Польскае Радыё Баранавічы
Польскае Радыё Баранавічы, Баранавіцкая радыёстанцыя — радыёстанцыя ў Баранавічах, створаная ў 1938 годзе дзеля паляпшэньня якасьці вяшчаньня на Крэсах.
Распачала працу 30 кастрычніка 1938 году на хвалі 577 м. Мелася дзьве мачты вышынёю 141 мэтар. Ахоплівала тэрыторыю ў радыюсе 120 км (Наваградзкае ваяводзтва і паўночную частку Палескага ваяводзтва).
Вядома, што польскімі ўладамі ў Баранавічах было забаронена пускаць у этэр песьні Міхася Забэйды-Суміцкага.
Падчас Другой сусьветнай вайны, 15 верасьня 1939 году нямецкая авіяцыя нанесла паветраны ўдар па радыёстанцыі. Аднак тая не была пашкоджана, а, дзякуючы ўдалым дзеяньням польскай супрацьпаветранай абароны, адзін самалёт быў пашкоджаны і ня здоляў даляцець да аэрадрому.
Пасьля прыходу Чырвонай арміі радыёстанцыя працягвала працу, прапагандуючы савецкія каштоўнасьці. Вяшчала яна і падчас нямецкай акупацыі. Па адыходзе немцаў радыёвежы былі ўзарваныя.
Пасьля вайны апаратура радыёстанцыі была перададзена ў ПНР для Цэнтральнага радыё ды ўсталявана ў Рашыне[1].
Пасьля вайны выкарыстоўвалася дзеля глушэньня заходніх радыёстанцыяў. Пасьля распаду СССР будынак станцыі да 2017 году займала мясцовае тэлебачаньне «Інтэкс ТБ». Вежы станцыі выкарыстоўваюцца дзеля ўзмацненьня сыгналаў беларускіх FM-станцыяў.