Звычайная вавёрка

зьвер атраду грызуноў

Звычайная вавёрка — зьвер атраду грызуноў.

Звычайная вавёрка
2006 год
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваЖывёлы
ПадцарстваСапраўдныя шматвузавыя
РазьдзелДвухбакова-сымэтрычныя
ПадразьдзелДругаснаротыя
ТыпХордавыя
ПадтыпХрыбетныя
НадклясаЧатырохногія
КлясаСысуны
ПадклясаЗьвяры
ІнфраклясаВышэйшыя зьвяры
АтрадГрызуны
ПадатрадВавёркападобныя
СямействаВавёркавыя
РодВавёркі
Падвід
беларуская звычайная вавёрка, звычайная вавёрка Кесьлера
Бінамінальная намэнклятура
Sciurus vulgaris Карл Лінэй

Даўжыня цела 20—29 см. Даўжыня хваста 12—22 см. Вага да 420 грамаў. Мае круглаватую галаву, вялікія чорныя вочы і вушы з кутасікамі на канцах. Зімовая поўсьць мяккая і пушыстая, з бакоў і на сьпіне шэрая. Летняя поўсьць рэдкая, чырвона-бурая або рудавата-чырвоная. Жыве ў дуплах і шарападобных гнёздах (гайнах), пабудаваных на дрэвах з галінак і моху. Плоцевая сьпеласьць настае ў 9—12 месяцаў. Першы гон адбываецца ўзімку, 2-і — увесну. Цяжарнасьць доўжыцца да 40 дзён. Штогод дае 1—2 прыплоды (зрэдку 3) па 4—6 (да 12 дзіцянятаў). Корміцца жалудамі, арэхамі, насеньнем хвоі і елкі, грыбамі, ягадамі, часам вусякамі і яйкамі птушак. На зіму запасае ежу. У галодныя гады жывіцца пупышкамі хвойных дрэваў і перасяляецца ў пошуку корму. Зьяўляецца прадметам промыслу і паляваньня. Водзіцца ў Эўразіі[1].

Беларусь

рэдагаваць

У Беларусі звычайная вавёрка сустракаецца паўсюдна. Найбольш у сярэдняй паласе. Жыве пераважна ў субарах, яловых і ялова-шыракалістых лясах. На Палесьсі часта сустракалася ў дубова-грабовых лясах і дубровах, радзей у алешніках і чыстых хваёвых лясах. На поўначы Беларусі сустракаўся падвід беларуская звычайная вавёрка, на поўдні — звычайная вавёрка Кесьлера. Пераважная большасьць звычайных вавёрак Беларусі — бурахвосткі, ёсьць чырванахвосткі, часам шэрахвосткі і цемнахвосткі. У Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях 1-ы гон у лютым, 2-і — у красавіку-траўні. На поўначы Беларусі гон пачынаецца пазьней. За 1931—1975 гады ў Беларусі нарыхтавалі 4,16 млн шкурак звычайнай вавёркі: у сярэднім па 207 300 за год у 1931—1939 гадах, 96 600 у 1945—1969 гадах, 49 200 у 1970—1975 гадах. У 1976—1980 гадах нарыхтоўвалі па 50—70 тыс. штогод. У 1983 годзе сярэднегадавая колькасьць у лясах Беларусі складала 150—350 тысячаў асобін[1]. У 2013 годзе паляваньне на звычайную вавёрку дазвалялася зь лістапада па студзень. У сьветлы час содняў дапускалася паляваньне з сабакамі і выкарыстаньнем наразной паляўнічай зброі калібру 5,6 мм з дульнай энэргіяй кулі да 1500 джоўляў або гладкарульнай паляўнічай зброі з патронамі са шротам. Таксама дазвалялася выкарыстаньне пастак і капканаў № 0—3[2].

  1. ^ а б Алег Фядосаў. Вавёрка звычайная // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1983. — Т. 1. Ааліты — Гасьцінец. — С. 391. — 575 с. — 10 000 ас.
  2. ^ Пачалося паляваньне на вавёрак // Зьвязда : газэта. — 6 лістапада 2013. — № 210 (27575). — С. 2. — ISSN 1990-763x.