Гаршчок
Гаршчо́к — гліняная пасудзіна для гатаваньня гарачай стравы, захоўваньня вадкіх і сыпкіх рэчываў і іншых.
Вядомы з эпохі нэаліту. Напачатку гаршчкі ляпілі, у тым ліку з глінянай стужкі, з X стагодзьдзя іх сталі вырабляць на ганчарным крузе. Рэгіянальныя асаблівасьці гаршчкоў у іх выкарыстаньні, формах, памерах у Беларусі замацаваліся ў мясцовых назвах: абеднік, адынец, варэйка, гарлач, гладыш, збан, зьлівач, склепнік, слоік, спарыш і іншых. Форма гаршчка добра прыстасавана для хуткага і раўнамернага награваньня ў напаленай печы: круглы з пукатымі бакамі, звужаным плоскім дном і вусьцем, абкружаным венцам. Выраблялі з фармовачнай масы павышанай вогнетрываласьці з дамешкам жарствы, пяску, а пасьля абпальваньня гартавалі ў абвары. Дэкор стрыманы альбо зусім адсутнічаў. Аздаблялі звычайна глянцаваным і прачэрчаным па сырой паверхні геамэтрычным арнамэнтам. 2 ці 3 замацаваныя ручкай гаршчкі, у якіх бралі ежу на поле, называлі адпаведна спарышамі і траячкамі.
Гаршчок — найбольш семіятызавана рэч хатняга начыньня. Антрапамарфізацыя гаршчка праяўляецца як на ўзроўні найменьняў (носік, ручка), так і ў фальклёрных тэкстах, перадусім у загадках: «Малады Ягор сеў на конь, паехаў у агонь»; «Радзіўся — не хрысьціўся, памёр — не правадзіўся», У шматлікіх рытуальных практыках сымбалічна прадстаўляў сабой чалавека — яго галаву і ўлоньне — і ў такіх кантэкстах уваходзіў у абрады жыцьцёвага цыклю: радзіны, вясельле, памінкі. У пахавальнай абраднасьці гаршчок выступае як ёмішча душы памерлага, як посуд для вады, што служыць пасярэднікам паміж сьветамі. У Пінскім раёне за труной несьлі ў гаршчку пасьвечаную ваду, вадой крапілі магілу, рэшткі там жа вылівалі, а гаршчок, перавярнуўшы дагары дном, ставілі ў голаў магілы. Сувязь гаршчка з душамі продкаў, зь печчу і прасторай каля яе, а таксама непасрэднае сутыкненьне з агнём тлумачаць суаднясеньне яго з дамавіком. Па ўсёй Беларусі вядома павер’е аб перасяленьні дамавіка ў новую хату менавіта ў гаршчку з жарам. На ўсходнеславянскай тэрыторыі дзіравы гаршчок уваходзіць у шэраг рэчаў, што выконвалі ў народнай сьвядомасьці ролю абярэга. У рытуальных дзеяньнях абыгрываецца пустата посуду, яго патэнцыяльная магчымасьць «зьмяшчаць» у сабе тыя ці іншыя якасьці: у гаршчку лічылася магчымым пабачыць чараўніцу, у ім пасьля пэўных апэрацыяў можа быць сканцэнтравана пэрсаніфікаваная хвароба, менавіта ў гаршчку знаходзілі прыстанак атмасфэрныя зьявы.
Літаратура
рэдагавацьГэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Тацьцяна Валодзіна, праект «Наша ежа».