Вітаўт Мартыненка

беларускі музыказнаўца, публіцыст

Вітаўт Міхалавіч Мартыненка (29 верасьня 1959, Менск — 17 красавіка 2016, Менск) — беларускі музыказнаўца, публіцыст.

Біяґрафія

рэдагаваць

Нарадзіўся 29 верасьня 1959 году ў Менску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, факультэт журналістыкі (1982).

З 1983 да 1994 працаваў карэспандэнтам, адказным сакратаром, намесьнікам галоўнага рэдактара моладзевай ґазэты «Чырвоная змена», рэдагаваў музычную рубрыку «Мелодыя» (з 1986 — «Нотны аркуш»). З 1989 да 1995 быў карэспандэнтам мюнхэнскай рэдакцыі радыё «Свабода», арґанізаваў там і праводзіў беларускі музычны гіт-парад. З 1994 да 1997 працаваў намесьнікам галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Кинонеделя Минска».

Чалец Саюзу журналістаў СССР з 1985.

У 1985 годзе разам з Анатолем Мяльгуем быў сярод стваральнікаў незалежнага музычнага рок-клюбу «Няміга», які ў 1987-м стаў калектыўным сябрам каардынацыйнай рады моладзевых нефармальных суполак. Браў удзел у арґанізацыі фэстаў «Тры колеры» (1986, 1988), «Басовішча» (1990). У канцы 1980-х — удзельнік «Талакі», «Тутэйшых».

У 1988 годзе стварыў у камсамольскай ґазэце «Чырвоная змена» адну зь першых груп падтрымкі БНФ. За ўдзел у Дзядах-88 В. Мартыненка быў асуджаны да адміністрацыйнага пакараньня. У адказ на гэта ў «Чырвонай Змене» зьявіўся калектыўны артыкул «Процістаяньне».

Памёр 17 красавіка 2016 году ў Менску[1].

Творчасьць

рэдагаваць

Аўтар музыказнаўчых кніг «Праз рок-прызму» (1989, New York, разам з А. Мяльгуем), «222 альбомы беларускага року і ня толькі» (2006, Менск, разам з А. Мяльгуем) [2], «Rock on-line» (2010, Менск).

Выдаў таксама ў сваёй рэдакцыі з прадмовай і камэнтарамі беларускі пераклад раману Генрыка Сянкевіча «Quo Vadis» (2002) і асобным выданьнем поўны тэкст названай прадмовы — «Свой сярод чужых (кантэксты, гістарычныя і лінґвістычныя асаблівасці беларускага перакладу ксяндза П. Татарыновіча)» (2003).

Пісаў таксама прозу, вершы, якія друкаваліся ў беларускіх і замежных часопісах, перакладаліся на ўкраінскую, польскую мовы, выдаваліся ў кніжных зборніках і на кампакт-дысках папулярных рок-гуртоў («P.L.A.N.», «Tesaurus», «DeadMarsh», украінскі «Тінь Сонця»).

Працы: больш за 200 публікацыяў на тэмы нацыянальнай музыкі, літаратуры, грамадзка-палітычнага жыцьця.

Тацьцяна Заміроўская дала ў 2008 годзе ў сваёй калёнке на «БелаПАН» такую ацэнку творцу: «Вітаўт Мартыненка — натуральны Курт Кабэйн беларусскай музжурналістыкі»[3].

  1. ^ Памёр музычны крытык Вітаўт Мартыненка
  2. ^ Ареша; misty. (2008-02-07) СТАТЬИ: Презентация третьего тома книги «222 альбомы беларускага року і ня толькі» (рас.). LiveSound.byПраверана 2020-07-15 г. Архіўная копія ад 2008-02-13 г.
  3. ^ Татьяна Замировская. (2008-05-11) ШОУ-БИЗ. PLEASE KILL ME (рас.). БелаПАНПраверана 2020-03-31 г. Архіўная копія ад 2020-03-31 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Сахараў С. Дэмакратычная апазіцыя Беларусі 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. — Мн.: Цэнтар Карта, 1999. — С. 60-61. — ISBN 985-6374-08-1
  • Д.П. МАРТЫНЕНКА ВІТАЎТ (Мартыненко Витовт, Martynenka Vitaut) // Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі / уклад. Дз. Падбярэзскі і інш. — Мінск: Зміцер Колас, 2008. — С. 178. — 368 с. — 2000 ас. — ISBN 978-985-6783-42-8