Беларускім партызанам (верш)

верш Янкі Купалы

«Беларускім партызанам» — грамадзянска—патрыятычны верш—пасланьне Янкі Купалы, завершаны 19 верасьня 1941 году ў Падмаскоўi, недалёка ад Каломны, у Чарнарэцкiм лясьнiцтве.[1] Упершыню надрукаваны ў расейскім перакладзе М. Галоднага[1] ў газэце «Красная звезда» 28 верасьня 1941 году. Адзін з самых вядомых у спадчыне песьняра, верш даў назву пасьмяротна выдадзенаму ў 1942 годзе зборніку Я. Купалы. Меў шырокі водгук ў грамадзтве і фактычна стаў партызанскім гімнам. У 1942 годзе ў Казані надрукаваны як улётка. Шмат разоў перадрукоўваўся ў ваенны час, быў улёткай і плякатам, перадаваўся па радыё. Першыя радкi былi пазыўнымi радыёстанцыi «Савецкая Беларусь», якая вяла перадачы з Масквы. Аўтографы верша захоўваюцца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы.[2]

Беларускім партызанам
Аўтограф верша (фрагмэнт)
Жанр: верш
Аўтар: Янка Купала
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 19 верасьня 1941
Публікацыя: 28 верасьня 1941
Асобнае выданьне: зборнік «Беларускім партызанам» (1942)
Электронная вэрсія

Апісаньне

рэдагаваць

Верш працягвае і разьвівае матывы купалаўскае публіцыстыкі савецкага часу. Патрыятычнае «я» паэта пашыраецца ў духу купалаўскае паэтычнае маштабнасьці да абсягаў калектыўнага «я» народу, прамаўляецца ад імя народу і Радзімы. Стыль паэтычнай мітынговай прамовы, адозвы вызначаецца пераходамі ад закліку і праклёну да просьбы і заклінаньня, ад абурэньня, гневу да пяшчоты і ласкавасьці. Выразная страфічная будова з уласьцівай ёй вылучанасьцю заключнага радка, мэтрычныя і інтанацыйныя зрухі перадаюць перажываньне ад балючага відовішча фашысцкіх зьдзекаў да прадбачаньня сьветлых дзён адваяванае свабоды. Прамая экспрэсыя ацэначных і ўзмацняльных словаў дапаўняецца таўталёгіяй, лексычнай кантраснасьцю. Нярэдка гукапісаная выразнасьць набывае акрэсьленую стылёвую функцыю праз гукаваю збліжанасьць словаў і алітэрацыйную агучанасьць радкоў.[2] Лiтаратуразнаўцы, у прыватнасцi Галiна Тычка, адзначаюць, што ў вершы ёсьць «нейкая невытлумачальная патаемная чароўнасьць, той унутраны агонь, што захапляе чытача».[1]

Пераклады і мастацкія ўвасабленьні

рэдагаваць

На ангельскую мову верш пераклалі У. Мэй і В. Рыч, на асэтынскую — А. Пухаеў, на баўгарскую — Н. Аантонаў, Н. Вылчаў, на вугорскую — А. Гідаш, на гішпанскуюК. Шэрман, на грузінскую — А. Бегашвілі, Т. Джангулашвілі, на казахскую — Ж. Абдзірашаў, на кыргыскую — Ц. Уметаліеў, на латыскую — Ю. Ванаг, на летувіскую — П. Кэйдошус, С. Нагінскас, на расейскую — М. Бэрэнгдорф, М. Галодны, Н. Кісьлік, В. Уладзіміраў, на таджыцкую — М. Фархат, на узбэцкую — Міртэмір, М. Шэйхзадэ, на ўкраінскую — С. Крыжаніўскі, М. Цярэшчанка, на францускую — Ж. Гаш, на чэскую — К. Беднарж.[2]

Матывы і вобразы верша сустракаюцца ў вершах А. Вялюгіна «Стала песьня славаю народа», К. Кірыенкі «Песьня народа», У. Нядзьведскага «Песьня Купалы», у лірычным цыклю М. Лужаніна «Па дарогах Купалы» і інш.[2]

На музыку верш паклалі А. Багатыроў, Ул. Мулявін, П. Падкавыраў, Р. Пукст, М. Чуркін.[2]

  1. ^ а б в Віталь Скалабан (18 жніўня 2006) «Партызаны, партызаны, беларускiя сыны!» Советская Белоруссия Праверана 18 чэрвеня 2013 г.
  2. ^ а б в г д В. Бечык Беларускім партызанам (верш) // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелСЭ, 1986. — С. 82.

Літаратура

рэдагаваць
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Беларускім партызанам (верш)» / Аўтар — В. Бечык. — C. 82.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць