Антоніё Табукі (па-італьянску: Antonio Tabucchi; 24 верасьня 1943 — 25 сакавіка 2012) — італьянскі пісьменьнік, перакладчык і партугаліст. Выкладаў партугальскую мову й літаратуру ва ўнівэрсытэце Сіены. Ягоныя кнігі выйшлі ў 18 краінах сьвету, уключна зь Японіяй.

Антоніё Табукі
Antonio Tabucchi
Антоніё Табукі, 2008 год
Антоніё Табукі, 2008 год
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 24 верасьня 1943
Піза, Італія
Памёр 25 сакавіка 2012 (68 гадоў)
Лісабон, Партугалія
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, філёляг, перакладчык
Гады творчасьці 1975—2012
Кірунак раманіст
Жанр раман, кароткі аповед
Мова італьянская мова[1] і партугальская
Дэбют «Пляц Італіі» (Piazza d’Italia), 1975
Прэміі Эўрапейская літаратурная прэмія (1998)
Узнагароды

Біяграфія

рэдагаваць

Антоніё Табукі нарадзіўся ў Пізе 24 верасьня 1943 году, але вырас у доме бабулі і дзядулі ў Вэк’яна (Vecchiano), вёсцы недалёка ад гораду. Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце ён зьдзейсьніў шматлікія вандроўкі ў Эўропу, па сьлядах улюбёных аўтараў, з чыімі творамі пазнаёміўся ў багатай бібліятэцы свайго дзядзькі па матчынай лініі. Падчас падарожжа ў Парыж, на лаўцы ля Ліёнскага вакзалу, знайшоў кнігу, падпісаную Альвара дэ Кампас. Гэта быў адзін з псэўданімаў партугальскага паэта Фэрнанду Пэсоа, які паўплываў на мастацкі сьветапогляд Табукі.

У 1969 годзе абараніў дысэртацыю на тэму сюррэалізму ў Партугаліі. Працягнуў навучаньне ў Scuola Normale Superiore ў Пізе ў сямідзясятых гадах і ў 1973 годзе пачаў выкладаць партугальскую мову і літаратуру ў Балёнскім унівэрсытэце.

У 1973 годзе напісаў «Piazza d’Italia» («Пляц Італіі», Бамп’яні, 1975), «народную казку ў трох частках». У 1978 годзе, калі яму прапанавалі выкладаць ва ўнівэрсытэце Генуі, выдае «Il piccolo naviglio» («Караблік»). У 1981 годзе ён выдае «Il gioco del rovescio e altri racconti» («Гульні навыварат і іншыя апавяданьні»), пасьля чаго «Donna di porto Pim» («Жанчына з порта Пім», Sellerio, 1983). У 1984 ягоны раман «Notturno indiano» («Індыйскі нактурн») мае вялікі посьпех (экранізацыя ў 1989 годзе). Галоўны герой раману — чалавек, які спрабуе адшукаць зьніклага бязь вестак сябра ў Індыі, але на самой справе знаходзіцца ў пошуку сваёй ідэнтычнасьці.

У 1985 годзе выдае «Piccoli equivoci senza importanza» («Нязначныя памылачкі»), а ў 1986 годзе «Il filo dell'orizzonte» («Лінія далягляду»).

З 1985 па 1987 год Антоніё Табукі займаў пасаду дырэктара Італьянскага інстытуту культуры ў Лісабоне. У 1987 годзе ён выдаў «I volatili del Beato Angelico» («Птушкі сьвятога Анжэліка») і «Pessoana Mínima» («Мінімальная пэсоана», Imprensa Nacional, Лісабон), атрымаў прыз Мэдычы за найлепшы замежны раман «Начны нактурн». У 1988 годзе ён напісаў камэдыю «I dialoghi mancati» («Згубленыя дыялёгі»). У 1989 годзе прэзыдэнт Партугальскай Рэспублікі даў А. Табукі Ордэн інфанты дона Энрыке і ў тым жа годзе пісьменьніку быў выдадзены ордэн мастацтва і літаратуры ад францускага ўраду. У 1990 годзе ён надрукаваў «Un baule pieno di gente» («Куфар, поўны людзей») і эсэ пра Фэрнанду Пэсоа, а ў наступным годзе «L’angelo nero» («Чорны анёл»). У 1992 годзе ён напісаў раман «Requiem» («Рэквіем») на партугальскай мове і выдаў «Sogni di sogni» («Сны сноў»).

1994 зьяўляецца вельмі важным годам у жыцьці Антоніё Табукі. Гэта год выданьня «Gli ultimi tre giorni di Fernando Pessoa» («Апошнія тры дні Фэрнанду Пэсоа»), але таксама раману, які праславіў Табукі ва ўсім сьвеце: «Sostiene Pereira» («Сьцьвярджае Пэрэйра»). Галоўны герой гэтага раману становіцца сымбалем абароны свабоды інфармацыі для палітычных апанэнтаў усіх антыдэмакратычных рэжымаў.

У 1997 годзе ён напісаў раман «La testa perduta di Damasceno Monteiro», заснаваны на рэальнай гісторыі пра чалавека, чыё цела было знойдзена ў парку. Было выяўлена, што чалавек быў забіты ў паліцэйскім участку Нацыянальнай рэспубліканскай гвардыі каля Лісабону. У 1997 годзе выдаў «Marconi, se ben mi ricordo» («Марконі, калі я добра памятаю», а ў наступным годзе «L’Automobile, la Nostalgie et l’Infini» («Аўтамабіль, Настальгія і Бясконцасьць»).

У 1998 годзе атрымаў прэмію Nossack акадэміі Ляйбніца. У 1999 годзе ён напісаў «Gli Zingari e il Rinascimento» («Цыгане і Адраджэньне») і «Ena poukamiso gemato likedes» («Кашуля з плямамі»). Сумневы, як плямы на сьвежа вымытай, белай кашулі. Місія кожнага інтэлектуала і кожнага пісьменьніка — выклікаць сумневы ў дасканаласьці, таму што дасканаласьць спараджае ідэалёгіі, дыктатараў і таталітарныя ідэі.

У 2001 годзе выдаў эпісталярны раман «Si sta facendo sempre più tardi» («Робіцца ўсё болей позна»). За гэтую кнігу ў 2002 годзе атрымаў прэмію France Culture для замежнай літаратуры. У 2004 годзе пісьменьнік выдаў раман «Tristano muore» («Трыстан памірае»).

Пісьменьнік жыве кожныя паўгоду ў Лісабоне ў родным горадзе сваёй жонкі, разам з двума дзецьмі. А другія паўгоду ў Таскане, выкладаючы літаратуру ва ўнівэрсытэце Сіены. Табукі не лічыў літаратуру прафэсіяй, а тым, што ўключае ў сябе жаданьні, мары і фантазіі.

Антоніё Табукі рабіў свой уклад у культурныя старонкі Corriere della Sera, El Pais.

Памёр 25 сакавіка 2012 году ў Лісабоне пасьля працяглай хваробы.

  • Piazza d’Italia («Пляц Італіі», 1975)
  • Il piccolo naviglio («Караблік», 1978)
  • Il gioco del rovescio e altri racconti («Гульня ў наадварот і іншыя апавяданьні», 1981)
  • Donna di Porto Pim («Жанчына з Порта-Пім», 1983)
  • Notturno indiano («Індыйскі нактурн», 1984)
  • Piccoli equivoci senza importanza («Нязначныя памылачкі», 1985)
  • Il filo dell’orizzonte («Лінія далягляду», 1986)
  • I volatili del Beato Angelico («Пярнатыя Бэата Анджэліка», 1987)
  • Pessoana mínima (1987)
  • I dialoghi mancati («Згубленыя дыялёгі», 1988)
  • Un baule pieno di gente. Scritti su Fernando Pessoa («Куфар, поўны людзей. Нататкі пра Фэрнанду Пэсоа», 1990)
  • L’angelo nero («Чорны анёл», 1991)
  • Sogni di sogni («Сны сноў», 1992)
  • Requiem («Рэквіем», 1992)
  • Gli ultimi tre giorni di Fernando Pessoa («Тры апошнія дні Фэрнанду Пэсоа», 1994)
  • Sostiene Pereira. Una testimonianza («Сьцьвярджае Пэрэйра. Сьведчаньне», 1994)
  • Dove va il romanzo («Куды ідзе раман», 1995)
  • Carlos Gumpert, Conversaciones con Antonio Tabucchi (1995)
  • La testa perduta di Damasceno Monteiro («Згубленая галава Дамашэну Мантэйру», 1997)
  • Marconi, se ben mi ricordo («Марконі, калі не памыляюся», 1997)
  • L’Automobile, la Nostalgie et l’Infini («Аўтамабіль, настальгія і бясконцасьць», фр. 1998)
  • La gastrite di Platone («Плятонаў гастрыт», 1998)
  • Gli Zingari e il Rinascimento («Цыганы і Адраджэньне», 1999)
  • Autobiografie altrui. Poetiche a posteriori («Чужыя аўтабіяграфіі», 2003)
  • Brescia piazza della Loggia 28 maggio 1974—2004
  • Tristano muore. Una vita («Трыстан памірае. Адно жыцьцё», 2004)
  • Racconti («Апавяданьні», 2005)
  • L’oca al passo («Гусіны крок», 2006)
  • Il tempo invecchia in fretta («Час хутка старыць», Feltrinelli, 2009)
  • Viaggi e altri viaggi («Падарожжы і іншыя падарожжы», Feltrinelli, 2010)
  • Racconti con figure («Апавяданьні зь фігурамі», Sellerio, 2011)
  • Girare per le strade («Блуканьне па вулках», Sellerio, 2012)

Пераклады на беларускую мову

рэдагаваць
  • Стомленая маска, Мінск: Кнігазбор, 2010, ISBN 978-985-6976-15-8, пераклад Вольгі Колас паводле выданьняў A. Tabucchi Piccoli equivoci senza importanza (Feltrinelli, 2006) i A. Tabucchi Si sta facendo sempre più tardi (Feltrinelli, 2003)
  • Сны сноў, Мінск : Янушкевіч, 2017, ISBN 9789857165506, пераклад Вольгі Колас паводле выдання А.Tabucchi Sogni di sogni, 14ed., Sellerio, 2006
  1. ^ Tabucchi, Antonio // CONOR.SI

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць