Варута
Варута (Варуцкі замак) — летапісны горад. Як мяркуецца, сталіца Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Літоўскага ў час праўленьня караля Міндоўга ў XIII стагодзьдзі. Варута коратка згадваецца толькі аднойчы ў адзінай пісьмовай крыніце — Іпац’еўскім летапісу, і яе дакладнае месцазнаходжаньне невядома. Існуе мноства гіпотэз аб месцазнаходжаньні гораду. Нягледзячы на нявызначанасьці, канцэпцыя Варуты як сталіцы дастаткова папулярная ў сучаснай Летуве.
Гістарыяграфія
рэдагавацьМіндоўг, першы і адзіны каранаваны кароль Літвы, абараняўся ў Варуце ў ходзе грамадзянскай вайны супраць сваіх пляменьнікаў Таўцівіла, Едзівіда і князя Жамойці Вікінта ў 1251 годзе. Гэтая інфармацыя, узятая з Іпацьеўскага летапіса, — адзіная пісьмовая згадка аб Варуце. Замак Міндоўга згадваецца яшчэ ў двух месцах, але ні назва замка, ні яго месцазнаходжаньне не ўдакладняецца. Не ясна, ці адносяцца гэтыя кароткія згадкі да аднаго і таго ж месца[1].
Тым ня менш, некаторыя гісторыкі ў XIX і XX стагодзьдзях называлі горад «першай сталіцай Літвы» і спрабавалі вызначыць яго месцазнаходжаньне. Увогуле было выказана ня менш за шаснаццаць вэрсій пра месцазнаходжаньне Варуты.
Беларускія меркаваньні
рэдагавацьБеларускія навукоўцы лічаць, што радзіма Міндоўга не магла быць далёка ад першай сталіцы ВКЛ — Наваградка. Адным з такіх месцаў магло бы быць сучаснае гарадзішча каля мястэчка Гарадзішча ў Баранавіцкім раёне[2].
Беларускі гісторык другой паловы 19 — пачатку 20 стаг. Аляксандр Ельскі выказаў думку, што гэтая таямнічая Варута знаходзілася менавіта каля сучаснага Гарадзішча на Баранавіччыне, на гары «Гарадок», і каранацыя першага і апошняга караля прайшла таксама менавіта тут; у сучаснай вёсцы Канюшоўшчына былі стайні, а ў вёсцы Вялікае Сяло быў двор Міндоўга. Таксама ў свой час такую здагадку выказваў гісторык, археоляг і інжынэр 19 стаг. Тэадор Нарбут. Яшчэ такую думку выказалі і маскоўскія археолягі, якія праводзілі раскопкі на гары. Дарэчы, як сьцьвярджаюць мясцовыя жыхары, шмат чаго знайшлі, але ўсё вывезьлі ў Маскву, пакінуўшы толькі крэмніевыя скрабкі.
Мікола Ермаловіч у сваёй кнізе «Старажытная Беларусь» піша, што слова «Варута» магло ўтварыцца ў выніку памылкі перапісчыка, які злучыў прыназоўнік з назоўнікам у адзінае цэлае. Гэта значыць, у першапачатковым запісе храніста было так: «во град именем во Руту», што адпавядае кніжнай традыцыі даўніны. Пазьнейшы летапісец, устаўляючы Наваградзкі летапіс у Галіцка-Валынскі, мог, не разабраўшыся, «во Руту» прыняць за адно слова. Яшчэ Ермаловіч сьцьвярджае, што між рэкамі Сэрвеччу і Валоўкай ёсьць невялікая рэчка Рута і некалькі населеных пунктаў з такой назвай. Магчыма, на месцы аднаго зь іх знаходзілася Варута. Далей ён выказвае меркаваньне, што Варута знаходзілася на месцы сучасных Карэлічаў, якія разьмешчаны на р. Руце і дзе ёсьць гарадзішча[3].
Летувіскія меркаваньні
рэдагавацьЛетувіскія навукоўцы лічаць, што верагодней за ўсё, горад знаходзіўся ў раёне памежжа Літвы і Лівоніі. У пачатку XXI стагодзьдзя гісторыкі праяўляюць павышаную цікавасьць да вэрсіі аб лякалізацыі Варуты на Шеймінішкельскім гарадзішчы ў (гэтай вэрсіі прытрымліваецца Томас Баранаўскас).[4].
Іншыя дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што Варута — гэта не рэальны горад, а проста няправільнае тлумачэньне слова, які азначае «ʼʼкапіталʼʼ». На думку Казімераса Бугі, аднаго з выдатных летувіскіх філёлягаў, слова «ʼʼварутʼʼ» проста азначае «ʼʼзамакʼʼ».
Сьпіс верагодных месцаў
рэдагавацьГэтыя месцазнаходжаньні былі прапанаваны рознымі гісторыкамі ў розны час:[5]
- Гарадзішча у Баранавіцкім раёне, па вэрсіі Ляксандра Ельскага
- Гарадзішча каля Наваградка, па вэрсіі Тэадора Нарбута
- Карэлічы побач з Навагрудкам, па вэрсіі Мікалая Ермаловіча
- Гальшаны, па вэрсіі Аляксандра Краўцэвіча[6]
- Варняны ў Гродзенскай вобласці Беларусі, па вэрсіі Юліюша Ляткоўскага
- Бярзгайняй у Укмергскім раёне, па вэрсіі Пятраса Тарасенкі
- Буцейкяй у Анікшчайскім раёне, па вэрсіі Казімераса Жэбрыса
- Кярнаве, паводле версіі па Фрыдэрыка Папее
- Лішкаў, паводле версіі Ёнаса Татарайціса
- Меднікі, паводле версіі Эвалдаса Гечаўскаса
- Рочышке ў Расейнскім раёне, па версіі Людзьвіка Кшівіцкага
- Шеймінішкельскае гарадзішча ў Анікшчайским раёне, паводле вэрсіі Эдуардаса Вальтэрыса
- Утурай у Расейнскім раёне, па вэрсіі Войцеха Кентшыньскага
- Вільня, па вэрсіі Ромаса Батуры
- Раён Даўгай-Варэна, па вэрсіі Генрыка Лаўмянскага
- Раён Медвегаліс-Варні, па вэрсіі Антанаса Сьцепанайціса
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Mindaugas Edvardas, Gudavičius, 1998 isbn=9986-34-020-9
- ^ Легендарная Варута Миндовга могла располагаться в Барановичском районе, Заря, 19.10.2016
- ^ М.Ермаловіч «Старыжытная Беларусь», Менск «Мастацкая Літаратура», 1990 г.
- ^ Замок Ворута Томас Баранаўскас
- ^ Zabiela Gintautas «Lietuvos medinės pilys», Вільня, 1995, isbn=9986-23-018-7|ISBN=9986-23-018-7
- ^ Міндоўг. Пачатак вялікага гаспадарства, 2015-12-29