Сяргей Налівайка
Сяргéй Эдуа́рдавіч Наліва́йка (нар. 1973, Бабруйск, Магілёўская вобласьць, цяпер Беларусь) — дзяржаўны дзяяч Рэспублікі Беларусь.
Сяргей Налівайка | |
4-ы міністар па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь | |
---|---|
27 сьнежня 2014 — цяперашні час | |
Прэзыдэнт: | Аляксандар Лукашэнка |
Прэм’ер-міністар: | Андрэй Кабякоў, Сяргей Румас |
Папярэднік: | Уладзімер Палуян |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
1973 Бабруйск, Магілёўская вобласьць, Беларуская ССР, СССР |
Бацька: | Эдуард Налівайка |
Адукацыя: | Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт (1995), Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь (2005) |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Налівайка.
4-ы міністар па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь (з 27 сьнежня 2014 году).
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ 1995 годзе скончыў факультэт эканомікі і кіраваньня гандлем Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту. У 1995—2003 гадах працаваў у інспэкцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь (МПЗ Беларусі) па Бабруйску (Магілёўская вобласьць). У 2003—2005 гадах быў намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі Ленінскага раёну Бабруйска[1]. У 2005 годзе скончыў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. З 2005 па 2010 год — начальнік інспэкцыі МПЗ Беларусі па Кастрычніцкім раёне Магілёва. З 8 чэрвеня 2010 году — 1-ы намесьнік міністра па падатках і зборах Беларусі[2].
Міністар па падатках і зборах
рэдагавацьЗ 27 сьнежня 2014 году заняў пасаду міністра па падатках і зборах Беларусі. 18 сакавіка 2015 году беларускі міністар Сяргей Налівайка і часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд падпісалі міжурадавае Пагадненьне «Аб паляпшэньні выкананьня міжнародных падатковых правілаў і рэалізацыі Закону ЗША аб падатковым кантролі рахункаў у замежных фінансавых установах»[3]. 15 кастрычніка 2015 году ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі міністар Сяргей Налівайка выступіў за павелічэньне долі безнаяўных плацяжоў дзеля зьмяншэньня магчымасьці ўтойваньня даходаў. Сяргей Налівайка дадаў, што пры наяўнасьці звыш 100 000 плацежных тэрміналаў у крамах і страўнях Беларусі «ў агульнай лічбе ўдзельнай вагі безнаяўныя плацяжы дасягаюць каля 25%, у той час як мэтавы парамэтар Нацбанка па выніках 2015 году абазначаны на ўзроўні 50%». У якасьці перашкодаў міністар Налівайка назваў «значную цану гэтых тэрміналаў» і «значную цану за эквайрынг, які бяруць банкі». У той дзень Палата прадстаўнікоў Беларусі ўхваліла ў 1-м чытаньні папраўкі ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, што ўводзілі спагнаньне за плацеж наяўнымі грашыма ў памеры звыш 1000 базавых велічыняў (180 000 рублёў), у падтрымку чаго выступаў міністар[4]. Па выніках 2015 году МПЗ Беларусі ўтварыла звыш 70% даходнай часткі каштарысу Рэспублікі Беларусь[5]. Пагатоў індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) забясьпечылі 2% падатковых паступленьняў[6].
27 студзеня 2016 году беларускі міністар Сяргей Налівайка і амбасадар Эквадору ў Беларусі Карляс Лярэа-Давіля падпісалі міжурадавае Пагадненьне «Аб пазьбяганьні двайнога падаткаабкладаньня і прадухіленьні ўхіленьня ад выплаты ў дачыненьні падаткаў на даходы і маёмасьць»[7]. 1 ліпеня 2016 году Міністэрства па падатках і зборах Беларусі ўкараніла электронныя рахункі-фактуры для плацежнікаў падатку на дададзеную вартасьць (ПДВ), што павысіла яго зьбіральнасьць і зьнізіла лік падатковых праверак[8]. 8 лютага 2017 году міністар Налівайка заявіў, што лік плянавых і пазаплянавых праверак прадпрымальнікаў скараціўся ў 2016 годзе параўнальна з 2015-м на 10,9%, а лік камэральных (бяз выезду) праверак вырас на 38,7%. Па выніках праверак гаспадаркам і фізычным асобам налічылі да выплаты 167,4 млн рублёў. Пагатоў за 2016 год правялі каля 60 000 праверак падаткаплатнікаў, зь іх каля 37 000 прадпрымальнікаў і 21 500 фізычных асобаў[9]. Таксама 8 лютага 2017 году Налівайка нагадаў, што «са студзеня электронныя рахункі-фактуры зьяўляюцца адзіным дакумэнтам, на падставе якога ажыцьцяўляюцца падатковыя вылікі». Міністар Налівайка дадаў, што «з гэтага году … падатковыя органы самастойна без заявы дэбітора (даўжніка) вяртаюць пераплату, пагатоў тэрмін вяртаньня скарочаны з 5 да 2 працоўных дзён»[10].
8 лютага 2017 году міністар Налівайка абвясьціў, што цягам году МПЗ Беларусі распрацуе праграму пад АС «Андроід» для асабістага кабінэту падаткаплатніка на сайце ведамства. На 1 студзеня 2017 году такія кабінэты мелі звыш 260 000 суб’ектаў гаспадараньня (76,2% падаткаплатнікаў). Сярод іх налічвалася звыш 115 000 юрыдычных асобаў (94,9%) і звыш 145 000 ІП (66%). Таксама такія кабінэты на сайце мелі каля 73 000 фізычных асобаў. Асабісты кабінэт плацежніка дазваляў: 1) даведацца пра суму налічаных і выплачаных падаткаў, пераплату і запазычанасьць па падатках; 2) атрымаць паведамленьне на выплату падатку на нерухомую маёмасьць, зямельнага і падаходнага падатку; 3) зрабіць падатковы плацеж празь Сеціва ў «Альфа-Банку», «Беларусбанку», «Белгазпрамбанку» і «Белінвэстбанку»; 4) запісацца на асабісты прыём у інспэкцыю па месцы пастаноўкі на ўлік; 5) атрымаць тлумачэньне ад падатковага органа[11]. 26 верасьня 2017 году беларускі міністар Сяргей Налівайка і дзяржаўны міністар Вялікабрытаніі па справах Эўропы і Амэрыкі Алан Дункан падпісалі ў Менску міжурадавае Пагадненьне «Аб прадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня адносна падаткаў на даходы і капітал і папярэджаньні ўхіленьня ад выплаты падаткаў»[12]. 16 кастрычніка 2017 году міністар Сяргей Налівайка адзначыў, што за час яго кіраўніцтва ведамствам лік відаў гаспадарчай дзейнасьці, якой дазволілі займацца без уліку ў якасьці ІП, вырас з 10 да 30[13].
18 студзеня 2018 году міністар Налівайка паведаміў, што на падатковы ўлік у Беларусі для аплаты ПДВ на электронныя паслугі сталі 6 замежных пастаўнікоў, сярод якіх 4 найбольшыя з ЗША — «Амазон» (Сіетл, штат Вашынгтон), «Гугл» (Маўнтын-Вію, штат Каліфорнія), «Лінкдын» (Санівейл, штат Каліфорнія) і «Нэтфлікс» (Лос-Гатас, штат Каліфорнія). Пастаноўку на ўлік пачалі пасьля 1 студзеня 2018 году, калі набылі моц зьмяненьні ў Падатковы кодэкс Беларусі, што ўвялі падаткаабкладаньне замежных электронных паслугаў па стаўцы 20%. Пагатоў пастаўнікі мелі стаць на ўлік да канца квартала, у якім аказалі паслугу[14]. 5 ліпеня 2018 году міністар Сяргей Налівайка падкрэсьліў зьніжэньне падатковай нагрузкі ў выніку паправак у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь: «прынята рашэньне аб індэксацыі крытэраў выручкі для прымяненьня ССП (спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня), павелічэньні памеру інвэстыцыйнага выліку па падатку на прыбытак, увядзеньні паніжанага падаткаабкладаньня маёмаснымі падаткамі арганізацыяў, якія ўзводзяць новыя аб’екты»[15]. 14 верасьня 2018 году міністар Налівайка прапанаваў «у праекце зьменаў у Падатковы кодэкс, што пені не павінныя перавышаць суму падаткаў, якія даналічваюцца. Гэта таксама адзін з прынцыпаў разумнасьці і адпаведнасьці пакараньня». Пагатоў спагнаньні ў выніку праверак прынесьлі за 2017 год каля 15% падаткаў[16].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кірунак вызначаны // Зьвязда : газэта. — 29 сьнежня 2014. — № 246 (27856). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ Пасьпяховыя выпусьнікі ФКТІ // Факультэт камэрцыі і турысцкай індустрыі БДЭУ, 2018 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
- ^ Аліна Грышкевіч. Беларусь і ЗША падпісалі пагадненьне аб паляпшэньні выкананьня міжнародных падатковых правіл // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 18 сакавіка 2015 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
- ^ Міністэрства па падатках і зборах выступае за павелічэньне долі безнаяўных плацяжоў - Налівайка // БелТА, 15 кастрычніка 2015 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
- ^ Сяргей Налівайка. Цытата дня // Зьвязда : газэта. — 6 лютага 2016. — № 23 (28133). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ Сяргей Налівайка. Цытата дня // Зьвязда. — 12 студзеня 2016. — № 4 (28114). — С. 1.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Падпісана пагадненьне паміж урадамі Беларусі і Эквадору // Белтэлерадыёкампанія, 27 студзеня 2016 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
- ^ Працэдура падаткаабкладаньня павінна быць камфортнай // Зьвязда. — 7 ліпеня 2016. — № 129 (28239). — С. 2.
- ^ МПЗ у 2017 годзе прадоўжыць скарачэньне выязных праверак // БелТА, 8 лютага 2018 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
- ^ У Беларусі плануецца стварыць адзіную аўтаматызаваную сістэму спагнання плацяжоў у бюджэт // БелТА, 8 лютага 2018 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
- ^ МПЗ у 2017 годзе распрацуе мабільны дадатак для плацельшчыкаў // БелТА, 8 лютага 2017 г. Архіўная копія ад 8 лютага 2017 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
- ^ Беларусь і Вялікабрытанія падпісалі канвэнцыю аб прадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня // БелТА, 26 верасьня 2017 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
- ^ Сяргей Налівайка. Цытата дня // Зьвязда. — 17 кастрычніка 2017. — № 200 (28564). — С. 1.
- ^ «Гугл», «Амазон» і «Нэтфлікс» сталі на падатковы ўлік у Беларусі // Газэта «Зьвязда», 5 ліпеня 2018 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
- ^ У Беларусі ёсць рэзервы для зьніжэння агульнай падатковай нагрузкі - Налівайка // БелТА, 5 ліпеня 2018 г. Архіўная копія ад 5 ліпеня 2018 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Абноўлены Падатковы кодэкс будзе садзейнічаць добраахвотнай выплаце збораў у бюджэт // Белтэлерадыёкампанія, 14 верасьня 2018 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Сяргей Налівайка // Газэта «Зьвязда», 17 кастрычніка 2017 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
- Зьміцер Цітоў, тэлеканал «Беларусь 1». Інтэрвію з міністрам па падатках і зборах Сяргеем Налівайкам // Белтэлерадыёкампанія, 15 кастрычніка 2017 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
Гэта — накід артыкула пра біяграфію асобы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |