Queen
Гэты артыкул патрабуе ўдакладненьня артаграфіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, адрэдагаваўшы яго (дапамога). |
Queen (па-беларуску: Каралева, прамаўляецца «Кўін») — брытанскі рок-гурт, які дамогся найшырэйшай вядомасьці ў 1970—1980-х гг. і які налічвае сотні мільёнаў прыхільнікаў па сёньняшні дзень. У Лёндане дзейнічае афіцыйны міжнародны фан-клюб. Сярод знакамітых песень Queen такія клясычныя рок-гіты, як «Bohemian Rhapsody», «We Will Rock You», «We Are the Champions», «A Kind of Magic», «The Show Must Go On» і іншыя. Шырокую вядомасьць атрымалі і відэакліпы, зьнятыя музыкамі «Queen», прычым відэакліп на песьню «Bohemian Rhapsody» лічыцца першым кліпам у гісторыі музыкі. Акрамя таго, «Queen» набылі славу адной з найвялікшых канцэртных камандаў за ўсю гісторыю року. У 1991 годзе лідэр гурту Фрэдзі Мэрк’юры памёр, з-за чаго гурт спыніў сваю дзейнасьць. Але ў 2004 годзе два музыкі Queen Браян Мэй ды Роджэр Тэйлар аб’ядналіся і запрасілі вядомага амэрыканскага сьпевака Пола Роджэрза выступіць у якасьці франтмэна Queen. Разам яны правялі сусьветнае турнэ. У 2008 годзе выйшаў новы студыйны альбом «The Cosmos Rocks».
Queen | |
Queen падчас гастроляў у Франкфурце, 1984 | |
Гады | 1971 — сёньня |
---|---|
Краіна | |
Месца ўтварэньня | Вялікабрытанія |
Мова | ангельская |
Жанр | прагрэсіў-рок, гард-рок, гэві-мэтал, поп-рок, дыска, фанк |
Выдавец | Elektra Records[d], Capitol Records[d], EMI Records[d], Hollywood Records[d], Parlophone[d], Island Records[d] і EMI[d] |
Удзельнікі | Браян Мэй, Роджэр Тэйлар |
Былыя ўдзельнікі | Джон Дыкан, Фрэдзі Мэрк’юры |
Узнагароды і прэміі | |
www.queenonline.com |
Склад гурту
рэдагаваць- Фрэдзі Мэрк’юры — сьпеў, піяніна
- Браян Мэй — гітара, сьпеў
- Роджэр Тэйлар — бубны, сьпеў
- Джон Дыкан — бас-гітара
Паходжаньне
рэдагавацьУ вытокаў заснаваньня гурту стаялі творчыя экспэрымэнты яе ўдзельнікаў: студэнты Браян Мэй і Тым Стафэл у Вялікабрытаніі ў 1964 годзе заснавалі гурт «1984» (па назьве аднайменнага рамана Джорджа Орўэла), пазьней (у 1968) ператвораны ў «Smile». Браян павесіў аб’яву ў сьценах свайго «Імпэрыял каледж». У ёй гаварылася, што гурту патрабуецца бубнач для граньня ў стылі Мітча Мітчэла і Джынджэра Бэйкера. На яго адгукнуўся студэнт стаматалягічнага факультэта Роджэр Тэйлар. Ён тады паказаўся Мэю і Стафэлу найлепшым варыянтам, пераканаўшы іх дакладнасьцю налады барабанаў. Галоўным дасягненьнем «Smile» стала выступленьне на разагрэве ў «Pink Floyd». Аднак з-за напружанай вучобы і адсутнасьці якога б там ні было мэнэджмэнту вясной 1970 трыо распалася: Тым Стафэл пакінуў гурт.
Мэй і Тэйлар не зьбіраліся кідаць музычную кар’еру і падзяліліся сваімі творчымі амбіцыямі зь сябрам і суседам па пакоі Стафэла Фарухам Булсарай (які пазьней узяў псэўданім Фрэдзі Мэрк’юры). Ён часта наведваў выступы «Smile», але Мэй і Стафэл нават не падазравалі, што ён наогул ўмее сьпяваць. Фрэдзі меў вельмі дакладнае ўяўленьне, якімі павінны быць выступы і сцэнічная работа гурту. Патрапіўшы ў склад новага калектыву, ён прыдумаў для яго назву «Queen» і распрацаваў лягатып. Цяпер гурт складаўся з вакаліста-клявішніка, гітарыста і ўдарніка.
Першапачаткова на ролю бас-гітарыста быў запрошаны стары знаёмы Роджэра Тэйлара па Корнуольскаму гурту «The Reaction» Майк Гроўз (па-ангельску: Mike Growse), які выступіў на першых двух канцэртах гурту (27 чэрвеня ў гарадзкім зале г. Труро (па-ангельску: Truro City Hall, Truro) і 18 ліпеня ў «Імпэрыял каледжы»). Пасьля яго замяніў вельмі адораны басіст Бары Мітчэл (анг. Barry Mitchell). Але, стаміўшыся ад музычнага бізнэсу, ён пакінуў гурт ў пачатку 1971 году. Толькі два выступленьні пратрымаўся наступны басіст гурту, Даг Багі (анг. Doug Bogie). У лютым 1971 году на лёнданскай дыскатэцы Браян Мэй і Роджэр Тэйлар пазнаёміліся з дасьведчаным ўжо ў тыя гады бас-гітарыстам Джонам Дыканам, які прыехаў на вучобу ў Лёндан з роднага гораду Лэстэр. Прайшоўшы праслухоўваньне, Джон заняў пазыцыю басіста гурту і стаў чацьвёртым пастаянным зьвяном у складзе, які пратрымаўся без малога 21 год.
Гісторыя творчасьці
рэдагавацьХоць некаторыя крытыкі адзначаюць у раньняй творчасьці гурту ўплыў іншых калектываў, матэрыял, запісаны «Queen», з самага пачатку адрозьніваўся ўласным стылем, які ствараўся за кошт мудрагелістых аранжыровак, непаўторнага гуку электрагітары Браяна і праніклівых вакальных партыяў. Сам Мэрк’юры ня раз адзначаў, што іх гурт «вырас» на «Led Zeppelin» і Джымі Гэндрыксе.
1973 — год выхаду першага альбома «Queen» з аднайменнай назвай, у які была ўключана песьня «Doing All Right» з рэпэртуару трыё «Smile». Аднак стаўку хлопцы зрабілі на песьню «Keep Yourself Alive», выпусьціўшы яе дэбютным сынглам (1973). Гэты альбом запісваўся на працягу двух гадоў, у тыя моманты, калі студыя гуказапісу была вольная, паралельна з вучобай удзельнікаў гурту. У гэтым жа годзе «Queen» даў першыя самастойныя канцэрты ў Вялікабрытаніі, Нямеччыне і Люксэмбургу. Да гэтага яны ўдзельнічалі ў турнэ іншых гуртоў на разагрэве.
1974 — альбом «Queen II» стаў першым прарывам і заняў пятае месца ў брытанскім гіт-парадзе, нягледзячы на тое, што водгукі крытыкаў былі адмоўнымі. Альбом абвінавачваўся ў недаробленасьці і несамастойнасьці, аднак, па сьведчаньні Браяна Мэя, ніхто з гурту не лічыў альбом дрэнным [1].
Альбом гэтага ж году «Sheer Heart Attack» дайшоў да другога радка чартаў ў Вялікабрытаніі. Кампазыцыі альбома («Killer Queen», «Now I'm Here») адносяцца да гітоў гурту, а «Stone Cold Crazy» лічыцца клясыкай гэві-мэталу (пазьней увайшла ў рэпэртуар гурту «Metallica»). Гурт паўдзельнічаў у аўстралійскім Sunbury Music Festival і даў першыя канцэрты ў Швэцыі і Фінляндыі. Калектыў выпусьціў свой першы відэазапіс на песьню — «Killer Queen».
1975 — альбом «A Night at the Opera» зрабіў фурор, яго дагэтуль называюць найвялікшым творам «Queen». Розныя крыніцы паказваюць гэты альбом у ліку найлепшых альбомаў сучаснай музыкі [2][3]. Альбом заняў 230 радок ў «сьпісе 500 найлепшых альбомаў усіх часоў паводле вэрсіі Rolling Stone». У Ангельшчыне альбом стаў чатыры разы плятынавым.
Самай вядомай песьняй гэтага альбома зьяўляецца «Bohemian Rhapsody» — доўгая шасьціхвілінавая кампазыцыя, якая злучыла ў сабе рысы рок і поп-музыкі, опэры і асобныя матывы фальклёру. Стандартнай працягласьцю сынгла ў тыя гады лічылася тры хвіліны, але «Queen» стварылі песьню працягласьцю шэсьць хвілін. Праз чвэрць стагодзьдзя ў Вялікабрытаніі яе назвалі песьняй тысячагодзьдзя. На гэтую песьню быў зьняты відэакліп, які паводле апытаньня, арганізаванага тэлефоннай кампаніяй O2, брытанцы лічаць найлепшым кліпам усіх часоў[4]. У кліпе ўжытыя аптычныя спэцэфэкты: здымка праз шасьцігранную прызму і дубліраваньне твараў музыкаў. Да гэтага ж альбому былі зьнятыя кліпы «You're My Best Friend» і «Love of My Life», апошняя, дарэчы, у тым самым канцэртным варыянце з гітарай. У падтрымку альбома «Queen» дае канцэрты ў ЗША, Канадзе, Японіі і ў Вялікабрытаніі.
