Кляшчовы энцэфаліт

вірусная інфэкцыя галаўнога мозгу, што перадаецца кляшчамі

Кляшчо́вы энцэфалі́т (грэц. ἐν-κέφᾰλος — галаўны мозаг + лац. -itis — запаленьне) — вірусная інфэкцыя галаўнога мозгу, што перадаецца кляшчамі.

Кляшчовы энцэфаліт
Пашырэньне хваробы ў Эўразіі (2013 год)
Пашырэньне хваробы ў Эўразіі (2013 год)
Спэцыяльнасьць нэўралёгія
Сымптомы галаўны боль, боязь сьвятла, запамарока
Ускладненьні паралюш цягліцаў ног і пляча
Звычайна праяўляецца ліхаманка
Працягласьць месяц
Прычыны заражэньне флявавірусам
Фактары рызыкі укус заражанага кляшча, ужываньне сырога казінага малака
Мэтад дыягностыкі аналіз крыві на палімэразную ланцуговую рэакцыю
Сходныя станы барэліёз
Прафіляктыка прышчэпка
Лекі даксіцыклін
Кляшчовы энцэфаліт у Вікісховішчы

Выяўляецца ліхаманкай, галаўным болем, млосьцю, ванітамі і болем у канцавінах. Хваратворны стан трымаецца 4—5 дзён, пасьля чаго вяртаецца праз 1—2 тыдні. Паўторна хворы адчувае больш моцны галаўны боль, напругу патылічных цягліцаў і боязь сьвятла. Магчымыя парэзы шыі і пляча[1]. Асноўнай крыніцай заражэньня чалавека служаць іксодныя кляшчы, якія самі заражаюцца ад цеплакроўных жывёлаў і птушак. Пры адсутнасьці імунітэту і лячэньня хвароба вядзе да парушэньня працы цэнтральнай нэрвовай сыстэмы, душэўных ускладненьняў і сьмерці[2]. Ускладненьне хваробы вядзе да вялага паралюшу цягліцаў ног і пляча. Узбуджальнік належыць да сямейства флявівірусаў. Пры ўсходняй форме хваробы сьмяротнасьць можа дасягаць 20%. Вірус вылучалі з крыві і брулёў. Для сералягічнай дыягностыкі выкарыстоўвалі РЗК, РТГА, РН і РІФ[3]. Для выяўленьня ўзбуджальніка робяць аналіз крыві на палімэразную ланцуговую рэакцыю ў першую хвалю хваробы, а другую — спрабуюць вызначыць у крыві антыцелы у выглядзе імунаглябуліну клясаў М і Г[4].

Папярэджаньне

рэдагаваць

Для прадухіленьня заражэньня ад укусу кляшчом у лесе варта апранацца амаль без пакіданьня адкрытых участкаў цела. Пакінутыя адкрытымі ўчасткі цела карысна змазваць адпужвальнымі крэмамі ад вусякоў. У жылым доме мае сэнс закрываць вокны ахоўнай сеткай і прымяняць інсэктыцыдныя сьвечкі і аэразолі. На адкрытай прыродзе варта аглядаць адзеньне і цела кожныя 2—3 гадзіны. Таксама карысна трымацца далей ад сухастою і стагоў сена, аглядаць жывёлу пасьля выпасу і пазьбягаць ужываньня казінага малака без тэрмічнай апрацоўкі. Сярод іншага, варта рэгулярна ачышчаць падворак ад сьмецьця і касіць траву на ім. Урэшце, патрэбна карыстацца ахоўнымі сродкамі ад грызуноў у падсобных памяшканьнях[1]. У сувязі з тым, што кляшчы напаўзаюць з травы і хмызьняку на ўзроўні ног і паўзуць далей па нагавіцах уверх, варта пазьбягаць сядзеньня і ляжаньня на траве. Пры патрэбе начлегу ў лесе лепей абраць пакрытую пяском дзялянку без травы. Таксама сьветлая аднакаляровая вопратка аблягчае выяўленьне кляшчоў[5].

Ад укусу дарослага кляшча і яго лічынкі засьцерагае нашэньне кашулі і футболкі з доўгім рукавом, высокім каўняром і шчыльнымі манжэтамі, а таксама нагавіцаў, якія магчыма заправіць у абутак або шкарпэткі. Таксама варта насіць галаўны ўбор, у якасьці якога падыдуць капюшон курткі, хустка і шапка. Карысна насіць і пальчаткі. Саму хваробу магчыма папярэдзіць прышчэпкай, што складаецца з трох ін’екцыяў і абавязкова робіцца лесьнікам. Увосень або ўзімку ўводзяць першую ін’екцыю. Праз 5—7 месяцаў на піка дзейнасьці кляшчоў робяць 2-ю ін’екцыю, пасьля якой праз 2 тыдні пачынае выпрацоўвацца імунітэт. Трэцюю прышчэпку праводзяць праз год для замацаваньня імунітэту на 3 гады. У наступным дастаткова рабіць па адной прышчэпцы кожныя 3 гады[2].

Каб выдаліць кляшча, яго абвязваюць ніткай, якой выкручваюць супраць гадзіньнікавай стрэлкі. Месца ўкусу апрацоўваюць ёдам або сьпіртам. Са скуры жывёлы кляшча выдаляюць пальцам праз марлю або хустку, а таксама пінцэтам. Цягам першых трох дзён пасьля ўкусу варта пачаць папераджальнае лячэньне. Зьнятага пераносчыка варта праверыць на заражанасьць узбуджальнікам інфэкцыі[1]. У першыя 3 дні для папярэджаньня хваробы быў пажаданы аднаразовы прыём таблеткі з 200 міліграмамі даксіцыкліну[6].

У першыя 7—10 дзён хваробы назіраецца ліхаманка. Празь 10—14 дзён узьнікае моцны галаўны боль, сьветлабоязь і высокая тэмпэратура[6]. Узьнікаюць санлівасьць і затарможанасьць, запамарока і хістаньне пры хадзе[4].

Беларусь

рэдагаваць

У Беларусі хваробу пачалі выяўляць з 1990-х гадоў. У 2000-я гады выяўлялі ад 40 да 120 выпадкаў за год, пераважна ў Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях[1]. У 2018 годзе каля 40 000 чалавек у Беларусі зьвярнуліся да лекараў наконт укусаў кляшчоў. У каля 100 чалавек з іх выявілі кляшчовы энцэфаліт. Пры гэтым каля 10% кляшчоў былі заражаныя вірусам запаленьня галаўнога мозгу ад жывёлаў. Імавернасьць заражэньня ад хворага кляшча складала каля 50%[6]. У 2020 годзе найчасьцей укусы кляшчоў адзначыліся ў Бярэзінскім запаведніку, нацыянальным парку «Белавеская пушча», а таксама ў Ігуменскім, Койданаўскім і Пухавіцкім раёнах Менскай вобласьці. Сярод 12 пашыраных у Беларусі відаў кляшчоў узбуджальнікамі хваробы былі 2 віды іксодных кляшчоў: лугавы і лясны[7].

У 2022 годзе працягласьць чыннасьці кляшчоў у Беларусі вырасла да 10 месяцаў з лютага да лістапада з прычыны пацяпленьня клімату. У выніку лік выпадкаў кляшчовага энцэфаліту падвоіўся да больш як 200 за год. Найчасьцей адзначаліся заражэньні ў Берасьцейскай, Гарадзенскай і Менскай абласьцях. Эндэмічным вірус лічыўся ў 48 раёнах, што ахоплівалі траціну земляў Беларусі. У 7% выпадкаў заражэньні адбываліся пры ўжываньні сырога казінага малака[8].

  1. ^ а б в г Сьвятлана Барысенка. Кусьлівыя насякомыя // Краіна здароўя. — 9 красавіка 2014. — № 5 (316).
  2. ^ а б Валянціна Мохар. Клешч прысмактаўся // Партал «Слушна», 12 траўня 2017 г. Праверана 11 чэрвеня 2023 г.
  3. ^ Аляксей Красільнікаў, Леанід Цітоў, Надзея Казак. Кляшчовы энцэфаліт // Слоўнік па агульнай і мэдыцынскай вірусалёгіі / рэд. Л.В. Руткоўская, маст. В.П. Масьцераў. — Менск: Вышэйшая школа, 1995. — С. 30. — 63 с. — 2300 ас. — ISBN 985-06-0048-9
  4. ^ а б Вольга Стружынская. Будзь напагатове // Партал «Слушна», 15 траўня 2019 г. Праверана 11 чэрвеня 2023 г.
  5. ^ Валяр’ян Шкленьнік. У абцугах кляшчоў // Зьвязда : газэта. — 8 красавіка 2014. — № 69 (28685). — С. 1, 3. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ а б в Алена Кравец. Кляшчы пачынаюць паляваньне // Зьвязда. — 17 красавіка 2019. — № 72 (28939). — С. 10.
  7. ^ Валянціна Мохар. Як пазьбегнуць укусу кляшча і прадухіліць інфікаваньне // Партал «Слушна», 8 красавіка 2021 г. Праверана 11 чэрвеня 2023 г.
  8. ^ Алена Кравец. Кляшчы прачнуліся // Зьвязда. — 19 красавіка 2023. — № 74 (29954). — С. 13.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць