Гісторыя Чэрыкава
Чэрыкаў — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны).
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Чэрыкаў датуецца 1460 годам[1]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў ён увайшоў у склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. У 1578 годзе мястэчка стала цэнтрам староства Магілёўскай эканоміі.
У пачатку XVII стагодзьдзя Чэрыкаў атрымаў статус места[2]. У 1641 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў месту Магдэбурскае права[2] і герб: «у блакітным полі срэбны мур з трыма вежамі, у цэнтральнай — брама з збройным рыцарам зь дзідай у руцэ»[3].
У кастрычніку 1648 году казакі на чале з Крывашапкай занялі Чэрыкаў, адкуль рабілі набегі на шляхецкія маёнткі Амсьціслаўскага ваяводзтва. Неўзабаве казакоў разьбіў аддзел полацкай шляхты на чале з князем Лукомскім. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) места спустошылі маскоўскія захопнікі[2]. У 1678 годзе Чэрыкаў стаў цэнтрам воласьці (павету) Амсьціслаўскага ваяводзтва[2].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Чэрыкаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1773 годзе Чэрыкаў зноў атрымаў статус места і стаў цэнтрам павету Амсьціслаўскай правінцыі (у 1796—1802 гадох — Беларускай, пазьней — Магілёўскай губэрні). У 1781 годзе расейскія ўлады даравалі яму новы герб. На 1787 год у месьце было 300 дамоў, дзейнічалі 2 царквы, працавала школа. У 1789 годзе адкрылася 2-клясная вучэльня. У канцы XVIII ст. праз Чэрыкаў прайшоў тракт Магілёў — Чавусы — Крычаў — Амсьціслаў, у ХІХ стагодзьдзі — Маскоўска-Варшаўская шаша. У гэты час на Сажы існавалі тры прыстані; праводзіліся конныя кірмашы, працаваў цукровы завод. На 1811 год у месьце было 364 двары, на 1839 год працавалі 2 плісавыя, 1 палатняная, 1 гарбарная, 1 паташная і 2 медзеплавільныя мануфактуры. У пачатку 1840-х гадоў — 380 драўляных і 2 мураваныя будынкі, працавалі 39 крамаў, на 1848 год — 407 дымоў.
За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) Я. Жукоўскі сфармаваў у Чэрыкаве паўстанцкі аддзел, які пазьней злучыўся з Горацкім аддзелам Л. Зьвяждоўскага. На 1865 год у месьце было 15 мураваных (астрог, 2 адміністрацыйныя будынкі, паштовая станцыя, застаўны шашэйны дом, 9 крамаў і 2 жылыя дамы) і 566 драўляных будынкаў (царква, касьцёл, 4 малітоўныя школы, 54 крамы, мескі млын, 505 жылых дамоў). Плян складаўся з 4 пляцаў, 12 вуліцаў, 13 завулкаў, частка зь якіх была брукаванай. На 1880 год у Чэрыкаве было 564 будынкі. У 1904 годзе ў месьце працавалі 23 дробныя прадпрыемствы, 162 рамесьнікі, лякарня на 20 ложкаў. У 1913 годзе працавалі вінны завод, лесапільна-мукамольны завод, млыны.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чэрыкаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Беліцкай воласьці Чэрыкаўскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[4]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Чэрыкаў увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Чэрыкаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну Калінінскай, у 1927—1930 гадох Магілёўскай акругі, з 1938 году — у Магілёўскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 17 ліпеня 1941 да 1 кастрычніка 1943 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
У 1959—1962 і 1965—1966 гадох Чэрыкаў уваходзіў у склад Крычаўскага раёну, у 1962—1965 гадох — у склад Краснапольскага раёну. У 2002 годзе афіцыйна зацьвердзілі гістарычны мескі герб[5].
Галерэя
рэдагаваць-
Рынак, да 1918 г.
-
Рынак. Царква-мураўёўка, 1905 г.
-
Саюз каапэратываў, 1918 г.
-
Вуліца, 1929 г.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ История, Чериковский районный исполнительный комитет
- ^ а б в г ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 748.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 252.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Геральдика, Чериковский районный исполнительный комитет
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2009. — 544 с. ISBN 978-985-11-0452-5.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрыкаўскага р-на. — Мн.: Вышэйшая школа, 1994. — 660 с.: іл. ISBN 985-06-0020-9.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.