаў пасаду вайсковага міністра ва ўрадзе БЦР. Затрыманы СМЕРШам у красавіку 1945 году. Паводле афіцыйнай вэрсіі, памёр падчас сьледзтва ад сухотаў і дыстрафіі 23 траўня 1946, паводле іншых зьвестак расстраляны.

Творчасьць

рэдагаваць

Езавітаў напісаў шэраг кніг і артыкулаў па гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху, беларусазнаўстве, аўтар лірычных вершаў, укладальнік школьных дапаможнікаў. Меў багаты кнігазбор, падрыхтаваў да друку невядомыя раней творы Максіма Багдановіча.

Публікацыі

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • Герасімаў В. Да праўды светлай, братка, йдзі!. — Полымя №2. — 1994.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Міхнюк У., Паўлаў Я. Канстанцін Езавітаў: матэрыялы да біяграфіі. — Маладосць №1. — 1995.
  • Чэмер А. [Анішчык А.] Партрэты. — Вільня: 2001.