Ігнат Канчэўскі

Ігна́т Уладзі́меравіч Канчэ́ўскі (псэўданім — Ігна́т Абдзірало́віч; травень 1896[1] — 21 красавіка 1923[1]) — беларускі паэт, філёзаф, публіцыст, удзельнік беларускага культурна-асьветніцкага руху[2].

Ігнат Канчэўскі
Ігнат Уладзімеравіч Канчэўскі
Ігнат Канчэўскі.jpg
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Абдзіраловіч
Нарадзіўся Травень 1896 году
Памёр 21 красавіка 1923 (26 гадоў)
Пахаваны
Сужэнец Людміла Канчэўская[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці публіцыст, паэт
Гады творчасьці 1921—1923
Жанр Паэзія
Мова Беларуская
Значныя творы Адвечным шляхам (1921)
Wikisource-logo.svg Творы ў Вікікрыніцах
Творы на сайце Knihi.com

БіяграфіяРэдагаваць

НараджэньнеРэдагаваць

Канчэўскі Ігнат Уладзімеравіч нарадзіўся ў траўні 1896 году ў сям’і сакратара акруговага вайсковага суду.

Асноўныя падзеіРэдагаваць

  • У 1913 годзе скончыў Віленскую рэальную вучэльню[2].
  • У 1913—1916 гадах навучаўся ў Пецярбурскім тэхналягічным інстытуце,[2] перайшоў на гісторыка-філялягічны факультэт у Маскоўскім унівэрсытэце[1].
  • У 1916 годзе — Ігната Канчэўскага забралі ў войска, што змусіла яго прыпыніць навучаньне. Ваяваць давялося ў Румыніі, а падчас Лютаўскай рэвалюцыі ён апынуўся ва Ўкраіне. Сацыял-рэвалюцыянэр Канчэўскі ўступае ва ўкраінскае нацыянальнае войска, але пазьней пакінуў фронт[1].
  • Увосень 1917 годзе — навучаўся на вышэйшых каапэратыўных курсах пры Народным унівэрсытэце імя А. Шаняўскага, Масква[2].
  • 21 красавіка 1923 — будучы хворым на сухоты, памірае ў дваццацішасьцігадовым узросьце на акупаванай палякамі Заходняй Беларусі, у Вільні[1].

Праца й дасягненьніРэдагаваць

Працаваў у Цэнтральным саюзе ільнаводаў у Смаленску. У Савецкай Беларусі быў інструктарам Саўнаргасу ў Менску. Пазьней жыве ў Вільні й працуе ў Саюзе беларускіх каапэратараў, кіруе вучнёўскім гуртком геаграфіі ў Віленскай беларускай гімназіі. Вядома таксама, што ён захапляўся ўсходняй філязофіяй і стварыў у Вільні беларускі гурток ёгі[1].

ТворчасьцьРэдагаваць

Вершы друкаваў пад псэўданімам Ігнат Абдзіраловіч[2]. Прынамсі адзін зь вершаў Канчэўскага — «Верасьнёвае пано» — падпісаны псэўданімам Ганна Галубянка[3], але ён быў перапісаны і дасланы ў рэдакцыю братам Канчэўскага Арсенем, і зьвестак, што сам Канчэўскі меў дачыненьне да публікацыі свайго верша пад такім псэўданімам, не існуе.

Паэтычная творчасьць вызначаецца філязофскай пранікнёнасьцю ў сутнасьць народнага жыцьця, спалучэньнем прыгажосьці беларускага слова з нацыянальным сьветабачаньнем, замілаваньнем да чалавека, верай у адраджэньне й будучы росквіт Бацькаўшчыны.

Вершы й артыкулы друкаваліся ў газэтах: «Наш сьцяг», «Наша думка», «Беларускія ведамасьці», «Наша будучыня»[2]

БібліяграфіяРэдагаваць

Вядомай і бадай самай галоўнай працай Ігната Канчэўскага застаецца філязофскае эсэ «Адвечным шляхам», тэкст якога ўпершыню быў выдадзены ў Вільні ў 1921 годзе невялікім накладам, а потым каля шасьцідзесяці гадоў праляжаў у сховах спэцфондаў. Наступная публікацыя тэксту адбылася толькі ў 1988 годзе: спачатку ў часопісе «Нёман» у перакладзе на расейскую мову, а пасьля — у газэце «Супольнасьць» (№№ 4—5, 1988) і ў зборніку «Вобраз-90» у 1990 годзе.

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ а б в г д е Тацьцяна Сьлінка. Праблема Беларускай ідэнтычнасьці ў тэксьце Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам»(недаступная спасылка) // Беларускі калегіюм, 16.05.2005
  2. ^ а б в г д е Канчэўскі Ігнат // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Дубянецкі Э. — Менск: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6.
  3. ^ Вільня. Анталёгія беларускай паэзіі XX ст.

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць