Багуслаўцы
Багусла́ўцы — былы маёнтак Чарноцкіх ля вёскі Росахі Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Зруйнаваны ў сярэдзіне XX стагодзьдзя.
Багуслаўцы | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Берасьцейская |
Раён: | Пружанскі |
Насельніцтва: | 0 чал. |
Тэлефонны код: | няма |
Паштовы індэкс: | няма |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°39′0″ пн. ш. 24°33′0″ у. д. / 52.65° пн. ш. 24.55° у. д.Каардынаты: 52°39′0″ пн. ш. 24°33′0″ у. д. / 52.65° пн. ш. 24.55° у. д. |
Багуслаўцы |
Мінуўшчына
рэдагавацьУ 1907 року набытыя Юзэфам Чарноцкім гербу Бзура, сынам уласьніка маёнтку Белавусаўшчына Люцыяна Балеслава. Пасьля Юзэф набыў таксама маёнтак Засімавічы з фальваркамі Каралінам і Абежай (польск. Oberża) і падзяліў свае ўладаньні між дзецьмі. Багуслаўцы дасталіся Станіславу.
За польскім часам — сьпярша ў гміне Носкі[1], а з 1926 году ў гміне Руднікі Пружанскага павету Палескага ваяводзтва[2][3], уласнасьць Станіслава Чарноцкага. Тут дзейнічалі млын і сыраварня, да фальварку належалі таксама вакольныя лясы[4].
З прыходам Саветаў маёнтак адабраны для патрэбаў работніцка-сялянскага камітэту. Станіслаў Чарноцкі і ягоны бацька Юзэф, уласьнік Засімавічаў, арыштаваныя. Далейшы іхні лёс невядомы[4]. Жонка Станіслава Ірэна Чарноцкая здолела перайсьці мяжу Генэрал-губэрнатарства і пасялілася ў Радомскім каля Чанстаховы[5].
У 1940 року хлявы і аборына былі перададзеныя ў распараджэньне войскаў Заходняе асаблівае вайсковае акругі[6].
Неўзабаве па нападзе Нямеччыны на Савецкі Саюз Ірэна Чарноцкая вярнулася ў Багуслаўцы, якія да гэтае пары ўжо былі разрабаваныя савецкай уладай. Таму яна асела ў Пружане, дзе трымала невялікую краму. У 1945 року ў рамках рэпатрыяцыйнай акцыі выехала ў Польшчу[4].
Цяперашні стан
рэдагавацьМесца сядзібнага дому зарасло маладымі вязамі. Двор быў акружаны 200-рочнымі ліпамі, высажанымі роўнымі шэрагамі, адзінкавымі дубамі і каналамі.
Напрыканцы 2011 — у пачатку 2012 року на загад старшыні гаспадаркі «Айчына» дрэвы прысядзібнага парку былі сьпілаваныя. Апрача ліп, пад вырубку трапіла і груша, якая зьяўлялася самай вялікай на Беларусі[7]. Яна згаданая ў кнізе прафэсара А. Т. Федарука «Стараўнія сядзібы Берасьцейшчыны». Груша мела чатыры ствалы і размах кроны да 14 м.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьЛя вёскі быў выяўлены каменны ідал з трыма тварамі (Трыглаў), абломак якога захоўваецца ў Варшаўскім археалягічным музэі(pl)[8].
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ Bogusławice, фальварак. Radzima.net. Праверана 5 траўня 2012 г.
- ^ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej z oznaczeniem terytorjalnie im właściwych władz i urzędów oraz urządzeń komunikacyjnych. Przemyśl, Warszawa: Wydawnictwo Książnicy Naukowej, s. 122.
- ^ Rozporządzenie Ministra Spraw Wewnętrznych z dnia 5 stycznia 1926 r. o niektórych zmianach terytorjalnych w powiecie prużańskim, w województwie poleskiem (Dz.U. Nr 7, poz. 46)
- ^ а б в Janina Kondranin Wieczorkowa. Wspomnienia o niezwykłej Matce Chrzestnej // Echa Polesia. — 2011. — № 2.
- ^ Andrzej Święciński. (26 ліпеня 2011) Wspomnienia prużańskie — Andrzej Święciński (пол.) Wierze ufam miłuję. Tadeusz Czernik. Праверана 19 студзеня 2012 г.
- ^ Administrator. Постановление ЦК КП(б)Б «О размещении воинских частей в западных областях БССР» 18 декабря 1940 г. (рас.) Великая оболганная война Праверана 20 студзеня 2012 г.
- ^ У Пружанскім раёне зрэзалі самую вялікую грушу ў Беларусі. Эўрарадыё (3 студзеня 2012). Праверана 20 студзеня 2012 г.
- ^ Трыглаў Родныя вобразы Праверана 20 студзеня 2012 г.
Літаратура
рэдагаваць- Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2006. — 576 с. — ISBN 985-11-0383-7