Тодар Лебяда
То́дар Лебяда́ (сапр. — Пётар Фёдаравіч Шыро́каў; 6 студзеня 1917, Віцебск — пач. 1970, Воршава, Пуцяцінскі раён, Разанская вобласьць) — беларускі драматург, паэт, празаік. Аўтар першага антыбальшавіцкага твору ў беларускай драматургіі[1][2].
Тодар Лебяда | |
Тодар Лебяда | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Пётар Фёдаравіч Шырокаў |
Псэўданімы | Тодар Лебяда, Клім Каліна |
Нарадзіўся | 6 студзеня 1917 Віцебск |
Памёр | 1970 Воршава Пуцяцінскага раёна Разанскай вобласьці |
Пахаваны | |
Бацькі | Фёдар Шырокаў Настасься Карпаўна Паедава |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | драматург, публіцыст, пісьменьнік, паэт, журналіст |
Жанр | верш, апавяданьне, п’еса |
Мова | беларуская |
Творы на сайце Knihi.com |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў Віцебску ў сям’і рабочага і правадніцы на чыгунцы. Скончыў Віцебскую сямігадовую школу і чыгуначнае рамеснае вучылішча. У 1933 паступіў у Менскі пэдагагічны інстытут. У інстытуце знаёміцца і сябруе з Уладзімерам Клішэвічам, Масеем Сяднёвым, Якубам Ермаловічам, Міколам Гваздовым і іншымі аўтарамі-пачаткоўцамі[1]. 31 кастрычніка 1936 разам зь іншым адзінаццацьцю студэнтамі інстытуту быў беспадстаўна абвінавачаны ў буржуазным нацыяналізьме і арыштаваны[2]. Асуджаны Вярхоўным судом БССР на 5 гадоў зьняволеньня. Быў накіраваны ва Ўхтпечляг (Сыбірская вобласьць).
У 1940 па хадайніцтве жонкі Б. Цыпінай быў перавезены ў Менск, «для перагляду справы», а зь Менску адпраўлены ў Ігумен, дзе знаходзіўся да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.[3] У час акупацыі жыў зь сям’ёй у Віцебску. У 1943—1944 рэдактар газэты «Беларускае слова». У гэтыя гады напісаў асноўныя свае творы. У 1944 выехаў у Нямеччыну. У 1945 вярнуўся на радзіму. У траўні 1947 паўторна арыштаваны і асуджаны ваенным трыбуналам войск МУС па Менскай вобласьці на 25 гадоў пазбаўленьня волі. Пакараньне адбываў ў сыбірскіх канцлягерах.
30 жніўня 1956 быў вызвалены з-пад варты, а ў 1960 прыехаў у Слонім, дзе працаваў рэзчыкам паперы на картоннай фабрыцы «Альбэртын». Тут напісаў п’есу ў трох актах «У нас, на Гродзеншчыне» і некалькі аднаактовых п’есак: адна зь іх — «Людзі ва Хрысьце» — была надрукавана ў слонімскай раёнцы «Вольная праца». 1 студзеня 1962 звольніўся з працы і пераехаў у Ігумен, дзе ўладкаваўся на працу сакратар-машыністам у рэдакцыю раённай газэты «Ўперад». У канцы 1962 выехаў зь Беларусі на Разаншчыну да знаёмай жанчыны, зь якой пражыў сем гадоў. Хварэў на сэрца, перанёс два інфаркты.
Памёр у пачатку 1970. Пахаваны ў пасёлку Воршава Пуцяцінскага раёну Разанскай вобласьці. Рэабілітаваны 12 ліпеня 1989.
Творчасьць
рэдагавацьПісаў вершы, апавяданьні, драматычныя творы. У 1933—1936 свае нарысы і вершы публікаваў у газэтах «Віцебскі рабочы», «Савецкая Беларусь», «Піянэр Беларусі».
У часе акупацыі напісаў свае асноўныя творы, у тым ліку п’есу «Загубленае жыцьцё» — першы антыбальшавіцкі твор у беларускай драматургіі. П’еса была пастаўленая ў 1943 годзе В. Селях-Качанскім у Менскім гарадзкім тэатры (паводле М. Сяднёва, у Віцебскім драматычным тэатры[1]). У 1952 выйшла асобным выданьнем ў Канадзе.
У 1944 апублікаваў свой першы паэтычны зборнік «Песьні выгнаньня», у які ўвайшлі вершы, напісаныя паэтам у сталінскіх лягерах.
Аўтар п’есы «У нас, на Гродзеншчыне», прысьвечанай вясковаму жыцьцю. Пісаў гумарыстычныя апавяданьні і абразкі на маральна-этычныя тэмы.
Бібліяграфія
рэдагаваць- «Песьні выгнаньня». — Менск: Выдавецтва Падручнікаў і Літаратуры для Моладзі ў Менску. Друкарня «Аўшра» ў Вільні, 1944. — 32 с. — 5000 ас.
- «Песьні выгнаньня». — выданьне 2-е, факсімільнае. — Менск: Кааперацыйнае выдавецтва «Адраджэньне», 1991. — 32 с.
- Тодар Лебяда. Плачуць ліпы на кургане: з літаратурнай спадчыны / укладаньне, прадмова, камэнтары — Сяргей Чыгрын. — Мінск: Кнігазбор, 2021. — 168 с. — ISBN 978-985-883-013-7
Музыка
рэдагавацьБеларускі бард Андрэй Мельнікаў запісаў альбом «Песьні выгнаньня (1994), больш за палову песен якога складаюць песні на вершы Тодара Лебяды.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Чыгрын, С. Тодар Лебяда пісаў апавяданні // Czasopis. — Беласток: 2011. — № 10/11.
- ^ а б Лебяда Тодар. Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина. Праверана 17 сьнежня 2011 г.
- ^ Сьвятлана Сачанка. «Я толькі кропля ў акіяне...» (Гутарка Барыса Сачанкі з Масеем Сяднёвым). / Анатоль Грачанікаў // Маладосць : часопіс. — Менск: Беларускі дом друку, 1990. — № 09 (451). — С. 160 (151 ― 168). — ISBN ISSN: 0131-2308.
Літаратура
рэдагаваць- Леанід Маракоў. «Тодар Лебяда». // «Біяграфіі». — Менск: 2012.
- Лебяда Тодар // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Янка Саламевіч. Лебяда Тодар. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9 — С. 176 — 177.
- Сяргей Чыгрын. «Вязень Нарыма». // Пакліканыя на родны парог. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2005. — С. 6 — 13.
- Сяргей Чыгрын. «Дачка Тодара Лебяды плакала ад шчасця, калі пабачыла бацькаву кнігу.» (бел.) // Народная Воля : газэта. — 06.08.2021. — № 59 (4619). — С. 7.
- Сяргей Чыгрын. «Два тыдні ў камеры-адзіночцы чакаў расстрэлу». (100 гадоў з дня нараджэння двойчы рэпрэсаванага беларускага паэта, драматурга, празаіка Тодара Лебяды (Пятра Шырокава) (1914–1970)). / Гал. рэд. Аляксей Кароль // Новы Час : газэта. — Менск: 06 студзеня 2014.
- Сяргей Чыгрын. «Сягоньня я надоўга ад'яжджаю...» (Невядомае пра Тодара Лебяду). / Гал. рэд. Мікола Гіль // Літаратура і мастацтва : газэта. — Менск: Беларускі дом друку, 01 кастрычніка 1993. — № 38 (3708). — С. 16.
- Сяргей Чыгрын. «Тодар Лебяда пісаў апавяданьні». / Гал. рэд. Анатоль Казлоў // Літаратура і мастацтва : газэта. — Менск: Літаратура і мастацтва, 06 лютага 2009. — № 05 (). — С. 12.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- «Песьні выгнаньня» на Беларускай Палічцы. Частка песень з альбомау «Песьні выгнаньня» барда Андрэя Мельнікава былі напісаны на вершы Тодара Лебяды.
- Двойчы быў рэпрэсаваны. БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ Беласток.