Фэрнанду Пэсоа
Фэрнанду Пэсоа (па-партугальску: Fernando Pessoa; 13 чэрвеня 1888, Лісабон — 30 лістапада 1935) — выбітны партугальскі паэт, драматург XX стагодзьдзя. Пісаў творы на партугальскай і ангельскай мовах, падпісваючыся рознымі гетэронімамі, якіх дасьледчыкі налічваюць ня менш за 72. Найбольш вядомыя зь іх — Алвару дэ Кампуш, Рыкарду Рэйш і Албэрту Каэйру.
Фэрнанду Пэсоа | |
![]() | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 13 чэрвеня 1888[1][2][3][…] |
Памёр | 30 лістапада 1935[1][5][2][…] (47 гадоў) |
Пахаваны | |
Бацькі | Joaquim de Seabra Pessoa[d] Maria Magdalena Pinheiro Nogueira[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, перакладнік, пісьменьнік, філёзаф, эсэіст, літаратурны крытык, аўтар, празаік |
Гады творчасьці | з 1904 |
Жанр | паэзія |
Мова | партугальская[1] |
Подпіс | ![]() |
БіяграфіяРэдагаваць
Ва ўзросьце пяці гадоў будучы пісьменьнік страціў бацьку, які памёр ад сухотаў, а хутка і малодшага брата, якому не было нават году. У 1895 годзе яго маці выходзіць замуж у другі раз за консула Партугаліі ў Дурбане, і яны пераязджаюць у Паўднёвую Афрыку. Там ён атрымоўвае адукацыю і выяўляе раньні талент да літаратурнай творчасьці. Там жа знаёміцца з творамі Ў. Шэксьпіра, Э. По, Дж. Мілтана, Дж. Г. Байрана, Дж. Кітса, П. Б. Шэлі, А. Тэнісана ды іншых. Ангельская мова адыграе значную ролю ў жыцьці паэта.
У 1905 годзе, пакінуўшы сям’ю ў Афрыцы, Пэсоа вяртаецца ў Партугалію, каб вывучаць літаратуру. У 1906 г. ён паступае на Вышэйшыя літаратурныя курсы (цяпер філялягічны факультэт Лісабонскага ўнівэрсытэта), але не вытрымлівае і аднаго году. У гэты ж час ён знаёміцца з найбуйнейшымі партугальскімі пісьменьнікамі. У наступным годзе памірае бабуля паэта, дзякуючы невялікай спадчыне якой Пэсоа адчыніў маленькую тыпаграфію, якая, праўда, хутка збанкрутавала. З 1908 г. і да апошніх дзён паэт займаецца перакладамі камэрцыйнай карэспандэнцыі, ведучы даволі сьціплае грамадзкае жыцьцё.
З 1912 г. Пэсоа пачынае выступаць у пэрыядычных выданьнях як эсэіст і літаратурны крытык. У 19152 г. разам зь іншымі паэтамі, такімі як Алмаду Нэгрэйруш і Марыу дэ Са-Карнейру, ён выдае літаратурны часопіс «Арфей», які запачаткаваў мадэрнізм у партугальскай літаратуры. У 1918 г. выходзяць дзьве ангельскамоўныя кнігі Пэсоа — паэма «Антыной» (Antinous) і «35 санэтаў» (35 Sonnets). Разам з двума кампаньёнамі Пэсоа засноўвае яшчэ адну друкарню, у якой у 1921 г. выходзяць яшчэ два зборнікі яго ангельскамоўнай паэзіі — «Ангельскія вершы I—II» (English Poems I—II) і «Ангельскія вершы III» (English Poems III). Пэсоа перакладае некалькі кніг з ангельскай на партугальскую, а таксама вершы Э. По «Крумкач» і «Анабэль Лі».
З таго часу, як Пэсоа вяртаецца з Афрыкі ў Партугалію, ён вельмі рэдка выяжджае зь любімага Лісабона. Менавіта найбольш цікавым месцам і атмасфэры гораду прысьвечаная «Кніга неспакою», яшчэ адзін значны твор, напісаны чацьвертым з самых вядомых гетэронімаў Пэсоа — Бэрнарду Суарэшам. Аднак і ён ня быў апублікаваны пры жыцьці пісьменьніка.
Фэрнанду Пэсоа памёр амаль невядомым 30 лістапада 1935 году, надрукаваўшы толькі адну кнігу на партугальскай мове — «Пасланьне» (Mensagem) і пакінуўшы вялікую спадчыну вершаў і лістоў, якія да гэтага часу дасьледуюцца і рыхтуюцца да друку. На падставе біяграфіі і твораў пісьменьніка створаныя раманы «Год сьмерці Рыкарду Рэйша» Жузэ Сарамагу і «Тры апошнія дні Фэрнанду Пэсоа» Антоніё Табукі.
На беларускую мову творы Пэсоа перакладалі Юлія Цімафеева, Кацярына Маціеўская, Ганна Янкута, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Хадановіч, Ігар Крэбс, Наста Гвозьдзева.
Беларускія перакладыРэдагаваць
- Выбранае: пер. з партуг. і англ. Мн.: Зьміцер Колас, 2019. («Паэты планеты»). ISBN 978-985-23-0084-1.
КрыніцыРэдагаваць
- ^ а б в Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
- ^ а б Fernando Pessoa // Інтэрнэт-база зьвестак фантастыкі (анг.) — 1995.
- ^ Fernando António Pessoa // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.) / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag
- ^ а б Архіў гістарычных запісаў — 1808.
- ^ Itaú Cultural Fernando Pessoa // Энцыкляпэдыя Ітау Культурал (парт.) — São Paulo: Itaú Cultural, 1987. — ISBN 978-85-7979-060-7
ЛітаратураРэдагаваць
- Ángel Crespo: Fernando Pessoa: Das vervielfältigte Leben. Eine Biographie. Ammann, Zürich 1996, ISBN 3-250-10282-2.
- Steffen Dix: Heteronymie und Neopaganismus bei Fernando Pessoa. Würzburg 2005, ISBN 3-8260-3039-7.