Радыё 101,2 FM («Радыё 101 і 2, Гарадзкі канал») — беларускамоўная незалежная радыёстанцыя, якая працавала ў Менску на частасьці 101,2 МГц ад 21 ліпеня 1995 году да 31 жніўня 1996 году, калі была зачыненая[1].

Радыё 101,2
75p
Горад Менск
Краіна Беларусь
Фармат беларускамоўны
Музычны фармат рок і поп-музыка
Частасьць 101,2 FM
Час вяшчаньня 8:00 — 18:00 (10 гадзінаў)
Пачатак працы 21 ліпеня 1995 (29 гадоў таму)
Канец працы 31 жніўня 1996 (28 гадоў таму)
Замяніла Беларуская маладзёжная (Беларускае радыё)
Замененая Пілёт ФМ(ru) (БРСМ)
Заснавальнік Фонд Сораса
Кіраўнікі Жанна Літвіна
Зьміцер Новікаў

Гісторыя

рэдагаваць

Радыё 101,2 фактычна зьяўлялася спадкаемніцай радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная». Працэс рэгістрацыі новай беларускай FM-радыёстанцыі пачаўся ў 1994 годзе празь некалькі месяцаў пасьля ліквідацыі «Беларускай Маладзёжнай». Радыёстанцыя была зарэгістраваная ў чэрвені 1994 году напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. У канцы жніўня 1994 году Рада Фонда Сораса задаволіла заяўку на выдаткаваньне сродкаў на перадатчык для радыёстанцыі. У этэр радыёстанцыя выйшла 21 ліпеня 1995 году пасьля мантажу радыёперадатчыка, рамонту памяшканьня радыё, і абсталяваньня студыі[2].

Вяшчаньне

рэдагаваць

Вяшчаньне радыёстанцыі працягвалася ад 8 гадзіны раніцы да 18 гадзіны вечару. Аўтарскія перадачы і этэры на радыё вяліся толькі па-беларуску за выключэньнем інтэрвію ў жывым этэры, калі суразмоўцы кепска валодалі беларускай мовай. Музычная палітыка радыёстанцыі вызначалася пераважна асабістымі густамі вядоўцаў і гукарэжысэраў[3]. Запісы новых праграмаў і праграмных заставак адбываліся пасьля сканчэньня этэру і нярэдка ўначы.

Радыё 101,2 першым распачало практыку выступаў музычных гуртоў у жывым этэры, якая ладзілася ў межах праграмы Касі Камоцкай «ПраРок».

Вяшчаньне ажыцьцяўлялася з студыі радыёстанцыі, якая разьмяшчалася на другім паверсе па вуліцы Рэвалюцыйнай, 8а ў Менску. Радыёперадатчык разьмяшчаўся па вуліцы Камуністычнай, 6. Магутнасьці перадатчыка хапала на тое, аб ахапіць вяшчаньнем Менск і некалькі дзясяткаў кілямэтраў вакол. Найбольшая адлегласьць ад Менску, на якой было магчыма чуць радыё, складала 70—80 кілямэтраў. З гэтай прычыны радыёстанцыя пазыцыянавала сябе таксама пад назвай «Гарадзкі канал».

Міжнароднае супрацоўніцтва

рэдагаваць

Першапачаткова фанатэка радыё складалася пераважна з асабістых архіваў гукарэжысэраў і падарункаў калегаў з польскіх радыёстанцыяў, але пазьней Радыё 101,2 падпісалася на рассылку зборнікаў новых гітоў ад амэрыканскай кампаніі TM Century, а таксама павялічвала свой музычны архіў праз супрацоўніцтва з Бі-Бі-Сі. Апроч гэтага з Сусьветнай службай Бі-Бі-Сі ў 1995 годзе была падпісаная дамова, у адпаведнасьці зь якой радыё запісвала, перакладала і выпускала ў этэр выпускі навінаў Бі-Бі-Сі, а таксама шэраг ліцэнзійных музычных праграмаў[4]. Таксама дамова была падпісаная з Расейскай службай «Нямецкай хвалі», а гадзіна этэру радыёстанцыі штодня адводзілася пад вяшчаньне Беларускай службы Польскага Радыё.

У 1996 годзе на хвалях Радыё 101,2 прайшоў Польскі дзень, дзякуючы чаму шырэйшае кола слухачоў у Беларусі змагло пазнаёміцца з дэмакратычнымі пераўтварэньнямі ў заходняй суседкі[5].

Фінансавае становішча

рэдагаваць

Для прыцягненьня рэклямадаўцаў на радыё была ўведзеная дзённая «гіт-гадзіна» з вызначаным мінімумам «папулярных» песень, якім мусілі прагучаць за пэўны прамежак часу.

Улетку 1996 году радыёстанцыя выйшла на самаакупнасьць. Камэрцыйны дырэктар радыё Зьміцер Бандарэнка зазначаў, што паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, інфармацыйныя выпускі Радыё 101,2 слухалі да 80% усіх FM-слухачоў[2]. Магчыма, прычынай гэтага стала тое, што радыё шырока асьвятляла беларускія палітычныя падзеі.

Закрыцьцё

рэдагаваць

30 жніўня 1996 году рэдакцыя Радыё 101,2 па факсе атрымала паперу зь Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь за подпісам кіраўніка дзяржаўнай інспэкцыі па электрасувязі БелГІЭ А. Ніканава спыніць экплюатацыю перадатчыка на частасьці 101,2 МГц з 1 верасьня 1996 году «ў мэтах пазьбяганьня перашкодаў у прыёмных каналах ЦС РТС „Алтай“»[2].

Цягам усяго дня 31 жніўня супрацоўнікі радыё перад выпускамі навінаў зачытвалі тэкст заявы з папярэджаньнем пра хуткае гвалтоўнае спыненьне сваёй працы. Вяшчаньне было спыненае роўна а 20-й гадзіне.

Літоўская асацыяцыя радыё й тэлебачаньня(lt), «Рэпартэры бязь межаў», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Аб’яднаная грамадзянская партыя асудзілі закрыцьцё радыё напярэдадні рэфэрэндуму 1996 году[6]. Выканаўчы дырэктар Амэрыканскага камітэту абароны журналістаў Ўільям А. Орм накіраваў Генэральнаму сакратару Рады Эўропы Даніэлю Таршысу(en) ліст, у якім выказаў занепакоенасьць з нагоды «нападак ураду на незалежную прэсу Беларусі», у тым ліку на Радыё 101,2[6].

Пасьля спыненьня перадатчыка супрацоўнікі радыё ладзілі вулічныя пікеты і дамагаліся адказаў афіцыйных уладаў, але вынікаў гэта не дало.

Дырэктар радыёстанцыі Дзьмітры Новікаў пракамэнтаваў закрыцьцё радыёстанцыі 101,2 наступным чынам:

  Наша грамадзтва спаралізаванае савецкімі комплексамі і стэрэатыпамі. Найперш: беларускае — горш за расейскае. Мы зламалі гэты стэрэатып… Таму нас і зачынілі, бо спужаліся разьвіцьця — незалежнасьці ў галовах.  

Пэрыяд пасьля закрыцьця станцыі

рэдагаваць

Пасьля закрыцьця радыёстанцыі ў яе студыі былі запісаныя супольныя музычныя праекты «Народны Альбом» і «Я нарадзіўся тут».

Праз пэўны час частасьць 101,2 FM была перададзеная для вяшчаньня іншым радыёстанцыям. Ад 2003 году на частаце 101,2 МГц працуе радыёстанцыя «Пілёт ФМ(ru)», якая належыць Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі.

Супрацоўнікі

рэдагаваць

Дырэктары — Жанна Літвіна й Дзьмітры Новікаў. Дырэктар рэклямнага аддзелу, камэрцыйны дырэктар — Зьміцер Бандарэнка[7]. Дыктары — Вольга Бабак, Ірына Курапаткіна. Аўтарскія праграмы «ПраРок» (Кася Камоцкая), «Бабілёнская бібліятэка» (Юрась Бушлякоў), «Музыка тоўстых» (Зьміцер Падбярэскі), «Квадракола» (Лявон Вольскі), «Бізнэс-актуаліі» (Вольга Караткевіч). Музычны рэдактар і гукарэжысэр Сяргей Лабандзіеўскі.

Музычны крытык Зьміцер Падбярэскі ў 2000 годзе сьведчыў, што прыклад Радыё 101,2 давёў грамадзкасьці, што беларускае можа быць прыбытковым, бо «справа ў якасьці музыкі й прафэсіяналізьме ды-джэяў»[8].

Дадатковыя зьвесткі

рэдагаваць
  • Ад самага пачатку вяшчаньня Радыё 101,2 была ўведзеная прынцыповая адмова ад расейскамоўных песень у этэры. Выключэньні рабіліся толькі для анансаваньня канцэртаў расейскіх гуртоў, інфармацыйнымі фундатарамі якіх зьяўлялася радыё, або падчас жывых інтэрвію з расейскімі музыкамі.
  • Першай песьняй, якая прагучала ў этэры Радыё 101,2 21 ліпеня 1995 году была «We’re Not Gonna Take It» гурта Twisted Sister, а апошняй — 31 жніўня 1996 году — «I’ll Be Back Again» гурта The Beatles.
  1. ^ Hansjörg Biener. Radio for Peace, Democracy and Human Rights (анг.). Унівэрсітэт Эрлангена — НюрнбэргаПраверана 2020-04-03 г. Архіўная копія ад 2017-09-09 г.
  2. ^ а б в Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». (2010-07-21) 15 гадоў таму ўпершыню выйшла ў эфір Радыё 101.2 (Дадалося аўдыё) (бел.). Беларуская асацыяцыя журналістаўПраверана 2020-04-03 г. Архіўная копія ад 2011-10-03 г.
  3. ^ Дзяніс Дзюба; Сьвятлана Адзінец. (2011-08-31) 15 гадоў таму было зачынена незалежнае Радыё 101,2 (бел.) Эўрапейскае радыё для Беларусі. TUT.BYПраверана 2020-04-03 г. Архіўная копія ад 2020-04-03 г.
  4. ^ Серж Мінскевіч. Радыё 101 і 2, Гарадскі канал (бел.). TUT.BYПраверана 2020-04-03 г. Архіўная копія ад 2005-03-08 г.
  5. ^ Польскае радыё для замежжа: пра нас // radyjo.net
  6. ^ а б МОНИТОРИНГ ФОНДА ЗАЩИТЫ ГЛАСНОСТИ: ИЮЛЬ - СЕНТЯБРЬ'96 (рас.). Фонд абароны галоснасьці(ru). Архіўная копія ад 2007-09-28 г.
  7. ^ Канфэрэнцыя Хартыі’97
  8. ^ Сьнежань - час падвядзеньня вынікаў музычнага году. Сьнежань у беларускае папулярнае музыцы пазначаны шэрагам імпрэзаў і прэзэнтацыяў. Вынікі музычнага году абмяркоўваюць карэспандэнт "РР" Севярын Квяткоўскі й Зьміцер Падбярэзскі (бел.) Беларускае Радыё Рацыя. TUT.BY (2000-12-14). Праверана 2021-01-08 г. Архіўная копія ад 2014-07-18 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць