Карляс Сьлім
Карляс Сьлім (1940; Мэхіка, Мэксыка) — мэксыканскі прадпрымальнік-мільярдэр арабскага паходжаньня. У 2010—2013 гг. быў найбагацейшым чалавекам у сьвеце. На 2015 г. пад яго кіраўніцтвам знаходзіліся звыш 40% прадпрыемстваў у лістынгу Мэксыканскай фондавай біржы(es). Яго чыстыя актывы складалі каля 6% ад сукупнага ўнутранага прадукту Мэксыкі.
Карляс Сьлім | |
гішп. Carlos Slim | |
2012 г. | |
Род дзейнасьці | Прадпрымальніцтва |
---|---|
Дата нараджэньня | 28 студзеня 1940 (84 гады) |
Месца нараджэньня | Мэхіка, Мэксыка |
Грамадзянства | Мэксыка |
Месца вучобы | |
Занятак | прамысловы магнат, філянтроп, інвэстар, генэральны выканаўчы дырэктар, спэцыяліст у галіне інфарматыкі, інжынэр цывільнага будаўніцтва, прадпрымальнік |
Месца працы | |
Бацька | Хуліян Сьлім (1888—1953) |
Маці | Лінда Элу (1902—1984) |
Жонка | Сумая Доміт (1966 — † 1999) |
Дзеці | 3 сыны: Карляс (1967), Марк-Антоні, Эвэрэт-Патрык; 3 дачкі: Сумая, Ванэса, Хуана |
Узнагароды | Ордэн Леапольда II (2002), ордэн Кедра (2008) |
Сайт | carlosslim.com |
Дадаткова | Уласьнік і старшыня «Амэрыка Мовіл»(es) і «Група Карсо»(es) |
Паходжаньне
рэдагавацьБацька Халіль Салім Хадад Агламаз (1888—1953) нарадзіўся ў Бэйруцкай вобласьці(ar) (цяпер Лібан) Асманскай імпэрыі у 1888 годзе. Паходзіў зь сям’і арабаў-хрысьціянаў, якія належалі да Мараніцкай царквы(ar). У 1902 г. 14-гадовым юнаком пераехаў у Мэксыку, дзе зьмяніў імя на Хуліян Сьлім Хадад. Чатыры старэйшыя браты ўжо жылі ў Мэксыцы, куды хлопцаў выправілі для ўніканьня рэкруцтва ў Асманскае войска(tr) у 15-гадовым узросьце. У 1911 г. з 36-гадовым братам Хасэ адчыніў буйную краму «Зорка Ўсходу» ў гандлёвай частцы Мэхіка (цяпер раён Вэнустыяна Каранса(es)), дзе ў 1921 г. скупіў нерухомасьць пасьля абвалу цэнаў у выніку Мэксыканскай рэвалюцыі(es) 1910—1920 гадоў. У жніўні 1926 г. ажаніўся зь Ліндай Элу, ад якой меў 3 сыноў (Хуліян, Хасэ, Карляс) і 3 дачок (Нур, Альма, Лінда). Маці Лінда Элу (1902—1984) нарадзілася ў паўночнамэксыканскім горадзе Парал(es) (штат Чыўаўа). Паходзіла зь сям’і лібанскіх арабаў-хрысьціянаў, які пераехалі ў Мэксыку пры канцы 19 стагодзьдзя. Яе бацька стварыў адзін зь першых арабскамоўных часопісаў Мэксыкі на прывезеным з Бэйруцкай вобласьці (Асманская імпэрыя; цяпер Лібан) друкарскім станку.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і лібанскага перасяленца, які 14-гадовым юнаком пераехаў у Мэксыку ў 1902 г. і адчыніў у 1912 г. у цэнтры Мэхіка буйную краму «Зорка Ўсходу». Бацька ў 1930—1949 гг. быў старшынём Лібанскай гандлёвай палаты. Маці была дачкой буйнога лібанскага гандляра, які пераехаў у Мэксыку пры канцы 19 стагодзьдзя. Бацькі паходзілі зь сем’яў арабаў-хрысьціянаў, якія належалі да Мараніцкай царквы. Меў 3 старэйшых братоў і 2 сястры.
У 1951 г., 11-гадовым юнаком, зрабіў першае ўкладаньне ў аблігацыі ўрада Мэксыкі пад складаны адсотак(en). У 1952 г. набыў першыя акцыі «Нацыянальнага банка Мэксыкі»(es). У 1953 г., у 13-гадовым узросьце, асірацеў у сувязі са сьмерцю бацькі. У 1955 г., у 15 гадоў, стаў акцыянэрам найбольшага банка Мэксыкі. У 17 гадоў зарабляў 200 пэса за тыдзень на прадпрыемстве, якое заснаваў бацька. У 1957 г. паступіў у Нацыянальны аўтаномны ўнівэрсытэт Мэксыкі (Мэхіка) на інжынэрны факультэт, які скончыў у 1961 г. па спэцыяльнасьці грамадзянскае будаўніцтва. Адначасна працаваў ва ўнівэрсытэце прафэсарам альгебры і лінейнага праграмаваньня. Па выпуску з ВНУ ў 1961 г. пачаў гандляваць акцыямі на біржы, дзе працаваў да 14 гадзінаў на дзень. У 1965 г. прыбытак ад прыватных укладаньняў дасягнуў 400 тысячаў даляраў ЗША, што дазволіла заснаваць 30 лістапада брокерскае прадпрыемства «Біржавы інвэстар»(es) (гішп. Inversora Bursátil), якое з 1990 называецца «Інбурса». Таксама ў 1965 г. заснаваў холдынг «Група Карсо»(es) і набыў вытворцу напояў «Збанкі Поўдня»(es) (гішп. Jarritos del Sur). У студзені 1966 г. стварыў прадпрыемства «Нерухомасьць Карсо» і меў уласнасьці на $40 млн. У красавіку 1966 г. ажаніўся з Сумаяй Доміт (1940—1999). 15 лістапада 1967 г. нарадзіўся першы сын Карляс(es).
У 1981 г. набыў 2-га найбольшага вытворцу цыгарэтаў Мэксыкі — «Мэксыканскі цыгарны тытунь» (ЦыгаТаМ; гішп. Cigarros la Tabacelera Mexicana, CigaTaM) падчас абвалу цаны акцыяў перад дэфолтам ураду Мэксыкі ў жніўні 1982 году (Лацінаамэрыканскі даўгавы крызіс(es) 1980-х гг.). Прыбыткі гэтага прадпрыемства дазволілі набыць большасьць наступных прадпрыемстваў. У 1984 г. набыў за $50 млн мэталаздабывальнае прадпрыемства «Фрыско» (гішп. Frisco; Мэхіка), якое пераважна выпускала залатыя і срэбраныя зьліткі з руды на 9 шахтах у Мэксыцы. Таксама ў 1984 г. набыў за $13 млн «Страхаваньне Мэксыкі», што ў 1997 г. стала падразьдзяленьнем «Інбурса». У 1985 г. «Група Карсо» набыла кантрольны пакет акцыяў сеткі крамаў і рэстаранаў «Санборн-Эрманос»(es) (Мэхіка) у амэрыканскай аптэчнай сеткі «Ўолгрынз» (вёска Дырфілд, штат Іліной). У 1988 г. набыў мэксыканскага вытворцу медзі «Накобрэ» (гішп. Nacobre).
У 1990 г. набыў дзяржаўнае прадпрыемства сувязі «Тэлефоны Мэксыкі(es)», якому належаў сотавы апэратар «Тэлсэл» і на 2006 г. звыш 90% тэлефонных лініяў Мэксыкі. У 1991 г. набыў мэксыканскую сетку гасьцініцаў «Калінда» (цяпер «Остар»). У 1992 г. набыў кантрольны пакет акцыяў найбольшага ў Мэксыцы вытворцы шынаў «Эўскадзі» (бас. Euzkadi — Басконія) ў амэрыканскага прадпрыемства «Б.Ф. Гудрыч(en)» (Шарлот, штат Паўночная Караліна). 8 сьнежня 1994 г. у сталічным палацы Лярэта заснаваў у гонар жонкі Музэй Сумаі(es), які адчыніў для бясплатнага агляду звыш 64 тыс. твораў мастацтва з усяго сьвету за 30 стагодзьдзяў гісторыі. 29 сакавіка 2011 г. музэй перанесьлі ў сталічны Палац Карсо(en).
У 1999 г. перанёс апэрацыю на сэрцы, пасьля чаго перадаў кіраўніцтва прадпрыемствамі сваім траім сынам. У 2000 г. з «Тэлсэл» утварылі «Амэрыка Мовіль(es)» (гішп. América Móvil — Мабільная Амэрыка), што ў 2003 г. заснавала ў Бразыліі міжнародную сотавую сетку «Кляру Амэрыкас» (парт. Claro Americas — Ясная Амэрыка) з ахопам звыш 313 млн жыхароў у большасьці краінаў Лацінскай Амэрыкі на 2012 год. У 2011 г. заклаў у Мэхіка хрысьціянскі прапаведніцкі цэнтар, лякарню і музэй пры Базыліцы Гвадэлюпскай Багародзіцы(es). На сакавік 2012 г. асабістае багацьце было найбольшым у сьвеце, складала $68,6 млрд і вырасла ад пачатку году на 11%[1]. 23 красавіка 2014 г. набыў для «Амэрыка Мовіл» 59,7% акцыяў прадпрыемства «Сувязь Аўстрыі(de)» (Вена), якому належыць беларускі сотавы апэратар «А1» і сотавыя апэратары ў Баўгарыі, Македоніі, Славеніі, Сэрбіі і Харватыі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Самым багатым чалавекам на плянэце стаў мэксыканец Карляс Сьлім // Зьвязда : газэта. — 7 сакавіка 2012. — № 45 (27160). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- «Група Карсо» (гішп.)
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |