Дубае

Вёска ў Пінскім раёне

Ду́бае[1] (таксама — Ду́бай[1]) — вёска ў Пінскім раёне Берасьцейскай вобласьці, цэнтар Дубайскага сельсавету.

Дубае
трансьліт. Dubaje
Дубае
Першыя згадкі: 1498
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Пінскі
Сельсавет: Дубайскі
Насельніцтва: 309 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 165
СААТА: 1254830011
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°5′26.300″ пн. ш. 25°46′43.000″ у. д. / 52.09063889° пн. ш. 25.77861111° у. д. / 52.09063889; 25.77861111Каардынаты: 52°5′26.300″ пн. ш. 25°46′43.000″ у. д. / 52.09063889° пн. ш. 25.77861111° у. д. / 52.09063889; 25.77861111
Дубае на мапе Беларусі ±
Дубае
Дубае
Дубае
Дубае
Дубае
Дубае
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Мінуўшчына

рэдагаваць

Першыя згадкі пра вёску адносяцца да 1498 року, калі канюшы Сенька Дзьмітравіч атрымаў ад пінскай княгіні Мар’і Сямёнавай чатыры дворышчы ў Дубым. Па прывілеі князя Хведара Іванавіча Яраслававіча Дубай у 1503 станае ўладаньнем Карповічаў.

У 1558 року Дубая згаданая ў сувязі з вызначэньнем межаў каралеўскіх пушчаў. У 1566 двор Дубай па прывілеі караля Жыгімонта Аўгуста перайшоў да Сямёна і Дзьмітрыя Вярэніч-Стахоўскіх гербу «Агеньчык». Пэўна, ад іх маёнтак набыў Сасінь Іванавіч. А ўжо ў 1596 року ўласьнікам Дубага стаў заможны шляхціч Ян Полаз, які заклаў тут вялізны парк з замкам пасярэдзіне. У 1598 ім валодаў Ян Папоў, далей — Агінскія, Радзівілы.

У 1635 або 1638 Альбрэхт Радзівіл, канцлер вялікі літоўскі, староста пінскі, валадар на Альбрэхтаве, падараваў маёнтак з кляштарам пінскім езуітам. Князь был адданым каталіком, заснаваў касьцёл у Алыцы, езуіцкі калегіюм з касьцёлам у формах позьняга рэнэсансу і барока ў Пінску. Падчас навучаньня ў калегіюме ў ордэн езуітаў уступіў у 1748 року Адам Нарушэвіч (1733—1796), пасьля пэўны час жыў у іхняй дубайскай рэзыдэнцыі.

Дубайскі маёнтак езуіты прызначылі для летняй рэзыдэнцыі свайго ордэна. У старым замку Полазаў быў разьмешчаны прытулак для дзяцей-сіротаў, а побач на штучнай высьпе быў збудаваны першы касьцёл-капліца. Дагледжанасьць парку, утрыманьне сядзібы выклікала захапленьне сучасьнікаў. Палац, на думку дасьледніка палацава-паркавых ансамбляў Р. Афтаназы, быў збудаваны езуітамі ў першай палове XVIII стагодзьдзя і пасьля пэўны час дабудоўваўся.

Другая палова XVIII стагодзьдзя адзначылася для Дубага новым уласьнікам. Ім стаў гетман Вялікага Княства Літоўскага, граф Міхал Казімер Агінскі (1730—1800), адзін з найцікавейшых людзей свайго часу. Зь ягонай ініцыятывы і на ягоныя сродкі быў пабудаваны канал, які цяпер носіць ягонае імя. Відаць, акрамя захапленьня вытанчанымі мастацтвамі, граф няблага кеміў і ў гідратэхніцы. Таму і ў Дубым ён стварыў арыгінальную, нідзе ў Беларусі не паўтораную водную сыстэму.

Пасьля ліквідацыі езуіцкага ордэна (1773) Дубае набылі Кужанецкія герба «Кужанец». Першым уласьнікам стаў, відаць, Юзэф, маршалак Пінскага павету. Прадстаўнікі гэтага роду валодалі маёнтак прыкладна стагодзьдзе. Найбольш вядомым сярод іх Ігнацы, кашталян віцебскі, пасол на сойм у 1775 року, кавалер ордэна сьв. Станіслава, дэпутат ад мясцовай шляхты на каранаваньне Паўла I у 1797 р. Быў жанаты з заможнай удавой Барбарай зь Ябланоўскіх, якая па сьмерці мужа Антонія Астроўскага валодала Драгічынскім графствам. Іхняя дачка Клятыльда ў 1811 року аплаціла будаўніцтва на месцы колішняга кляштару царквы Раства Божай Маці ў формах клясыцызму. Будынак, які складаецца з цэнтрычнага васьміграннага асноўнага аб’ёму, прастакутных у пляне апсыды і бабінцу, з пазьнейшым росьпісам у тэхніцы грызайль, захаваўся да нашых дзён.

За часам Кужанецкіх Дубае наведваў у 1784 року кароль Станіслаў Аўгуст. Суправаджаў караля біскуп Адам Нарушэвіч, ураджэнец Піншчыны, гісторык, паэт, які першы ўславіў Піншчыну ва ўласных творах. Невыпадкова апошні кароль Рэчы Паспалітай наведаў Дубае. Менавіта тут мінулі дзіцячыя гады Адама Нарушэвіча.

Апошнія прадстаўнікі Кужанецкіх праславіліся як бязбожнікі і гулякі. Пра іх склалася мясцовая легенда. Адзін з Кужанецкіх неяк у Вялікую Пятніцу склікаў баль. Аднак, калі запрошаныя расьселіся за сталы, пачуўся грукат, правалілася падлога, і зямля паглынула ўсіх бяседных. З тае пары, калі хто-кольвек схаваецца ў парку ўночы зь Вялікае Пятніцы на Вялікую Суботу, то можа ўбачыць, як пад’яжджаюць карэты, б’е залпам фаервэрк, убраныя госьці. У хаце нібыта можна ўбачыць ілюмінацыю, пачуць музыку і сьпевы да тае пары, пакуль апоўначы ўсё гэта з грукатам не абрынецца, а дом занурыцца ў поўную цемру і цішу.

Далей уладары маёнтку таксама часта зьмяняліся. У 1870 року з найвышэйшае ласкі ў выглядзе ўзнагароды за службу ён перайшоў да Платона Спаскага, сапраўднага стацкага дарадцы. Зямельныя надзелы маёнтку ў гэты пэрыяд складалі 6817 дзесяцінаў. Дзейнічалі вінакурны і цагляны заводы, валовы млын. Па купчай крэпасьці 1885 маёнтак ад стацкага дарадцы Андрэя Андрэевіча Сьпірыдонава пераходзіць да купца, прамыслоўца з Варшавы Яна Карла Шленкера. Акрамя таго, Ян Карл валодаў маёнткамі і заводамі ва Ўкраіне. У 1904 року па запавеце Дубае стала ўласнасьцю ягонае дачкі Марыі Ганны Выджджыны. Пасьля Першай сусьветнай вайны яна падаравала сядзібу і 100 га зямлі сельскагаспадарчай школе з рыбнай гаспадаркай. Школа насіла імя ейнай рана сканалай дачкі Яніны і праіснавала да 1939 року. Марыя была апошняй уласьніцай маёнтку і ў 1928 правяла землеўладкаваньне. Перадваенным дырэктарам школы быў Р. Прускі, польскі сэлэкцыянэр. У 1980 року ён наведваў сядзібу.

Насельніцтва

рэдагаваць
  • 2010 год — 309 чалавек
  • 1999 год — 455 чалавек

Інфармацыя для турыстаў

рэдагаваць

Страчаная спадчына

рэдагаваць
 
Парадный фасад сядзібы
  • Сядзібны дом
  1. ^ а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 228—229

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Дубаесховішча мультымэдыйных матэрыялаў