1976 — альбом «A Day at the Races», які стаў лягічным працягам «A Night At The Opera», выклікаў абурэньне ў крытыкаў. «Queen» абвінавачвалі ў бясплоднай спробе паўтарыць папярэдні альбом, і яго ўплыў сапраўды прыкметны. Браян Мэй казаў, што ўсе песьні рыхтаваліся адначасова, проста адны выйшлі ў 1975, а іншыя — у 1976 годзе. Тым ня менш, «A Day At The Races» заняў 1 месца ў брытанскім гіт-парадзе, а песьня «Somebody to Love» стала гітом. Скарочаная вэрсія кампазыцыі «Tie Your Mother Down» з тых часоў гралася на большасьці канцэртаў «Queen». Акрамя таго, да «Somebody To Love» і «Good Old-Fashioned Lover Boy» былі зьнятыя кліпы. Гурт дае грандыёзны бясплатны канцэрт у Гайд-парку, зьбіраючы каля 170 тысячаў чалавек, правёў турнэ па Шатляндыі, ЗША, Японіі і Аўстраліі.
1977 — выйшла пласьцінка «News of the World», у якой «Queen» мяняюць курс на больш жорсткую і часам агрэсіўную музыку[5]. Гэты дыск прынёс гурту 3 супэргіта — «We Will Rock You», «Spread Your Wings» і «We Are the Champions», але ў астатнім быў не гэтак пасьпяховы, дайшоў да чацьвёртага радка ў Вялікабрытаніі і 3-га ў ЗША. Гурт зноў даў канцэрты ў Швэцыі, правёў туры па Паўночнай Амэрыцы і Эўропе.
1978 — выйшаў «Jazz» — самы скандальны альбом гурту. Ён адрозьніваецца больш лёгкім саўндам, таму абвінавачваўся крытыкамі ў «папсовасьці». Аднак галоўнай падставай для скандалу стаў кліп да песьні «Bicycle Race», у якім дэманстраваліся дзясяткі аголеных дзяўчат на роварах. Кліп забаранілі да паказу ў ЗША як парнаграфічны.
Пад першым нумарам на пласьцінцы ішла кампазыцыя «Mustapha», якая прадстаўляла сабой вакальны экспэрымэнт Мэрк’юры на пэрсыдзкай мове пад магутны гітарны саўнд. «Let Me Entertain You» апынулася бліжэй да гэві-мэталу, але выдатна ўпісалася ў гэты альбом. Ударны трэк дыска — «Don't Stop Me Now» — адна з найлепшых песень «Queen», напісаных Фрэдзі Мэрк’юры. Гэта зарад энэргіі, які затым патрапіць і ў зборнік «Greatest Hits». На «Fat Bottomed Girls», «Bicycle Race» і «Don’t Stop Me Now» былі зьнятыя відэакліпы. Стыльная вокладка альбома была навеяная малюнкам на бэрлінскай сьцяны, які ўбачылі музыкі падчас паездкі па горадзе. Нягледзячы на крытыку, «Jazz» падняўся да другога радка ў гіт-парадзе Вялікабрытаніі і да шостага ў гіт-парадзе ЗША.
1979 — убачыў сьвет «Live Killers» — канцэртны зборнік «Queen», у які ўвайшлі канцэртныя вэрсіі самых вядомых песень гурту. Ён выходзіць замест новага студыйнага альбома — музыканты прысьвячаюць сябе канцэртам. Мэрк’юры ўпершыню выйшаў на сцэну з гітарай Fender Telecaster, для таго каб выканаць новую кампазыцыю «Crazy Little Thing Called Love», адзіную песьню, на якой Мэрк’юры гуляе на гітары, якая хутка ўвойдзе ў альбом «The Game», а пакуль выпушчаная ў выглядзе сынгла.
Ужо праз год усе ўбачаць зусім іншы «Queen», гурт, які стане ўвасабленьнем рок-музыкі 1980-х і адным з самых папулярных па гэты дзень калектываў у сьвеце.
З 1980 пачынаецца новы пэрыяд у творчасьці «Queen». На працягу наступных 6 гадоў гурту будзе распрацоўваць свой уласны стыль, цалкам адрозны ад таго, што музыкі дэманстравалі ў папярэдняе дзесяцігодзьдзе. Гурт паступова адышоў ад глэм-рока, а Мэрк’юры змяніў свой ранейшы сцэнічны выгляд: пастрыгся, адгадаваў вусы, перастаў выступаць у трыко.
1980 — выйшаў альбом «The Game». Ён адкрыў новую эру ня толькі ў творчасьці гурту, але і ва ўсёй рок-музыцы. Мэрк’юры лічыў яго найлепшым альбомам гурту. Гурт адмовіўся ад сваіх прадузятасьцяў і запісаў альбом з выкарыстаньнем сынтэзатара. Да гэтага сынтэзатары прынцыпова і дэкляратыўна (з надпісам NO SYNTHESIZERS на вокладцы) адпрэчваліся як не зьвязальны са стылем і гучаньнем гурту інструмэнт, які зь лёгкасьцю замянялі шматлікія накладаньня гуку гітары Мэя «Red Special» і ўзмацняльніка «Deacy» (падарунак Джона Дыкана). Кампазыцыі з гэтай пласьцінкі нязьменна гучалі на кожным канцэрце, а некаторыя зь іх належаць да найлепшых створаных «Queen».
«Play the Game» — тытульная песьня кружэлкі, суправаджалася некалькі незвычайным кліпам. На заднім пляне ў ім гарыць агонь, у якім пасьля раствараюцца музыкі — адно зь першых ужываньняў кампутарнай графікі. Канцэртную вэрсію «Play the Game» Мэрк’юры іграў на раялі. Асаблівым посьпехам карысталася песьня Дзікана «Another One Bites the Dust». Гэтая рэч адносіцца да неўласьцівага для «Queen» стылю. Яго можна назваць дыска-фанк. «Another One Bites the Dust» — вызначана як адна з самых удалых песень гурту, запамінаецца басовымі партыямі і характэрным вакалам. Мэрк’юры сам вельмі любіў гэтую песьню, і ўвесь альбом распрацоўваўся з улікам яе характару. Ідэя сябе апраўдала — «The Game» быў пабудаваны тэматычна, а не зьяўляўся проста складанкай песень. Тады ж гурт запісаў музыку да фантастычнага фільму «Флэш Гордан». Ён быў нядрэнна прыняты ў Вялікабрытаніі, але праваліўся ў амэрыканскім пракаце. У «Flash Gordon» гурт ўпершыню выкарыстаў сынтэзатар як дамінуючы інструмэнт і зрабіў гэта вельмі прафэсійна.
1981 — выпушчаны зборнік «Greatest Hits». Разам з Дэйвідам Боўі запісаная песьня «Under Pressure», якая спачатку была выпушчаная ў выглядзе сынгла, але ўжо карысталася вялікім посьпехам, дасягнуўшы першай пазыцыі як у Ангельшчыне, так і ў шэрагу іншых краінаў.
1982 год адзначыўся грандыёзнымі канцэртнымі турнэ: «Queen» даў каля 70 канцэртаў у Вялікабрытаніі, Заходняй Эўропе, ЗША, Канадзе і Японіі). Выйшаў новы альбом «Hot Space», галоўным гітом якога стала тая самая «Under Pressure», выкананая з Дэвідам Боўі. Брытанскае тэлебачаньне зьняло фільм пра канцэрт, які ў 2004 годзе зьявіўся пад назвай «Queen on Fire - Live at the Bowl».
1983 — гурт ненадоўга прыпыніў працу, усе музыкі працавалі над сольнымі праектамі.
1984 — альбом «The Works» заняў другое месца ў гіт-парадах Вялікабрытаніі. Песьня «Radio Ga Ga» ўзначаліла гіт-парады ў 19 краінах сьвету. Буру эмоцый выклікаў відэакліп, зьняты на песьню «I Want to Break Free». Асноўная частка сюжэту кліпа разгортваецца ў дэкарацыях папулярнага брытанскага тэлесэрыяла «Coronation Street», а музыкі гурту апрануты ў строі жаночых пэрсанажаў сэрыяла. Скандальнасьць кліпа, зрэшты, не перашкодзіла самой песьні стаць афіцыйным гімнам Афрыканскага Нацыянальнага Кангрэсу. Гурт выступіў на фэстывалі «Golden Rose» у Монтрэ, запіс можна ўбачыць на DVD «Greatest Video Hits II».
1985 — «Queen» удзельнічаў у фэстывалі «Rock in Rio». Пазьней гэты выступ зьявіўся на DVD, як і адгулялі 11 траўня канцэрт у Токіё. 13 ліпеня 1985 гурт з трыюмфам выступіў на маштабным дабрачынным канцэрце «Live Aid». Праз 20 гадоў гэты выступ прызналі найлепшым з прасьпяваных выканаўцамі «ўжывую». Пасьля гэтага канцэрту Браян Мэй сказаў, што менавіта тады адчуў сапраўдны гонар за сваю працу. «„Queen“ — найлепшы гурт ў сьвеце на сёньняшні дзень!» — заявіў гітарыст.
1986 — «Queen» напісаў саўндтрэк да фантастычнага фільма «Горац» і паклаў яго ў аснову свайго новага альбома «A Kind Of Magic». Альбом карыстаўся вялізарным посьпехам. Музыкі арганізавалі «Magic Tour» — сэрыю канцэртаў па ўсёй Эўропе. Тры самых грандыёзных канцэрта ў Лёндане, Нэбуорце і Будапэшце сабралі {400 000 чалавек, а канцэрт у Будапэшце стаў першым выступленьнем заходняга рок-гурту ў гісторыі Ўсходняй Эўропы наогул і Вугоршчыны ў прыватнасьці. Сам тур прыцягнуў каля мільёна чалавек па ўсёй Эўропе. Нічога падобнага ня ведаў ні адзін рок-гурт або рок-сьпявак з часоў бітламаніі 1960-х гадоў. Апошні канцэрт тура і гурту з Мэрк’юры адбыўся 9 жніўня 1986 году ў Нэбуорце (графства Хёртфордшыр) і сабраў прыблізна 120 000 — 140 000 чалавек. «Magic Tour» стане апошнім канцэртным турам гурту. З гэтага году пачаліся чуткі аб хваробе Мэрк’юры. Ён адмаўляў гэта, спасылаючыся на свой здаровы вонкавы выгляд.
1989 — альбом «The Miracle» вельмі рэзка адрозьніваецца ад усіх папярэдніх работ. У Мэрк’юры трохі зьмяніўся голас, ён пагаліў вусы і стаў апранацца больш строга. Разам з альбомам выйшла адразу пяць сынглаў. Выхад кліпаў падаграваў чуткі пра хваробу Мэрк’юры, якія актыўна аспрэчваліся як музыкамі гурту, так і самім Мэрк’юры. Вокладка «The Miracle» таксама стала падставай для спрэчак, але, хутчэй за ўсё, менавіта з-за магчымай хваробы сьпявака. Тытульнай песьняй альбома стала пяціхвілінная кампазыцыя «The Miracle». Зьмяненьне голасу, магчыма, адбылося з-за непасрэднага ўплыву хваробы, але дакладна вядома, што ў пачатку 1990 Мэрк’юры кінуў паліць у сувязі з хваробай лёгкіх.
1990 — не зьяўлялася ніякай інфармацыі пра гурт, усе яго ўдзельнікі паведамлялі, што «усё нармальна», аднак гэтак рэзкая зьмена стылю жыцьця і іміджу выклікала заканамернае зьдзіўленьне і трывогу фанатаў. «Queen» атрымала музычную прэмію «Brit Awards», і гэты выхад апынецца апошнім зьяўленьнем Мэрк’юры на публіцы. Ён ня стаў прамаўляць, сказаўшы проста: «Thank you, good night» («Дзякуй, добрага вечара»).
1991 — апошні год фактычнага існаваньня «Queen». Незадоўга да сьмерці Мэрк’юры выйшаў альбом «Innuendo» («Ускосны намёк»). Многія лічаць яго адным з найбольш выбітных твораў «Queen». Альбом адкрываецца песьняй, якая так і называецца — «Innuendo». Па сваёй кампазыцыі яна нагадвае «Bohemian Rhapsody» — усё тыя ж шэсьць хвілін замест стандартных трох, спалучэньне розных музычных кірункаў. Гэты трэк стаў яшчэ адным адыходам ад прынцыпаў: акрамя адсутнасьці сынтэзатараў на ўсіх альбомах дэкляравалася, што ўсе трэкі выкананы выключна Queen, без прыцягненьня сэсійных музыкаў. Фрагмэнт, пазначаны Spanish Minstrel Guitars, згуляны Стывам Хаў, былым гітарыстам Yes. На другую песьню — «I'm Going Slightly Mad» — быў зьняты гратэскавы чорна-белы відэакліп з удзелам пінгвінаў і актора, апранутага ў гарнітур гарылы. Аднак самай вядомай песьняй альбома, па-за ўсякім сумневам, зьяўляецца апошняя — «The Show Must Go On», у якой лірычны герой задаецца пытаньнем пра сэнс існаваньня і выказвае надзею на здабыцьцё фізычнай і душэўнай свабоды пасьля сьмерці. У яе прыпеве пры даслоўным перакладзе гаворыцца:
- Шоў павінна працягвацца.
- Маё сэрца расколваецца,
- Мой грым абсыпаецца,
- Але мая ўсьмешка застаецца.
«The Show Must Go On» — адна з самых вядомых песень «Queen». Але, ня ведаючы гісторыю гурту, немагчыма зразумець, якіх намаганьняў каштаваў Мэрк’юры яе запіс. Голас Мэрк’юры не выдае яго хваробы. Цяжка ўявіць, як можна выконваць такую песьню, ведаючы аб хуткай сьмерці. Напісаная Браянам Мэем, яна, здаецца, была створана спэцыяльна для Мэрк’юры. У кліпе на гэтую песьню, зьлепленых з кавалачкаў ранейшых відэа гурту, Мэрк’юры ці ледзь не ўпершыню зьяўляецца на нейкія пару сэкунд не ў вобразе мачо або блазна, або грамабоя — проста вельмі лагодная ўсьмешка, гэтакі зьдзіўлены дабрак падморгвае: маўляў, і сам не верыць, што ўсё гэта было менавіта зь ім. Але пры гэтым толькі маленечкая частка яго жыцьця змагла зьмясьціцца ў некалькіх хвілінах яго апошняга кліпа.
Песьня «The Show Must Go On» увайшла ў сотню найлепшых песень XX стагодзьдзя. Яна мае незьлічоную колькасьць кавэр-вэрсіяў. Перад самай сьмерцю Мэрк’юры распарадзіўся перадаць усе даходы ад перавыданьня песьні «Bohemian Rhapsody» дабрачыннаму фонду Тэрэнса Гігінза па барацьбе з СНІДам. Быў выпушчаны сынгл «Bohemian Rhapsody»/«These Are the Days of Our Lives» з двума бакамі А. Гэта быў першы ў сьвеце музыкі выпадак, калі адна і тая ж песьня займала 1-е месца гіт-парадаў двойчы, у розных дзесяцігодьдзях. Незадоўга да сьмерці Фрэдзі прымусіў Браяна Мэя выпусьціць сольны сынгл «Driven By You», матывуючы тым, што гэта самы ўдалы момант. 23 лістапада 1991 Фрэдзі паведаміў сьвету, што ён сапраўды быў хворы СНІДам, а роўна празь дзень ён памёр у сваім Кёнсінгтанскам асабняку.
