Брэтонцы (саманазва: Bretoned, Breizhiz) — этнас кельцкага паходжаньня, які паходзіць з прадстаўнікоў плямёнаў брытаў, што ў раньнім Сярэднявеччы перасяліліся на тэрыторыю сучаснае Францыі з паўднёвага захаду востраву Брытанія. Найбліжэйшымі этнічнымі групамі зьяўляюцца сучасныя кельцкія народы[2], у прыватнасьці, тыя, што бяруць уласнае паходжаньне з брыцкіх плямёнаў кельтаў (валійцы, корнцы); таксама пэўную блізкасьць да брэтонцаў праяўляюць някельцкі паводле паходжаньня францускі этнас[2]. Гістарычны арэал расьсяленьня — паўвостраў Брэтанія, разьмешчаны на паўночным захадзе цяперашняй Францыі.

Брэтонцы
Агульная колькасьць ~ 1 млн. чалавек
Рэгіёны пражываньня Францыя Францыя ~ 1 млн. чал.,
Канада Канада ~ 14 290 чал.[1]
Мовы брэтонская, француская мовы
Рэлігія хрысьціянства (каталіцызм)
Блізкія этнасы іншыя кельцкія народы (у прыватнасьці, брыцкія), французы

Нацыянальная мовабрэтонская, якая роднасная мовам іншых кельцкіх народаў і асабліва збліжаная з валійскай і корнскай мовамі. Традыцыйна распаўсюджаная толькі на захадзе гістарычнага арэалу брэтонцаў, у г.зв. Ніжняй Брэтаніі. На цяперашні час носьбітамі брэтонскае мовы зьяўляюцца прыкладна 365 тыс. чалавек, зь якіх каля 240 тыс. валодаюць ёю вольна[3]. Большая частка сучасных прадстаўнікоў брэтонскага этнасу выкарыстоўвае францускую мову.

З прычыны адсутнасьці ў перапісной палітыцы Францыі практыкі збору інфармацыі аб этнічным разьмеркаваньні насельніцтва краіны цяперашняя дакладная колькасьць брэтонцаў цяжка паддаецца падліку. Насельніцтва сучаснае францускае правінцыі Брэтань, якая не супадае з гістарычнай Брэтаніяй, паводле зьвестак на 2013 год складала 3 259 659 чалавек, насельніцтва суседняга дэпартамэнту Люара Атлянтычная, што разам з правінцыяй Брэтань акрэсьлівае гістарычны рэгіён, складала 1 322 404 чалавек, што разам дае насельніцтва гістарычнага рэгіёну Брэтанія колькасьцю ў 4 582 063 чалавекі[4][5]. Разам з тым, згодна са зьвесткамі на 1914 год, больш за 1 млн. чалавек з насельніцтва Ніжняе Брэтаніі зьяўляліся носьбітамі брэтонскае мовы, што складала 90% ад насельніцтва гэтага рэгіёну.

Гістарычныя чыньнікі абумовілі існаваньне брэтонскае дыяспары ў іншых рэгіёнах Францыі, а таксама ў франкамоўных краінах і рэгіёнах сьвету, што раней мелі статус калёніяў Францыі. На цяперашні час каля 1 млн. чал. з насельніцтва сталічнага рэгіёну Францыі мае брэтонскае паходжаньне, прыкметныя брэтонскія дыяспары прадстаўленыя таксама ў ЗША й Канадзе (асабліва ў правінцыі Квэбэк). Частка першых эўрапейскіх перасяленцаў у Францускую Заходнюю Індыю (Гвадэлюпа, Мартыніка) паходзіла з Брэтаніі, праз што на памянёных астравох дагэтуль захоўваюцца рэшткі брэтонскае культуры. Таксама значнымі культурнымі асяродкамі брэтонцаў па-за Брэтаніяй зьяўляюцца мест Гаўр і парыскі квартал Манпарнас.

Гісторыя

рэдагаваць

У сучаснай гістарыяграфіі агульнапрынята, што продкі брэтонцаў зьяўляліся аднымі з прадстаўнікоў брыцкіх плямёнаў кельтаў, якія ў раньнім Сярэднявеччы мігравалі з тэрыторыяў паўднёвага захаду Брытаніі на паўвостраў Брэтанія, да міграцыі вядомы як Арморыка. Міграцыя адбывалася ў пэрыяд з ІІІ па ІХ стст. н.э. з найбольшым пікам між сярэдзінай V ст. і пачаткам VII ст., неўзабаве па перасяленьні брытаў на Арморыку паўвостраў атрымаў назву Брэтанія, які быў зьвязаны з брыцкімі перасяленцамі ў рэгіёне[6][7]. Брыцкія раньнесярэднявечныя гісторыкі Нэніюс і Гілдас апавядаюць пра міграцыю брытаў у Арморыку ў дзьве хвалі, якія былі выкліканыя нападамі англасаксаў (продкаў сучасных ангельцаў) і скотаў; гэтыя сьцьвярджэньні падтрымліваюцца дзякуючы інфармацыі сучаснай археалягічнай навукі[8]. На Арморыцы брытамі былі сустрэтыя іншыя кельцкія плямёны, галы, якія ўвайшлі ў актыўную міжэтнічную камунікацыю з брытамі[9].

Разам са звычайнымі брыцкімі перасяленцамі сучасную Брэтанію наведвалі прапаведнікі хрысьціянства сярод кельтаў, сярод якіх, у прыватнасьці, вядомыя г.зв. сем сьвятых заснавальнікаў, якія сталі заснавальнікамі сямі дыяцэзіяў у Брэтаніі.

Ужо на V ст. н.э. прыпадаюць зьвесткі на існаваньне ў Брэтаніі трох брыцкіх княстваў — Дамноніі, Корнуаю й Бро-Вараху, першыя два зь якіх атрымалі назву дзякуючы рэгіёнам Брытаніі, зь якіх адбывалася міграцыя брытаў — Дэвану й Корнўалу. Княствам Дамнонія, разьмешчаным на поўначы Брэтаніі, асабліва ейным кіраўніком Конамарам, прадпрымаліся намаганьні па аб’яднаньні трох княстваў у адзіную дзяржаву, якія, аднак, апынуліся беспасьпяховымі. Верхняя Брэтанія ў VIII ст. перайшла пад уладу Каралінгаў, дзе імі ў мэтах абароны ад набегаў брэтонцаў была створаная асаблівая адміністрацыйная адзінка, г.зв. Брэтонская марка.

Зь сярэдзіны ІХ ст. практычна ўся Брэтанія ў выніку пагадненьня з франкамі пераходзіць пад уладу брэтонцаў, дзе яны ўтвараюць Брэтонскае Каралеўства, якое ў пачатку наступнага стагодзьдзя было захопленае нарманамі. Падчас заваяваньня нарманамі Ангельшчыны брэтонцы ўзялі актыўны ўдзел у асваеньні ангельскіх тэрыторыяў: так, шэраг брэтонскіх сем’яў мелі высокі статус у новым грамадзтве Ангельшчыны й былі спалучаныя з нарманамі шлюбнымі сувязямі[10].

Блізу 939 году датуецца вызваленьне брэтонцаў з пад улады нарманаў, у выніку чаго было ўтворанае герцагства Брэтань, якое цягам наступных ХІХІІ ст. зазнавала захопы з боку францускіх каралёў або атрыманьне ад яе залежнасьці. Урэшце ў 1532 годзе Брэтанія абвясьціла пра унію з Францыяй, што пазьней спрычынілася да значнай культурнай асыміляцыі брэтонскіх элітаў і ўспрыманьня імі францускае культуры, аднак рэгіён захоўваў параўнальна шырокую аўтаномію, што прыводзіла, прыкладам, да адсутнасьці ў Брэтаніі шэрагу цяжкіх для сялянства падаткаў. У 15901598 гг. падчас рэлігійных войнаў у Францыі губэрнатар Брэтаніі й адзін зь вядомых сяброў Каталіцкай Лігі Філіп Эмануэль дэ Мэркёр прыкладаў намаганьні па атрыманьні ўлады ў Брэтаніі ў зьвязе з гішпанскім каралём Філіпам ІІ, атрымаўшы паразу ад францускага караля Генрыха IV.

З пачатку XVII ст. у сувязі з рэформамі ў Францыі ў Брэтаніі пашыраецца сетка партоў, брэтонцы пачынаюць адыгрываць значную ролю ў функцыянаваньні францускага флёту й калянізацыі францускіх заморскіх уладаньняў. У 1675 годзе тэрыторыю Брэтаніі закранула агульнафранцускае паўстаньне гербавай паперы, выкліканае пратэстамі супраць увядзеньня падаткаў на гербавую паперу і ўзмоцненае антыфэадальнымі выступамі, аднак у верасьні гэтага ж году паўстаньне было здушанае. З 1718 па 1720 гг. на тэрыторыі Брэтаніі дзейнічала таксама Панткалецкае паўстаньне, якое таксама насіла антыпадаткавы характар і, верагодна, магло насіць нацыянальны брэтонскі падтэкст.

4 жніўня 1789 году ў сувязі з рэвалюцыяй у Францыі Нацыянальны ўстаноўчы сход краіны скасаваў фэадальныя прывілеі ў краіне, што таксама пацягнула за сабю скасаваньне ранейшай аўтаноміі Брэтаніі. Гэтыя рысы рэвалюцыі ў Францыі, а таксама яе антыклерыкальны характар выклікалі значна большае незадавальненьне рэвалюцыяй у Брэтаніі, ніж у іншых рэгіёнах Францыі, з прычыны чаго рэгіён стаў адным з значных агменяў раялісцкага супраціву ў краіне. У гэтым жа годзе гістарычны рэгіён быў падзелены на пяць дэпартамэнтаў, межы якіх былі заснаваныя на межах старых сярэднявечных бальяжаў.

Новы і найноўшы часы

рэдагаваць

У ХІХ ст. пад уплывам рамантычных рухаў Брэтанія набывае вобраз рэгіёну, дзе захоўвалася сялянскі традыцыяналізм, рэлігійныя сьвяты і некранутыя краявіды, у той жа час грамадзка-палітычнае і эканамічнае жыцьцё рэгіёну сталі больш інтэграванымі з рэгіёнамі рэшты Францыі. Разам з тым, ляялісцкае мінулае ў гісторыі Брэтаніі спрычынілася да падазрэньняў з боку францускай адміністрацыі, праявамі чаго стала, напрыклад, прымусовае інтэрнаваньне брэтонскіх жаўнераў ў лягеры Канлі пасьля бітвы пад Сэданам (1870) часоў франка-прускае вайны.

Пры канцы ХІХ — у пачатку ХХ стст. у асяродзьдзі брэтонскае грамадзкасьці разьвіваецца рух мясцовага нацыяналізму, які падсілкоўваўся пераважна за кошт традыцыяналісцкіх пракаталіцкіх ідэяў. Па заканчэньні Другой сусьветнай вайны і кіраваньня ў Францыі нямецкай нацысцкай адміністрацыі брэтоскі нацыяналізм у прыкметнай ступені дыскрэдытаваны за кошт супрацоўніцтва шэрагу бачных фігураў (напрыклад, Рапарз Эмон) брэтонскіх нацыяналістычных рухаў з нацыстамі; поруч з гэтай катэгорыяй палітычных дзеячоў іншыя асобы брэтонскага нацыяналізму бралі ўдзел у францусуім руху Супраціву. У адміністрацыйным дачыненьні кіраваньне пранямецкай францускай адміністрацыі Вішы адлюстравалася ў тым, што дэпартамэнт Люара Атлянтычная быў перададзены са складу рэгіёну Брэтанія ў склад суседняга рэгіёну Землі Люары, на тэрыторыі гэтага дэпартамэнту месьціцца Нант — адна з гістарычных сталіцаў брэтонцаў.

З 1960-х гг. рух брэтонскага нацыяналізму насычаецца палітычнымі ідэямі левага кірунку, разам з гэтым блізу з 1970-х гг. сярод мясцовай інтэлігенцыі разьвіваецца рух за падтрымку брэтонскае мовы. Утвараецца сыстэма пераважна мескіх дзьвюхмоўных школаў Diwan, дзякуючы шэрагу музыкаў, у прыватнасьці, Алану Стывэлу, папулярызуецца брэтонская музыка.

Культура

рэдагаваць

Большая частка вернікаў-брэтонцаў адносіць сябе да каталіцкага вызнаньня, значна меншая частка належыць да спавяданьняў пратэстанцкіх плыняў, у прыватнасьці, да Рэфармацкае царквы Францыі. Важным элемэнтам народнае культуры зьяўляюцца паломніцтвы, напрыклад, Тро-Брэйз (брэт. Tro Breizh, літаральна «кругам па Брэтаніі»), якое прысьвечанае ўшанаваньню сямі сьвятых заснавальнікаў брэтонскіх дыяцэзіяў. Іншыя формы традыцыйных пілігрымак уключаюць у сябе г.зв. пардоны (літаральна «памілаваньне, прабачэньне»), якія прысьвячаюцца сьвятому заступніку таго ці іншага прыходу й звычайна суправаджаецца сьвяточнымі кірмашамі. Сярод гэтых рытуалаў асабліва вылучаецца Тро-Брэйз, у якім удзельнічаюць таксама брэтонцы-нявернікі, і які лічыцца абавязковым прадпісаньнем для кожнага брэтонца; народныя брэтонскія паданьні сьведчаць аб тым, што брэтонец, які ня браў удзел у Тро-Брэйз, у абавязковым парадку праходзіць яго ў замагільным сьвеце.

У танцавальнай культуры найбольш выдатным зьяўляецца фэст традыцыйных танцаў Фэст-ноз (брэт. Fest Noz, літаральна «Начны фэст»), які ўключае ў сябе танцы ў спалучэньні з выкарыстаньнем музыкі ў выкананьні на народных інструмэнтах (у прыватнасьці, на дудзе), вялікая частка ўжываных танцаў мае старажытнае або сярэднявечнае паходжаньне[11]. Традыцыйныя танцы ўключаюць у сябе такія народныя танцы як гавот, ан-дро, антэр-дро і плін. Народная музыка прадстаўленая варыянтамі а капэла і творамі з удзелам народных інструмэнтаў, у прыватнасьці, бамбарды, акардэону, клярнэту, скрыпкі і ліры.

Нацыянальная кухня мае пэўны ўплыў з боку францускай. Мясцовыя брэтонскія стравы й напоі ўключаюць у сябе шушэн (слабаалькагольны напой на аснове мёду), шыстар (сыдар), лямбіг (яблычная настойка), фарс-форн або фар-брэтон (пірог з чарнасьлівам або разынкамі), квін-аман (тлусты слаёны пірог), крампуэ (пшанічныя або грачаныя бліны, ужываныя ў якасьці асноўнай стравы).

Важную частку культурных здабыткаў брэтонцаў адыгрываюць элемэнты дахрысьціянскага фальклёру. Прадстаўленае ўяўленьне аб Анку (брэт. Ankoù), які ў брэтонскім фальклёры зьяўляецца пэрсаніфікацыяй сьмерці і, згодна з паданьнямі, зьяўляецца ейным прадвесьнікам або яе служкам.

Неафіцыйная брэтонская сымболіка ўключае сьцяг і герб, зьвязаныя з адпаведнымі геральдычнымі сымбалямі Герцагства Брэтань і якія маюць афармленьне зь белага й чорнага колераў, а таксама гімн «Старажытная зямля маіх бацькоў» (брэт. Bro Gozh ma Zadoù), словы якога былі складзеныя брэтонскім пісьменьнікам і грамадзкім дзеячом Франсуа Жафрэну ў 1897 годзе, праз шэсьць гадоўгімн быў зацьверджаны як неафіцыйны нацыянальны гімн на зьезьдзе Брэтонскага рэгіяналісцкага хаўрусу.

Літаратура

рэдагаваць

Пачатак брэтонскае літаратуры датуецца канцом VIII ст., на якое прыпісваецца складаньне г.зв. Лейдэнскага манускрыпту, які ўтрымлівае фрагмэнты лекавых рэцэптаў[12]. Гэты манускрыпт датуецца 790 г. Літаратура гэтага пэрыяду, імаверна, захоўвала сувязь з культурамі іншых брыцкіх народаў.

З ІХ ст., у часы Каралінгаўскага адраджэньня, выдаецца першае брэтонскае Эвангельле, якое, незважаючы на лацінскую мову выданьня, праяўляе адметнасьць з прычыны значнай сувязі з афармленчымі кніжнымі традыцыямі Брытаніі. З XV ст. разьвіваецца брэтонскамоўная паэзія (Разбурэньне Ерусаліму, Жыціе Сьв. Гвэноле, Гутарка між Артурам і Гвінгляфам, Жыціе Сьв. Нон і яе сына Дэві, Жыціе Сьв. Барбары), асаблівасьцю якой стала ўтварэньне рыфмы ня толькі з апошнім складам наступнага радку, але і зь першым складам у першым радку. Перакладаліся і агульныя рэлігійныя тэксты, прыкладам, Часасловец. У часы XV-XVI стст. узьнікае найбольшая колькасьць помнікаў, сярод якіх Брэтонскі каталікон за аўтарствам Жана Легадзёка, брэтонска-франка-лацінскі слоўнік, г.зв. Люстра сьмерці (Жан Ар Аркер Коз, 1519 г.), Дыялёг Артура, караля брытаў, з Гвінглявам (каля 1450 г.). З XVII ст., захоўваючы пераважна рэлігійны характар, паўстае брэтонская проза, з другой паловы наступнага стагодзьдзя ўзьнікаюць першыя сьвецкія творы, аднак большая яе частка захоўвала вусны характар[13]. З другой паловы XVI ст. брэтонская літаратура зьведвае заняпад, ствараецца перадусім рэлігійная драма, але зьяўляецца таксама і сьвецкая драматургія (галоўным чынам пры ўплыве італьянскай камэдыі масак), сатырычны нарыс і фрывольная паэзія. Найбуйнейшым брэтонскім пісьменьнікам гэтай эпохі стаў езуіт Мікаэль ан Наблец (1577-1652).

Да ХХ ст. большая частка брэтонскае літаратуры была абмежаваная рэлігійнай галіной, аднак у 1810-1820 стала назірацца тэндэнцыя да збору народных песень, гісторыяў і паданьняў, што ажыцьцяўлялася пераважна дваранамі (у прыватнасьці, Эмарам Блюа-дэ-ля-Каляндам, Барб-Эмілі дэ-Сэн-Пры, Жан-Мары дэ-Пэнгерн, Жанам-Франсуа дэ-Кергарыю, Урсюль Фэдо-дэ-Важ’ен) або антыкварамі і дзеячамі кельцкага адраджэньня[13], пэўны ўнёсак у папулярызацыю народнае творчасьці прынесьлі Анатоль ле-Браз і сын Фэдо-дэ-Важ’ен Тэадор Эрсар-дэ-ля-Вілемарк. Апошнім у 1839 годзе быў апублікаваны збор народных казак, легендаў і песень пад назваю Barzaz Breizh, аднак пазьней зборнік зазнаваў крытыку як падагнаны пад літаратурныя густы чытачоў. Беручы пад увагу больш строгі падыход да збору народнае творчасьці, свае зборы апублікаваў Франсуа-Мары Люзэль (Gwerziou Breiz Izel, 1868-1874; Contes Bretons, 1870)[13].

У ХІХ ст. Жанам-Франсуа ле Ганідэкам (17751838) была высунутая ініцыятыва стварэньня адзінай артаграфіі і ўніфікаванага правапісу, ім жа быў ажыцьцёўлены пераклад Новага Запавету на брэтонскую мову. Неўзабаве, у 1844 ды 1845 гг. гэтая артаграфія была ўжытая Агюстам Брызэ падчас збору брэтонскіх прымавак.

Паэтам Жан-П’ерам Калёхам або Блейморам (1888–1917) у брэтонскай літаратуры быў запачаткаваны жанр ваеннае паэзіі, што азнаменавалася пасьмяротным выхадам зборніка Ar en deulin. У 1920-я гг. дзякуючы намаганьням лінгвіста і літаратара Рапарза Эмона ўзьнікнуў рух за пашырэньне жанраў брэтонскае літаратуры. Пашырэньню колькасьці брэтонскіх пісьменьнікаў спрыялі стварэньне часопісаў Gwalarn, Al Liamm і гуртка Seiz Breur. Адзначаецца і творчасьць пісьменьнікаў, які выкарыстоўвалі брэтонскую і францускую мову (напрыклад, П’ер-Жаке Элія). У 1941 г. Івам ле-Дрэзэнам быў напісаны першы вялікі раман на брэтонскай мове, паэзія Анжэлы Дзюваль (1905–1981) раскрыла тэмы сялянскага паходжаньня, містыкі і грамадзянскае лірыкі. Пад канец ХХ ст. разьвіўся жанр сучаснае навуковае фантастыкі, дзе адметнасьць набыла творчасьць Ян-Фанха Жака, скіраваная на маладую частку носьбітаў брэтонскае мовы. З 1976 году ўсталяваная штогадовая прэмія Prix Xavier de Langlais (названая ў гонар мастака, гравэра і пісьменьніка Ксаўе дэ-Лянглэ) за найлепшы неапублікаваны зборнік прозы ці паэзіі, у 1997 годзе з мэтаю падтрымкі сучаснае брэтонскае літаратуры была зацьверджаная прэмія Prizioù.

Нацыянальная мова — брэтонская, якая, зыходзячы з тыпалягічных паказчыкаў і гістарычных прычынаў, належыць да брыцкае падгрупы астраўной групы кельцкай галіны індаэўрапейскай сям’і моваў, асаблівую блізкасьць мова праяўляе з корнскай мовай, зь якой у складзе брыцкае падгрупы ўтварае паўднёва-заходнебрыцкі клястэр.

Па засяленьні брытамі сучаснае Брэтаніі імі былі асыміляваныя рэшткі гальскага насельніцтва рэгіёну, пасьля чаго праз пэўны пэрыяд хістаньняў арэалу брыцкіх плямёнаў у Арморыцы арэал брыцкіх дыялектаў заняў прастору ад Сэн-Брыё на поўначы да прыкладна сучаснай адміністрацыйнай мяжы Брэтаніі на поўдні. Гэты арэал не зазнаваў практычна ніякіх зьменаў уключна да ХІХ ст. На пэрыяд ад ІХ па ХІ стст. прыпадае пэрыяд г.зв. старажытнабрэтонскае мовы, вядомы пераважна па тапонімах, уласных імёнах і глёсах у мясцовых лацінскіх тэкстах. Пэрыяд да сярэдзіны XVI ст. вядомы пад тэрмінам сярэднебрэтонская мова, які характарызаваўся складаньнем слоўнікаў, арыгінальных твораў; а таксама ўнармаваньнем артаграфічных нормаў і пранікненьнем лацінскіх запазычваньняч[14]. Лічыцца, што прыкладна да ХІІ ст. моваю вышэйшае клясы зьяўлялася брэтонская, пасьля чаго адбылося ўспрыманьне ёю францускае мовы.

Уваходжаньне Брэтаніі ў склад Францыі абумовіла спад прэстыжу брэтонскае мовы, якая, у адрозьненьне ад францускае мовы, не знаходзіла падтрымкі ў дзяржаўнай дзейнасьці, што тлумачылася ўрадавай палітыкай нацыянальнага адзінства Францыі. Разам з тым, у пэрыяд Герцагства Брэтанія пісьмовай мовай рэгіёну зьяўлялася лаціна, якой француская прыйшла на замену ўжо ў XV ст. Палітыка адмаўленьня выкарыстаньня моваў меншасьцяў Францыі працягнулася пасьля ўсталяваньня ў Францыі рэспублікі, практыка адмоўнага стаўленьня да выкарыстаньня мовы вучнямі ў школах захоўвалася прыкладна да 1960-х гг.[15] У 1951 годзе францускае заканадаўства дазволіла вывучэньне брэтонскае мовы й культуры цягам 1—3 гадзінаў на тыдзень, на цяперашні час прадстаўленая вялікая колькасьць сярэднеадукацыйных установаў, якія надаюць мажлівасьць атрыманьня брэтонскамоўнай або дзьвюхмоўнай брэтонска-францускай адукацыі[16].

Колькасьць сучасных носьбітаў брэтонскае мовы ацэньваецца блізу ў 210 тыс. чалавек, зь якіх каля 35 тысячаў ужывае мову штодня; мова пераважна распаўсюджаная на захадзе паўвостраву Брэтанія, а таксама на ўсходзе паўвостраву й у асяродзьдзі брэтонскіх мігрантаў у Францыі й іншых краінаў сьвету[16].

Распадаецца на чатыры дыялекты, тры зь якіх распаўсюджаныя на захадзе Брэтаніі. У першай палове ХІХ ст. брэтонскі пісьменьнік Жан-Франсуа ле Ганідэк ініцыяваў рэформу тагачаснай брэтонскай артаграфіі і кадыфікаваў граматыку мовы. Пазьней, на аснове трох заходніх дыялектаў, карнуайскага, леонскага й трэгорскага, у 1911 годзе была створаная арыгінальная наддыялектная артаграфія, яквя ў 1941 годзе была ўдасканаленая даданьнем нормаў для чацьвертага, ванскага дыялекту. Пазьней былі створаныя яшчэ два варыянты артаграфіі, аднак нягледзячы на гэтыя разыходжаньні, на сучаснай брэтонскай мове выпускаецца мэдыйная прадукцыя ў выглядзе асобных тэлевізійных праграмаў, радыёстанцыяў, часопісаў і газэтаў[16].

  1. ^ 2011 National Household Survey: Data tables (анг.). Statistics Canada. Праверана 25 верасьня 2014 г.
  2. ^ а б Ed. Wade Davis and K. David Harrison. Book of Peoples of the World. — National Geographic Society, 2007. — С. 225. — ISBN 978-1-4262-0238-4
  3. ^ Breton (ar brezhoneg) (анг.). Omniglot. Праверана 25 верасьня 2014 г.
  4. ^ Évolution de la population totale au 1er janvier 2013. Évolution de la population totale au 1er janvier 2013 (фр.). Нацыянальны Інстытут статыстыкі й эканамічных дасьледаваньняў Францыі (2013). Праверана 25 верасьня 2014 г.
  5. ^ Évolution de la population totale au 1er janvier 2013. Évolution de la population totale au 1er janvier 2013 (фр.). Нацыянальны Інстытут статыстыкі й эканамічных дасьледаваньняў Францыі (2013). Праверана 25 верасьня 2014 г.
  6. ^ Koch, John. Celtic Culture: A Historical Encyclopedia. — ABL-CIO, 2006. — С. 275. — ISBN 978-1-85109-440-0
  7. ^ Jones, Michael. Creation of Brittany. — A&C Black, 1988. — С. 2-3. — 452 с. — ISBN 0-907628-80-X
  8. ^ Léon Fleuriot. Les origines de la Bretagne: l’émigration. — Paris: Payot, 1980.
  9. ^ Galliou, Patrick; Jones, Michael. The Bretons. — B. Blackwell, 1991. — С. 128. — 334 с.
  10. ^ Keats-Rohan. The Bretons and Normans of England 1066-1154. — 1991.
  11. ^ Cunliffe, Barry W. The Celts: a very short introduction. — Oxford University Press, 2003. — С. 135. — 176 с.
  12. ^ The Breton Language? (анг.) Kervarker Праверана 2 сьнежня 2014 г.
  13. ^ а б в Parlons du breton!. — Rennes: Ouest-France, 2001. — ISBN 2737329272
  14. ^ Ian Press. Breton // The Celtic languages / ed. by Martin J. Ball and Nicole Müller. — 2nd ed. — С. 427. — (Routledge Language Family Series).
  15. ^ Lois Kuter. Breton — An Endangered Language of Europe. The Background to the Breton Language's Current Situation // International Commitee for the Defence of the Breton Language. — 2004.
  16. ^ а б в Breton (ar brezhoneg) (анг.) Omniglot. Праверана 2 кастрычніка 2014 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Léon Fleuriot. Les origines de la Bretagne. — Bibliothèque historique Payot, 1980. — ISBN 2-228-12711-6
  • Christian Y. M. Kerboul. Les royaumes brittoniques au Très Haut Moyen Âge. — Éditions du Pontig/Coop Breizh. — Sautron – Spézet, 1997. — ISBN 2-84346-030-1
  • Morvan Lebesque. Comment peut-on être Breton? Essai sur la démocratie française. — Éditions du Seuil, coll. — Paris: Points, 1983. — ISBN 2-02-006697-1
  • Myles Dillon, Nora Kershaw Chadwick, Christian-J. Guyonvarc'h, Françoise Le Roux. Les Royaumes celtiques. — Éditions Armeline. — Crozon, 2001. — ISBN 2-910878-13-9
  • E. G. Bowen. Saints seaways and settlements. — University of Wales Press, 1977. — ISBN 900768 30 4
  • Christian Y. M. Kerboul. Les royaumes brittoniques au Très Haut Moyen Age. — Editions du Pontig-Coop Breizh. — 1997. — ISBN 2-84346-030-1
  • Toute l'histoire de Bretagne. — Skol-Vreizh, Morlaix, 1996. — 800 с. — ISBN 2-903313-95-4
  • Naissance de la Bretagne. — Presse de l' Université d' Angers, 1994. — 621 с.
  • Jean Kerhervé. L'État Breton aux 14e et 15e siècles. — Maloine, 1987. — ISBN 2-224-01703-0, ISBN 2-224-01704-9
  • Michel de Mauny. 1532-1790. Les dessous de l' Union de la Bretagne à la France. — Rennes: Editions France-Empire, 1986.
  • Léon Fleuriot. Les origines de la Bretagne. — Éd. Payot, 1980. — ISBN 2-228-12710-8
  • Myles Dillon, Nora Chadwick. The Celtic Realms. — London: Weindenfeld and Nicholson, 1967.
  • L'Histoire de la Bretagne et des pays celtiques. — Morlaix, Skol Vreizh, 1966.
  • Marcel Planiol. Histoire des Institutions de la Bretagne. — (Droit Public et Droit Privé), Ouvrage couronné par l' Institut, publié avec le concours du Centre National de la Recherche Scientifique, 3 vol., Editions du cercle de Brocéliande. — Rennes: 1953-1955.
  • Arthur Le Moyne de la Borderie. Histoire de la Bretagne. — 6 volumes in-quarto, Plihon Editeur. — Rennes: Imprimerie Vatar, 1905-1914.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  • Breizh.net (фр.), сайт, прысьвечаны прасоўваньню брэтонскае культуры.