Вікіпэдыя:Значнасьць асобаў
Гэтая старонка — частка рэкамэндацыяў Вікіпэдыі. Усім удзельнікам рэкамэндуецца прытрымлівацца пададзеных тут нормаў. Аднак, гэтыя нормы — ня догма. Кіруйцеся здаровым сэнсам. Перад рэдагаваньнем гэтай старонкі ўпэўніцеся, што зьмены адпавядаюць пагадненьню. Калі маеце сумневы, спачатку абмяркуйце зьмены на старонцы абмеркаваньня. |
Асноўны сэнс сьцісла:
|
Значнасьць у Вікіпэдыі — крытэр даданьня ў Вікіпэдыю артыкулаў, заснаваны на энцыкляпэдычнай прыдатнасьці тэмы артыкулу. Дзеля зьяўленьня артыкулаў пра асобаў гэтыя асобы мусяць быць у першую чаргу значнымі для Вікіпэдыі, і не абавязкова знакамітымі ці папулярнымі — хоць апошняе таксама не адкідаецца.
Назва артыкулу мусіць называць прадмет артыкулу. Калі зьвестак дастаткова дзеля стварэньня артыкулу пра саму асобу, варта назваць артыкул ягоным імем: «Лявон Іванюк». Калі ж плянуецца зьмясьціць інфармацыю толькі пра адну падзею з жыцьця асобы, тады сьлед назваць артыкул паводле гэтай падзеі, напрыклад выпадак з Стывам Бартманам(en). Часам бывае багата інфармацыі на асобны артыкул пра і так значную асобу, накшталт сьмерць прынцэсы Дыяны або выкраданьне Эйхмана. Калі артыкул пра значную асобу ўжо даволі вялікі, частку інфармацыі зь яго можна вынесьці ў асобны артыкул, напрыклад бібліяграфія Юзэфа Ігнацыя Крашэўскага.
Асноўны крытэр
рэдагаваць
Асобы лічацца значнымі, калі яны неаднаразова згадваюцца ў розных апублікаваных надзейных другасных крыніцах, незалежных адна ад аднае і ад самога суб’екту.
- Калі аднае асобнае ўзятае крыніцы недастаткова дзеля пацьверджаньня значнасьці, варта скампанаваць некалькі незалежных крыніцаў; адзінкавы факт згадваньня суб’екта ў другасных крыніцах можа быць недастатковы дзеля вызначэньня значнасьці.
- Першакрыніцы могуць выкарыстоўвацца ў артыкуле дзеля паўнейшага асьвятленьня, аднак на значнасьць суб’екта яны не ўплываюць.
Асобы, якія адпавядаюць асноўнаму крытэру, могуць лічыцца значнымі без праверкі дадатковым крытэраў (ніжэй). Аднак артыкулы пра гэтых асобаў усё ж ня варта ствараць, калі яны трапляюць пад крытэры выняткаў, такія як вядомасьць толькі праз адну падзею, або пералічаныя ў Чым ня ёсьць Вікіпэдыя.
Дадатковыя крытэры
рэдагавацьАсобы лічацца значнымі, калі адпавядаюць прынамсі адной з наступных умоваў. Неадпаведнасьць гэтым крытэрам ня можа лічыцца канчатковым довадам нязначнасьці асобы; і наадварот, адпаведнасьць аднаму або некалькім зь іх не гарантуе ўлучэньне асобы ў сьпіс значных.
Асобы, якія не адпавядаюць гэтым дадатковым крытэрам, усё-ткі могуць быць прызнаныя значнымі згодна зь Вікіпэдыя:Значнасьць. Рэдактарам гэтыя крытэры могуць прыдацца дзеля вызначэньня, ці ёсьць сэнс патрабаваць у артыкуле дадатковых крыніцаў (шляхам прастаноўкі {{Няма крыніцы}} або {{Парады артыкулу|няма крыніцаў}}), або лепей выставіць артыкул на выдаленьне.
Біяграфіі ў цэлым
рэдагаваць- Асоба атрымала вядомую і значную ўзнагароду або прэмію ці была намінаваная некалькі разоў;
- Асоба зрабіла шырока прызнаны ўнёсак, які стаў прызнаным фактам у ейнай прафэсійнай галіне.
Навукоўцы
рэдагавацьШматлікія навукоўцы, дасьледнікі, філёзафы (дзеля зручнасьці назавем іх «навуковы сьвет») даволі ўплывовыя ў навуковым сьвеце бяз згадваньня іхніх біяграфіяў у другасных крыніцах.
Творчыя прафэсіі
рэдагавацьАўтары, рэдактары, журналісты, кінавытворцы, фатографы, мастакі, архітэктары і іншыя прадстаўнікі творчых прафэсіяў:
- Асоба лічыцца значнаю або шырока цытаваная сучасьнікамі або пасьлядоўнікамі;
- Асоба вядомая дзякуючы вынаходніцтву якасна новай канцэпцыі, тэорыі або тэхнікі;
- Асоба стварыла або адыграла значную ролю ў сумесным стварэньні значнага або добра вядомага твору. Але гэты твор мусіць быць прадметам незалежнай кнігі, поўнамэтражнага фільму, або мноства незалежных артыкулаў у пэрыёдыках;
- Твор (або творы) асобы альбо a) сталі значным помнікам; b) сталі грунтоўнай часткай значнай выставы; c) займелі значную ўвагу крытыкаў; d) прадстаўленыя ў сталых калекцыях некалькі значных галерэяў або музэяў.
Ахвяры і злачынцы
рэдагавацьАсоба, вядомая толькі ў сувязі з злачынствам або судовым працэсам, звычайна ня мае быць прычынай стварэньня асобнага артыкулу, калі існуе такі артыкул, у які можна дадаць усю інфармацыю пра такую асобу. Калі існы артыкул мае вялікі памер, тады яго варта падзяліць на меншыя памерам.
Калі прыдатных артыкулаў не існуе, тады злачынец або ахвяра можа быць значнай для Вікіпэдыі асобай толькі тады, калі ён адпавядае аднаму з наступных крытэраў:
Для ахвяраў і памылкова абвінавачаных
- Ахвяра злачынства або памылкова абвінавачаная ў злачынстве асоба, знакамітая толькі адной падзеяй, якая адыграла значную ролю ў задакумэнтаванай гісторыі. Гістарычная значнасьць асобы вызначаецца сталым апісаньнем падзеі ў надзейных другасных крыніцах, якія надаюць асаблівую ўвагу ролі гэтай асобы.
Для злачынцаў
- ахвяра злачынства — вядомая ў краіне або ў сьвеце асоба, напрыклад (але ня толькі) палітыкі або знакамітасьці;
- матыў або спосаб выкананьня злачынства незвычайны і з гэтае прычыны дастаткова асьветлены ў крыніцах. Гістарычная значнасьць вызначаецца сталым апісаньнем падзеі ў надзейных другасных крыніцах;
- Увага: чалавек, абвінавачаны ў злачынстве, лічыцца невінаватым, пакуль ягоная віна ня будзе даведзеная ў судзе. Таму рэдактары мусяць устрымлівацца ад стварэньня артыкулаў пра меркаваных злачынцаў да тае пары, пакуль вырак ня будзе вынесены.
Эстрадныя артысты
рэдагавацьАкторы, акторы агучкі, комікі, заканадаўцы думак, мадэлі і знакамітасьці:
- Здымаліся ў значных ролях у шматлікіх значных фільмах, тэлепраграмах, выступалі на сцэне або інш.;
- Маюць вялікую аўдыторыю або значны «культ асобы»;
- Зрабілі ўнікальны, пладавіты або інавацыйны ўнёсак у галіне шоў.
Вайскоўцы
рэдагаваць- Асобы, узнагароджаныя найвышэйшымі нацыянальнымі ўзнагародамі за адвагу;
- Асобы, узнагароджаныя другімі паводле значнасьці нацыянальнымі ўзнагародамі за адвагу некалькі разоў;
- Знаходзяцца ў званьні не ніжэй за генэрала/флагмана/камадора або іхніх эквівалентаў;
- Знаходзяцца на найвышэйшых пасадах ва ўзброеных сілах (напрыклад, начальнік Генэральнага штабу) або найвышэйшага аддзяленьня (напрыклад, начальнік штабу сухапутных сілаў);
- Адыгралі значную ролю ў значнай ваеннай падзеі;
- Камандавалі значнай вайсковай адзінкай у бітве;
- Унесьлі ў вайсковую навуку значны ўнёсак, які бясспрэчна належыць ім;
- Сталі неаспрэчнымі вынаходнікамі формы вайсковай тэхналёгіі, якая значна зьмяніла спосаб вядзеньня вайны;
- Прызнаныя сучасьнікамі як аўтарытэтная крыніца з вайсковай справы.
Для мэтаў гэтага крытэру «значная вайсковая адзінка» азначае буйны баявы карабель, дывізію і больш, або іхнія адпаведнікі.
Палітыкі
рэдагаваць- Палітыкі і судзьдзі, якія займалі міжнародныя, дзяржаўныя або рэгіянальныя (абласныя) пасады, чальцы або былыя чальцы нацыянальных, дзяржаўных або рэгіянальных заканадаўчых органаў. Гэта тычыцца таксама асобаў, якія былі абраныя ў такія органы, але пакуль не прыступілі да выкананьня паўнамоцтваў.
- Асноўныя мясцовыя палітычныя дзеячы, якія займелі значны розгалас у прэсе.
- Іншыя мясцовыя палітыкі і неабраныя кандыдаты ў заканадаўчыя структуры могуць таксама быць значнымі, калі адпавядаюць агульнаму крытэру «значнай колькасьці згадак у надзейных крыніцах, незалежных ад суб’екта артыкулу».
- Для мэтаў гэтага правіла амбасадары ня лічацца займальнікамі міжнародных пасадаў.
Калі кандыдаты ў выбарныя органы не адпавядаюць гэтым крытэрам, прынята ствараць перанакіраваньне з артыкулаў зь іхнімі імёнамі на адпаведны артыкул пра выбары ў такія органы. Кароткія біяграфічныя зьвесткі пра кандыдатаў можна зьмясьціць у гэтым артыкуле.
Спартоўцы
рэдагавацьУдзельнікі Алімпійскіх гульняў незалежна ад выніку.
Няслушныя крытэры
рэдагаваць- Той факт, што асоба А мае стасункі з добра вядомай асобай Б, напрыклад зьяўляецца сужэнцам або дзіцём — не падстава для стварэньня асобнага артыкулу пра А (калі не існуе значнага асьвятленьня асобы А). Зьвесткі пра А можна ўлучыць у артыкул пра Б.
- Варта пазьбягаць крытэраў ацэнкі значнасьці паводле статыстыкі пошукавых сыстэмаў (кшталту Google hits ці Alexa) або паводле колькасьці знойдзеных у сеціве фатаздымкаў. Карыстаючыся пашуковікамі, улічвайце якасьць, а ня колькасьць спасылак.