1992 20 красавіка на лёнданскім стадыёне Ўэмблі адбыўся канцэрт памяці Фрэдзі Мэрк’юры, арганізаваны застаўшыміся музыкамі гурту. У той дзень на сцэну выйшлі тыя, каго Мэрк’юры лічыў сваімі сябрамі, з кім працаваў асабіста: Джо Эліёт, Джордж Майкл, Эксл Роўз, Элтан Джон, Джэймз Гэтфілд, Робэрт Плант, Дэйвід Боўі, Сіл, Роджэр Долтры , Эні Ленакс, Ліса Стэнсфілд і любімая акторка Мэрк’юры — Лайза Мінэлі. Спайк Эдні, які адыграў на клявішных мноства канцэртаў з «Queen», назваў гэты канцэрт «Fred Aid», нагадваючы аб фэнамэнальным выступе «Queen» ў 1985 годзе на «Live Aid».
1995 Выйшаў альбом «Queen» пад назвай «Made in Heaven» («Зроблена на нябёсах»), складзены зь сэсійных запісаў гурту вясны 1991 году, выкананых у студыі Mountain, двух зноўку аранжыраваных кампазыцый Мэрк’юры зь яго сольнага альбому «Mr. Bad Guy» («Made in Heaven», «I Was Born to Love You»), адной кампазыцыі гурту Роджэра Тэйлара The Cross («Heaven for Everyone») і некаторых кампазыцый, якія да гэтага ня выходзілі ў сьвет. Характэрна, што «A Winter's Tale» — апошняя кампазыцыя, напісаная Мэрк’юры, а «Mother Love» стала апошнім запісам вакалу Мэрк’юры.
Гурт пасьля сьмерці Фрэдзі Мэрк’юры
рэдагавацьПасьля сьмерці Мэрк’юры на асобных канцэртах і запісах Queen саліравалі Джордж Майкл, Робі Ўільямз і гурт «Five», прадстаўнік брытанскага блюз-року Полам Роджэрзам (праект «Queen + Paul Rodgers. Return of the Champions»).
Джон Дыкан адмовіўся ад удзелу ў новым складзе, заявіўшы: «Няма сэнсу працягваць. Замяніць Фрэдзі немагчыма». Пасьля 1995 году ён спыніў сваю музычную кар’еру, толькі аднойчы зьявіўся ў 1997 на здымках кліпа да песьні «No-One But You».
У 2002 годзе ў Лёндане быў прадстаўлены мюзыкл «We will Rock You», створаны на аснове музыкі «Queen». Мюзыкл меў посьпех, быў пастаўлены ў розных краінах, у прыватнасьці ў Маскве з кастрычніка 2004 па люты 2005 году.
У 2006 Браян Мэй абвясьціў, што разам з Полам Роджэрзам будзе запісаны новы студыйны альбом[6]. 31 сьнежня 2007 выйшаў новы сынгл гурту «Say It's Not True»[7], напісаны Тэйларам. Песьня ўжо выконвалася на канцэртах гурту, і гэта стаў першы студыйны сынгл гурту, запісаны з Полам Роджэрзам. Сынгл дасягнуў 90-га месца ў брытанскім чарце.
У 2008 арганізаваны новы тур гурту[8]. Эўрапейскае турнэ адкрылася дабрачынным канцэртам у Харкаве. Канцэрт пад назвай «Life must go on!», Арганізаваны ўкраінскім Фондам Алены Франчук (Пінчук) «антыСНІД», адбыўся ўвечары 12 верасьня на другой па велічыні ў Эўропе і сёмай у сьвеце гарадской плошчы — Плошчы Свабоды, і сабраў самую вялікую, паводле ацэнак міжнародных экспэртаў, за ўсю гісторыю гурту аўдыторыю — 350 тысячаў чалавек. Было сыграна 28 кампазыцый. Гітарыст Браян Мэй заявіў, што ўпершыню «Queen» сабраў столькі людзей на адным канцэрце[9] і напісаў у той жа дзень у сваім блогу: "Гэта было першае шоў тура … Для 350000 харкаўчан .. У гэта цяжка паверыць … Гэта не апіскі … Больш за чвэрць мільёна выдатных жыхароў Харкава сабраліся на плошчы Свабоды і запалілі нас! Яны скандавалі, сьмяяліся, крычалі і плакалі … Гэта была сустрэча, якую цяжка сабе ўявіць. Мы былі натхнёныя, ўзрушаны і нават часам занадта эмацыйныя … Гэта быў канцэрт з кучай спантанных і часам безразважных момантаў[10] ". Уваход на плошчу быў бясплатным і музыкі не атрымалі ганарар за выступ — бок, які прымаў, толькі аплаціў выдаткі на правядзеньне канцэрту і знаходжаньне[11][12].
15 верасьня і 16 верасьня 2008 году прайшлі канцэрты «Queen + Paul Rodgers» у Расеі, у Маскве, у спартовым комплексе Алімпійскі[13].
У кастрычніку 2011 году ўдзельнікі гурту паведамілі[14] аб намеры выпусьціць новы альбом з раней нявыдадзеных запісаў з вакалам Фрэдзі Мэрк'юры, але пазьней адмовіліся ад гэтай ідэі.
6 лістапада 2011 г. ўдзельнікі гурту выступілі на цырымоніі MTV Europe Music Awards. У ролі саліста выступіў Адам Ламберт[15]. Некалькі музычных газэт апублікавалі паведамленьні аб тым, што, па словах Ламберта, у 2012 годзе адбудзецца яго турнэ з гуртом[16], але пазьней сам Ламберт абверг гэтыя чуткі ў сваім твітэры[17]. 3 ліпеня 2012 Queen з Адамам Ламбертам ў якасьці вакаліста далі канцэрт у Маскве[18]. 7 ліпеня яны таксама плянавалі выступіць на фэстывалі Sonisphere ў Нэбуорт, аднак мерапрыемства было адменена[19].
Музычны стыль
рэдагавацьГісторыкі рок-музыкі адносяць Queen да катэгорыі гард-року і глэм-року, характэрнага для 1970-х. Іх часта параўноўвалі з такімі сучасьнікамі, як Led Zeppelin, Дэйвід Боўі, Roxy Music. Queen пачыналі як традыцыйны гард-рок-гурт, аднак экспэрымэнты прыўносілі ў іх музыку элемэнты з напрамкаў, далёкіх ад року. Як адзначае крытык Філіп Аўсьляндэр, некаторыя песьні Queen «межавалі з прэтэнзіяй на джаз ці клясычную музыку». Пітэр Баклі называе музыку Queen «камбінацыяй гард-року, артыстызму і поп-музыкі, якая апярэдзіла свой час».
Яркай асаблівасьцю гучаньня гурту зьяўляецца хор з усіх яго ўдзельнікаў, які стаў візытнай карткай гурту. Найбольш ўдалае гучаньне гэтага хору ёсьць у альбомах «A Night at the Opera» і «A Day at the Races». Іншай яркай рысай гурту зьяўляюцца розныя шматгалосныя партыі для аднаго чалавека (напрыклад, для песьні «Bohemian Rhapsody» Мэрк’юры запісваў свой голас 180 разоў).
Дасягненьні
рэдагаваць- У 2000 годзе ў выніку апытаньня, у якім прыняло ўдзел больш за 190 тысячаў чалавек, «Bohemian Rhapsody» была названая найлепшай песьняй тысячагодьдзя, апярэдзіўшы «Imagine» Джона Ленана. Дзясятае месца ў гэтым гіт-парадзе заняла песьня «Under Pressure»[20].
- 2002 год. Кніга рэкордаў Гінэса: найлепшы сынгл Вялікабрытаніі за 50 гадоў («Bohemian Rhapsody»)
- У 2005 годзе 3500 аматараў музыкі паставілі Фрэдзі Мэрк’юры на другое месца ў сьпісе найлепшых вакалістаў усіх часоў і народаў, Браян Мэй заняў сёмае месца ў рэйтынгу найлепшых гітарыстаў, Роджэр Тэйлар стаў восьмым сярод ударнікаў[21].
- У 2006 годзе зборнік «Greatest Hits» быў прызнаны самай прадаванай пласьцінкай Вялікабрытаніі. Агулам у краіне было прададзена 5,4 мільёну[22].
- У 2006 годзе зборнік «Greatest Hits» быў прызнаны самым часта пампаваным альбомам у iTunes Store. У цэлым запампавана 2,27 мільёну разоў.
- У 2007 годзе больш за 20 тысячаў слухачоў BBC абралі «Queen» найлепшым брытанскім рок-гуртом усіх часоў[23].
- Песьня «We Are the Champions» прызнана самай папулярнай у сьвеце (апытаньне праводзілася кампаніяй Sony Ericsson, у ім прынялі ўдзел больш за 700 тысячаў чалавек з розных краінаў).
- Гурт «Queen» атрымаў зорку на Галівудзкай алеі славы за дасягненьні і ўнёсак у галіне музыкі.
Queen — першы гурт…
рэдагавацьQueen — першы гурт…
- … Які меў адначасова адразу чатыры сваіх альбомы ў дваццатцы найлепшых альбомаў Вялікабрытаніі: «Queen», «Queen II», «Sheer Heart Attack», «A Night at the Opera» — у 1975 годзе;
- … Выпусьціў сапраўдны зборнік сваіх відэакліпаў: «Greatest Flix»;
- … Для якога кампанія Walt Disney зрабіла анімацыю для відэакліпа («A Kind of Magic»);
- … Брытанскі гурт, які атрымаў амэрыканскую ўзнагароду «Billboard» за песьню «Another One Bites the Dust» адначасова ў трох катэгорыях — Disco, Rock/Pop і R&B;
- … 10 альбомаў якога занялі 10 верхніх радкоў аргентынскага чарта за адзін тыдзень;
- … Кожны ўдзельнік якога напісаў хоць бы адзін гіт, які трапіў у 10-ку сынглавага чарта Вялікабрытаніі;
- … Сынглы якога займалі першы радок брытанскага чарта сынглаў на працягу чатырох дзесяцігодьдзяў запар (70-я, 80-я, 90-я і 2000-я)
Лягатып
рэдагавацьФрэдзі Мэрк’юры, які меў спэцыяльнасьць дызайнэра, стварыў для гурту ўласны лягатып незадоўга да выпуску першага альбома. На ім намаляваныя знакі задыяку ўсіх музыкаў гурту: 2 львы з каронамі на галовах абазначаюць знакі Льва Джона Дыкана і Роджэра Тэйлара, краб, які сымбалізуе Рака Браяна Мэя і дзьве фэі, якія абазначаюць знак Панны самога Мэрк’юры. Львы стаяць па баках вялікай чырвонай літары «Q», унутры якой знаходзіцца карона, на літары ляжыць краб. Каля львоў знаходзяцца фэі. Над усімі фігурамі ўзвышаецца сімург, намаляваны ў стылі брытанскай геральдыкі з крыламі з шыпамі, які сымбалізуе ўладу над небам і зямлёй. Лягатып нагадвае сабой Каралеўскі герб Вялікабрытаніі.
Лягатып часта выкарыстоўваўся гуртом. Практычна ўсе вокладкі альбомаў ўпрыгожаны ім як з унутранага боку, так і з вонкавага. Таксама ён знаходзіўся на бас-барабане ўсіх канцэртаў гурту да тура да альбому «Jazz» і на канцэрце памяці Фрэдзі Мэрк’юры «The Freddie Mercury Tribute Concert» (таксама над сцэнай знаходзіўся гіганцкі Сімург з герба).
Дыскаграфія
рэдагаваць- Queen (1973)
- Queen II (1974)
- Sheer Heart Attack (1974)
- A Night at the Opera (1975)
- A Day at the Races (1976)
- News of the World (1977)
- Jazz (1978)
- The Game (1980)
- Flash Gordon (1980)
- Hot Space (1982)
- The Works (1984)
- A Kind of Magic (1986)
- The Miracle (1989)
- Innuendo (1991)
- Made in Heaven (1995)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Albums: Queen II Архіўная копія ад 21 мая 2012 г.
- ^ Top 100 Greatest Albums Архіўная копія
- ^ Beatles 'Pepper tops album poll
- ^ It's A Rhap! Queen Vid Voted Best Of All Time. Sky News (8 красавіка 2007). Архіўная копія ад 8 сьнежня 2008 г.
- ^ Критический обзор. Washington Post. Архіўная копія ад 28 літсапада 2011 г.
- ^ # 06 Brian’s Soapbox Aug 06 Архіўная копія ад 24 мая 2012 г.
- ^ Queen
- ^ Queen to tour in early 2008, according to lighting engineer Архіўная копія
- ^ Газэта «Время» № 167, 15 верасьня 2008, стар.1
- ^ УНІАН — Харків — Queen приголомшений (фота)
- ^ Life must go on! Queen + Paul Rodgers Support the Call With ANTIAIDS Concert In Kharkov Freedom Square (анг.). Queenonline.com. Архіўная копія
- ^ Lenta.ru: Queen дадуць дабрачынны канцэрт у Харкаве
- ^ Першыя канцэрты другога тура Queen + Paul Rodgers (анг.) Архіўная копія
- ^ Lenta.ru: Музыка: Гурт Queen выпусьціць новы альбом з вакалам Мэрк’юры
- ^ Адам Ламберт стаў на час вакалістам гурту Queen
- ^ Гурт Queen знайшла сабе новага вакаліста
- ^ Твітэр Адама Ламберта
- ^ QUEEN ROCKS RU|Цэнтральны сайт Queen. Канцэрты QUEEN ў Маскве — QUEEN выступіць у Маскве разам з Адамам Ламбертам
- ^ Cancellation Nixes Adam Lambert and Queen Gig (анг.). Rolling Stone (29 сакавіка 2012). Праверана 16 лютага 2015 г.
- ^ Першаму гіт-параду плянэты споўнілася 50 гадоў
- ^ Zeppelin voted 'ideal supergroup '
- ^ Любімым альбомам брытанцаў стаў зборнік хітоў Queen
- ^ Queen Voted Best British Band Of All Time Архіўная копія ад 17 студзеня 2009 г.
Літаратура
рэдагаваць- Скай Р. Фредди Меркьюри. — М.: 1993.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйны сайт (анг.)