Гальшанская мікрамова

Гальша́нская мова (эльшанская мова, гальшанская мікрамова; саманазва: halšanski jazyk, elšanski jazyk, часам kul'n’adzka gavenda) — праект літаратурнае мовы на ґрунце беларускіх гаворак Летувы, які ўзьнік у канцы 1980-х — пачатку 1990-х рокаў[1]. Створаная ґрупаю энтузіястаў, якія аб’ядналіся ў «Таварыстве славянамоўных летувісаў», што прапаґандавала таксама віцкую і дзукійскую мовы на базе мясцовых польскіх ды летувіскіх гаворак[2]. Функцыянаваньне гальшанскае мовы абмежавалася выданьнем некалькіх публіцыстычных артыкулаў. У 1992 годзе яе ўжываньне спынілася. У ґрунце пісьменнасьці ляжала лацінская ґрафіка славацкага тыпу[3].

Гальшанская мова
halšanski jazyk
Ужываецца ў Летува
Рэгіён Паўднёва-ўсходняя Летува
Клясыфікацыя Індаэўрапейская
Славянскія
Усходнеславянскія
Беларуская мова
Афіцыйны статус
Коды мовы
ISO 639-1
ISO 639-2(Б)
ISO 639-2(Т)

Паводле тэрміналёґіі А. Дулічэнкі, гальшанская ё так званаю славянскаю мікрамоваю, або малою славянскаю літаратурнаю мовай[1].

Гісторыя

рэдагаваць
 
Вобласьць расьсяленьня беларусаў у навакольлях Вільні на этнаґрафічнай мапе
Я. Ф. Карскага (1903)

Беларусы ё адною з асноўных нацыянальных меншасьцяў Летувы, трэцяю па колькасьці пасьля палякаў ды расейцаў. Галоўным чынам беларускамоўнае насельніцтва Летувы гістарычна сканцэнтраванае ў паўднёва-ўсходніх раёнах краіны — у наш час беларусы насяляюць Салечніцкі раён, паўднёвую частку Віленскага раёну, усходнюю частку Троцкага раёну ды Сьвянцянскі раён Віленскага павету на мяжы Летувы й Беларусі. Паводле перапісу 1989 року, у Летуве мешкала каля 63 000 беларусаў[4], у 2001 годзе колькасьць беларусаў была 42 866 чалавек[5].

Першыя спробы стварэньня публіцыстыкі, літаратурных твораў і іншых пісьмовых тэкстаў на беларускай мове адзначаюцца ў Летуве (а таксама і ў суседняй Латвіі) галоўным чынам у 1920-я й 1930-я рокі. Летувіскія й латыскія беларусы выкарыстоўвалі заразом як кірыліцу, так і лацінку, і арыентаваліся перш за ўсё на стандартную беларускую мову. Нягледзячы на імкненьне прытрымлівацца нормаў літаратурнае мовы, у тэксьце апублікаванага ў 1930-х рокаў у Вільні «Беларускага народнага календара», а таксама ў тэкстах шэрагу іншых выданьняў, прасочваліся рысы мясцовых беларускіх гаворак. Пасьля Другое сусьветнае вайны ўжываньне пісьменнасьці на ґрунце мясцовых гаворак спынілася аж да канца 1980-х рокаў — да зьяўленьня праекту так званае гальшанскае мовы[4].

Ідэя стварэньня гальшанскае літаратурнае мовы стала сьледзтвам уздыму нацыянальнага руху ў рэспубліках СССР, які ўзьнік у эпоху перабудовы, усплёску цікавасьці да рэґіянальных моваў і нацыянальнае гісторыі, якія наклаліся на складаную этнамоўную сытуацыю ў паўднёва-ўсходняй Летуве, распаўсюджанасьці тут мясцовых летувіскіх, беларускіх ды польскіх гаворак, а таксама расейскае мовы (адлюстраваньнем этнамоўнае нявызначанасьці ў гэтым рэґіёне было, у прыватнасьці, існаваньне ў летувіскіх беларусаў такое назвы для сваіх гаворак, як простая мова). На канцы 1980-х рокаў моўная сытуацыя ў Летуве зьмяняецца — значна ўзрастае роля летувіскае мовы й памяншаецца значнасьць расейскае для этнічных летувісаў. Пытаньні роднае мовы сталі актуальнымі і для беларускае й польскае нацыянальных меншасьцяў у Летуве. У гэты пэрыяд сярод часткі палякаў ды беларусаў узьнікае грамадзкі рух, мэтаю якога стала вяртаньне да мясцовае культуры й дыялектаў. Вядучую ролю ў гэтым руху адгуляла заснаванае ў Коўне «Таварыства славянамоўных летувісаў» (Tuvažystvo slaviansku janzyčnych litvinuv). Ідэаляґічным ґрунтам гэтага таварыства стала сьцьвярджэньне, што славянскае насельніцтва паўднёва-ўсходняе Летувы ё паводле паходжаньня летувіскім, якое падверглася з XIV стагодзьдзя асыміляцыі славянамі. Узначаліў таварыства Э. Б. Саткявічус. Найважнейшым заданьнем нацыянальнага руху «славянамоўных летувісаў» стала фармаваньне й прапаґанда літаратурных моваў на базе мясцовых гаворак: на польскім ґрунце, або на ґрунце так званае простае польскае — віцкая мова (vičski janzyk, vičska gavenda), на беларускім ґрунце, або на ґрунце «простае мовы» — так званая гальшанская мова (halšanski jazyk, elšanski jazyk, kul'n’adzka gavenda), на ґрунце мясцовых летувіскіх гаворак плянавалася стварыць дзукійскую літаратурную мову. Рух «славянамоўных летувісаў» ня быў масавым — ён ахопліваў параўнальна невялікую колькасьць пасьлядоўнікаў і прыхільнікаў, не высоўваў палітычных патрабаваньняў, праіснаваў адносна кароткі час і таму не атрымаў шырокае вядомасьці[3].

Першымі друкаванымі тэкстамі гальшанскаю і віцкаю мовамі сталі артыкулы, апублікаваныя «Таварыствам славянамоўных летувісаў» на пачатку 1990-х рокаў: «Fschodnia Litva» («Усходняя Летува») і «Naš upiakuniac» («Наш абаронца»). Затым рушыла ўсьлед публікацыя рознага роду дакумэнтаў прапаґандысцкае скіраванасьці. Зьяўленьне новых літаратурных моваў асьвятлялася як у летувіскай, так і беларускай прэсе. У прыватнасьці, артыкулы па гэтым пытаньні друкавалі ў вільнюскай ґазэце Czerwony Sztandar, якая выдавалася польскаю моваю, і ў беларускай ґазэце «Чырвоная зьмена» (травень 1991 року). Першапачатковая адсутнасьць масавасьці руху «славянамоўных летувісаў» прывяла да таго, што ўжо ў 1992 годзе гальшанская мова практычна перастала ўжывацца, хоць зрэдку на ёй выдаюцца або перавыдаюцца кнігі Э. Б. Саткявічуса, напрыклад, адзін з разьдзелаў яго кнігі «Гальскія мовы» 1999 року напісаны гальшанскаю[6].

Альфабэт

рэдагаваць

Альфабэт гальшанскае мовы складаецца з 29 літараў[6]:

Aa Bb Cc Čč Dd Ee Ff Gg Hh Ch ch
Ii Jj Yy Kk Ll Łł Mm Nn Oo Pp
Rr Ss Šš Tt Uu ŭ Vv Zz Žž

Першапачаткова ўжывалася лацінка з ужываньнем славацкіх ды польскіх ґрафэмаў (č, ž, š, ł), для пазначэньня мяккасьці зычных ужываўся або апостраф (як у славацкай мове) — v'alikaj, або літара i перад зычным (як у польскай мове) — vialikaj. Пазьней быў зьдзейсьнены пераход на славацкую мадэль: замест літараў L l сталі ўжываць L’ l’, замест Ł ł — L l, мяккасьць зычных сталі пазначаць толькі апострафам (l’, b’, n’, d’, s’, t’ і т.п.) Губна-губная фанэма замест ґрафэмы ŭ стала пазначацца як ȗ. Характэрнаю асаблівасьцю тэкстаў гальшанскаю на пачатку 1990-х рокаў была непасьлядоўнасьць у выкарыстаньні тых або іншых ґрафэмаў[6].

Прыклад тэксту

рэдагаваць

Фраґмэнт тэксту з артыкулу «Fschodnia Litva»:

Halšanski jazyk — asabisty jazyk, choc’ jon maje podobenstva z biłaruskim, dzukskim, vičskim, trocha słou moža polskich. Halšanski jazyk pa fanetike i hramatyke padobny jazyku pradziedoŭ halšancoŭ — dzukskamu jazyku. Hety jazyk jest bahactva dlia baltoŭ i słavoŭ. Liudzi usej Litvy i Biłarusi pavinny baranic’ hety jazyk. Halšanski jazyk nie chatni jazyk; hety jazyk literaturnyj jazyk vekovaj tradiciji i treba kap halšancy havarili i pisali na hetym jazyku; Hetat listok at 2 s'erpn'a 1998 hoda astavic’ na dolhuju pam'ac’, kab vnuki mahli pačitac’, jak havaric’, čitac’ i pisac’ pa prostamu.

— 1990 (артыкул перавыдадзены ў 1999 годзе)[6][7]

  1. ^ а б Дуличенко А. Д. Малые славянские литературные языки. III. Восточнославянские малые литературные языки // Языки мира. Славянские языки. — М.: Academia, 2005. — С. 610. — ISBN 5-87444-216-2
  2. ^ Duličenko, Aleksandr D. (2001) Slawische Sprachen. Vičsch. Alpen-Adria-Universität Klagenfurt. Enzyklopädie des europäischen Ostens.
  3. ^ а б Duličenko, Aleksandr D. (2001) Slawische Sprachen. Halschanisch. Alpen-Adria-Universität Klagenfurt. Enzyklopädie des europäischen Ostens.
  4. ^ а б Duličenko, Aleksandr D. (2001) Slawische Sprachen. Halschanisch. Alpen-Adria-Universität Klagenfurt. Enzyklopädie des europäischen Ostens.
  5. ^ Demografijos metraštis. Demographic Yearbook 2001. Statistics Lithuania. Official Statistiks Portal (2002).
  6. ^ а б в г Duličenko, Aleksandr D. (2001) Slawische Sprachen. Halschanisch. Alpen-Adria-Universität Klagenfurt. Enzyklopädie des europäischen Ostens.
  7. ^ Саткявичюс Э. Б. Гальские языки. — Каунас: 1999. — С. 51. — 48—51 с.

Літаратура

рэдагаваць
  1. Duličenko A. D. Kleinschriftsprachen in der slawischen Sprachenwelt  (ням.) : журнал. — Dresden: Walter de Gruyter, 1994.
  2. Satkevičius E. B. Fschodnia Litva. — Kaunas: 1990.
  3. Дуличенко А. Д. Феномен литературных микроязыков в современном славянском языковом мире : журнал. — Szombathely: Szombathely, 1994. — № 2. — С. 76—84. — ISSN 1218-2680.
  4. Дуличенко А. Д. Вичский и гал(ь)шанский: два новых славянских литературных микроязыка в Литве? (С образцами текстов). — Tartu: 1998. — С. 165—173.
  5. Дуличенко А. Д. Славянские литературные микроязыки: образцы текстов : журнал. — Тарту: Tartu Riiklik Ülikool, 2004.
  6. Савіч М. Беларускія гаворкі Віленщіны: гісторыя i сучаснасць : журнал. — Мінск: Рэдакцыя часопіса «Спадчына», 1994. — № 6. — С. 105—109. — ISSN 0236-1019.