Яўсей Канчар
Яўсе́й Сьцяпа́навіч Ка́нчар (2 кастрычніка 1882, вёска Сяўкі, Рэчыцкі павет, Менская губэрня, цяпер Лоеўскі раён, Гомельская вобласьць — 16 траўня 1979) — беларускі палітычны дзеяч, гісторык, публіцыст, навуковец у галіне эканамічнай геаграфіі.
Яўсей Канчар | |
Дата нараджэньня | 2 кастрычніка 1882 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 16 траўня 1979 (96 гадоў) |
Занятак | публіцыст |
Сябра ў | Беларускі нацыянальны камітэт, Беларускі абласны камітэт і Беларускае вольна-эканамічнае таварыства |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьСкончыў Мар’інагорскую земляробчую вучэльню (1902). З 1902 у Тыфлісе, за ўдзел у рэвалюцыйным руху ў 1906 арыштаваны, у 1908 апраўданы судом. З 1910 у Пецярбургу. Навучаўся ў Санкт-Пецярбургу на Вышэйшых сельскагаспадарчых курсах (Агранамічны інстытут, 1910—14). Далучыўся да каапэратыўнага руху, супрацоўнік Пецярбурскага камітэту сельскіх таварыстваў. Аўтар дапаможнікаў па каапэрацыі («Кіраўніцтва па сельскай каапэрацыі», 1913). Скончыў Петраградзкую сельскагаспадарчую акадэмію (1922).
Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ўвайшоў у беларускі нацыянальны рух, быў сябрам Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску, у красавіку 1917 выйшаў зь яго. Зь лістапада 1917 старшыня Беларускага абласнога камітэта пры Ўсерасейскім савеце сялянскіх дэпутатаў, адзін з арганізатараў Усебеларускага зьезду. Загадчык навукова-статыстычнага аддзелу Беларускага нацыянальнага камісарыяту, старшыня Беларускага вольна-эканамічнага таварыства. Выдаў зборнік «Беларускае нацыянальнае пытаньне», друкаваўся ў газэце «Дзяньніца», часопісе «Чырвоны шлях». У 1918 выдаў у Белнацкаме нарыс «З гісторыі грамадзкіх, нацыянальных і рэвалюцыйных рухаў беларусаў. Частка II. Гісторыя ўзьнікненьня і дзейнасьць арганізацый. Выпуск першы: Беларускі абласны камітэт — 1-ы Усебеларускі зьезд», які ў далейшым быў, відаць[a], канфіскаваны зь бібліятэк і зьнішчаны[b].
У справе беларускага пытаньня крытыкаваў як пазыцыі бальшавікоў як праціўнікаў нацыянальнага руху, так і кіраўнікоў Беларускай рады зь іх пасьпешным абвяшчэньнем БНР.
Аўтар эканамічнай геаграфіі БССР (1923, прапаноўвалася выдавецтву «Савецкая Беларусь»). У канцы 1960-х гадоў прапаноўваў свой удзел у працы выдавецтвава «Беларуская энцыклапедыя» і часопісу «Полымя», але не атрымаў згоды.
Асабісты архіў Канчара захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.
Творы
рэдагаваць- Аграрный вопрос и политические партии в России. Ч. 1. Пг., 1917;
- Классовая, национальная и религиозная борьба в Белоруссии. М., 1918 (беларускі пераклад: Вільня, 1921);
- Из истории общественных, национальных и революционных движений белорусов. Ч. 2. История возникновения и деятельность организаций. Вып. 1. Белорусский областной комитет.
- І Всебелорусский съезд. М., 1918 (Тое ж: Нёман. 1993, № 1);
- Белорусский вопрос. Пг., 1919.
Заўвагі
рэдагавацьКрыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — ISBN 985-11-0144-3
- Скалабан В. Першыя крокі рэспублікі // Крыніца. 1988.
- Скалабан В. «Будаваць сваю хату» // Нёман, 1993, № 1. — С. 136—138.