Віцкая мова (таксама віцкая мікрамова; саманазва: vičski janzyk, часам vičska gavenda) — праект літаратурнае мовы на ґрунце польскіх гаворак Летувы, які ўзьнік у канцы 1980-х — пачатку 1990-х рокаў[1]. Назва мовы зьвязаная з польскімі прозьвішчамі, што сканчаюцца на суфікс -vič (-wicz). У стварэньні моўнае нормы прынялі ўдзел актывісты «Таварыства славянамоўных летувісаў» на чале з Э. Б. Саткявічусам, іншым праектам гэтае арґанізацыі была так званая гальшанская мікрамова, створаная на ґрунце мясцовых беларускіх гаворак[2]. За ґрунт пісьменнасьці была ўзятая лацінская ґрафіка славацкага тыпу. Шырокага распаўсюджваньня віцкая мова не атрымала, да 1992 року яна практычна ўжо не ўжывалася[3].

Віцкая мова
vičski janzyk
Ужываецца ў Летува
Рэгіён Паўднёва-ўсходняя Летува
Клясыфікацыя Індаэўрапейская
Славянскія
Заходнеславянскія
Польская мова
Крэсавы польскі арэал
Афіцыйны статус
Коды мовы
ISO 639-1
ISO 639-2(Б)
ISO 639-2(Т)

Паводле тэрміналёґіі А. Дулічэнкі, віцкая ё так званаю славянскаю мікрамоваю, або малою славянскаю літаратурнаю мовай. Іншыя заходнеславянскія мовы — усходнеславацкая й ляская[1].

Гісторыя

рэдагаваць

Палякі ў Летуве ё другім па колькасьці народам пасьля летувісаў. Паводле перапісу 1989 року, у Летуве мешкала каля 258 000 палякаў, паводле перапісу 2001 року — 235 000 (6,7 % ад усяго насельніцтва Летувы)[4]. Большая частка палякаў расьселеная ў паўднёва-ўсходніх ды паўднёвых раёнах рэспублікі: ва ўсходняй частцы Троцкага раёну, у паўночнай частцы Віленскага раёну ды ў Салечніцкім раёне, у якім палякі складаюць этнічную большасьць. Зьяўленьне палякаў у Летуве зьвязваюць як зь перасяленьнем польскіх каляністаў з асноўнае этнічнае польскае тэрыторыі на ўсход у зямлі Вялікага княства Літоўскага, так і з асыміляцыяю мясцовага насельніцтва (летувісаў ды беларусаў), што працягвалася ў Віленскім краі аж да XX стагодзьдзя[5].

У цяперашні час сярод палякаў Летувы, асабліва сярод тых, хто мешкае ў сельскай мясцовасьці, у сфэры вусных зносінаў ужываюцца гаворкі паўночнага пэрыфэрыйнага або віленскага дыялекту (аднаго з двох пэрыфэрыйных польскіх дыялектаў), гэтыя гаворкі часам называюць prosty polski «просты польскі». У той жа час у галіне культуры і адукацыі пераважае польская літаратурная мова. Такое становішча захоўвалася і ў савецкі пэрыяд: на стандартнай польскай вялося навучаньне ў польскіх школах, ён ужываўся ў культурным жыцьці палякаў і ў іх сродках масавае інфармацыі (літаратурнаю польскаю выдавалася, у прыватнасьці, ґазэта Czerwony Sztandar). Ужываньне ж мясцовых гаворак абмяжоўвалася вуснымі зносінамі ў побыце. Вылучэньнем былі адзінкавыя спробы выданьня літаратурных твораў зь віленскімі дыялектнымі асаблівасьцямі: «Wincuk gada» (1975) ды «Fanaberii ciotki Onufrowej» (1987) С. Беліковіча; «Кochanińkie, popatrzajcie sami» (1988) Д. Кузіневіча і іншых[3].

Напрыканцы 1980-х рокаў у добу перабудовы ў савецкіх рэспубліках, улучаючы і Летувіскую ССР, адзначаўся значны ўздым нацыянальнага руху. У Віленскім краі, які гістарычна быў шматэтнічным рэґіёнам, нацыянальным рухам былі ахопленыя ня толькі прадстаўнікі летувіскага народу, але і нацыянальныя меншасьці Летувы — беларусы й палякі. Адным з пытаньняў, што прыцягвалі вялікую ўвагу, было моўнае пытаньне. Моўная сытуацыя ў Летуве ў той час вельмі хутка зьмянялася, летувіская мова стала дзяржаўнаю моваю, у той час як значэньне расейскае зьменшылася. Пытаньні статусу, сфэры ўжываньня і захаваньня роднае мовы актыўна абмяркоўваліся і ў польскамоўным асяродзьдзі. Сярод летувіскіх палякаў зьявіўся рух (які прыцягнуў параўнальна невялікі лік прыхільнікаў), што ставіла сваёю мэтаю прапаґанду мясцовага польскага дыялекту, распрацаваньне яго літаратурнае формы і пашырэньне колы функцыянаваньня. Ініцыятарам гэтага руху стаў Э. Б. Саткявічус. Ён арґанізаваў «Таварыства летувіскіх вічаў» (Tuvažystvo vičuv litevskich), якое аб’ядналася разам зь летувіскімі беларусамі ў «Таварыства славянамоўных летувісаў» (Tuvažystvo slaviansku janzyčnych litvinuv). Ідэаляґічнаю базаю для аб’яднаньня гэтых рухаў стаў пункт гледжаньня, згодна зь якім як палякі, так і беларусы былі славянізаванымі летувісамі і мелі, такім чынам, агульнае паходжаньне і гісторыю[5].

Адною з асноўных заданьняў «Таварыства славянамоўных летувісаў» стала стварэньне рэґіянальных літаратурных моваў на ґрунце мясцовых гаворак паўднёва-ўсходняе Летувы. На ґрунце беларускіх гаворак (або «простае мовы») была створаная гальшанская мова (halšanski jazyk, elšanski jazyk, kul’n’adzka gavenda), на ґрунце польскіх гаворак (або «простае польскае») была створаная віцкая мова (vičski janzyk, vičska gavenda). Апрача таго, сярод прыхільнікаў ідэяў Э. Б. Саткявічуса меліся пляны па фармаваньні літаратурнае нормы на ґрунце мясцовых дзукійскіх летувіскіх гаворак — так званае дзукійскае мовы[3].

У 1990 годзе «Таварыства славянамоўных летувісаў» выдала першыя друкаваныя публікацыі на гальшанскай ды віцкай мовах — артыкулы «Fschodnia Litva» («Усходняя Летува») й «Naš upiakuniac» («Наш абаронца»). За імі рушыла ўсьлед выданьне рознага роду брашураў і іншых друкаваных матэрыялаў з розным зьместам. Новая літаратурная віцкая мова была неадназначна сустрэтая польскім грамадзтвам Летувы, часта яна атрымлівала крытычныя ацэнкі. Так, напрыклад, віцкая мова была падвергнутая крытыцы ў віленскай польскамоўнай ґазэце Czerwony Sztandar. Да 1992 року рух «славянамоўных летувісаў», што было з моманту свайго заснаваньня і так нешматлікім, паступова зьнікла. Разам з згасаньнем дзейнасьці «Таварыства» спынілася ўжываньне віцкае й гальшанскае моваў. Публікацыі на гэтых мовах пазьней зьяўляліся толькі спарадычна, напрыклад, тэксты на віцкай ды гальшанскай мовах утрымліваюцца ў разьдзеле кнігі Э. Б. Саткявічуса «Гальскія мовы» 1999 року[6].

Альфабэт

рэдагаваць

Альфабэт віцкае мовы складаецца з 27 літараў і 1 дыґрафа[6]:

Aa Bb Cc Čč Dd Ee Ėė Ff Gg Hh
Ii Jj Yy Kk Ll Mm Nn Oo Pp Rr
Ss Šš Tt Uu Vv Zz Žž Ch ch

Ґрунтам для пісьменнасьці стваральнікі віцкае мовы абралі славянскую лацінку славацкага тыпу. Акрамя таго, зь летувіскага альфабэту была запазычаная ґрафэма Ė ė. Для пазначэньня мяккасьці зычных ужываўся апостраф (як у славацкай мове) — l’, t’ і да т. п. Заразом пазначэньне мяккіх зычных у віцкіх тэкстах не заўсёды было пасьлядоўным: часта замест апострафа перад мяккаю зычнаю ставілася літара i (як у польскай мове ды беларускай лацінцы)[6].

Прыклад тэксту

рэдагаваць

Фраґмэнт пракладу паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» на віцкую мову[6]:

Віцкая мова Польская мова
Litva! Ujčyzna moja! ty jestaš jak zdrovia.

Ilia čšeba cenic’ ciebia, ten tyľku dovia,
Chto stracil ciebia. Dzis’ pienknus’c’ tvoja v calyj uzdobia
Vidza i upisuja, bu teskna pu tobia.

Litwo! Ojczyzno moja! ty jesteś jak zdrowie.
Ile cię trzeba cenić, ten tylko się dowie,
Kto cię stracił? Dziś piękność twą w całej ozdobie
Widzę i opisuję, bo tęsknie po tobie.

Фраґмэнт тэксту з артыкулу «Naš upiakuniac»:

Čensc’ liudnos’ci, chtuži liču siebia puliakami, du puliakuv zaličaju všistkich, chtuži gadaju na janzykach choc’ trocha pudobnych du pul’skiegu, niazaležnia du tegu, jaka ich puchudzenia i na jakich janzykach gadali ich ojcy i dziady. Ta čensc’ liudzi niechce nic slyšac’ ub janzykach pradziaduv i liči ža nic niatšeba viedziac’ ub svoij pšašlos’ci du pšejencia chšescijanskij viary. Oni liču, ža Litevska šliachta i všistkia ich putomki mušu ličyc’ siebia puliakami, bu byli časy, kiedy pši panstvovym i kus’cieľnym poľskim janzyku v Litvia, Litevska šliachta v svoij viankšos’ci umieli gadac’ na poľskim janzyku v takim stopniu, žeby zgadacia z čynuvnikami.

— 1990[7]

  1. ^ а б Дуличенко А. Д. Малые славянские литературные языки. II. Западнославянские малые литературные языки // Языки мира. Славянские языки. — М.: Academia, 2005. — С. 608. — ISBN 5-87444-216-2
  2. ^ Duličenko, Aleksandr D. (2001) Slawische Sprachen. Halschanisch (ням.). Alpen-Adria-Universität Klagenfurt. Enzyklopädie des europäischen Ostens. Архіўная копія ад 2016-03-04 г.
  3. ^ а б в Duličenko, Aleksandr D. (2001) Slawische Sprachen. Vičsch. Alpen-Adria-Universität Klagenfurt. Enzyklopädie des europäischen Ostens. Архіўная копія ад 2015-11-23 г.
  4. ^ Demografijos metraštis. Demographic Yearbook 2001. Statistics Lithuania. Official Statistiks Portal (2002). Праверана 2015-06-04 г.
  5. ^ а б Duličenko, Aleksandr D. (2001) Slawische Sprachen. Vičsch. Alpen-Adria-Universität Klagenfurt. Enzyklopädie des europäischen Ostens. Архіўная копія ад 2015-11-23 г.
  6. ^ а б в г Duličenko, Aleksandr D. (2001) Slawische Sprachen. Vičsch. Alpen-Adria-Universität Klagenfurt. Enzyklopädie des europäischen Ostens. Архіўная копія ад 2015-11-23 г.
  7. ^ Duličenko, Aleksandr D. (2001) Slawische Sprachen. Vičsch. Alpen-Adria-Universität Klagenfurt. Enzyklopädie des europäischen Ostens. Архіўная копія ад 2015-11-23 г.

Літаратура

рэдагаваць