Гісторыя Баранавічаў
Баранавічы — маладое места, якое вырасла зь невялікай вёскі на гістарычнай Наваградчыне, каля мястэчка Новай Мышы. Імкліваму росту паселішча паспрыяла пракладаньне чыгуначных лініяў у 2-й палове XIX ст.
Прапачаткі
рэдагавацьУпершыню згадваюцца пад 1627 годам у тэстамэнце дачкі ваяводы троцкага Аляксандра Хадкевіча (? — 1626) Ганны Ефрасіньні Сяняўскай, якім яна перадала маёнтак Мыш разам з Баранавічамі Наваградзкага павету і іншымі вёскамі ў спадчыну сваму сыну. Пасьля ўласнасьць роду Сяняўскіх. У 1666 годзе маёнтак Мыш разам з Баранавічамі набыў кашталян наваградзкі Мікалай Уладзіслаў Юдзіцкі (? — 1670), які ў 1667 годзе заснаваў у Мышы езуіцкі калегіюм і перадаў яму сярод іншых зямельных уладаньняў Баранавічы. У Баранавічах дзейнічала місійная станцыя езуітаў. За права валодаць Баранавічамі зь езуітамі судзіліся Мікалай Геранім Сяняўскі (1645—1683) ды Г. Любамірскі, у 1683 годзе яны захапілі Мыш і навакольныя вёскі. На моцы судовых рашэньняў Баранавічы перайшлі ва ўладаньне Сяняўскіх. У 2-й палове 18 стагодзьдзя ўласнасьць Масальскіх і Несялоўскіх.[1]
Заснаваньне
рэдагавацьПачатак гораду паклала ўведзеная ў эксплюатацыю ў лістападзе 1871 году невялікая станцыя Баранавічы (па назьве адной зь вёсак, што знаходзілася паблізу) апошняй дзялянкі чыгуначнае маґістралі Масква — Берасьце. На вакольных землях маёнтка графіні Развадоўскай хутка расло паселішча, што ў траўні 1884 году атрымаў статус мястэчка і назву Развадова. У гэтым жа годзе недалёка ад станцыі з Маскоўска-Берасьцейскай маґістральлю скрыжавалася чыгунка Вільня — Роўна і ўзьнікла яшчэ адна станцыя Баранавічы Палескае чыгункі, а каля яе — паселішча Новыя Баранавічы.
Да канца XIX стагодзьдзя гэтыя паселішчы аб’ядналіся ў адзін вялізны населены пункт — Баранавічы-Развадова (пазьней Баранавічы), што меў дзьве чыгуначныя станцыі, насельніцтва 12 тысячаў чалавек, аднак ня меў бруку, тратуараў, асьвятленьня, школаў, лякарняў, цэркваў (па стане на 1903 год).
Мястэчка
рэдагавацьНа працягу першага дзесяцігодзьдзя XX стагодзьдзя Баранавічы сталі найбуйнейшым мястэчкам Наваградзкага павету з насельніцтвам 30 тысячаў чалавек, чатырма цэрквамі, рымска-каталіцкай капліцай, дзесяцьцю дамамі малітвы, сям’ю пачатковымі школамі, дзьвюма аптэкамі, тэатрам і электратэатрам (кінатэатрам) «Эдэм». Тут вялі практыку 13 лекараў, 6 дантыстаў, 8 акушэрак, вэтэрынарны доктар. Сярод прамысловых прадпрыемстваў найбольш буйнымі былі 3 цаґляныя, масларобчыя, 2 пільні, чыгуналіцейны ды цукровы заводы, 2 млыны, 3 фабрыкі жорнаў.
Ваенныя віхуры
рэдагавацьЗ пачаткам Першай сусьветнай вайны з 1914 году ў Баранавічах знаходзілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага расейскіх войскаў, куды 10 разоў прыязджаў цар Мікалай ІІ. У ноч на 24 верасьня 1915 году ў горад увайшлі нямецкія часткі. З мэтай падтрымкі Брусілаўскага прарыву летам 1916 году ў ваколіцах Баранавіч адбылася Скробава-Гарадзішчанская апэрацыя. Немцы пакінулі Баранавічы 4 студзеня 1919 году. У горад увайшлі аддзелы Чырвонай Арміі. Зь лютага 1919 году Баранавічы — горад, цэнтар павету ў складзе Менскай губэрні БССР.
У выніку наступу польскага войска 15 сакавіка 1919 году Саветы сьпешна пакідаюць горад. 18 сакавіка Польскі атрад кавалерыі пад кіраўніцтвам маёра Ўладыслава Дамброўскага займае Баранавічы. Польскія войскі здабываюць вялікую колькасьць зброі, амуніцыі, іншых ваенных рэсурсаў, а таксама беруць у палон шматлікіх бальшавіцкіх салдатаў[2].
Ужо 23 сакавіка 1919 году полькае войска пакідае горад, а 25 сакавіка ў яго вяртаюцца бальшавікі. У выніку новага наступу полскі атрад палкоўніка Аляксандра Барушчака здыбывае горад раніцай 19 красавіка 1919 году[3]. Пасьля фронт на нейкі час затрымаўся на былой нямецка-расейскай лініі фронту па рацэ Шчары.
Адступаючы ад Бярэзіны польскія збройныя сілы пакінулі горад Саветам 19 ліпеня 1920 году. Пасьля паразы пад Варшаваю і імклівага адыходу Чырвонай Арміі, 30 верасьня 1920 году Баранавічы захапілі польскія аддзелы. Распачаўся пэрыяд мірнага жыцьця.
У складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі
рэдагавацьУ 1921 годзе па Рыскай мірнай дамове горад увайшоў у склад міжваеннай Польскай Рэспублікі. З 4 лютага 1921 году цэнтар Баранавіцкага павету Наваградзкага ваяводзтва.
У 1924 годзе быў збудаваны драўняны каталіцкі Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа. У горадзе існаваў таксама, другі пасьля варшаўскага, Помнік-магіла невядомага польскага жаўнера. У 1938 годзе пачала працаваць радыёстанцыя «Польскае радыё Баранавічы», якога адной з мэтаў была супрацьстаньне савецкай радыёпрапагандзе. У Баранавічах сваю сядзібу мела Наварудзкая Брыгада Кавалерыі, якой ад 1937 году кіраваў генэрал Уладыслаў Андэрс[4].
1 красавіка 1938 году да гораду была ўключана частка вёскі Дубава (18,318 гектараў)[5].
З пачаткам ІІ Сусьветнай вайны нямецкія самалёты 15 верасьня 1939 году правялі бамбаваньне Баранавіцкай радыёстанцыі і Цэнтральнага вакзалу. Зьнішчана некалькі цягнікоў, ёсьць забітыя і параненыя, але радыёстанцыя застаецца непашкоджанай. Польскія супрацьпаветнаная абарона зьбіла адзін нямецкі самалёт.
Абарона гораду 17 верасьня 1939 году
рэдагаваць17 верасьня 1939 году на тэрыторыі Баранавіцкага павету пачаліся забойствы і крадзежы. Ахвярамі зьяўляліся багатыя асобы і тыя, хто працаваў у польскай адміністрацыі. Злачынцамі зьяўляліся: частка сялянаў і бандыты, якія дзейнічалі пад уплывам прапаганды СССР. У сувязі з гэтым у горадзе Баранавічы кіраўнік магістрату Ян Вэнгжын сфармаваў так званую міліцыю, якая налічвала 186 палякаў, мела кулямёты і сіныя апаскі на руках, а яе галоўнай задачай была абараніць горад ад анархіі. Супраць яе існаваньня вельмі жорстка выступалі мясцовыя камуністы. Міліцыя дзейнічала да 14 гадзін 17 верасьня, калі ў горад увайшлі савецкія войскі. Дзякуючы ёй Баранавічы былі адным зь нешматлікіх месцаў у Заходнай Беларусі, дзе ў першыя гадзіны пасьля савецкага нападу не адбыліся пагромы мясцовых палякаў[6].
У складзе БССР
рэдагаваць2 сьнежня 1939 году Баранавічы былі ўключаныя ў склад СССР. З 4 сьнежня 1939 году па 1954 год — абласны цэнтар БССР.
Да пачатку Вялікае Айчыннае Вайны ў горадзе ліквідуецца беспрацоўе, працуюць школы з навучаньнем на беларускай, расейскай, польскай і габрэйскай мовах. Дзейнічае драматычны тэатар, настаўніцкі інстытут, выдаецца ґазэта «Чырвоная звязда».
Адначасова праводзяцца арышты польскіх вайскоўцаў, паліцыянтаў і службоўцаў. Пачынаюцца прымусовыя вывазы іх сем’яў.
Дата | Колькасьць | Куды |
---|---|---|
1 лютага 1940 | 1290 чалавек | Горкаўская вобл. |
14 красавіка 1940 | 1049 чалавек | Акмалінская вобл. |
14 красавіка 1940 | 713 чалавек | Паўночнаказаская вобл. |
16 красавіка 1940 | 1378 чалавек | Чалябінская вобл. |
20 красавіка 1940 | 994 чалавек | Акцюбінск |
30 чэрвеня 1940 | 785 чалавек | Сьвярдлоўская вобл. |
Нацысцкая акупацыя
рэдагавацьПасьля непасьпяховай абароны Баранавіч 26—27 чэрвеня 1941 году Баранавічы пад фашыстоўскай акупацыяй.
28 чэрвеня было створана жыдоўскае гета. Якое было цалкам ліквідавана 17 сьнежня 1942 году. Агулам за вайну ў горадзе было зьнішчана каля 12 000 жыдоў.
Беларускія патрыёты, каб пазьбегнуць вывазу моладзі ў Нямеччыну, здолелі адчыніць шэраг навучальных установаў у горадзе. Гэтак у Баранавічах працавалі: сярэдняя мэдычная школа (360 студэнтаў з 33 выкладчыкамі), сярэдняя гандлёвая школа (120 студэнтаў і 15 выкладчыкаў), сярэдняя мастацкая школа (30 студэнтаў), сярэдняя музычная школа пад кіраўніцтвам кампазытара Спаскага, сярэдняя тэхнічная школа, (150 студэнтаў і 20 настаўнікаў), настаўніцкія курсы (100 студэнтаў), матуральныя курсы — больш за 60 студэнтаў.
Дзейнічаў Беларускі народны Дом культуры пад кіраўніцтвам Шыдлоўскага, дзе быў добры хор, танцавальны ансамбль, тэатральная група, струнны аркестар.
Горад быў вызвалены 8 ліпеня 1944 году цягам апэрацыі «Багратыён» войскамі І Беларускага фронта.
Па Другой сусьветнай вайне
рэдагаваць16 жніўня 1945 год Польшча і СССР прынялі дамову аб мяжы. Такім чынам, паводле міжнароднага права, Баранавічы фармальна перасталі быць часткай польскай тэрыторыі пад савецкай акупацыяй і сталі часткай тэрыторыі Беларускай ССР.
У 2-й палове 1940-х кіраўніцтва БССР стварала цяжкасьці ў арганізацыі выезду жыхароў Баранавічаў, якія не жадалі жыць у СССР, а хацелі зьехаць у Польшчу ў яе новых, пасьляваенных межах. Улады стварылі паняцьце «асоба, народжаная на тэрыторыі Беларусі». Такіх асобаў аўтаматычна лічылі беларусамі і адмаўлялі ім у праве вызначэньня сваёй нацыянальнасьці паводле мовы або веравызнаньня. У наступным, выезд у Польшчу для такіх асобаў быў немагчымы. Польскія члены беларуска-польскай камісіі ў Баранавічах пісалі ў сваёй справаздачы: «беларускі бок… няглядзячы на тое, што ён сам бачыць і чуе… безумоўна вырашае, што яны беларусы, таму, што яны тут нарадзіліся».[7]
Ужо па выніках першага пасьляваеннага дзесяцігодзьдзя ў горадзе поўнасьцю адноўлены даваенны ўзровень разьвіцьця, працавала каля 40 прамысловых прадпрыемстваў, артэляў і майстэрняў. Сярод іх артэль «Чырвоны мэталіст» (цяпер завод станкапрыладаў), маторарамонтны завод (цяпер аўтааґрэгатны), артэль «Камунарка» (цяпер трыкатажная фабрыка), артэль «Усход» (фабрыка мастацкіх вырабаў), якія сёньня зьяўляюцца аднымі з найбуйнейшых прадпрыемстваў гораду.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Валерый Пазднякоў. Баранавічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 284
- ^ Lech Wyszczelski: Wstępna faza walk. W: Lech Wyszczelski: Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. Warszawa: Bellona, 2010, s. 70. ISBN 978-83-11-11934-5.
- ^ Lech Wyszczelski: Wyprawa wileńska. W: Lech Wyszczelski: Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. Warszawa: Bellona, 2010, s. 70. ISBN 978-83-11-11934-5.
- ^ Marek A. Koprowski: Białoruś. Uparte trwanie polskości. Toruń: Wydawnictwo Adam Marszałek, 2006, s. 135—136. ISBN 978-83-7441-409-8.
- ^ Rozporządzenie Ministra Spraw Wewnętrznych z dnia 28 marca 1938 r. o zmianie i ustaleniu granic miasta Baranowicze w powiecie baranowickim, województwie nowogródzkim, Dz. U. Nr 22, poz. 201 (пол.)
- ^ Марэк Вежбіцкі: Mordy i grabieże po 17 września 1939 roku. В: Polacy i Białorusini w zaborze sowieckim. Stosunki polsko-białoruskie na ziemiach północno-wschodnich II RP pod okupacją sowiecką 1939—1941. Выд. 2. Варшава: Stowarzyszenie Kulturalne Fronda, 2007, сс. 129—130, сэрыя: Biblioteka historyczna Frondy. ISBN 978-83-88747-76-2
- ^ Ruchniewicz, M. Stosunki narodowościowe w latach 1939—1948 na obszarze tzw. Zachodniej Białorusi // Przemiany narodowościowe na Kresach Wschodnich II Rzeczypospolitej 1931—1948 / pod red. S. Ciesielskiego. — Toruń: 2003. S. 309.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.