Куцеінскі Богаяўленскі манастыр
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Манастыр Божага Яўленьня
| |
Куцеінскі Богаяўленскі манастыр
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Ворша |
Каардынаты | 54°29′30″ пн. ш. 30°24′48″ у. д. / 54.49167° пн. ш. 30.41333° у. д.Каардынаты: 54°29′30″ пн. ш. 30°24′48″ у. д. / 54.49167° пн. ш. 30.41333° у. д. |
Канфэсія | праваслаўе |
Эпархія | Віцебская і Аршанская япархія[d] |
Архітэктурны стыль | магілёўскае барока |
Дата заснаваньня | 1620 |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Стан | Ахоўная зона |
Манастыр Божага Яўленьня | |
Манастыр Божага Яўленьня на Вікісховішчы |
Манастыр Божага Яўленьня — помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Воршы. Знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне места, у прадмесьці Куцейне. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры магілёўскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Куцеінскі Богаяўленскі манастыр — адзін з найбольшых культурна-асьветніцкіх цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага, цэнтар кірылічнага кнігадрукаваньня XVII ст. Комплекс складаўся з саборнай царквы Божага Яўленьня (1635), Духаўскай царквы (з 1762 году — Траецкай), званіцы, жылых і гаспадарчых пабудоваў ува ўсходняй частцы. Комплекс атачала агароджа-аркатура з бутавага каменю і цэглы вышынёй да 2,5 м. Да нашага часу захаваліся Траецкая царква, манастырскі будынак, частка сьцяны.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУ 1620 годзе патрыярх ерусалімскі Феафан II выдаў грамату на будаваньне Богаяўленскага мужчынскага манастыра ў Воршы. Гэтаму паспрыяў аўтарытэт Багдана Статкевіча. Манастыр разьмясьціўся непадалёк ад вёскі Сьвісьцёлкаў (з гэтай прычыны ў некаторых гістарычных дакумэнтах ён часам упамінаецца як Сьвісьцёльскі[1]), у сутоках Дняпра і Куцеінкі. Афіцыйны дазвол на будаваньне выдалі ў 1623 годзе ў Варшаве.
Будаваньне манастыра пачалося ў 1623 годзе з фундацыі амсьціслаўскага падкаморага Б. Статкевіча і ягонай жонкі А. Саламярэцкай паводле хадайніцтва магілёўскага праваслаўнага брацтва. У 1626 годзе манастыр асьвяціў кіеўскі мітрапаліт Пётар Магіла. Заснаваньне манастыра адмоўна сустрэў кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза.
Манастыр падпарадкоўваўся мітрапаліту кіеўскаму і патрыярху канстантынопальскаму і меў уладаньні ў Магілёве. Яму ў сваю чаргу падпараковаўліся прыпісныя Лукомскі, Мёрскі і іншыя мужчынскія і жаночыя манастыры. Пры манастыры існавалі шпіталь, брацкая школа і друкарня, заснаваная ў 1630 годзе асьветнікам Сьпірыдонам Собалем, аптэка, з 1874 году — царкоўна-манастырская аднаклясная вучэльня.
У пачатку свайго існаваньня манастыр называўся ляўрай і, паводле патрыярха маскоўскага Нікана, быў «галавой» праваслаўнага жыцьця на Беларусі: «Слышав Святейший Патриарх, яко близ славнаго града Орши, еже бысть, глава и начало общему житию, во всей Белой России и Литве созданная обитель, или рощи Лавра великая Святы Богоявления Господня, завомо Кутейно…».
У 1695 годзе езуіты адабралі ў архімандрыі Мёрскі мужчынскі манастыр, а ў 1715 годзе князь Лукомскі адабраў і Лукомскі мужчынскі манастыр.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа першым падзеле Рэчы Паспалітай, калі Ворша апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, манастыр працягваў дзеяць. У 1774 годзе яго перавялі ў трэцюю клясу.
Манастыр значна пацярпеў у вайну 1812 году. У 1842 годзе яго пакінулі за штатам і прыпісалі да Пакроўскага манастыра ў Воршы. У гэты час манастыр набыў назву Замескага. У пачатку XX ст. з прыездам з Кіева новага ігумена Валянціна манастыр стаў «общежительным, с уставом Киевского Свято-Троицкого (Ионина) монастыря». У гэты час манастырскае брацтва налічвала 60 чалавек.
У 1889—1890 гадох над паўночнай брамай агароджы замест драўлянай вежы-званіцы збудавалі мураваную. У 1888 годзе згарэла драўляная саборная царква Божага Яўленьня, збудаваная ў 1623—1635 гадох[2].
Найноўшы час
рэдагавацьПа 1917 годзе савецкія ўлады ліквідавалі манастыр, будынкі выкарыстоўваліся пад жыльлё і ў гаспадарчых мэтах.
У 1990 годзе манастырскі комплекс перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату, у 1992 годзе манастыр аднавіў сваю дзейнасьць.
Архітэктура
рэдагавацьБогаяўленская царква
рэдагавацьСаборная царква Божага Яўленьня — 4-зрубны крыжова-купальны храм, накрыты гонтай, з 1880 году — бляхай. Тры зрубы былі 5-граннымі, заходні прастакутны ў пляне, накрытыя шматсхільнымі дахамі з купаламі-банямі ў месцы схілаў. Над сяродкрыжжам узвышаўся сьветлавы васьмярык з гранёным купалам. Пры ўваходзе ў была адкрытая галерэя.
У інтэр'еры ў 1639 годзе зрабілі 38 насьценных размалёвак. У 1778 годзе падрыхтавалі і зацьвердзілі ў кансысторыі праект рэканструкцыі царквы.
Траецкая царква
рэдагавацьЦарва Сьвятой Тройцы (Сьвятога Духа) — прастакутны ў пляне аб’ём, да якога восьсю ўсход — захад прылягаюць 5-гранная апсыда і квадратная ў пляне 2-ярусная вежа-званіца, з паўднёвага боку — невялікая рызьніца. Сьцены падзяляюцца пілястрамі, ляпнымі абрамленьнямі аконных праёмаў, роўнымі аркавымі нішамі і завяршаюцца разьвітым прафіляваным карнізам.
У канцы XVIII ст. зьявілася драўлянае перакрыцьце, якое падзяліла царкву на два ярусы: унізе быў прастол у імя Раства Багародзіцы, наверсе — сьвятога Апостала Андрэя Першазванага. У другой палове XIX ст. перакрыцьце дэмантавалі ў выніку рэканструкцыі, у 1870 годзе сьпічасты дах замянілі на вальмавы (крыты бляхай) з купалам на барабане, у 1885 годзе царкву ўпрыгожылі перадалтарным плафонам і новым іканастасам. 6-ярусны разны іканастас і фрэскі работы майстра Рыгора не захаваліся.
Манастырскі корпус
рэдагавацьМанастырскі корпус — 2-павярховы будынак, які складаецца з былой духоўнай вучэльні зь вялікай трапезнай і ўсходняга крыла галерэйнага тыпу з жылымі памяшканьнямі (кельлі).
У аўтэнтычным выглядзе захаваліся толькі мураваная тарцовая сьцяна з плоскімі паўцыркульнымі нішамі). Першапачатковы дэкор XVII ст. (рэшткі фігурных паліхромных франтонаў) захаваўся на абодвух тарцах корпуса.
Іншыя пабудовы
рэдагавацьЗваніца-брама, паводле апісаньня 1812 году была драўляная з падвойнымі варотамі. На званіцы было чатыры званы. Непадалёк ад мураванай царквы стаяў драўляны флігель, у якім разьмяшчаліся чатыры кельлі, сені і камора. Да драўлянага флігеля далучащся мураваны будынак, падзелены дваімі сенямі на тры часткі. У першай частцы знаходзіліся тры кельлі, у другой — памяшканьні ігумена (чатыры пакоі і прадпакой), сьвіран, каморы, пякарня, за другімі сенямі знаходзіліся трапезная і кухня. Побач з агароджай стаялі два мураваныя сьвірны, некалькі драўляных і мураваная вазоўня.
У мураванай агароджы існавалі дзьве брамы. Пры браме з боку Дняпра былі мураваная кузьня і лазьня. Пазьней, у канцы XIX ст., зьявіліся брамы ў заходняй і ўсходняй манастырскіх мурах. Брама з усходняга боку вяла на гаспадарчы двор манастыра, які знаходзіўся асобна.
Галерэя
рэдагавацьГістарычныя здымкі і графіка
рэдагаваць-
Д. Струкаў, 1864—1867 гг.
-
Д. Струкаў, 1864—1867 гг.
-
1883 г.
-
Росьпісы, 1883 г.
-
1890 г.
-
М. Астанковіч, 1905 г.
-
М. Астанковіч, 1909 г.
-
да 1918
Сучасныя здымкі
рэдагаваць-
Агульны выгляд манастыра
-
Галоўны фасад царквы
-
Бакавы фасад
-
З боку асыды
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кутеинская лавра. газ. «Телеком-экспресс» (2009-05-12). Праверана 2012-06-12 г. Архіўная копія ад 2012-06-28 г.
- ^ Габрусь Т. Аршанскі Богаяўленскі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 173
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гісторыя беларускага мастацтва: у 6 т. Т. 2:Другая палова XVI- XVIII ст. / Рэдкал.: С. В.Марцэляў (гал. рэд.) і інш. Рэд. тома Сахута Я. М.. — Мінск: Навука і тэхніка, 1988. — Т. 2. — С. 6, 37, 38, 60, 63, 65-67, 69, 76, 166, 167, 178, 287, 291, 372. — 384 с. — 2740 ас. — ISBN 5-343-00342-7.
- Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 328 с.: іл. ISBN 985-11-0190-7.
- Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: БелЭн, 2001. — 386 с.: іл. ISBN 985-11-0220-2.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 212Г000121 |