Сярэднебрэтонская мова
Сярэ́днебрэто́нская мова — пэрыяд у гісторыі брэтонскае мовы, што акрэсьліваецца ў часе XII па XVII стагодзьдзі. У адрозьненьне ад старажытнабрэтонскага пэрыяду (старажытнабрэтонская мова), сярод помнікаў мовы адзначаныя ня толькі глёсы, але й тэксты, у тым ліку літаратурныя і, напрыклад, брэтонска-француска-лацінскі слоўнік. Існуе нямалая колькасьць друкаваных тэкстаў гэтага пэрыяду.
Сярэднебрэтонская мова | |
Bretonek, Brezonek | |
Ужываецца ў | Францыі |
---|---|
Рэгіён | Брэтанія |
Колькасьць карыстальнікаў | вымерла, на XVII ст. разьвілася ў брэтонскую мову |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейскія мовы
|
Афіцыйны статус | |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2(Т) | xbm |
ISO 639-3 | xbm |
SIL | — |
Літаратурная карысьць большасьці сярэднебрэтонскіх тэкстаў параўнальна невялікая, аднак тагачасная паэзія з фармальнага пункту гледжаньня адлюстроўвае істотныя падабенствы з валійскай. У прыватнасьці, алітэрацыйныя прыёмы падобныя з валійскімі cynghanedd lusg ды cynghanedd sain.
Лічыцца, што сярэднебрэтонскі пэрыяд працягваўся да XVII ст. У 1659 годзе сьвятар Жульен Мануар выдаў кнігу Le Sacre Collége de Jesus, якая разглядаецца ў якасьці першага помніка новабрэтонскага пэрыяду, то бок, сучаснае брэтонскае мовы.
Помнікі
рэдагавацьСярод помнікаў тагачаснага пэрыяду ў разьвіцьці мовы варта адзначыць наступны сьпіс[1]:
- Два рукапісы XIV ст., у якіх захаваліся ўрыўкі «народных» песень, скапіяваныя туды пісарамі, верагодна ў мэтах пазьбяганьня маруднага перапісваньня. Існуюць сьведчаньні таго, што пісары не перапісвалі іх з другога рукапісу, а ведалі іх на памяць, што сьведчыць на карысьць моцнай вуснай традыцыі ў тагачаснай Брэтаніі[2].
- Прыкладна на 1450 год узыходзіць першы параўнальна доўгі сярэднебрэтонскі тэкст: 247 вершаў, у якіх апавядаецца пра размову караля Артура зь нейкім Гвінглавам (Guynglaff, прыкладна адпавядае традыцыйнаму Мэрліну).
- На канец XV ст. адносіцца важны тэкст «Жыціе сьв. Ноны ды яе сына Дэві» (Buez Santes Nonn hac he map Deuy) — міракаль (сярэднявечная містэрыя, сюжэтам якіх былі цуд або жыціе сьвятога, цуд Багародзіцы), які ў многім перадае аўтэнтычную традыцыю пра сьв. Давіда Валійскага і яго маці, сьв. Нону.
- У XVI ст. зьяўляецца большасьць найважнейшых тэкстаў гэтага пэрыяду. Гэта ў асноўным друкаваныя выданьні (друкаваньне распачалося ў Брэтаніі ў 1484 годзе), што забясьпечыла іх добрую захаванасьць. Тут назіраецца досыць вялікая жанравая разнастайнасьць:
- Міраклі, рэілігійныя п’есы: «Жарсьці і ўваскрасеньне нашага Збаўцы» (Passion ha Resurrection Hon Salver), «Жыціе сьв. Барбы» (Buhez Santes Barba), «Жыціе сьв. Гвэноле» (Buhez Sant Gwenole).
- Рэлігійныя п’есы, у тым ліку «Ўсьпеньне Марыі» (Tremenuan an Ytron Guerches Maria), «Пятнаццаць радасьцяў Марыі» (Pemzec leuenuez Maria), «Жыціе сына чалавечага» (Buhez Mabden), «Люстэрка сьмерці» (Le Mirouer de la Mort).
- Калядная п’еса «Старыя й набожныя калядныя гімны» (An Nouelou ancien ha deuot).
- Празаічныя тэксты: Часасловец (Heuriou), «Жыціе сьв. Кацярыны» (Buhez Santes Cathell).
- Вялікая колькасьць п’есаў для брэтонскага тэатру.
- У 1499 року быў надрукаваны брэтонска-француска-лацінскі слоўнік Catholicon, складзены прыблізна ў 1450 годзе Жанам (Еганам) Лягадэкам, карысны, у прыватнасьці, тым, што шматлікія зафіксаваныя ў ім словы ў тэкстах не сустракаюцца[3].
Лінгвістычная характарыстыка
рэдагавацьЗь лінгвістычнага пункту гледжаньня сярэднебрэтонская мова прадстаўляе зь сябе дастаткова тыповы для брыцкіх моваў узор у асноўным флектыўнае мовы (мовы, у якіх словазьмяненьне адбываецца ў асўноным пры дапамозе флексіяў, як, напрыклад, беларуская) з паступовым павелічэньнем колькасьці аналітычных рысаў (то бок, перадача граматычных зносінаў праз сынтаксіс, а не праз словазьмяненьне марфэмаў, як у флектыўных). Пры гэтым на ўсіх узроўнях моўнай сыстэмы (асабліва ў сынтаксісе літаратурных тэкстаў) заўважны ўплыў лацінскае ды францускае моваў, зь якімі сярэднебрэтонская знаходзілася ў пастаянным кантакце.
Фанэтыка, фаналёгія, артаграфія
рэдагавацьПры апісаньні мёртвай мовы зьвесткі пра фанэтычны лад даступныя толькі ўскосна, праз артаграфію, якая, аднак, не заўсёды зьяўялецца ўстойлівай і адназначнай.
- Галосныя:
Як можна меркаваць, сыстэма галосных манафтонгаў (галосныя, якія не распадаюцца на іншыя складовыя) уключала наступныя фанэмы (зьлева ўказанае верагоднае гукавае значэньне паводле IPA, справа — адпаведныя ім графэмы)[4]:
Уздым | Пярэдні шэраг | Задні шэраг | |
---|---|---|---|
Неагубленыя | Агубленыя | Агубленыя | |
Верхні | [i] i, y, j1 | [y] u, v | [u] ou |
Сярэдні | [e] e [ɛ] ae, æ2 |
[ø] eu, ue, u3 | [o] o |
Ніжні | [a] a |
Заўвагі: 1 — выкарыстоўвалася толькі ў пачатку слова, 2 — статус гуку нявызначаны, магчыма, зьяўляўся аляфонам гуку /e/, 3 — графэма u пазначае агубленую галосную сярэдняга ўздыму крайне рэдка, аднак Э. Эрно адзначае[5], што ў шэрагу склады з гэтым галосным рыфмуюцца з тымі, дзе вымаўляецца [ø] або [œ], як, напрыклад, precius—ned eux, дзе eux вымаўляецца як [œs]. Параўн. таксама францускія запазычаньні накшталт glorius, hætus і г.д.
- Дыфтонгі:
У сярэднебрэтонскай мове існавалі наступныя дыфтонгі:
- [aj]: ae, æ;
- [aw]: ou, au, 'au, 'aou;
- [ew]: eu, eo, eau;
- [wa]: oa (параўн. рыфму coat—cretat, якая паказвае, што складаўтваральным галосным у гэтым дыфтонгу быў a);
- [we]: oe (магчыма, вымаўлялася як e).
Як можна бачыць, сярэднебрэтонская артаграфія не заўсёды пасьлядоўная: графэмы eu, ou, ae, æ маглі пазначаць як дыфтонгі, так і манафтонгі (апрача таго, спалучэньні eu ды ou маглі таксама пазначаць спалучэньні манафтонгаў і зычнага [v], гл. ніжэй).
- Зычныя:
Для сярэднебрэтонскай мовы аднаўляецца набор зычных, прыведзены ў табліцы:
Губныя | Зубныя/ альвэалярныя |
Постальвэалярныя | Палятальныя | Вэлярныя | Глётальныя | |
---|---|---|---|---|---|---|
Выбухныя | p b | t d | k g | |||
Афрыкаты | (ts) | |||||
Насавыя | m | n | ɲ | (ŋ) | ||
Шчылінныя | f v ṽ |
s z θ ð |
ʃ ʒ | x | h | |
Апраксыманты | w | r l |
ʎ j |
Артаграфія зычных у сярэднебрэтонскай мове зьяўлялася крайне няўстойлівай. У прыватнасьці, у ёй не адлюстроўваюцца некаторыя перамены, што адбыліся ў фаналягічнай сыстэме з прабрыцкага пэрыяду, у першую чаргу, леніцыя зычных паміж галоснымі. Так, напрыклад, графэмы для глухіх зычных у пазыцыі пасьля галосных насамрэч пазначалі звонкія. Такі артаграфічны прынцып, які назіраўся таксама ў старжытнабрэтонскай, старажытнавалійскай ды сярэдневалійскай мовах, зьвязаны, хутчэй за ўсё з традыцыяй чытаньня ўслых лацінскіх тэкстаў: з тае прычыны, што само вымаўленьне зьмянялася, а артаграфія заставалася нязьменнай, усталёўваліся «нетрадыцыйныя» адпаведнасьці графэмаў і фанэмаў[6]. Існуе, аднак, таксама і меркаваньне, што гэтая артаграфія зьяўляецца «традыцыйнай» у тым сэнсе, што традыцыя пісьмовасьці на брыцкіх мовах узыходзіць да часу, ранейшаму ўказаным фанэтычным зьменам.
Сярод іншых асаблівасьцяў сярэднебрэтонскай артаграфіі ў галіне кансанантызму варта адзначыць наступныя[7]:
- Гук [k] адлюстроўваецца літарай c перад a, o, u, ou; перад іншымі галоснымі як k, qu. Перад e, i, eu графэма c пазначала афрыкату [ts], якая пазьней перайшла ў [s]. Перад a, o, u, ou і ў канцы слова гэты гук пазначаўся спалучэньнямі літар cc, cz, zc, zs, zcc, ccz, scc, scz, czc, ce, sc, пазьней таксама як ç, çç. Тое, што гэтымі напісаньнямі магла перадавацца афрыката, пацьвярджаецца, у прыватнасьці напісаньнямі hac effe propiczc euicze (па-беларуску: «і ці было пра гэта прароцтва»), дзе euicze больш звычайнаму euit se (па-беларуску: «пра гэта»)[8].
- Спалучэньне ch перадавала [x] і [ʃ] (у запазычаньнях з францускай).
- Літары v, u маглі перадаваць гукі [v] ды [w].
- Літара f у пачатку слова пазначала гук [f], тады як у канцы слова былі распаўсюджаныя напісаньні кшталту f, fu (часам таксама проста f), якія адпавядаюць сучаснай брэтонскай v у пазыцыі пасьля насавога галоснага (які на пісьме пазначаецца спалучэньнем галосная + ñ): haff 'лета' (па-брэтонску: hañv), neff 'неба' (па-брэтонску: neñv). У старажытнабрэтонскай у гэтых выпадках пісалася m (ham, nem). Г. Льюіс і Ж. Р. Ф. П’ет указваюць, што хутчэй за ўсё ў сярэднебрэтонскай ff пазначала назалізацыю (насавое вымаўленьне) не галоснага, а зычнага, то бок, транскрыбаваць гэтыя словы сьлед як [haṽ], [neṽ]; зьмена вымаўленьня адбылася ў канцы сярэднебрэтонскага пэрыяду[9]. У сярэдзіне слова ff пазначала [v] (з назалізацыяй або без; напрыклад, leffr 'кніга' (па-брэтонску: levr), але dafuat 'авечка' (па-брэтонску: dañvad).
- Гук [g] перадаваўся як g перад a, o, u і як gu перад e, i. Пры гэтым g перад e, i, на канцы слова і часам перад а пазначала гук [ʒ], а gu магло адлюстроўваць і [gw]: параўн. guen 'сківіцы' і па-валійску: gên, але guir 'ісьцінны' і па-валійску: gwir.
- Літарай h пазначаліся гукі [h] альбо [x], аднак часта не пазначала гуку навогул. Асабліва часты апошні фэномэн у праклітыках: ha, hac 'і' (па-валійску: a, ac), hon 'наш' (па-валійску: ein). Акрамя таго, h між галоснымі заўсёды нямы і пазначае наяўнасьць прорвы, то бок недыфтангічнае вымаўленьне: параўн. напісаньні тыпу buhez, buez 'жыціе', дзе h этымалягічна прысутнічаюць (па-валійску: buchedd) і buhan, buan 'хуткі', дзе h этымалягічна няма (па-валійску: buan).
- Літара j (часам таксама i, y) пазначала гук [ʒ].
- Графэма ll пазначала альбо падвойнае [l], альбо палятальны бакавы [ʎ], як у францускай.
- Графэма n, асабліва ў суседзтве з i, магла пазначаць палятальны насавы [ɲ] (акрамя таго, гэты гук мог перадавацца як gn, ngn);
- Графэма s пазначала гук [s], а між галоснымі — [z]. Пасьля au, eu, ou для перадачы [s] магла таксама выкарыстоўвацца літара x: penaux, penaus 'як' (па-брэтонску: penaos).
- Што тычыцца графэмы z, то, нягледзячы на тое, што ў сучаснай брэтонскай яна перадае гук [z] (які можа паходзіць ад ранейшых *z, *θ, *ð), то, хутчэй за ўсё[10], у сярэднебрэтонскай рэфлексы *z, *θ, *ð яшчэ не супалі, і z выкарыстоўвалася для перадачы абодвух апошніх гукаў: azeuliff 'пакланяцца' (па-валійску: addoli), lizer 'ліст' (па-валійску: llythyr). Пасьля r сустракаецца напісаньне tz: desertz 'пустэльня' (па-валійску: diserth).
Марфаналёгія
рэдагаваць- Пачатковыя мутацыі:
У сярэднебрэтонскай, як і ў іншых навакельцкіх мовах, існавалі сыстэмы пачатковага чаргаваньня галосных. Пры гэтым у сярэднебрэтонскі пэрыяд на на пісьме, у адрозьненьне ад сучаснай артаграфіі, ніяк не адлюстроўваліся, таму прыведзены сьпіс зьяўялецца рэканструкцыяй на аснове тых сыстэмаў, якія засьведчаныя ў сучасных дыялектах[11][12].
У сярэднебрэтонскай мове існавалі наступныя пачатковыя чаргаваньні, або мутацыі:
- Мяккая, або леніцыя;
- Сьпірантная;
- Цьвёрдая, або правэкцыя;
- Зьмяшаная.
Эфэкты, выкліканыя кожнай мутацыяй, прыведзеныя ў табліцы. Пустая клетка азначае адсутнасьць эфэкту, зычныя прыведзеныя ў сучаснай артаграфіі:
Першапачатковы галосны |
Мяккая мутацыя |
Сьпірантная мутацыя |
Цьвёрдая мутацыя |
Зьмяшаная мутацыя |
---|---|---|---|---|
p | b | f | ||
t | d | z | ||
k | g | c’h | ||
b | v | p | v | |
d | z | t | t | |
g | c’h | k | c’h | |
gw | w | w | ||
m | v | v |
Мяккая мутацыя адбывалася пасьля наступных словаў:
- Перадыменныя элемэнты da 'твой', e 'ягоны', pe 'які'.
- Пераддзеяслоўныя часьціцы a 'ці', ne 'не', na 'што не'.
- Часьціца en em, што ўтварала рэцыпракальныя дзеясловы, і часьціца en ur, якая ўтварала прагрэсіў.
- Прыназоўнікі a 'з', da 'да', dindan 'пад', dre 'праз, цераз', war 'на', diwar 'з (чаго-небудзь)'.
- Артыклі выклікаюць мяккую мутацыю ў часьцінаў мовы жаночага роду адзіночнага ліку і мужчынскага роду ў множным у выпадку, калі яны пазначаюць асобы. Пры гэтым d не зазнае чаргаваньне (але параўн. выключэньне an nor ад dor 'дзьверы'[13]).
- У наступных прыметнікаў мяккую мутацыю выклікаюць часьціны мовы жаночага роду ў адзіночным ліку і мужчынскага роду ў множным, калі яны пазначаюць асобы; пры гэтым прыметнікі на p, t, k зазнаюць мяккую мутацыю толькі пасьля часьцінаў мовы, што заканчваюцца на l, m, n, r.
- Лічэбнік onan 'адзін' (сустракаецца рэдка) выклікае мяккую мутацыю ў словаў жаночага роду.
- Злучнік pe 'або'.
- Часьціца re 'надта'.
Сьпірантная мутацыя адбывалася пасьля наступных словаў:
- Прыналежныя займеньнікі va 'мой', he 'яе [ейны]', o 'іх [іхны]'.
- Пасьля інфігаванага займеньніка 'm 'мяне; мой' сьпірантную мутацыю зазнаюць словы, якія пачынаюцца на t ды k.
- Пасьля hor 'наш' ды інфігаванага her 'яе' адбываецца сьпірантная мутацыя k.
- Пасьля займеньнікаў «тры», «чатыры». У дадзеным выпадку сытуацыя не зьяўялецца відавочнай з прычыны розных правілаў у розных дыялектах сучаснай мовы. Пры гэтым існуе адзін прыклад, дзе ўнутраная рыфма паказвае наяўнасьць сьпірантнай мутацыі пасьля «тры»: an barnn á vezo striz ha piz a’bec tri tra '[Страшны] Суд будзе строгім ды суворым з-за трох рэчаў'. Тут tri tra 'тры рэчы' згодна з патрабаваньнямі рыфмы мусіць чытацца як tri zra[14].
Цьвёрдую мутацыю (правэкцыю) выклікаюць наступныя словы:
- Прыналежны займеньнік ho 'ваш' (і інфігаваны ho);
- Інфігаваны займеньнік 'z 'цябе; твой'.
Зьмяшаную мутацыю выклікаюць наступныя словы:
- Часьціца o (па-брэтонску: ouz), якая ўжывалася перад дзеяслоўнай часткай мовы ў аналітычных канструкцыях (уласна прыназоўнік «пры», які страціў прыназоўную функцыю ў дадзеным кантэксьце).
- Часьціца e (па-брэтонску: ez), якая ставіцца перад фінітнай формай дзеяслова (здольнасьць дзеяслова прыпісваць склон дзейніку ў сказе і мець паказчыкі ўзгадненьня), якая не ідзе на першым месцы, калі пераддзеяслоўную пазыцыю займае член сказу, які не зьяўляецца дзейнікам або прамым дапаўненьнем.
- Злучнік ma 'калі [у выпадку]'.
- Перагласоўкі:
Пры формаўтварэньні імёнаў і дзеясловаў у сярэднебрэтонскай мове магчымыя розныя зьмены галосных, пра якія гл. ніжэй пры апісаньні ўласна формаўтварэньня.
Марфалёгія
рэдагавацьМарфалягічны лад сярэднебрэтонскае мовы тыповы для брыцкіх моваў. У гэты пэрыяд атрымалі разьвіцьцё як многія тэндэнцыі, характэрныя для брыцкіх моваў гэтага пэрыяду (у першую чаргу ў галіне сынтаксісу, гл. ніжэй), так і спэцыфічна брэтонскія рысы. У цэлым сярэднебрэтонская мова характарызуецца як сынтэтычная флектыўная мова, у якой актыўна разьвівалася тэндэнцыя да аналітызму (кароткае вызначэньне розьніцы паміж флектыўнымі ды аналітычнымі мовамі гл. вышэй).
- Назоўнік:
Галоўнымі граматычнымі катэгорыямі ў сярэднебрэтонскай мове зьяўляліся лік і род.
Сярод спосабаў утварэньня множнага ліку вылучаліся наступныя:
- Пераагаласоўка:
- a→ e: sant 'сьвяты', мн. л. sent, gaffr 'каза', мн. л. gueffr, geffr, azrouant д’ябал, бес', мн. л. ezreuent. Гэты тып узыходзіць да прабрыцкіх імёнаў з асновай на -o- да да лацінскага другога нахіленьня;
- o → e: escop 'біскуп', мн. л. esquep;
- a—e → e—e: asenn 'асёл', мн. л. esenn, castell 'замак', мн. л. questell;
- o—e → e—i: colen 'жарабя; любое жывёльнае дзіцяня', мн. л. quelin;
- e → ei: men 'камень', мн. л. mein;
- oa → ei: troat 'нага', мн. л. treit, treyt;
- oua → ee, e: houarn 'жалеза', мн. л. heernn (чытаецца ў два склады), hernn;
- Суфіксацыя:
- -(i)ou[a]: corff 'цела', мн. л. corffou, goel 'сьвята', мн. л. goelyou, goueliou, пры гэтым можа адбывацца чаргаваньне на мяжы марфэмаў t + i → [ʃ] (hent 'дарога', мн. л. henchou), d + i → [ʒ] (breut 'позва', мн. л. breigou [brøʒu])[15]
- -(i)on: lazr 'разбойнік', мн. л. lazron, Yuzeau 'юдэй', мн. л. Yuzevyon. Суфікс -ion часьцей за ўсё выступае як -ien: pechezr 'грэшнік', мн. л. pechezrien, гл. таксама Yuzevyen. Перад i таксама можа адбывацца апісанае вышэй чаргаваньне;
- -et: aneual 'жывёла', мн. л. aneualet;
- -i (-y): bleiz 'воўк', мн. л. bleizi
- -ez: ael 'анёл', мн. л. aelez, autrou 'кіраўнік', мн. л. autronez, таксама roe 'кароль', мн. л. rouanez;
- Суфіксацыя зь перагласоўкай:
- -i (-y): bran 'крумкач', мн. л. briny, esel 'чалец', мн. л. isily;
- -ion, -ien: goas 'слуга', мн. л.guysion, guisien, ср. ч. anaffon, anafuon 'душы памерлых' (eneff 'душа');
- -ez: buguel 'пастух, юнак', мн. л. bugalez, gruec, groec 'жанчына', мн. л. groaguez;
- -ent: car 'сябра, таварыш', мн. л. querent;
- -ier: baz 'палка', мн. л. bizier, tnou (tnaou, traou) 'луг', мн. л. treuier;
- -iou: dez 'дзень', мн. л. diziou (таксама deziou);
Існавалі таксама сынгулятыўныя формы, то бок формы, дзе форма множнага ліку марфалягічна была прасьцейшая за форму адзіночнага ліку: quelyen 'камары, камар’ё', адз. л. quelyenenn 'камар'. У сучаснай брэтонскай мове таксама мажлівае ўтварэньне множнага ліку ад формы сынгулятыва з дапамогай канчатка, як напрыклад сярэднебрэтонскае guez 'лес, дрэвы', адз. л. guezenn, па-брэтонску: gwezennoù 'дрэвы'.
- Асаблівыя выпадкі: qui, quy 'сабака', мн. л. con, quon; breuzr 'брат', мн. л. breuder, breudeur.
У імёнах, якія скончваліся на -ec, перад канчаткамі -ier, -iou, -ien апошні зычны мог зьнікаць: benhuec 'інструмэнт' (па-лацінску: beneficium), мн. л. binhuyou.
Зафіксаваны шэраг формаў множнага ліку, якія зьмяшчалі адразу два чыславых афіксы: preff 'галоўны', мн. л. preuet ды preuedou. Некаторыя імёны, перадусім парныя, утвараюць множны лік з дапамогаю лічэбніка два: glin 'калена', мн. л. douglin, doulin; brech 'рука', мн. л. diou brech. Існавалі таксама формы, што зьмяшчалі адначасова паказчыкі множнага і «дваістага» лікаў: dauglinaou. Гэта дазваляе разглядаць формы з daou, diou як формы, якія рэалізуюць асаблівую катэгорыю парнасьці, артаганальную катэгорыю множнасьці[16].
Катэгорыя роду ў назоўнікаў мае ўласьцівасьць словаклясыфікаваньня, у яе ўваходзяць дзьве грамэмы: жаночага й мужчынскага родаў. Некаторыя словы могуць хістацца паводле сваёй родавай прыналежнасьці (напрыклад, tra 'рэч'), што, мажліва, зьвязана з тым, што раней яны належалі да сярэдняга роду, што зьнікнуў у гісторыі брыцкіх моваў вельмі рана. Фармальна розныя роды адрозьніваюцца ў першую чаргу паводле паводзінаў словаў у кантэксьце мутацыяў (гл. вышэй), аднак у сярэднебрэтонскай мутацыі на пісьме ня ўказваліся. З назоўнікам таксама паводле роду ўзгадняліся некаторыя займеньнікі (напрыклад, heman eu an canon 'такім ёсьць правіла', дзе heman — жаночага роду, як і canon), анафарычныя займеньнікі (у тым ліку ў складзе спражваных дзеясловаў: напрыклад, douar (зямля, м. р.)... voarnezaff (на + аб’ект 3 ас. адз. л. м. р.) 'на ёй') і лічэбнікі. Назоўнікі жаночага роду, якія пазначалі асобы, маглі ўтварацца ад назоўнікаў мужчынскага роду з дапамогаю суфікса (напрыклад, abat 'абат', abades 'абатыса').
- Прыметнік:
У адрозьненьне ад сярэдневалійскае і старажытнабрэтонскае моваў, у сярэднебрэтонскай не ўжываліся формы множнага ліку прыметнікаў, калі яны маюць ролю азначэньня або выказьніка. У сярэднебрэтонскай формы множнага ліку прыметнікаў магчымыя толькі ў выпадку іх субстантывацыі, формы множнага ліку ўтвараюцца паводле тых жа схемаў, што і ў назоўнікаў. Адсутнічаюць адрозьненьні паміж формамі мужчынскага й жаночага родаў у аднаскладаных прыметнікаў з галоснымі гукамі верхняга ўздыму ў аснове.
Формы параўнальнае ступені ўтвараюцца шляхам даданьня суфікса -och (напрыклад, isel > iseloch, па-беларуску: нізкі — ніжэй), пры гэтым існуе і варыянт -ouch. Пераўзыходная ступень выражаецца суфіксамі -haff, -haf, -hafu (зычная -h- на пісьме часта апускаецца, выклікаючы пры гэтым аглушэньне канчатковых звонкіх выбухных асновы, у пісьмовасьці гэта часта адлюстроўваецца як падваеньне). Часам паводле аналёгіі зь пераўзыходнай ступеньню сустракаецца суфікс параўнальнай ступені -hoch
Літаратура
рэдагаваць- Lewis, Henry, & J. R. F. Piette (1966) Llawlyfr Llydaweg Canol. Argraffiad diwygiedig, Caerdydd: Gwasg Prifysgol Cymru
- Goulven Penaod, Dornlevr krennvrezhonek, Quimper, Kreizenn Imbourc'h Sturyezhouriezh S.A.D.E.D, 1964
- Alan Botrel, La subordonnée infinitive à sujet distinct en moyen-breton : Thèse, Rennes, 1985
- Alan Botrel, Un dibab testennoù krennvrezhonek, Rennes, C.R.D.P., 1985, 96 p.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Le Catholicon, le premier dictionnaire trilingue B (фр.)
- meiziantoù (брэтон.)
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ Lewis & Piette 1966, ст. 5
- ^ Выданьні гэтых тэкстаў гл., прыкладам, у Revue Celtique: Le plus ancien texte suivi en breton (J. Loth, RC XXXIV (1913), ст. 241—248); Encore du breton d’Ivonet Omnes (E. Ernault, ibid., pp. 249—251); Notes sur les textes d’Ivonet Omnes (Em. Ernault, RC XXXV (1914), ст. 129—145
- ^ Stokes, M. Whitney. Le Catholicon de J. Lagadeuc // Révue celtique I (1870—1872), pp. 395—299
- ^ Lewis & Piette 1966, стр. 7
- ^ Ernault, E. Glossaire moyen-breton. Paris, 1895—1896, ст. 163; ср. L&P, ст. 7
- ^ Jackson, Kenneth H. Language and History in Early Britain. Edinburgh, 1952
- ^ Lewis & Piette 1966, стр. 7-9
- ^ Ernault, Emile. Le Mystère de sainte Barbe. Paris, 1888, радок 760
- ^ Lewis & Piette 1966, стр. 9
- ^ У Lewis & Piette 1966 на старонцы 8 фармулёўка больш катэгарычная: «няма сумневаў» (па-валійску: nid oes amheuaeth).
- ^ Lewis & Piette 1966, стр. 9-10
- ^ Kervella, Frañsez. Yezhadur bras ar brezhoneg. Brest: Al Liamm, 1946; Jackson, Kenneth H. A historical phonology of Breton. Edinburgh, 1967.
- ^ Існуе гіпотэза, што гэтае чаргаваньне ўзыходзіць да формы сярэдняга роду артыклю *sindon; параўн. Loth, J. n final et d initial en construction syntactique // Révue celtique XVIII (1897), p. 423—425
- ^ Lewis & Piette 1966, ст. 22
- ^ Lewis & Piette 1966, ст. 13)
- ^ Плунгян В. А. Общая морфология: введение в проблематику. М.: УРСС, 2000, ст. 114