Бабка

страва з натаркаванай бульбы

Ба́бка (драчона бульбяная[1]) — страва з натаркаванае бульбы, запраўленая скваркамі, мясам і цыбуляй і сьпечаная на блясе.

Бабка
Бабка ў гаршэчках
Бабка ў гаршэчках
Іншыя назвыдрачона бульбяная
Нацыянальная стравабеларуская
ПаходжаньнеБеларусь Беларусь
Асноўны складнікбульба
Распаўсюджаныя складнікісала, цыбуля, яйка, вяршкі, мука, соль

Страва беларускай кухні, папулярная таксама ў летувіскай кухні пад назовам кугеліс. Традыцыйна падаюць гарачай зь вяршкамі або малаком.

Гісторыя

рэдагаваць

Зьявілася на Блізкім Усходзе як сьвяточная страва кугель на жыдоўскі Пэйсах. Гатавалася ў выглядзе запяканкі з драбнёнай гародніны з дадаткамі мукі й яек. Складнікамі зазвычай былі гарбузы, кабачкі, морква. У розных мясьцінах маглі дадавацца кроп, цыбуля, часнык, шпінат, цукіні або цыбуля-парэй.

У нашых краёх рэцэпт перажыў значныя зьмены, найперш праз бульбу, што стала асноўным складнікам кугелю. Мяркуецца, што на сталах беларусаў, летувісаў і ўкраінцаў гэтая страва зьявілася ў канцы XIX стагодзьдзя. Летувісы завуць яе паводле старое жыдоўскае назвы — кугеліс.

15 траўня 2022 году Рэспубліканская навукова-мэтадычная рада пры Міністэрстве культуры Беларусі ўхваліла Рашэньне аб улучэньні ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі традыцыі выпяканьня бабкі, дранікаў і таркаванкі зь цёртай бульбы. Папярэдне экспэрты Мінкультуры сабралі 235 народных рэцэптаў у 66 раёнах Беларусі[2].

Этымалёгія

рэдагаваць

Назва бульбяной бабкі паходзіць ад велікоднага[3] пірага з мукі — велікоднай бабкі[4] — выпечкі з цукатамі, разынкамі і гарэхамі, прапітаная ромам ды пасыпаная цукровай пудраю.

Магчыма, беларускае найменьне стравы з бульбы іранічнае — ліцьвінская «бабка»[5].

Рэцэпты прыгатаваньня

рэдагаваць

Абабраную бульбу надраць на дробнай тарцы. Сала і цыбулю, нарэзаныя кубікамі, абсмажыць і дадаць да таркаванае масы. У атрыманае цеста дадаць яйка, вяршкі, муку, соль. Запякаць на блясе, у глыбокай патэльні або ў гаршчку (чыгунку) да гатовасьці.

 
Кугеліс

Складнікі

рэдагаваць
  • 20 бульбінаў
  • 2 яйкі
  • 1 шклянка тварагу
  • 150 г сала
  • 3 цыбуліны
  • 1 шклянка сьмятаны
  • соль
  • перац

Прыгатаваньне

рэдагаваць

Абабраную бульбу надраць на тарцы, дадаць яйкі, тварог, соль, перац, добра перамяшаць.

На нагрэтую патэльню ці бляху, шчодра змазаную сьвіным тлушчам, раскласьці бульбяную масу слоем у 3—5 см, зьлёгку перамяшаць яе з зашквараным салам. Выпякаць у гарачай духоўцы, пакуль не зарумяніцца верх.

Гарачы кугеліс разрэзаць на чатырохвугольныя кавалкі, асобна падаць падсмажаную на сале цыбулю са шкваркамі, зьмяшаную са сьмятанай.

 
Кугель

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Стравы з бульбы Беларуская кухня. «Беларуская электронная бібліятэка». Праверана 12 сьнежня 2010 г.
  2. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Дранікі афіцыйна атрымалі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці // Белтэлерадыёкампанія, 15 траўня 2022 г. Праверана 20 траўня 2022 г.
  3. ^ Мікола Байкоў, Сьцяпан Некрашэвіч. вялікодны — пасхальный // Беларуска-расейскі слоўнік. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. — ISBN 5-341-00918-5
  4. ^ Кухмістар Верашчака. Паходжаньне бабак у Літве // Зьвязда : газэта. — 17 сьнежня 2013. — № 237 (27602). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Бабка — сястра кугеля // «Наша Ніва». — №35. — 2005.

Літаратура

рэдагаваць
  • Похлёбкин В. В. Большая энциклопедия кулинарного искусства. Все рецепты В. В. Похлёбкина. — М.: ЗАО Центрполиграф, 2008. — 975 с. — ISBN 978-5-9524-3563-6

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць