Дулебы
Дуле́бы (па-царкоўнаславянску: Дулѣбы) — адно з найстаражытнейшых славянскіх плямёнаў.
Гісторыя
рэдагавацьВерагодна, што дулебскі племянны саюз сфармаваўся яшчэ за часамі Рымскае імпэрыі ў атачэньні германскіх і булгарскіх плямёнаў. У ІІІ—ІV стагодзьдзях яны, мажліва, былі захопленыя плямёнамі готамі, пра што распавядае беларуская легенда пра князя дулаў (дулебаў?) Кумара й Гуда. У VI—VII стагодзьдзях стаялі на чале міжплемяннога славянскага зьвязу.
У часы гаспадараньня ў Бізантыі Іраклія (610—641), ці, паводле Й. Штайнгюбэля, у 567—568 гадах, падвергнуліся аварскаму нашэсьцю. Дулебы падвяргаліся жорсткаму прыгнёту з боку авараў, вось як гэта апісвае «Аповесьць мінулых гадоў»: «си же Обри воеваху на Словѣнѣхъ и примучиша Дулѣбы, сущая Словѣны, и насилье творяху женамъ Дулѣбьскимъ: аще поѣхати будяше Обърину, не дадяше впрячи коня, ни вола, но веляше въпрячи 3 ли, 4 ли, 5 ли женъ въ телѣгу и повести Обърѣна; тако мучаху Дулѣбы. Быша бо Обърѣ тѣломъ велици и умомъ горди, и Богъ потреби я, помроша вси, и не остася ни единъ Объринъ; есть притъча на Руси и до сего дне: погибоша аки Обрѣ» (...гэтыя ж авары ваявалі з славянамі й скарылі дулебаў, таксама славянаў, і тварылі гвалт над дулебскімі жанчынамі: калі авару хацелася кудысь паехаць, ён не запрагаў ані каня, ані вала, але загадваў запрэгчы 3, ці 4, ці 5 жанчын у калёсы й везьці авара; гэтак зьдзекваліся з дулебаў. Былі ж авары вялікія целам і ганарлівыя, але Бог зьнішчыў іх, памерлі ўсе, і не засталося аніводнага авара. Дагэтуль існуе прыслоўе на Русі: згінуў як авар.).
Уварваньне авараў, пэўна, спрычынілася да пачатку масавага перасяленьня дулебаў. Пра што сьведчаць шматлікія сярэднявечныя крыніцы, якія ўзгадваюць дулебаў у Валыні й Пабужжы, Чэхіі, сярэднім Падунаўі, ля возера Балятон, ракі Мурса й г.д. Частка дулебаў высялілася й на землі сучаснае Беларусі, магчыма, раней за дрыгавічоў, пра што сьведчаць шматлікія тапонімы. Дулебы аселі ў сярэднім цячэньні Бярэзіны, на р. Ольсе, іншая частка племя перайшла Дняпро і асела ў Пасожжы, на р. Дулепа. Часткі племя дасягнулі Пскоўшчыны і басэйну Акі (у былой Тульскай губэрні).
Каля 840 году панонскія дулебы ўвайшлі ў склад Балятонскага княства. У 885 годзе дулебы былі заваяваныя кіеўскім князем Алегам і ўвайшлі ў склад Кіеўскай Русі. У 907 годзе (ці 911) удзельнічалі ў паходзе на Царград. Надалей узгадваліся пад імем бужанаў і валынянаў («Дулѣби же живяху по Бугу, кде нынѣ Волыняне», «Бужане зань сѣдять по Бугу, послѣ же Волыняне»).
У 940-я дулебаў (Dulabe) згадваў арабскі гісторык Аль-Масудзі ў сваім творы «Залатыя Лукі». Ён пісаў, што гэтае племя калісь панавала над іншымі, ягонаму каралю (князю) падначальваліся ўсе астатнія славянскія каралі (князі). Узгадвае ён і аднаго з князёў дулебаў — Ваніслава. Але пасьля адбыўся падзел сярод славянаў і кожны народ абраў сабе свайго князя.
Дулебаў звычайна адносяць да праска-карчацкае археалягічнае культуры. Паводле легенды, дулебскі князь Лука заснаваў горад Луцак.
Тапонімы, антрапонімы й гідронімы з асновай «дулеб»/«дуліб»
рэдагаваць- Дулебы — вёска ў Бярэзінскім раёне Менскае вобласьці Беларусі
- Дулебня — вёска ў Клічаўскім раёне Магілёўскае вобласьці Беларусі
- Дулебы — вёска ў Остраўскім раёне Пскоўскае вобласьці Расеі
- Дулебіна — вёска ў Азёрскім раёне Маскоўскае вобласьці Расеі
- Дулібы — вёска ў Турыйскім раёне Валынскае вобласьці Ўкраіны
- Дулібы — вёска ў Жыдачаўскім раёне Львоўскае вобласьці Ўкраіны
- Дулібы — вёска ў Стрыйскім раёне Львоўскае вобласьці Ўкраіны
- Дулібы — вёска ў Гашчанскім раёне Ровенскае вобласьці Ўкраіны
- Дулібы — вёска ў Бучацкім раёне Тарнопальскае вобласьці Ўкраіны
- Дулепа — рака ў Гомельскай вобласьці, прыток ракі Чачора.
- Дулебка (Дулеба) — рака ў Менскай вобласьці, прыток ракі Ольса.
- Дулеба — прозьвішча
Глядзіце таксама
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мн.: Маст. літ., 1990.— 366 с.: іл. ISBN 5-340-00614-Х.
- Третьяков П. Н., Восточнославянские племена, 2 изд., Москва, 1953.
- Галіна Лозко. Українське народознавство. Видання третє, доповнене тая перероблене. Київ. Видавництво «Артек» 2006.
- Этнонім: Дулебы
- Гайдай Л. Історія України в особах, термінах, назвах і поняттях.- Луцьк: Вежа, 2000.
- Рад. енциклопедія історії України.- К., 1969.- т.2.
- ДУЛЇБИ, БУЖАНЕ І ВОЛИНЯНЕ, ЧЕРВЕНСЬКІ ГОРОДИ, ЛЇТОПИСНІ «ХОРВАТИ», «БІЛА ХОРВАТІЯ» І ХОРВАТСЬКЕ ПИТАННЄ. М. Грушевський. Історія України-Руси. Том I. Розділ IV. Стор. 7.
- Профессоръ В. О. Ключевскій. Краткое пособіе по Русской исторіи Частное изданіе для слушателей автора. — Изданіе пятое. М., 1906. -с. 13-16.