Кастусь Езавітаў
Касту́сь Бары́савіч Езаві́таў (17 лістапада [ст. ст. 5 лістапада] 1893, Дзьвінск, цяпер Латвія — 23 траўня 1946, НКУС БССР, Менск, СССР) — беларускі палітычны, грамадзкі і ваенны дзяяч, публіцыст, перакладчык, пэдагог. Псэўданім і крыптанімы: Кастусёнак; К-нак; К. Е.; К. Ез.
Кастусь Езавітаў | |
![]() | |
Міністар па вайсковых справах БНР | |
---|---|
21 лютага 1918 — травень 1918 | |
Вайсковы міністар ва ўрадзе Беларускай Цэнтральнай Рады | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
5 (17) лістапада 1893 |
Памёр: |
23 траўня 1946 (52 гады) |
Партыя: | |
Адукацыя: | |
Жыцьцяпіс рэдагаваць
Нарадзіўся ў сям’і кадравага афіцэра. У 1916 годзе скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут і Паўлаўскае ваеннае вучылішча. У 1913 стаў сябрам Беларускай Сацыялістычнай Грамады. У Першую сусьветную вайну праводзіў актыўную тлумачальную і арганізацыйную работу сярод салдатаў-беларусаў Паўночнага фронту. Быў абраны намесьнікам старшыні Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады. У лютым 1918 стаў камэндантам Менску. За ўдзел у працы Першага Ўсебеларускага кангрэсу і дзейнасьць па стварэньні беларускага войска ў студзені 1918 быў арыштаваны ВЧК, але здолеў уцячы.
Пасьля адступленьня бальшавікоў быў прызначаны камэндантам Менску і Менскага гарнізону. 25 сакавіка 1918 удзельнічаў у абвяшчэньні БНР, уваходзіў у склад Рады. Займаў пасаду народнага сакратара па вайсковых справах (міністра абароны).
У 1919—1920 гадох быў кіраўніком Вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Наладзіў дыпляматычныя стасункі беларускага ўраду з урадамі Ўкраіны, Летувы, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, зьвяртаўся з прозьбай аб ваеннай дапамозе да ўраду ЗША. Праводзіў працу па арганізацыі беларускага войска, пошуку сродкаў на яго ўзбраеньне. Арганізаваў пераход на службу БНР корпуса С. Булак-Балаховіча. У траўні 1920 «за выдатную працу на карысьць Беларускай Народнай Рэспублікі» атрымаў званьне генэрал-маёра.
У 1921—1944 гадох жыў у Рызе, узначаліў Беларускае нацыянальнае аб’яднаньне ў Рызе. Дзякуючы Езавітаву беларуская супольнасьць тут сталася, бадай, найлепш арганізаванай за межамі БССР. Ён быў намесьнікам старшыні таварыства «Бацькаўшчына» ў Латгаліі, узначальваў беларускае выдавецтва, таварыства беларусаў-выбаршчыкаў, беларускіх настаўнікаў, навукова-краязнаўчае. Браў удзел у Праскай і Бэрлінскай палітычных канфэрэнцыях. Рэдагаваў газэту «Голас беларуса» і часопіс «Беларуская школа ў Латвіі». За сваю нацыянальную працу чатыры разы арыштоўваўся латвійскімі ўладамі (у 1924, 1930, 1933 і 1935).
У Другую сусьветную вайну займаўся арганізацыяй у Латвіі беларускіх школ. На Другім Усебеларускім кангрэсе быў абраны ў склад Беларускай Цэнтральнай Рады, у 1945 годзе займаў пасаду вайсковага міністра ва ўрадзе БЦР. Затрыманы СМЕРШам у красавіку 1945 году. Паводле афіцыйнай вэрсіі, памёр падчас сьледзтва ад сухотаў і дыстрафіі 23 траўня 1946, паводле іншых зьвестак расстраляны.
Творчасьць рэдагаваць
Езавітаў напісаў шэраг кніг і артыкулаў па гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху, беларусазнаўстве, аўтар лірычных вершаў, укладальнік школьных дапаможнікаў. Меў багаты кнігазбор, падрыхтаваў да друку невядомыя раней творы Максіма Багдановіча.
Публікацыі рэдагаваць
Літаратура рэдагаваць
Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
- Герасімаў В. Да праўды светлай, братка, йдзі!. — Полымя №2. — 1994.
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Міхнюк У., Паўлаў Я. Канстанцін Езавітаў: матэрыялы да біяграфіі. — Маладосць №1. — 1995.
- Чэмер А. [Анішчык А.] Партрэты. — Вільня: 2001.