Парычы — даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася сядзіба Пушчыных, пры якой дзейнічала жаночая духоўная вучэльня.

Царква Сьвятога Духа

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Праект юдэйскай школы, 1885

Першы пісьмовы ўпамін пра Парычы як сяло, цэнтар дзяржаўнага «двара» (маёнтку) у Бабруйскім старостве датуецца 1639 годам[1]. Паселішча ўваходзіла ў склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва і налічвала 243 двары[2]. Пад 1684 годам Парычы ўпамінаюцца як цэнтар войтаўства ў тым самым старостве[3].

У 1717 годзе ўпамінаецца Парыцкае (Барыцкае) староства. Паводле люстрацыі ад 3 чэрвеня 1765 году, мястэчка зьяўлялася цэнтрам ключа Бабруйскага староства, якое знаходзілася ў пасэсіі ў стражніка польнага пана Лопата.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Царкоўнапрыходзкая школа, 1913

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Парычы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Бабруйскага павету Менскай губэрні (у 1795—1796 гадах называлася Менскім наместніцтвам). 5 красавіка 1797 году паселішча перайшло ў валоданьне адмірала П. І. Пушчына і яго нашчадкаў. У 1798 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перавялі мясцовую царкву зь юрысдыкцыі Кіеўскай, галіцкай і ўсяе Русі мітраполіі да Маскоўскага патрыярхату. Пад 1800 годам Парычы ўпамінаюцца як мястэчка[4]. У 1819 годзе замест ранейшай у мястэчку збудавалі новую царкву, асьвечаную ў імя Сьвятога Духа (мэтрычныя кнігі захоўваліся з 1801 году). На 1848 год у Парычах было 250 двароў, на 1866 год — 265. Да 1855 году працаваў цукровы завод (у 1845 годзе вырабіў 375 пудоў цукру). У 1863 годзе ў мястэчку ўзьвялі царкву ў імя Сьвятой Роўнаапостальнай Марыі Магдаліны пры жаночай вучэльні духоўнага ведамства[5].

 
Агульны выгляд мястэчка, 1916

Паводле перапісу 1897 году ў Парычах было 442 двары, дзейнічалі 2 царквы і 5 юдэйскіх малітоўных школаў, працавалі 75 крамаў, аптэка, 2 заезныя двары, карчма, 2 народныя і духоўная вучэльні, сельская лячэбніца, паштова-тэлеграфная кантора і пазыкова-ашчаднае таварыства; у фальварку існавала вінакурня. У пачатку XX ст. у мястэчку дзейнічалі 2 праваслаўныя царквы і 3 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі бровар, гарбарны і 2 канатныя заводы, прыстань, 2 народныя вучэльні, жаночая духоўная вучэльня (пры ім узорная школа), 2 лякарні, аптэка, паштова-тэлеграфная кантора. На 1908 год — 520 двароў.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Парычы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. 20 жніўня 1924 году воласьці (у тым ліку Парыцкая) і паветы скасаваныя. З 24 ліпеня 1924 году мястэчка Парычы — цэнтар утворанага раёну, які ўваходзіў у склад Бабруйскай акругі (існавала да 26 ліпеня 1930 году), а потым: ад 20 лютага 1938 году — у Палескай, з 20 красавіка 1944 году — у Бабруйскай, з 8 студзеня 1954 году — у Гомельскай вобласьці. 27 верасьня 1938 году савецкія ўлады скасавалі мястэчкі як афіцыйны тып населеных пунктаў: Парычы атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 5 ліпеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

9 чэрвеня 1960 году цэнтар раёну перанесьлі ў Шацілкі. 29 ліпеня 1961 году савецкія ўлады перайменавалі Шацілкі ў Сьветлагорск, а Парыцкі раён — у Сьветлагорскі[6]. На 1999 год у Парычах было 780 двароў.

Вучэльня

рэдагаваць

Сакральныя будынкі

рэдагаваць
  1. ^ Кернажыцкі К. Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельніцтва з 17 да паловы 19 ст. — Менск, 1931.
  2. ^ ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 426.
  3. ^ Рассадзін С. Я., Рызнаокі Г. М., Петухоў А. В. Надваконныя ўпрыгожванні ў мястэчку Парычах: сімволіка драўляных кружаваў Рэгіянальны партал — Светлагорск Праверана 19 студзеня 2012 г.
  4. ^ Маслюкоў Т. Якое яно, мінулае? // «Светлагорскія навіны», 26 сакавіка 1991. С. 3.
  5. ^ Грабянчук І. В. З гісторыі праваслаўных цэркваў // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 2. — Мн.: Беларусь, 2003. С. 693—694.
  6. ^ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 29 ліпеня 1961 г. «Аб пераўтварэнні гарадскога пасёлка Шацілкі ў горад раённага падпарадкавання і перайменаванні Парыцкага раёна Гомельскай вобласці».

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Гісторыя Парычаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў