Госьпіс

установа для апекі над паміраючымі і невылечна хворымі

Госьпіс (лац. hospitium — гасьціннасьць) — багадзельня для безнадзейна хворых, дзе іх акружаюць увагай і клопатам пра абязбольваньне[1].

госьпіс
Падкляса адмэдычная ўстанова Рэдагаваць
Мэта праекту ці падзеіпаліятыўная дапамога, догляд невылечных Рэдагаваць

Акрамя сястрынскага догляду, у госьпісе аказваюць псыхалягічную дапамогу. Дапускаецца наведваньне хворых сваякамі і сябрамі, а таксама задавальненьне духоўных патрэбаў у рэлігічных абрадах[2].

Сястрынскі догляд

рэдагаваць

У госьпісе мэдычная сястра выконвае:

  • агляд хворага з ацэнкай праяваў хваробы;
  • перавязку і апрацоўку хірургічнай адтуліны, катэтара і дрэнажу;
  • увядзеньне лекаў паводле прызначэньня лекара;
  • ачышчэньне верхніх аддзелаў дыхальных шляхоў;
  • устаноўку катэтатара ў мачавік і пастаноўку ачышчальнай клізмы;
  • усталёўку парамэтраў шпрыцавага дазатара, электраадсмоктвальніка і канцэнтратара тлену;
  • навучаньне родзічаў навыкам догляду хворага[3].

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Лёнданскі госьпіс імя сьвятога Хрыстафора (Ангельшчына)

Першымі ўтрымліваць госьпісы пачалі хрысьціянскія манахі і прыходы прынамсі з ХІ стагодзьдзя. Сьвецкія госьпісы заснавалі ў ХІХ стагодзьдзі ў Ірляндыі, дзе першапачаткова паліятыўная дапамога прызначалася для хворых на рак. У 1967 годзе адчынілі ў Лёндане (Ангельшчына) адчынілі госьпіс імя сьвятога Хрыстафора, куды пачалі прымаць з хранічнымі хваробамі органаў кровазвароту, цяжкімі цялеснымі траўмамі і 5-й ступеняй сындрому набытага імунадэфіцыту[4]. Заснавальніцай лёнданскага госьпісу стала баранэса Цэцылія Саўндэрс, якая стварыла пры госьпісе капліцу і тэатар. Яе мужам быў беларускі мастак-экспрэсіяніст Мар’ян Богуш-Шышка (1901, Трокенікі — 1995), які стварыў у госьпісе мастацкую студыю і напісаў для яго 60 карцінаў, у тым ліку такія, як «Сьвяты Хрыстафор», «Цуд у Кане» (1960) і «Птушка»[5].

У 1974 годзе адчынілі 1-ы такі госьпіс у ЗША, дзе дапамогу пачалі аказваць на першай ступені хваробы, каб павялічыць працягласьць жыцьця пацыентаў[4]. У 1986 годзе Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (Швайцарыя) зацьвердзіла клінічны пратакол лекаваньня болю[6].

На 2014 год хворыя на рак працягвалі складаць 60 % пацыентаў, якім патрабавалася паліятыўная дапамога[4]. У 2016 годзе Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) налічыла 40 млн хранічна хворых з патрэбай паліятыўным доглядзе, сярод якіх 14 % маглі атрымаць такі догляд[6].

Беларусь

рэдагаваць

11 лістапада 1994 году[7] Рэспубліканскі дзіцячы анкагематалягічны цэнтар заснаваў Беларускі дзіцячы госьпіс[4], які разьмясьцілі на базе 1-й гарадзкой лякарні Менску ў кабінэце псыхоляга Ганны Гарчаковай[8]. У 2004 годзе дзіцячы госьпіс разьмясьцілі ў асабняку ў Бараўлянах (Менскі раён)[9]. На 2005 год у Беларусі налічвалася 40 000 хворых на рак у апошняй ступені[6]. Таму 6 кастрычніка 2005 году стварылі 1-ы ў Беларусі дзяржаўны госьпіс для дарослых, які ў 2009 годзе стаў пастаяннай установай. У 2007 годзе пачаў дзейнічаць беларускі пратакол лекаваньня болю, які перагледзелі ў 2010 годзе. У 2008 годзе Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўхваліла 1-ы нарматыўны прававы акт наконт паліятыўнай дапамогі хворым на рак, які абавязаў госьпісы мець псыхолягаў і тэрапэўтаў у дадатак да анколягаў. У 2010 годзе новы заканадаўчы акт пашырыў паліятыўную дапамогу на пацыентаў з хранічнымі хваробамі ў апошняй ступені[4]. 5 студзеня 2010 году калектыву дзяржаўнай лякарні паліятыўнага догляду «Госьпіс» на чале з галоўнай лекаркай Вольгай Мычко прысудзілі прэмію «За духоўнае адраджэньне» праз стараньні ў дапамозе цяжка хворым[10].

У 2011 годзе міністар аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко падпісаў Загад аб арганізацыі паліятыўнай дапамогі даросламу насельніцтву[6]. За 2012 год 11 000 хворых у Беларусі атрымалі паліятыўны догляд, зь іх 4600 — у госьпісе і аддзяленьні мэдычнай дапамогі. У 2013 годзе 24 установы аховы здароўя Беларусі мелі 296 ложкаў для аказаньня паліятыўнай дапамогі[2]. На 2013 год грамадзкае аб'яднаньне «Беларускі дзіцячы госьпіс» мела пад апекай 300 дзяцей, невылечна хворых на рак, нэўралягічныя і генэтычныя хваробы[11]. За 2013 год 150 добраахвотнікаў узялі ўдзел у працы «Беларускага дзіцячага госьпісу» праз наведваньне хворых у стацыянары і дома.

На 2014 год патрэбу ў паліятыўнай дапамозе ў Беларусі мелі 14 500 хворых на рак. Ахоп такой дапамогай складаў 40 % ад тых, хто меў патрэбу. У чэрвені 2014 году ў Закон Беларусі 1993 году «Аб ахове здароўя» дадалі паліятыўны догляд у якасьці 5-га віду мэдычнай дапамогі[4]. «Беларускі дзіцячы госьпіс» апекаваўся дзецьмі і маладзёнамі да 24 гадоў. На даму паліятыўную дапамогу аказвала дружына апекі, у якую ўваходзілі лекар, мэдсястра, сацыяльны працаўнік і псыхоляг. Таксама сям'ю, якая выхоўвала невылечна хворае дзіця, маглі наведваць сядзелка і сьвятар. Пры гэтым мэдсястра наведвала такую сям'ю двойчы на дзень. Пры захворваньні на рак догляд маглі ажыцьцяўляць кругласоднева, у тым ліку ў стацыянары пры госьпісе, куды дзяцей засялялі з бацькамі[9]. За 2015 год 8600 (60 %) з 14 000 невылечна хворых атрымалі паліятыўную дапамогу. На 2016 год у Беларусі налічвалася 14 аддзяленьняў паліятыўнай мэддапамогі ў складзе лякарняў. Таксама дзейнічала 9 выязных патранажных службаў, 10 паліятыўных кабінэтаў і 3 аддзяленьні дзённага знаходжаньня[6]. У 2016 годзе ў Вопытным пасёлку (Менскі раён) адчынілі новы будынак Беларускага дзіцячага госьпісу коштам 3 млн даляраў, зь якіх 2 млн $ ахвяравалі прыватныя асобы, а рэшту — прадпрыемствы[8]. З адкрыцьцём будынку «Лясная паляна» Рэспубліканскі клінічны цэнтар паліятыўнай мэдычнай дапамогі дзецям пачаў праводзіць у ім лекавую фізкультуру, водныя працэдуры, масаж, музычную і мастацкую тэрапію. Улетку падапечных дзіцячага госьпісу вывозілі ў летнік у Падляскоўе (Стаўпецкі раён)[12].

