Аналіз крыві
вызначэньне колькасна-якаснага складу крыві
Аналіз крыві — вызначэньне колькасна-якаснага складу крыві дзеля дыягностыкі.
Агульны аналіз робяць па валасьніковай крыві з пальца. Забор крыві ажыцьцяўляюць раніцай нашча. Агульны аналіз крыві ўлучае зьвесткі пра колькасьць эрытрацытаў, трамбацытаў, гемаглябіну, лейкацытаў і суадносінах іх відаў, а таксама пра каляровы паказьнік і згусальнасьць крыві. Біяхімічны аналіз робяць зь вены дзеля дыягназу пры атручаньні і гіпавітамінозе, хваробах нырак і падстраўнікавай залозы, печані і сэрца[1].
Падрыхтоўка
рэдагавацьДа забору крыві:
- не прымаюць ежу прынамсі 8 гадзінаў, каб здаць яе ранкам нашча;
- устрыміваюцца ад ужываньня алькаголю і тытуню;
- не прымаюць лекаў;
- прачынаюцца раніцай прынамсі за гадзіну да здачы крыві;
- не праводзяць фізыятэрапіі і іншых дасьледаваньняў[1].
Агульны
рэдагаваць- Гемаглябін. Пераносіць тлен ад органаў дыханьня да тканак і вуглякіслы газ ад тканак да дыхальных шляхоў. Норма для жанчынаў — 120—140 грам/літар крыві, а для мужчынаў — 130—160 грам/літар. Зьмяншэньне засяроджаньня ў крыві назіраецца пры малакроўі і страце крыві, нястачы і нізкай засваяльнасьці жалеза, вітаміну Б12 (кабаламін) і фоліевай кісьлі.
- Каляровы паказьнік. Выяўляе сярэднюю колькасьць гемаглябіну на эрытрацыт. Норма — 0,85—1,15. Мае значэньне пры выяўленьні віду малакроўя.
- Эрытрацыты. Утвараюцца ў шпіку. Норма ў жанчынаў — 3,7—4,7 млн на мікралітар, а ў мужчынаў — 4—5 млн на мікралітар. Павелічэньне колькасьці адзначаецца пры павышаным узроўні гемаглябіну падчас хваробы. Зьніжэньне іх узроўню адбываецца пры лейкозе, міеломнай хваробе і раку шпіка. Іх узмоцнены распад абумоўлены гемалітычным малакроўем і крывацёкам, нястачай жалеза і вітаміну Б12.
- Хуткасьць асяданьня эрытрацытаў (ХАЭ). Норма ў мужчынаў — 1—10 мілімэтраў/гадзіна, а ў жанчынаў — 2—15 мм/гадзіна. Паскарэньне асяданьня сьведчыць пра хваробу.
- Трамбацыты. Удзельнічаюць у згусальнасьці крыві. Іх прыпадае 180—320 тыс. на мікралітар крыві. Зьмяншэньне колькасьць вядзе да кроватачывасьці пры хваробе і месячных.
- Лейкацыты. Паглынаюць бактэрыі і мёртвыя вузы. Выпрацоўваюць антыцелы. Здаровая колькасьць складае 4—9 тыс. на мікралітар крыві. У норме разьмяркоўваюцца на: сэгмэнтаядзерныя нэўтрафілы — 47—72 %, лімфацыты — 19—37 %, монацыты — 3—11 %, палачкаядзерныя нэўтрафілы — 1—6 %, эазінафілы — 0,5—5 % і базафілы — 0,1 %. Павелічэньне колькасьці адбываецца пры страваваньні і цяжарнасьці, а таксама пры алергіі і атручаньні, запаленьні і інфэкцыі, тленавым галаданьні, хваробе крыві і раку. Зьмяншэньне колькасьці адначаецца пры прамянёвым паражэньні, дотыку да бэнзолу і мыш'яку, прыёме антыбіётыкаў, сульфаніламідаў і цытастатычных лекаў. Таксама ўзьнікае пры інфэкцыі і хваробе крыві.
- Згусальнасьць крыві. Вызначаецца працягласьцю крывацёку з паверхневага праколу і надрэзу скуры. Норма для крывацёку складае 1—4 хвіліны. Таксама ахоплівае час згусаньня ад сутыкненьня крыві з чужароднай паверхняй да ўтварэньня згустку. Норма для згусаньня — 6—10 хвілінаў[1].
Паказьнік | Жанчына | Мужчына |
---|---|---|
Гемаглябін (грам/літар) | 120—140 | 130—160 |
Эрытрацыты (трлн/літар) | 3,7—4,7 | 4—5,1 |
Каляровы паказьнік | 0,85—1,15 | |
Рэтыкулацыты | 0,2—1,2 % | |
Трамбацыты (млрд/літар) | 180—320 | |
Хуткасьць асяданьня эрытрацытаў (ХАЭ, мм/гадзіна) | 2—15 | 1—10 |
Лейкацыты (млрд/літар) | 4—9 | |
Формула крыві | сэгмэнтаядзерныя нэўтрафілы 47—72 %, лімфацыты 18—40 %, монацыты 2—9 %, палачкаядзерныя нэўтрафілы 1—6 %, эазінафілы — 0—5 % і базафілы 0—1 % |
Біяхімічны
рэдагаваць- Бялок. Зьніжэньне ўзроўню сьведчыць пра бялковае галаданьне і прыгнечаньне сынтэзу бялкоў пры атручаньні і запаленьні, хранічнай хваробе і раку.
- Вугляводны абмен. Вызначаецца праз колькасьць цукру ў крыві. Кароткачасовы ўздым узьнікае пасьля прыёму ежы і пры пачуцьцёвым узрушэньні, стрэсе і болевым прыступе. Стойкае павышэньне назіраецца пры цукровым дыябэце і іншых хваробах эндакрынных залозаў. Норма глюкозы ранкам нашча пасьля 8—12 гадзінаў галаваньня складае 3,3—3,5 мілімоль/літар у цэльнай валасьніковай крыві, 4—6,1 ммоль/літар у плязьме крыві і менш за 7,5 ммоль/літар празь 2 гадзіны пасьля ежы.
- Тлушчавы абмен. Пра парушэньне сьведчыць павышэньне колькасьці ліпідаў і іх фракцыяў: трыгліцэрыдаў, ліпапратэідаў і этэраў халестэрыну. Вызначаюцца пры хваробах нырак і печані. Пастаяннае павышэньне ліпідаў назіраецца пры атлусьценьні і атэрасклерозе, дыябэце, гепатыце і нэфрозе. Норма халестэрыну ў плязьме крыві складае 3,6—5,2 ммоль/літар.
- Пігмэнтны абмен. Праводзіцца вызначэньне відаў білірубіну — пігмэнту жоўці і прадукту распаду гемаглябіну. Утвараецца ў печані, адкуль паступае з жоўцю ў кішачнік. У крыві сустракаюцца прамы і неправым віды гэтага пігмэнту. Рост засяроджаньня прамога білірубіну служыць прыкметай большасьці хваробаў печані, а асабліва рэзкі рост сьведчыць пра мэханічную жаўтуху. Непрамы білірубін нарастае падчас гемалітычнай жаўтухі.
- Абмен вады і мінэральных соляў. Абязводжваньне ўзьнікае пры страце вады і электралітаў праз страўнікава-кішачны тракт падчас ванітаў, праз ныркі пры павышаным дыўрэзе і праз скуру пры паценьні. Разлад такога абмену назіраецца пры цукровым дыябэце, сэрцавай недастатковасьці і цырозе печані.
- Гармоны, фэрмэнты і вітаміны. Іх узровень вызначаюць для ацэнкі эндакрынных залозаў, вывучэньня дзейнасьці органаў і дыягностыкі гіпавітамінозу адпаведна[1].
Крыніцы
рэдагавацьГэта — накід артыкула па мэдыцыне. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |