Беларуская Вікіпэдыя (наркамаўка)
Беларуская Вікіпэдыя наркамаўкай (наркам. Беларуская Вікіпедыя) — разьдзел Вікіпэдыі наркамаўкай, заснаваны ў сакавіку 2007 року згодна з пастановай моўнага падкамітэту фундацыі Wikimedia.
Беларуская Вікіпэдыя наркамаўкай | |
![]() | |
Слоган | Свабодная энцыкляпэдыя |
---|---|
Тып | энцыкляпэдыя |
Даступныя мовы | беларуская (наркамаўка) |
Уладальнік | Фундацыя «Вікімэдыя» |
Аўтар | Юры Тарасевіч |
Пачатак працы | 27 сакавіка 2007 (16 гадоў таму) |
Камэрцыйны? | не |
Рэгістрацыя | неабавязкова |
Прыбытак | няма |
Актуальны стан | дзейны |
Рэйтынг Alexa | ? (2020 год) |
Ліцэнзія | 🅭🅯🄎 3.0[d] і ЛВД ГНУ |
be.wikipedia.org |
Пры яго стварэньні Беларускую Вікіпэдыю, якая ад заснаваньня ў 2004 годзе стваралася на беларускай мове «тарашкевіцаю»[a], перанесьлі з асноўнага беларускага паддамэну трэцяга ўзроўню «be» на пабочны «be-x-old»[1]. Яе адрас «be.wikipedia.org» заняў перанесены з інкубатару разьдзел, створаны наркамаўкай. Ад гэтага часу суіснуюць дзьве вэрсіі беларускай Вікіпэдыі.
Мінуўшчына рэдагаваць
З моманту ейнага стварэньня ў 2004 року беларуская Вікіпэдыя вялася «тарашкевіцаю», праз пэўны час да яе далучыліся і прыхільнікі наркамаўкі. Пэўны час удзельнікі суіснавалі разам, пішучы артыкулы кожны сваім правапісам, аднак яны жадалі таксама мець і адпаведны інтэрфэйс, таму вырашылі аддзяліцца[2].
3 жніўня 2006 року ў гэтак званым інкубатары паўстаў беларускі разьдзел наркамаўкай[3]. Ужо 25 жніўня ягоныя ўдзельнікі падалі запыт на стварэньне новага разьдзелу Вікіпэдыі[4], аднак па выніках галасаваньня ім было ў гэтым адмоўлена[2][4].
4 сьнежня 2006 року беларускія ўдзельнікі вікіінкубатару падалі новы запыт на стварэньне разьдзелу Вікіпэдыі наркамаўкай[5]. За гэты час правілы падачы заявак на адкрыцьцё новых разьдзелаў былі зьмененыя, і рашэньне пра іхняе стварэньне прымалася не галасаваньнем, а рашэньнем фундацыі «Вікімэдыя»[2].
27 сакавіка 2007[6] згодна з пастановай моўнага падкамітэту фундацыі Wikimedia асноўны беларускі дамэн «be.wikipedia.org» быў аддадзены ўдзельнікам Вікіпэдыі наркамаўкай, на яго былі перанесеныя ўсе створаныя артыкулы з інкубатару (на той час іхняя колькасьць складала 3565[1]). Больш за 6000 артыкулаў, створаных з моманту заснаваньня Беларускай Вікіпэдыі, якія дагэтуль знаходзіліся на азначаным адрасе, зьніклі, што выклікала немалое зьдзіўленьне карыстальнікаў[2]. Пазьней, аднак, было паведамлена, што яны перанесеныя на новы дамэн «be-x-old.wikipedia.org», які адгэтуль займае Вікіпэдыя клясычным правапісам беларускай мовы. Прыхільнікі наркамаўкі зьмясьцілі на галоўнай старонцы адмысловае паведамленьне пра тое, што цяпер артыкулы «тарашкевіцай» знаходзяцца па новым адрасе, а «be.wikipedia.org» адгэтуль ствараецца «ў нарматыўнай беларускай мове»[7].
Паводле некаторых зьвестак, прычынаю перамяшчэньня разьдзелаў стала адсутнасьць асобнага ISO-коду для клясычнага правапісу[8]. Празь месяц Адміністрацыя адрасовае прасторы Інтэрнэту ўвяла для гэтага варыянту правапісу асобны тэг «be-tarask»[9], аднак у Вікіпэдыі да восені 2015 року[10] захоўвалася дамэнная прыстаўка «be-x-old».
Скандал рэдагаваць
Перамяшчэньне Беларускай Вікіпэдыі на пабочны дамэн зь перадачай асноўнага дамэну прыхільнікам наркамаўкі выклікала скандал, які выявіўся ў матэрыялах беларускіх мэдыяў і камэнтарах пад імі: на вэб-бачыне «Нашай Нівы» ў артыкуле Зьмітра Панкаўца «Вікіпэдыі тарашкевіцай больш не існуе»[2] і ў артыкуле «Скандал у беларускай Вікіпэдыі» на Generation.by[11]. Апроч таго, у фундацыю «Вікімэдыя» падалі запыт на закрыцьцё разьдзелу наркамаўкай ды пераносу яго пад іншую назву з адначасовым вяртаньнем на стары адрас Беларускай Вікіпэдыі[12]. Ён, аднак, пасьля непрацяглага абмеркаваньня быў заархіваваны без падвядзеньня вынікаў[13].