1984 (раман)
«1984» (па-ангельску: Nineteen Eighty-Four, «Тысяча дзевяцьсот восемдзесят чацьвёрты») — раман-антыўтопія Джорджа Орўэла, выдадзены ў 1949 годзе. «1984» нароўні з такімі творамі, як «Мы» Яўгена Замяціна (1920), «Дзіўны новы сьвет» Олдаса Гаксьлі (1932) і «451 градус па Фарэнгейце» Рэя Брэдбэры (1953), лічыцца адным з найвядомейшых твораў у жанры антыўтопіі, якія папярэджваюць пра пагрозу таталітарызму.
1984 | |
Nineteen Eighty-Four | |
Вокладка першага выданьня рамана | |
Жанр: | раман-антыўтопія |
---|---|
Аўтар: | Джордж Орўэл |
Мова арыгіналу: | ангельская |
Год напісаньня: | 1949 |
Публікацыя: | 1949 |
Асобнае выданьне: | 8 чэрвеня 1949 |
Выдавецтва: | Secker and Warburg |
Перакладчык: | Сяргей Шупа |
Папярэдні твор: | Фэрма[d] |
У 2009 годзе газэта «The Times» уключыла раман «1984» у сьпіс 60 найлепшых кніг, апублікаваных за апошнія 60 гадоў[1], а часопіс «Newsweek» паставіў раман на другое месца ў сьпісе ста найлепшых кніг усіх часоў і народаў[2].
Назва раману, яго тэрміналёгія й нават імя аўтара пасьля сталі хадзячымі і ўжываюцца для азначэньня грамадзкага ўкладу, які нагадвае апісаны ў «1984» таталітарны рэжым. Неаднаразова падпадаў пад цэнзуру ў сацыялістычных краінах і станавіўся аб’ектам крытыкі з боку левых колаў на Захадзе.
Гісторыя стварэньня
рэдагавацьУ лісьце свайму выдаўцу Фрэду Ўорбургу ад 22 кастрычніка 1948 году Орўэл паведаміў, што першая думка пра раман паўстала ў яго ў 1943 годзе[3]. Раман быў напісаны ў 1947—1948 гадах і ўпершыню апублікаваны 8 чэрвеня 1949 году. У 1953, 1956 і 1984 гадах па ім былі зьнятыя аднайменныя фільмы. Да 1989 году раман быў перакладзены на больш за 65 моваў сьвету.
Асобы
рэдагавацьАсноўныя асобы
рэдагаваць- Ўі́нстан Сьмі́т (па-ангельску: Winston Smith) — галоўны герой, 39-гадовы мужчына. Нарадзіўся ў Лёндане ў 1944 ці 1945 годзе — дакладную дату вызначыць немагчыма. З маладых гадоў працуе ў Міністэрстве праўды, у аддзеле дакумэнтацыі: у ягоныя абавязкі ўваходзіць занясеньне зьменаў у дакумэнты, якія ўтрымліваюць факты, што супярэчаць партыйнай прапагандзе. Вонкава ён робіць выгляд, што зьяўляецца прыхільнікам партыйных ідэяў, тады як у душы глыбока іх ненавідзіць. На працягу ўсяго раману апрануты ва ўніформу партыйнага працаўніка Зьнешняе партыі. Галоўны герой атрымаў сваё імя ў гонар лідэра ангельскае партыі кансэрватараў, якая была варожая палітычным поглядам Орўэла[4].
- Джу́лія (па-ангельску: Julia) — дзяўчына, закаханая ў галоўнага героя. Ёй каля 27 гадоў, у яе пышныя каштанавыя валасы й карыя вочы, тонкі стан, перацягнутая чырвоным поясам Антысэксуальнага Саюза Моладзі. Працуе ў Міністэрстве праўды, у аддзеле літаратуры. Па-майстэрску прыкідваецца лютаю прыхільніцаю партыі, у той час як сыстэматычна парушае партыйныя законы.
- О’Бра́ен (па-ангельску: O'Brien) — антаганіст, высокапастаўлены чалец Унутранае партыі. Апісваецца як «высокі, грубаваты з выгляду мужчына з тоўстай шыяй і простым, поўным гумару тварам». Аднак пры гэтым О’Браен не пазбаўлены абаяньня, разумны, а зьнешнасьць баксэра-цяжкавагавіка ў спалучэньні з выхаванасьцю дае дзіўны кантраст. Ўінстан лічыць, што О’Браен зьяўляецца чальцом падпольнага Братэрства. На самой жа справе О’Браен зьяўляецца супрацоўнікам Паліцыі думак.
Эпізадычныя асобы
рэдагаваць- Містэр Чэ́рынгтан (па-ангельску: Charrington) — прадавец у краме антыкварыяту, які насампраўдзе зьяўляецца агентам Паліцыі думак. Здае Ўінстану і Джуліі пакой у сваёй краме, пазьней кіруе іх арыштам.
- Сайм (па-ангельску: Syme) — адукаваны калега Ўінстана. Адзін з найбольш сымпатычных яму асобаў. Зьяўляецца філёлягам і працуе над 11-м выданьнем слоўніка навамоўя. Пазьней арыштаваны Паліцыяй думак і распылены.
- Па́рсанс (па-ангельску: Parsons) — сусед і калега Ўінстана. Апісваецца як тоўсты, актыўны мужчына гадоў 35, ад якога заўсёды патыхае потам. Ўінстан і Сайм ня вельмі яго любяць. Ён зьяўляецца ідэальным чальцом партыі — энэргічны, працаздольны, ня схільны да развагаў, безагаворачна верыць усяму, чаму вучыць Партыя. Зьяўляецца галоўным актывістам турыстычных паходаў і партыйных акцыяў. Неверагодна дурны, але лагодны; вельмі любіць дзяцей. Пазьней быў арыштаваны Паліцыяй думак па навядзеньні сваёй дачкі.
- Эмплфо́рт (па-ангельску: Ampleforth) — калега Ўінстана, супрацоўнік Міністэрства праўды. Апісваецца як высокі, няскладны чалавек з вушамі, пакрытымі поўсьцю. Па спэцыялізацыі — паэт, лічыцца адным зь лепшых адмыслоўцаў у рыфмах і так званых «кананічных тэкстах» (гэта значыць перакладах паэтычных твораў з клясычнай ангельскай мовы (Старамоўе) на навамоўе). У трэцяй частцы раману апынаецца ў камэры папярэдняга зьняволеньня разам з Ўінстанам, пасьля чаго зьнікае ў «пакоі 101».
- Ма́ртын (па-ангельску: Martin) — слуга О’Браена, апісваецца як нізкарослы чалавек з мангалоідным тварам, у белым гарнітуры слугі.
Асобы, якія згадваюцца ў рамане, але ня ўдзельнічаюць у яго падзеях
рэдагаваць- Вялікі Брат (па-ангельску: Big Brother) — аднаасобны лідэр партыі. Выяўляецца як чарнавусы мужчына сярэдніх гадоў. Усталяваньне аднаасобнай улады Вялікага Брата пачалося ў 1960 годзе, з гэтага часу пачаліся зьнішчэньні кіраўнікоў партыі, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў рэвалюцыі; гэты працэс завяршыўся напачатку 1970-х гадоў. Магчыма, Вялікі Брат не існаваў у рэальнасьці і зьяўляецца выдуманай асобай. Правобразам Вялікага Брата, магчыма, паслужыў Сталін.
- Эмануэ́ль Гольдштэ́йн (па-ангельску: Emmanuel Goldstein) — вораг дзяржавы № 1. Калісьці ён быў адным з правадыроў рэвалюцыі, але пазьней, паводле афіцыйнай вэрсіі, здрадзіў ёй і зьбег за мяжу. У Акіяніі лічыцца, што ён стварыў таемнае Братэрства, мэтаю якога зьяўляецца барацьба з партыяй. Лічыцца аўтарам кнігі «Тэорыя і практыка алігархічнага калектывізму» (хоць, са словаў О’Браена, магчыма, што кніга сфабрыкавана ідэолягамі Ўнутранае партыі для палягчэньня працэсу выяўленьня і адлову іншадумцаў). Правобразам Гольдштэйна паслужыў Леў Троцкі.
- Кэ́трын (па-ангельску: Katharine) — фармальна жонка Ўінстана, фактычна разьведзена зь ім. Апісваецца як высокая бляндынка з высакародным профілем; аднак, пры сваёй вонкавай прывабнасьці яна, са словаў Ўінстана, — «самая дурная істота», зь якой калі-небудзь ён быў знаёмы. Глыбока адданая партыйным ідэям, адчувала велізарную агіду да сэксу, але штотыдзень патрабавала ад Ўінстана «выкананьня партыйнага абавязку» для зачацьця дзіцяці. Пасьля сэрыі няўдалых спробаў зацяжарыць пакінула Ўінстана.
- Джоўнз (па-ангельску: Jones), Эрансан (па-ангельску: Aaronson) і Рэзэрфорд (па-ангельску: Rutherford) — былыя высокапастаўленыя чальцы Ўнутранае партыі. Яны былі першапачатковымі лідэрамі рэвалюцыі, аднак пазьней абвінавачаны ў здрадзе рэвалюцыі і арыштаваныя. Пад катаваньнямі яны прызналіся ўва ўсіх злачынствах, у якіх іх абвінавачвала партыя, былі часова вызваленыя, аднак потым амаль адразу паўторна асуджаныя і расстраляныя. У час сваёй працы Ўінстан выпадкова выявіў доказы іх невінаватасьці — фатаздымак ўдзельнікаў партыйнае канфэрэнцыі ў Нью-Ёрку, на якой яны прысутнічалі. Фатаздымак быў зроблены ў 1960 годзе, у той час, калі, паводле прад’яўленых абвінавачваньняў, яны знаходзіліся на таемным эўразійскім аэрадроме ў Сыбіры, дзе мелі зносіны з прадстаўнікамі эўразійскае выведкі. Правобразам Эрансана стаў, імаверна, Рыгор Зіноўеў, чыё сапраўднае імя па бацьку — Арановіч, а правобразам Радэрфорда — Леў Каменеў (сапраўднае прозьвішча — Разэнфэльд).
Сюжэт
рэдагавацьГалоўны герой — Ўінстан Сьміт — жыве ў Лёндане, працуе ў Міністэрстве праўды і зьяўляецца чальцом Зьнешняе партыі. Ён не падзяляе партыйныя лёзунгі і ідэалёгію і ў глыбіні душы моцна сумняваецца ў партыі, навакольнай рэчаіснасьці і наагул у тым, у чым толькі можна сумнявацца. Каб «выпусьціць пар» і не зрабіць безразважны ўчынак, ён купляе дзёньнік, у якім імкнецца выкладаць усе свае сумневы. На людзях жа ён прыкідваецца прыхільнікам партыйных ідэяў. Аднак ён асьцерагаецца, што дзяўчына Джулія, якая працуе ў тым жа міністэрстве, шпіёніць за ім і жадае выкрыць яго. У той жа час ён мяркуе, што высокапастаўлены супрацоўнік іх міністэрства, чалец унутранае партыі нейкі О’Браен таксама не падзяляе меркаваньняў партыі і зьяўляецца падпольным рэвалюцыянэрам.
Аднойчы апынуўшыся ў раёне пролаў, дзе чальцу партыі зьяўляцца непажадана, ён заходзіць у краму старызьніка Чэрынгтана. Той паказвае яму пакой наверсе, і Ўінстан марыць пажыць там хоць тыдзень. На зваротным шляху яму сустракаецца Джулія. Сьміт разумее, што яна сачыла за ім, і прыходзіць у жах. Ён вагаецца паміж жаданьнем забіць яе і страхам. Аднак перамагае страх, і ён не наважваецца дагнаць і забіць яе. Неўзабаве Джулія ў міністэрстве перадае яму цыдулку, у якой яна прызнаецца яму ў каханьні. У іх завязваецца раман, яны некалькі разоў у месяц ладзяць спатканьні, але Ўінстана не пакідае думка, што яны ўжо нябожчыкі (вольныя любоўныя адносіны паміж мужчынам і жанчынаю забароненыя партыяй). Яны здымаюць пакойчык у Чэрынгтана, які становіцца месцам іх рэгулярных сустрэчаў. Ўінстан і Джулія вырашаюцца на вар’яцкі ўчынак і ідуць да О’Браена, каб ён прыняў іх у падпольнае Братэрства, хоць самі толькі здагадваюцца, што ён уваходзіць у яго. О’Браен іх прымае і дае ім кнігу, напісаную ворагам дзяржавы Гольдштэйнам.
Празь некаторы час іх арыштоўваюць у гасподзе містэра Чэрынгтана, мілы стары апынуўся супрацоўнікам Паліцыі думак. У Міністэрстве любові Ўінстана доўга апрацоўваюць. Галоўным катам, на зьдзіўленьне Сьміта, становіцца сам О’Браен. Спачатку Ўінстан спрабуе змагацца. Аднак у выніку пастаянных фізычных і псыхічных пакутаў ён паступова зракаецца сябе, сваіх поглядаў, спадзеючыся зрабіць гэта толькі на словах, але не душой. Ён зракаецца ўсяго, акрамя каханьня да Джуліі. Аднак пасьля наведваньня «пакоя 101» і гэтую прыхільнасьць ломіць О’Браен. Каб адвесьці ад сябе пагрозу катаваньняў, ён просіць О’Браена, каб менавіта Джулія, а ня ён пакутвала ў клетцы з пацукамі. Ўінстан зракаецца Джуліі насампраўдзе.
Апынуўшыся на волі, яны выпадкова сустракаюцца і прызнаюцца адзіна аднаму ва ўзаемнай здрадзе ў сутарэньнях Паліцыі думак. Адным днём, седзячы ў кафэ і п’ючы джын, па радыё перадаюць паведамленьне пра перамогу войскаў Акіяніі над войскам Эўразіі, пасьля чаго Ўінстан разумее, што цяпер ён вылечыўся цалкам. Цяпер ён папраўдзе любіць партыю, любіць Вялікага Брата…
Назва
рэдагавацьПрацоўная назва раману, над напісаньнем якога Орўэл працаваў на працягу 1940-х гадоў, гучала як «Апошні чалавек у Эўропе» (па-ангельску: «The Last Man in Europe»). Вядома, што выдавец кнігі Фрыдэрык Варбург настойваў на зьмене назвы для падвышэньня цікавасьці патэнцыйных чытачоў. Прычыны, зь якіх аўтар вырашыў спыніцца на назьве «1984», да канца невядомыя.
Найболей распаўсюджаным зьяўляецца меркаваньне, што год дзеяньня раману абраны простаю перастановаю апошніх дзьвюх лічбаў году публікацыі раману — 1948. Таксама «1984» можа быць алюзіяй на стогадовы юбілей Фабіянскага грамадзтва — першае значнае сацыялістычнае арганізацыі ў Ангельшчыне, заснаванае ў 1884 годзе. Акрамя таго, назва раману можа быць спасылкаю на шэраг твораў, дзеяньне якіх разгортваецца ў тым жа годзе — раман Гілбэрта Кійта Чэстэртана «Напалеон з Нотынг Гіла» ці знакамітую антыўтопію Джэка Лёндана «Жалезная пята» (падзеі ў ёй адбываюцца ў 1912—1932, але ўздым рэвалюцыйнага руху даводзіцца на 1984 год).
Правобразы
рэдагавацьКніга ня толькі была забаронена ў СССР да 1988 году[5]. У Філязофскім энцыкляпэдычным слоўніку 1983 году паказана, што «за ідэйную спадчыну Орўэла вядуць вострую барацьбу як рэакцыйныя, ультраправыя сілы, так і дробнабуржуазныя радыкалы». У сваім эсэ «Чаму я пішу» (1946) Орўэл настойваў на тым, што ўсе яго творы, пачынальна з пэрыяду Грамадзянскае вайны ў Гішпаніі, былі «прама ці ўскосна супраць таталітарызму і за дэмакратычны сацыялізм, як я яго разумеў».
У шматлікіх адносінах раман зьяўляецца працягам папярэдніх твораў Джорджа Орўэла — у некаторай ступені мэмуараў пра Грамадзянскую вайну ў Гішпаніі «Памяці Каталёніі» і асабліва аповесьці «Жывёльны двор». У «1984» працягнуты асноўныя матывы «Жывёльнага двара» — адданая рэвалюцыя, небясьпека абмежаваньня асабістых воляў, аўтарытарная банапартыцкая дыктатура, якая эксплюатуе патаптаныя ёй жа дасягненьні рэвалюцыі, а таксама ўводзіцца выява, што адпавядае Льву Троцкаму (Сьнежка ў «Жывёльным двары», Гольдштэйн у «1984»).
Кніга была напісана ў 1949 годзе. У ёй намаляваная сацыялістычная сыстэма, якая прыйшла на зьмену капіталізму. Пры гэтым новае грамадзтва цалкам адмаўляе волю і аўтаномію асобы. Для яго характэрны: мабілізацыя ўсіх сілаў для рэалізацыі глябальнае мэты; канцэнтрацыя ўлады ў руках адной партыі, якая накіроўваецца правадыром; непадзельная манаполія на сродкі камунікацыі; адзіная дакладная ідэалёгія; поўны кантроль за грамадзкім і асабістым жыцьцём; жорсткі гвалт у стаўленьні да ўсіх іншадумцаў і нязгодных; сталыя пошукі ворагаў, зь якімі вядзецца непрымірымая вайна; галеча і ўсеагульны страх.
Сам Орўэл незадоўга да сьмерці пісаў[6]:
Мой раман не накіраваны супраць сацыялізму ці брытанскай лейбарысцкае партыі (я за яе галасую), але супраць тых скрыўленьняў цэнтралізаванае эканомікі, якім яна схільная і якія ужо часткова рэалізаваныя ў камунізьме і фашызьме. Я не перакананы, што грамадзтва такога роду абавязкова паўстане, але я перакананы (улічваючы, зразумела, што мая кніга — сатыра), што нешта падобнае можа быць. Я перакананы таксама, што таталітарная ідэя жыве ў сьвядомасьці інтэлектуалаў усюды, і я паспрабаваў прасачыць гэту ідэю да лягічнага канца. Дзеяньне кнігі я зьмясьціў у Ангельшчыне, каб падкрэсьліць, што ангельскамоўныя нацыі нічым ня лепшыя іншых і што таталітарызм, калі зь ім не дужацца, можа перамагчы паўсюль. | ||
Большасьць рысаў таталітарнай супольнасьці Орўэла зь яго правобразаў — Савецкага Саюзу ў пэрыяд дыктатуры Сталіна і гітлераўскае Нямеччыны. Культ асобы Вялікага Брата — чарнавалосага і чарнавусага мужчыны сярэдніх гадоў — большасьць літаратуразнаўцаў атаясамляюць з культам Сталіна ў СССР[7]. Антыподам Вялікага Брата зьяўляецца Эмануэль Гольдштэйн, якому Орўэл надаў вонкавае падабенства з Ільвом Троцкім. Паводле кнігі, «Гольдштэйн, адрачэнец і рэнэгат, калісьці, даўным-даўно (так даўно, што ніхто ўжо і не памятаў, калі), быў адным зь кіраўнікоў партыі, амаль роўным самаму Вялікаму Брату, а потым устаў на шлях контрарэвалюцыі, быў прысуджаны да сьмяротнага пакараньня і таемна зьбег, зьнік»[8].
Акрамя Гольдштэйна, кіраўнікамі рэвалюцыі зьяўляліся Джоўнз, Эрансан і Рэзэрфорд, якіх выкрылі як здраднікаў і контрарэвалюцыянэраў і ў канчатковым выніку расстралялі[8]. Правобразамі дадзеных асобаў па ўсёй бачнасьці зьяўляюцца Рыгор Зіноўеў, Леў Каменеў і Аляксей Рыкаў. Такім чынам Вялікі Брат застаўся адзіным з правадыроў рэвалюцыі[9].
Вонкавая палітыка дзяржавы Акіянія часта зьмянялася. Знаходзячыся ўвесь час у стане вайны, прыблізна кожныя 4 гады адбывалася зьмена ворага — або Ўсходазія, або Эўразія. Пры гэтым пасьля кожнага новага вітка вайны афіцыйная дактрына паўтарала: «Акіянія ваюе з Усходазіяй/Эўразіяю. Акіянія ЗАЎСЁДЫ ваявала з Усходазіяй/Эўразіяю». Гэтымі словамі Орўэл паказваў сталую зьмену вонкавага ворага ў СССР — Нямеччына да 1939 году, заходнія краіны з 1939 па 1941, Нямеччына з 1941 па 1945, заходнія краіны з пачаткам «халоднае вайны»[9]. Праца галоўнага героя складалася ў чыстцы і замене дакумэнтальных зьвестак. Так, пасьля чарговай зьмены ворага супрацоўнікі Міністэрства праўды працавалі практычна бесьперапынна цэлы тыдзень. Пасьля завяршэньня працы «ніводны чалавек на сьвеце дакумэнтальна не дакажа, што вайна з Эўразіяю была»[10].
Формулаю волі асобы становіцца формула «2*2=5» як знак разумнага сэнсу. Дадзеную формулу Орўэл супрацьпастаўляе пачутаму ім лёзунгу «пяцігодку ў чатыры гады»[6].
У рамане прасочваецца таксама шэраг паралеляў ці нават запазычаньняў з творчасьці папярэднікаў Орўэла, першым чынам — з раману-антыўтопіі Яўгена Замяціна «Мы» (Дабрадзей — Вялікі Брат; Адзіная Дзяржава — Акіянія; абавязковая апэрацыя — прамываньне мазгоў). З другога боку, некаторыя дасьледнікі сьцьвярджаюць, што Орўэл прачытаў раман ужо пасьля ўласнае кнігі. Але неабходна памятаць пра той факт, што сам Орўэл адрэцэнзаваў «Мы» ў 1946 годзе, а ў лісьце да Струвы ад 17 лютага 1944 году Орўэл пісаў так: «Вы мяне зацікавілі раманам „Мы“, пра які я раней ня чуў. Такога роду кнігі мяне вельмі цікавяць, і я нават раблю накіды для падобнае кнігі, якую раней ці пазьней напішу»[11].
Сьвет у «1984»
рэдагавацьПалітычная геаграфія
рэдагавацьДзеяньне раману адбываецца ў 1984 годзе ў Лёндане — галоўным горадзе «Ўзьлётна-пасадачнае паласы №1»[12] (па-ангельску: Airstrip One), былое Вялікабрытаніі, якая, у сваю чаргу, зьяўляецца трэцяю па насельніцтве правінцыяй таталітарнай дзяржавы Акіянія. Акіянія знаходзіцца ў стане пэрманэнтнае вайны зь дзьвюма іншымі таталітарнымі звышдзяржавамі — Эўразіяй і Ўсходазіяй.
- Акіянія (па-ангельску: Oceania) займае трэцюю частку зямнога шара і ўключае ў сябе Паўночную і Паўднёвую Амэрыку, Вялікабрытанію, Паўднёвую Афрыку, Аўстралію і ўласна Акіянію. У рамане нічога не гаворыцца пра прыналежнасьць Антарктыды да Акіяніі, аднак згадваецца, што на гэтым кантынэнце знаходзяцца сакрэтныя акіянійскія палігоны. Дзяржаўная ідэалёгія — «ангельскі сацыялізм» (Ангсоц).
- Эўразія (па-ангельску: Eurasia) займае тэрыторыі Савецкага Саюза, Эўропы і Турэччыны. Дзяржаўная ідэалёгія — нэабальшавізм.
- Усходазія (па-ангельску: Eastasia) займае тэрыторыю Кітая, Японіі, Карэі, часткова Манголіі і Індыі. Для найменьня дзяржаўнае ідэалёгіі гэтае краіны выкарыстоўваецца кітайскае слова, якое Гольдштэйн у сваёй кнізе перакладае як «культ сьмерці» ці «сьціраньне асобы». Паводле кнігі Гольдштэйна, ангсоц, нэабальшавізм і «культ сьмерці» маюць шмат агульнага — гэта таталітарныя ідэалёгіі, якія прапагандуюць мілітарызм і культ асобы правадыра.
Паўночная Афрыка, Сярэдні Ўсход і Паўднёва-Ўсходняя Азія зьяўляюцца спрэчнымі тэрыторыямі, за ўладаньне якімі ваююць тры звышдзяржавы. Гэтыя тэрыторыі ўвесь час пераходзяць ад аднае краіны да іншай, бо ніводная зь дзяржаваў ня можа дамагчыся перамогі. Вайна вядзецца толькі на спрэчных тэрыторыях — кожная са звышдзяржаваў настолькі моцная, што ня можа быць заваявана нават аб’яднанымі сіламі дзьвюх іншых, таму дзяржавы ўстрымліваюцца ад буйных наступальных апэрацыяў.
Хоць пра Амэрыканскі кантынэнт раман згадвае толькі мімаходам, але існуе некалькі ўскосных доказаў, якія сьведчаць пра падпарадкаванае стаўленьне былое Вялікабрытаніі ў адносінах да былых Злучаных Штатаў (напрыклад, дзяржаўнаю валютаю ўсяе Акіяніі зьяўляецца даляр). Фактычна асноўнае прызначэньне Ўзьлётна-пасадачнае паласы №1 складаецца ў яе выкарыстаньні ў якасьці пляцдарму для авіяўдараў і ракетных удараў па мацерыковай Эўропе. Адпаведна, яна сама зьяўляецца мішэньню зваротных бамбаваньняў. Аднак Джулія мяркуе, што гэтыя напады могуць быць арганізаваныя самімі ж уладамі Акіяніі, якім неабходна трымаць сваё насельніцтва ў страху і падпарадкаваньні.
Гісторыя
рэдагавацьПаводле ўспамінаў Ўінстана Сьміта і кнігі, якая прыпісваецца Эмануэлю Гольдштэйну, неўзабаве пасьля Другое сусьветнай вайны Вялікабрытанія была разарваная грамадзянскаю вайною, што ўспыхнула знутры, у якой удзельнічалі розныя варагуючыя групоўкі. Паслабленьне краіны з прычыны разбуральнае грамадзянскае вайны прывяло да яе паглынаньня новаю сусьветнаю звышдзяржаваю — Акіяніяю. Прыкладна ў гэты ж час Савецкі Саюз пачаў сваю экспансію ў Заходнюю Эўропу і ўтварыў новы саюз пад назваю Эўразія, а яшчэ празь некаторы час ва Ўсходняй Азіі ўтварыўся трэці цэнтар сілы — Усходазія.
Новы расклад сілаў на палітычнай мапе сьвету быў парушаны Трэцяю сусьветнай вайною, выклікаў катастрафічныя разбурэньні па ўсім сьвеце ў сілу таго, што вайна з наземнай перарасла ў ядзерную. Сотні ядзерных выбухаў у 1950-х гадах зьнішчылі мноства гарадоў у Эўропе, Паўночнай Амэрыцы і эўрапейскай частцы Расеі. Зразумеўшы небясьпеку ўласнага зьнішчэньня ў выніку такое вайны, звышдзяржавы адмовіліся ад выкарыстаньня зброі масавай паразы; тым ня менш, наземная і паветраная вайна паміж імі працягвалася і надалей.
Усе тры дзяржавы працягвалі назапашваць атамныя бомбы ў разьліку на тое, што рана ці позна прадставіцца зручны выпадак, калі яны змогуць вырашыць вайну на сваю карысьць. Войны паміж дзяржавамі вяліся за Экватарыяльную Афрыку ці краіны Блізкага Ўсходу, за інданэзійскі архіпэляг, але не за зямлю, а за працоўныя рукі, каб вырабляць як мага больш зброі і захопліваць новыя тэрыторыі і новыя працоўныя рукі.
На самой жа справе гэтыя дзяржавы ня толькі не маглі скарыць адна іншую, але і не атрымалі б ад гэтага ніякай выгады. Умовы жыцьця ў іх былі вельмі падобныя (тая ж пірамідальная структура, той жа культ напаўбога-правадыра, тая ж эканоміка). Аўтар называе вайну звышдзяржаваў махлярствам, падобным на сутычкі жуйных жывёлаў, чые рогі растуць пад такім кутом, што ня здольныя параніць суперніка.
Кіруючыя групы прысьвяцілі сябе заваёве сьвету, але разам з тым яны разумеюць, што вайна павінна доўжыцца ўвесь час, безь перамогі. Яе галоўная мэта — захаваць грамадзкі лад, зьнішчаючы ня толькі чалавечыя жыцьці, але й плады чалавечай працы, бо было ясна, што агульны рост дабрабыту пагражае герархічнаму грамадзтву згубаю, пазбаўляючы тым самым улады кіруючыя групы. Калі велічэзная маса людзей стане пісьменнай, навучыцца думаць самастойна, то яна проста «выкіне» прывілеяваную меншасьць за непатрэбнасьцю. Вайна ж і голад дапамагалі трымаць людзей, якія атупелі ад галечы, у падпарадкаваньні.
Грамадзтва
рэдагавацьАкіянія — дзяржава з жорсткім таталітарным ладам. Жыхары пазбаўлены грамадзянскіх правоў і індывідуальнасьці. У партыйным грамадзтве апроч культу асобы Вялікага Брата і бесьпярэчнага падначаленьня ўладам усе абавязаны прытрымлівацца пурытанскіх поглядаў, і ўсім маладым людзям рэкамэндуюць уваходзіць у так званы Моладзевы Антыпалавы Саюз, дзе ім навязваецца агіда да полавых сувязяў і каханьня. Каханьне зьяўляецца злачынствам думкі, а шлюбы складаюцца выключна ў рэпрадуктыўных мэтах.
У Акіяніі дзейнічае цьвёрдая сацыяльная герархія. Парлямэнту і ўраду не існуе, уся ўлада засяроджана ў руках партыі ангсоц, якая падзяляецца на Вонкавую партыю і Ўнутраную партыю. Вышэйшаю грамадзкаю кастаю зьяўляецца Ўнутраная Партыя, у якую ўваходзяць вышэйшыя чыны міністэрстваў і астатняе вышэйшае кіраўніцтва Акіяніі. У руках Унутранае Партыі засяроджана ўся ўлада і багацьці Акіяніі. У адрозьненьне ад амаль жабракоў чальцоў Вонкавае Партыі, чальцы Ўнутранае Партыі атрымліваюць вялікую зарплату і маюць доступ да такіх найрадзейшых прадуктаў як гарбата, белы хлеб, а таксама да такіх, да якіх чальцы Вонкавае Партыі ня маюць доступу, як то: малако, сапраўдная кава, віно і садавіна. Сярэдняю кастаю зьяўляецца Вонкавая Партыя, у якую ўваходзілі незьлічоныя намэнклятурныя працаўнікі і найніжэйшыя чальцы Партыі. Чальцы Вонкавае Партыі жывуць у галечы і ўвесь час знаходзяцца пад назіраньнем Паліцыі Думкаў.
Чальцы Партыі абавязаны аддаваць сваіх дзяцей у скаўты, вайскова-палітычную моладзевую арганізацыю, дзе дзецям навязваецца любоў да Партыі і Вялікага Брата. Таксама зь дзяцей трэніруюць будучых салдатаў, інфарматараў і супрацоўнікаў паліцыі думкі, да прыкладу, вучаць сачыць за бацькамі. У кнізе згадвалася, што ў газэтах амаль штодня зьяўляліся паведамленьні пра дзяцей, якія выкрылі сваякоў у злачынстве думкі і здалі іх Паліцыі Думкі.
Найнізкаю кастаю зьяўляецца беспартыйны пралетарыят (на навамоўі — пролы), які, гэтак жа як і Вонкавая партыя, жыве ў нястачы, але, у адрозьненьне ад Вонкавае Партыі, пролы прадстаўлены самі сабе, у іх хатах амаль адсутнічаюць тэлекраны і распаўсюджваюцца злачыннасьць і спэкуляцыя.
Пролы складаюць каля 85 % усяго насельніцтва Акіяніі і зьяўляюцца асноўнай крыніцаю прыбыткаў.
Навамоўе
рэдагаваць«Навамоўе» — адмысловая форма мовы і слоўнікавага запасу, які распаўсюджваецца ў Акіяніі. Новая мова фармавалася па прынцыпе «немагчыма зрабіць (і нават падумаць) тое, што нельга выказаць словамі». Таму з кожным новым выданьнем слоўніка навамоўя зь яго выкідваліся словы і паняцьці, чужыя панавальнае ідэалёгіі.
«Кожнае скарачэньне было посьпехам, бо чым менш выбар словаў, тым менш спакуса задумацца».
Затое зьяўляліся новыя словы, галоўным чынам скарачэньні даўжэйшых фразаў, што таксама дапамагала пазбавіцца ад шматзначнасьці старамоўя. Напрыклад, фраза «ідэйна дужы рэчакрак» азначала хвалу чалавеку, які кажа ідэалягічна выверана, «без удзелу вышэйшых нэрвовых цэнтраў».
Двудумства
рэдагавацьРастлумачыць ідэю двудумства (па-ангельску: doublethink) можна наступным чынам: на фасадзе будынка, у якім працаваў герой раману, віселі лёзунгі:
- Вайна — гэта мір
- Воля — гэта рабства
- Няведаньне — гэта моц
Такім чынам, двудумства — гэта здольнасьць шчыра верыць у дзьве ўзаемавыключальныя рэчы, або зьмяняць сваё меркаваньне на процілеглае пры ідэалягічнай неабходнасьці.
Ключавым словам навамоўя было «белачорны», якое зьмяшчала два ўзаемавыключальных паняцьця. Яно «азначала звычку нахабна, насуперак фактам, настойваць на тым, што чорнае — бела». Для разуменьня лёзунгаў ангсоца (ангельскага сацыялізму, менавіта так вызначаўся грамадзкі лад у Акіяніі), напрыклад лёзунгу «Воля — гэта рабства», таксама было неабходна двудумства.
У орўэлаўскай антыўтопіі справамі вайны ведала Міністэрства міра (на навамоўі «мінімір», па-ангельску: minipax), аховаю правапарадку і перасьледам злачынцаў думкі — Міністэрства любві (на навамоўі «мінілюб», па-ангельску: miniluv), а фальсыфікацыяю гісторыі, СМІ, прапагандаю, і складаньнем прымітыўнае літаратуры для пролаў — Міністэрства праўды (на навамоўі «мініпраў», па-ангельску: minitrue). Чацьвёртым слупом гэтага грамадзтва было Міністэрства багацьця (на навамоўі «мінібаг», па-ангельску: miniplenty), якое ведала разьмеркаваньнем бедных рэсурсаў, што заставаліся пасьля задавальненьня вайсковых патрэбаў.
У антыўтопіі Орўэла «эканоміка існуе толькі з дапамогаю вайны і для вайны». Асноўная ідэя — без вайны, дзякуючы тэхнічнаму прагрэсу, настае перавытворчасьць тавараў, ідэалягічнае расхістваньне, незадаволенасьць і, урэшце, рэвалюцыя і зьмена элітаў. Таму ў мэтах захаваньня асабістае ўлады кіраўнікі ўсіх трох дзяржаваў вялі бясконцую вайну, асноўнаю мэтаю якое было зьнішчэньне рэсурсаў і кірунак думкі насельніцтва цалкам на выжываньне. Натуральна, перамогі ў такой вайне быць не магло, дробныя посьпехі (якія прадстаўляліся, натуральна, як ключавыя перамогі) зьмяняліся дробнымі паразамі і так да бясконцасьці.
Міністэрствы
рэдагавацьУ Лёндане, сталіцы Ўзьлётна-паветранае паласы I, чатыры міністэрствы кіраваньня Акіяніі разьмешчаны ў пірамідальных будынках (каля 300 мэтраў вышынёю), на фасадах якіх можна ўбачыць тры слоганы Партыі. У сувязі з тым, што асаблівасьці адміністрацыйнага ўладкаваньня Акіяніі ў рамане не апісаны, застаецца невыразным, ці зьяўляюцца гэтыя міністэрствы органамі цэнтральнага ўрада, ці ж гэта кіраваньні адпаведных цэнтральных міністэрстваў па правінцыі Ўзьлётна-паветраная паласа I дзяржавы Акіянія. Назвы міністэрстваў на навамоўі зьяўляюцца антонімамі да іх сапраўдных функцый. «Міністэрства міру займаецца вайною, міністэрства праўды — хлусьнёю, міністэрства любві — катаваньнямі, міністэрства багацьця мардуе голадам» (Частка II, Частка IX).
Міністэрства міру
рэдагавацьМіністэрства міру («мінмір») адказвае за правядзеньне ваенных дзеяньняў і паведамляе пра падзеі бесьперапыннае вайны паміж Акіяніяю і іншымі сусьветнымі дзяржавамі.
Міністэрства праўды
рэдагавацьМіністэрства праўды («мінпраў»), месца працы галоўнага героя раману, займаецца бесьперапыннаю фальсыфікацыяю рознае гістарычнае інфармацыі (статыстычных дадзеных, гістарычных фактаў) на ўсіх узроўнях інфармаваньня насельніцтва: СМІ, кнігах, адукацыі, мастацтве, спорце[13].
…Справа ня толькі ў тым, што кагосьці забілі. Ты разумееш, што мінулае, пачынальна з учорашняга дня, фактычна адменена? Калі яно дзе й ацалела, то толькі ў матэрыяльных прадметах, ніяк не прывязаных да словаў, — накшталт шкельца. Бо мы літаральна нічога ўжо ня ведаем пра рэвалюцыю і дарэвалюцыйнае жыцьцё. Дакумэнты ўсе да аднаго зьнішчаныя ці падробленыя, усе кнігі выпраўленыя, карціны перапісаныя, статуі, вуліцы і будынкі пераназваны, усе даты зьмененыя. І гэты працэс не перарываецца ні на адзін дзень, ні на хвіліну. Гісторыя спынілася. Няма нічога, акрамя бясконцай сучаснасьці, дзе партыя заўсёды мае рацыю. Я ведаю, вядома, што мінулае падрабляюць, але нічым ня змог бы гэта даказаць — нават калі сам зьдзейсьніў падробку. Як толькі яна зьдзейсьнена, сьведчаньні зьнікаюць.
Міністэрства дастатку
рэдагавацьМіністэрства дастатку («міндаст») нармуе і кантралюе пастаўкі ежы, тавараў і прадметаў побыту. Кожны квартал Міндаст публікуе лжывыя заявы пра паляпшэньне ўзроўню жыцьця, у той час як у рэчаіснасьці яно, як правіла, скарачае і памяншае найменьні, даступнасьць і колькасьць тавараў народнага спажываньня. Міністэрства праўды падмацоўвае заявы міністэрства багацьця шляхам выпраўленьня эканамічнае інфармацыі для пацьверджаньня бягучага, «палепшанага» ўзроўню жыцьця.
Міністэрства любові
рэдагавацьМіністэрства любві («мінлюб») займаецца распазнаньнем, кантролем, арыштамі і перавыхаваньнем сапраўдных і патэнцыйных злачынцаў думкі. Як Ўінстан ведае па досьведзе, злачынцам думкі ломяць фізычна і маральна, выкарыстоўваючы катаваньні і псыхалягічны прэсынг, а потым, калі тыя знаходзяцца на грані поўнае разумовае і духоўнае капітуляцыі, адпраўляюць у пакой 101 выпрабаваць «тое, што горш за ўсё на сьвеце» — пакуль любоў да Вялікага Брата ня выцесьніць пакінутыя ў іх незалежнасьць мысьленьня і чалавечыя пачуцьці канчаткова.
Злачынства думкі
рэдагавацьЗлачынства думкі (па-ангельску: Thoughtcrime) — самае цяжкае з магчымых злачынстваў у Акіяніі, каралася сьмерцю. Пад гэта паняцьце трапляе любая неасьцярожная думка чальца ангсоца, любы неасьцярожны жэст ці слова. Няправільны з пункту гледжаньня ідэалёгіі кіруючае партыі выраз асобы таксама зьяўляецца разнавіднасьцю злачынства думкі — злачынствам асобы. Барацьбою з злачынцамі думкі ў Акіяніі займалася паліцыя думкаў, допыты абвінавачваных праходзілі ў Міністэрстве любві. Для выяўленьня падазраваных выкарыстоўвалася сачэньне, якое вялі за грамадзянамі агенты паліцыі думкаў і добраахвотнікі (у тым ліку — найблізкія сваякі злачынцаў думкі), а таксама тэлекраны.
Тэлекран
рэдагавацьТэлекран (таксама манітор ці тэлескрын) — прылада, якая сумяшчае ў сабе тэлевізар з адзіным каналам і відэакамэру, якую нельга выключыць. У кожным памяшканьні, дзе бывалі чальцы партыі, знаходзіўся асобны тэлекран, празь які кругласутачна трансьляваліся перадачы і праводзілася сачэньне за людзьмі. Тэлекраны практычна цалкам адсутнічалі ў хатах пролаў (беспартыйных), а ў хатах чальцоў Унутранае Партыі, хоць і меліся ў абавязковым парадку, але, магчыма, былі забясьпечаны выключальнікам, якім можна было скарыстацца на пэрыяд ня больш за паўгадзіны ў дзень.
Дадатковыя зьвесткі
рэдагаваць- Формула «двойчы два ўраўноўваецца пяці» Орўэлу прыйшла на розум, калі ён пачуў савецкі лёзунг «пяцігодку ў чатыры гады»[4].
- У 2009 годзе он-лайнавая крама «Amazon» выдаліла кнігі пісьменьніка Джорджа Орўэла з прыладаў для чытаньня электронных дакумэнтаў Kindle. Карыстачы пазбавіліся электронных копіяў раманаў «1984» і «Жывёльны двор», на распаўсюджаньне якіх, як высьветлілася, у кампаніі няма правоў[14].
- Раман «1984» займае восьмае месца ў сьпісе «200 найлепшых кнігаў па вэрсіі BBC» (2003).
Нацыяналізм
рэдагавацьУ «1984» аўтар падрабязна разважае над ідэямі, якія былі падсумаваныя ім у «Нататках пра нацыяналізм» (1945).
1984 год і брытанская культура[15]
рэдагавацьРазглядаючы ўплыў рамана Оруэла на брытанскую культуру, важна адзначыць, што пісьменнік спрычыніўся да стварэння новых антыўтопій, якія маюць на мэце папярэдзіць чалавецтва аб жахлівых наступствах таталітарызму. Метады кіравання людзьмі і іх асабістым жыццём, неіснуючага правадыра на плакатах і пастаяннае ваеннае становішча ён апісаў настолькі рэалістычна, што гэта аказала вялікі ўплыў на розныя культуры і грамадства, у прыватнасці Вялікабрытанію. Уплыў Оруэла вялікі, бо ягоны вобраз небясьпечных, шкодных наступстваў разнастайных сацыяльных экспэрымэнтаў падахвочвае людзей думаць пра жудасныя вынікі татальнага сачэньня любой мадэлі.
Адным з брытанскіх фільмаў, у якіх уплыў Оруэла відавочны, з’яўляецца Бразілія, антыўтопічны фільм Тэры Гіліяма 1985 года.
Іншы ўплыў кнігі Оруэла на брытанскую культуру можна заўважыць у тэлевізійнай рэкламе 1984 года рэжысёра Рыдлі Скота.
Крытыка
рэдагавацьНямецкі сацыёляг і філёзаф Эрых Фром адзначае:
Такія кнігі, як Орўэла, — магутныя папярэджаньні, і атрымаецца вельмі няўдала, калі чытач самаздаволена зразумее «1984» як чарговае апісаньне сталінскага барбарства і не заўважыць, што гэта датычыцца і нас [Захаду] таксама[16].
Тут Орўэл даволі відавочна закранае тэму фальсыфікацыі сацыялізму савецкім камунізмам, але варта дадаць, што Захад таксама вінаваты ў падобнай фальсыфікацыі. Мы паказваем наша грамадзтва як грамадзтва вольнае ініцыятывы, індывідуалізму ідэалізму, а насамрэч гэта толькі словы. Чытач знойдзе шмат іншых рысаў сучаснае заходняе цывілізацыі, калі, вядома, сам зможа пераступіць праз сваё «двудумства»[16].
Расейскі пісьменьнік Эдуард Лімонаў, вядомы сваімі левымі поглядамі, адзначаючы талент аўтара, крытыкаваў ідэалягічныя пазыцыі Орўэла:
І раптам «1984» і «Фэрма жывёлаў» — дзьве жудасныя сатыры на СССР і на ўвесь сацыялістычны рух, сатыры на сацыялістычную Ўтопію, на якую працаваў і якое маліўся ўсё сьвядомае жыцьцё. Навошта? З запалам, зь якое мочыць свайго двухрогага бога дагэтуль дзікун, які прыносіў яму ахвяры, Орўэл растаптаў у прах сацыялізм… Атрымалася так, што Орўэл — гэта аўтар «1984». Гісторыя апусьціла тонкасьці, пабляднелі іншыя кнігі, мала каго цікавіць, што напісаў Орўэл апроч «1984», што ён быў паслухмяным партыйным функцыянэрам сацыялістычнае партыі трацкісцкага тыпу… Трагедыя Орўэла, які адрынуў ідэалы жыцьця, засталася невядомаю масам… Але талент ёсьць талент. Нават у «1984» ёсьць завошта зьняць шапку перад Орўэлам. За старонкі, прысьвечаныя жыцьцю «пролаў». «Калі яны маладыя, яны бываюць нават прыгожыя» — са зьдзіўленьнем заўважае Орўэл, і тут чутныя інтанацыі старога змрочнага Ніцшэ, назіралага за «шудрамі» зь цікаўнасьцю прыродазнаўца, які назіраў за казуркамі[17].
Згадваньні раману і алюзіі на яго
рэдагаваць- Дасьледаваньне савецкага дысыдэнта Андрэя Амальрыка «Ці праіснуе Савецкі Саюз да 1984 году?».
- Альбом Дэвіда Боўі Diamond Dogs 1974 год створаны пад уплывам раману і першапачаткова плянаваўся як тэатралізаваная музычная пастаноўка на аснове кнігі. Ідэю пастаноўкі прыйшлося згарнуць з-за рознагалосьсяў з праваўладальнікамі.
- У расейскае групы Louna ёсьць некалькі песьняў, у тэкстах якіх утрымоўваюцца цытаты з Орўэла: «Каму верыш ты?» («…не хвалюйся, сьпі спакойна, за табою нагледзіць Вялікі Брат…»)
- Галяндзкая рок-група Golden Earring прысьвяціла раману песьню «Orwell’s year» з альбома N. E.W. S., які выйшаў у 1984 годзе.
- У 1984 годзе брытанскі поп-дуэт Eurythmics выпусьціў альбом 1984 (For the Love of Big Brother).
- Выпускаючы ў 1984 годзе першы кампутар «Macintosh», кампанія «Apple» выкарыстоўвала сюжэт кнігі для стварэньня рэклямнага роліку на Супэр Боўл са слоганам «24 студзеня Apple Computer прадставіць Macintosh. І вы ўбачыце, чаму 1984 год ня будзе такім, як „1984“» (па-ангельску: On January 24th, Apple Computer will introduce the Macintosh. And you'll see why 1984 won't be like "1984").
- Алюзіі на раман выразна прасочваюцца ў музычнай кампазыцыі «2+2=5» (The Lukewarm) з альбома 2003 году «Hail to the Thief» брытанскага калектыва Radiohead.
- Таксама гэты раман натхніў кампазытара і піяніста-віртуоза Рыка Ўэйкмана (Rick Wakeman) на запіс аднайменнага альбома, які ўбачыў сьвет у 1981 годзе.
- Своеасаблівая алюзія на раман была ў адным зь сюжэтаў у «Шоў Бэні Гіла», які зваўся «1994». Па сюжэце скетчу побытавая тэхніка, у тым ліку тэлевізары, сталі нападаць на людзей, а ўрэшце папросту заняволілі іх: сюжэт сканчаецца тым, што сямейства тэлевізараў перамыкае людзей.
- Песьня Resistance брытанскага трыё Muse з альбому «The Resistance» пераказвае гісторыю каханьня галоўных герояў раману Ўінстана і Джуліі. Акрамя таго, шматлікія песьні Muse пачынальна з 2001 году так ці йнакш маюць дачыненьне да сюжэту раману.
- Беларускі індастрыял гурт «Ambassador 21» у 2002 годзе запісаў трэк «New Doctrine About Trinity», у якім пад музыку дэклямуюцца цытаты з раману (на расейскай мове)[18].
- Па-антыглябалісцку накіраваная панк-рок група са ЗША Anti-Flag запісала песьню «Welcome to 1984», у якой прасочваецца алюзія на раман «1984» і гэтак жа згадваецца імя аўтара раману[19].
- Японская трэш-мэталічная група Ritual Carnage запісала песьню «Room 101» («Пакой 101») з альбому «I, Infidel» («Я, Бязбожнік»), у якое напроста паказваюцца асноўныя тэрміны раману.
- Расейская група П. Т. В. П., якая выконвае спагэцьці-панк, выпусьціла ў 2004 годзе альбом «2084».
- Ангельская дэз-мэталічная група Carcass запісала песьню «Room 101» («Пакой 101») з альбому «Swansong» («Лебядзіная песьня»), які выйшаў у 1995 годзе.
- Расейская група Everything is made in China запісала песьню «The City Of Airstrip One» з альбому «Automatic Movements», які выйшаў у 2009 годзе.
- У аскараносным амэрыканскім фільме «Гульні розуму» галоўны герой пры першай сустрэчы заве супрацоўніка спэцслужбаў «Вялікім Братам». Кабінэт, у якім працаваў галоўны герой у Прынстанскім унівэрсытэце, быў пад нумарам 101.
- У песьні «Testify»[20] амэрыканскае альтэрнатыўнае групы Rage Against The Machine згадваецца лёзунг Партыі: «Who controls the past, controls the future. Who controls the present, controls the past» («Хто кіруе мінулым, кіруе будучыняю. Хто кіруе сучаснасьцю, кіруе мінулым»).
- У антыўтапічным рамане «Параноя» беларускага пісьменьніка й журналіста Белгазэты неаднаразова згадваецца раман «1984», а таксама ў ім назіраецца моцнае падабенства зь ім.
- У рамане Чака Паляніка «Калыханка» неаднаразова згадваецца Вялікі Брат, які, па словах аўтара, ужо ня проста сочыць за намі — ён піхае нас велізарным струменем інфармацыі, якая атрафуе наша ўяўленьне, прымушае думаць так, як нас прымушаюць гэта рабіць СМІ, рэкляма, музыка й іншы інфармацыйны струмень, які абвальваецца на нас.
- У 2008 годзе канадзкі пісьменьнік і блогер Дакарай Дактароў выдаў раман «Малодшы брат», дзе выдуманая арганізацыя «Маленькія браты» спрабуе супрацьстаяць Сыстэме (Вялікаму ці Старэйшаму брату). Да таго ж галоўны герой раману Дактароў, Маркус, вядомы пад нікам w1n5t0n, стылізаванае пад leet па-ангельску: Winston — Уінстан.
- У рок-групы Oingo Boingo ёсьць песьня «Wake Up (It’s 1984)» з альбому «Good for Your Soul», якая адсылае да сюжэту раману.
- У тэлевізійным сэрыяле «Бабілён-5» на Зямлі ў 23 стагодзьдзі ўсталёўваецца таталітарны рэжым, шматлікія рысы якога зьяўляюцца відавочнымі дасылкамі да раману «1984». У прыватнасьці, у сэрыяле згадваюцца Міністэрства міру і Міністэрства праўды з падобнымі з апісанымі ў рамане функцыямі, а таксама выкарыстоўваюцца асобныя элемэнты навамоўя.
- У 2009 Харукі Муракамі выпусьціў раман «1Q84», у якім неаднаразова згадваецца твор Орўэла.
- Згадваецца ў тэлесэрыяле «Зроблена ў СССР». У дзяўчыны-гераіні выкралі тэчку з раманам з торбы, потым яе дапытвалі ў кабінэце ў рэктара, душылі на тое, што раман самвыдатаўскі і можна за яго захоўваньне патрапіць у турму. Але дзяўчына выкруцілася выдатна. На тэчцы было напісана «Дзям’ян Бедны». Яна сказала, што захоўвала там вершы Д.Беднага і што раман ёй падклалі.
- Брытанскі рок-гурт Queen да 1969 году зваўся Smile[21], а да гэтага — 1984, па назьве раману[22].
Глядзіце таксама
рэдагаваць- «1984» — фільм, зьняты паводле матываў раману Дж. Орўэла
- «1984» — опэра Лярына Мазэля, лібрэта якое заснавана на рамане Дж. Орўэлла
- «1985» — сыквэл раману «1984», аўтар — вугорскі пісьменьнік і дысыдэнт Дзьердзь Далёш[23]
- «Тысяча дзевяцьсот восемдзесят пяты», раман Яўга
- Сьпіс 100 кнігаў стагодзьдзя паводле вэрсіі Le Monde
Злучаныя тэмы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- «Масква 2042»
- «Фэрма»
- «Ці праіснуе Савецкі Саюз да 1984 году?»
- «451 градус па Фарэнгейце»
- «Мы»
- «Пра дзівосны новы сьвет»
- «Жалезная пята»
- «Малодшы брат»
Фільмы
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ The best 60 books of the past 60 years (анг.). Times Online. — (неабходная рэгістрацыя).
- ^ Кляснае чытаньне
- ^ Джордж Орўэл. Комментарии // «1984» и эссе разных лет / Файнгар А. А., Комментарии Чаликовой В. А.. — М.: Прогресс, 1989. — 384 с. — (Зарубежная художественная публицистика и документальная проза). — 200 000 ас. — ISBN 5-01-002094-7
- ^ а б Тэкст раману, гл. прыкладаньне
- ^ Блюм А. В. «Вандраваньне» Орўэла ў краіну бальшавікоў. Да 100-годзьдзя Джорджа Орўэлла — Дакумэнтальная хроніка, 2003
- ^ а б Творчасць Дж. Оруэлла. Антыўтопія «1984» (рас.)
- ^ Антыўтопія Дж. Оруэлла «1984»
- ^ а б 1984 (частка першая)
- ^ а б Кніжныя рэцэнзіі
- ^ 1984 (частка другая)
- ^ The Collected Essays, journalism and letters of George Orwell. — L.: Secker & Warburg, 1968. — Т. III. — С. 95.
- ^ Пераклад С. Шупа, 2006.
- ^ нават у шахматах: так у канцы раману Ўінстан вырашае эцюд па кнізе, дзе паказаныя немагчымыя хады.
- ^ Крама Amazon выдаліў Орўэла з Kindle
- ^ https://essays-panda.com/essay/book-review/orwells-1984
- ^ а б Камэнтар да раману Дж. Оруэлла «1984»
- ^ Э. Цытрынаў. Сьвятыя монстры
- ^ О'К (2002) Ambassador 21 Народ против AMBASSADOR 21 (рас.) Праверана 2021-09-03 г. Архіўная копія ад 2020-07-08 г.
- ^ Тэкст песьні
- ^ Тэкст песьні
- ^ Queen Online — Interviews — Queen — Smile
- ^ Queenpedia.com — Smile
- ^ Д. Далёш. 1985
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьВікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы артыкула: |