3 кастрычніка 2018 году на вуліцы Калініна ў Берасьці адчынілі 2-і ў Беларусі госьпіс. За 2,5 млн рублёў збудавалі ўстанову на 35 пацыентаў і яшчэ 8 ложкаў для дзённага знаходжаньня. Будынак меў малітоўны пакой і быў разьлічаны на пэрсанал з 3-х лекараў і 21-й мэдсястры[13]. У студзені 2019 году Беларускі дзіцячы госьпіс на чале зь яго стваральніцай Ганнай Гарчаковай атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэньне». Установа налічвала 24 супрацоўнікі, якія праводзілі абязбольваньне, парэнтэральнае харчаваньне і супрацьпролежневую тэрапію. Большасьць дзяцей у госьпісе мелі цэрэбральны паралюш, міяпатыю і прыроджаныя парокі разьвіцьця, а 15 % — рак[8]. Беларускі дзіцячы госьпіс меў дамову аб сацыяльных паслугах зь мясцовым выканкамам[14]. 1 ліпеня 2019 году міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік адчыніў новы корпус лякарні «Госьпіс» на Партызанскім праспэкце Менску, дом 73а, дзе дагэтуль месьцілася здраўніца-прафілякторый «Менскага трактарнага заводу». Пры гэтым міністар адзначыў, што госьпіс дазваляе 5 % хворых дацягнуць 5-гадовай выжывальнасьці[15]. На 2019 год у Беларусі налічваўся 431 ложак у 8 госьпісах для дарослых, а таксама ў аддзяленьнях паліятыўнай мэддапамогі ў 24-х стацыянарах. Сярод іншага, дзейнічала 11 выязных патранажных службаў у 10 гарадах: у Бабруйску, Баранавічах, Берасьці, Віцебску, Воршы, Гомлі, Горадні, Магілёве, Менску і Пінску. Пад апеку такіх службаў прымалі хворых на рак зь меркаванай працягласьцю жыцьця да году. Хворым на рак маглі бясплатна перадаць канцэнтратар тлену, а таксама супрацьпролежневую прыладу, судна, мачапрыёмнік, кубак Эсмарха і падкладны круг[3]. За 25 гадоў дзейнасьці Беларускі дзіцячы госьпіс прыняў 8500 дзяцей. Колькасьць сем'яў пад апекай установы скарацілася са 150 да 32-х, бо ў Менску адчынілі паліятыўныя кабінэты. З гэтай прычыны ў дзіцячы госьпіс пачалі прымаць дарослых да 40 гадоў з ракам[7].

  1. ^ Хоспіс // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — С. 50. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
  2. ^ а б Сьвятлана Барысенка. Што можна зрабіць для невылечна хворага // Зьвязда : газэта. — 12 кастрычніка 2013. — № 193 (27558). — С. 4. — ISSN 1990-763X.
  3. ^ а б Ганна Кручкова. Чым дапаможа выязная служба госьпісаў // Партал «Слушна», 9 ліпеня 2019 г. Праверана 8 студзеня 2025 г.
  4. ^ а б в г д е Надзея Нікалаева. Жыць свабодна ад болю // Зьвязда : газэта. — 13 красавіка 2014. — № 109 (27719). — С. 1,6. — ISSN 1990-763X.
  5. ^ Надзея Вусава. Мастак, лэдзі і госьпіс. Мар'ян Богуш-Шышка // Жырандоля. — 23 студзеня 2021. — № 2 (528).
  6. ^ а б в г д Мікалай Літвінаў. Перамагчы боль // Зьвязда. — 21 ліпеня 2016. — № 139 (28249). — С. 1, 4.
  7. ^ а б Алена Кравец. «Дзякуй, што не даяце ўпасьці» // Зьвязда. — 13 лістапада 2019. — № 10 (28877). — С. 5.
  8. ^ а б в Алена Кравец. Хоспіс — гэта не будынак. Гэта філасофія // Зьвязда. — 17 студзеня 2019. — № 10 (28877). — С. 1, 4.
  9. ^ а б Валяр'ян Шкленьнік. Цягнік далей не ідзе // Сямейная газэта. — 17 ліпеня 2014. — № 9 (13). — С. 3.
  10. ^ А.Лукашэнка. Указ № 5 аб прысуджэньні прэміі "За духоўнае адраджэньне" 2009 года // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 5 студзеня 2010 г. Праверана 8 студзеня 2025 г.
  11. ^ Сьвятлана Бусько. Сьвята для сем'яў зь невылечна хворымі дзецьмі // Зьвязда. — 25 верасьня 2013. — № 180 (27545). — С. 2.
  12. ^ Ганна Лагун. Эра міласэрнасьці // Голас Радзімы : газэта. — 13 сакавіка 2019. — № 5 (3593). — С. 6. — ISSN 0439-3619.
  13. ^ Другі ў Беларусі госьпіс адкрылі ў Берасьці // Радыё «Спадарожнік», 4 кастрычніка 2018 г. Праверана 8 студзеня 2025 г.
  14. ^ Сьвятлана Бусько. Як вырастуць заробкі бюджэтнікаў і пэнсіі // Зьвязда. — 5 студзеня 2019. — № 3 (28870). — С. 2.
  15. ^ Сяргей Пажога, «Менск-Навіны». Новы будынак «Госьпіса» адкрыты ў Менску // Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 1 ліпеня 2019 г. Праверана 8 студзеня 2025 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць