Пётар Татарыновіч
Пё́тар Татарыно́віч (пс. Пётра Задума, Мядзьведзіцкі; 2 чэрвеня 1896, в. Гайнін, Слуцкі павет — 3 верасьня 1978, Рым) — каталіцкі сьвятар лацінскага абраду, папскі пралат, доктар тэалёгіі (1950), рэлігійны і культурна-асьветны дзяяч, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху, выкладчык, выдавец, рэдактар, пісьменьнік, перакладчык і публіцыст.
Пётар Татарыновіч лац. Piotar Tatarynovič | |
![]() Ксёндз Пётар Татарыновіч, 1942 г. | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 2 (14) чэрвеня 1896 |
Памёр | 3 верасьня 1978 (82 гады) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | сьвятар, пісьменьнік |
Мова | беларуская мова і польская мова |
Біяграфія
рэдагавацьПаходзіў зь сялянскай сям’і: бацькі — Станіслаў і Караліна (з роду Пашукевічаў) Татарыновічы.
Навучаўся ў архідыяцэзіяльнай духоўнай сэмінарыі ў Пецярбургу, і ў Менскай каталіцкай сэмінарыі. Яшчэ пад час вучобы далучыўся да беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху. Атрымаў сьвятарскае пасьвячэньне 12 чэрвеня 1921 году.
У 1918 годзе, яшчэ субдыяканам, прамаўляў казаньні па-беларуску ў Мядзьведзічах (цяпер Ляхавіцкі раён). Як згадваў кс. Адам Станкевіч, парафіяне зь вялікім зацікаўленьнем слухалі казаньні, плакалі й цешыліся… Толькі адзін з парафіян, на Новы Год, пад час казаньня, азваўся: «па-якому гэта да нас гаворыш…» Людзі з выразным незадавальненьнем утаропіліся на яго, дык на гэтым і скончылася «апазыцыя». Казаньні па-беларуску працягваліся…
Першыя гады (1921—1922) душпастырскай дзейнасьці працаваў у Пінску. Працаваў настаўнікам у Ніжэйшай духоўнай сэмінарыі ў Наваградку. У 1922 годзе прызначаны прэфэктам пачатковых і сярэдняй школ у г. Баранавічы.
У 1926 годзе за сваё беларускае хрысьціянскае асьветніцтва ў душпастырскім служэньні высланы з Баранавічаў падалей ад беларусаў у каталіцкую парафію на Мазуры (Польшча). Вярнуты царкоўнымі ўладамі на Палесьсе ў 1927 годзе.
Працаваў у 1927—1931 у парафіі Дамачава, 1932—1939 у Століне. У 1933 годзе — вікары навукі рэлігіі ў школах Лунінецкага дэканату. Тады ж выконваў абавязкі пробашча ў парафіі ў Століне, а ў парафіі ў Церабежаве быў адміністратарам.
Сябра Цэнтральнага камітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ў 1928 годзе.
Падчас душпастырскай дзейнасьці ў Пінскай дыяцэзіі далучыўся да беларускай культурна-асьветніцкай і рэлігійнай працы. Спавядаў і вёў казаньні на беларускай мове, прапаведаваў і дапамагаў беларускім вуніяцкім парафіям у Альпені, на Мярлінскіх хутарах Дзяляцічах і інш. Заснаваў Саюз каталіцкай моладзі ў Баранавічах.
З 1929 году супрацоўнічаў зь Беларускім Каталіцкім Выдавецтвам. Пісаў для беларускіх рэлігійных выданьняў «Krynica», «Chryścijanskaja Dumka». Друкаваўся на старонках беларускага вуніяцкага часопіса «Да злучэньня» (1932—1937). Перакладаў на беларускую мову творы дацкага паэта І. Ёргенсэна (у 1926 годзе ў Вільні выдаў яго рэлігійна-філязофскі нарыс «Прыпавесьці»). Супрацоўнічаў з каталіцкімі сьвятарамі ўсходняга абраду Вацлавам Аношкам, А.Неманцэвічам і інш. Сябраваў з шчырым і ідэйным беларусам кс. Антонам Дулінцам.
Вядома, што кс. Татарыновіч шмат разоў прыяжджаў да беларускага сьвятара ва ўніяцкай парафіі ў в. Альпень на Палесьсі Вацлава Аношкі, дзе дапамагаў у пастырскай дзейнасьці. Тамака ён запомніўся вернікам выдатнымі беларускімі прамовамі.
Напачатку 1930-х сярод сябраў Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры (БІГіК) зьявілася ідэя стварэньня нацыянальных дамоў. У 1936 годзе ў Мядзьведзічах быў збудаваны першы і адзіны Беларускі дом. Першапачаткова на яго будаўніцтва ахвяраваў адзін жыхар гміны 100 даляраў. Пасьля грошы зьбіралі сябры БІГіК прыкладна па 100 злотых. Афіцыйным інвэстарам гэтага будаўніцтва лічыўся кс. Татарыновіч, які інфармаваў польскія ўлады, што будуе дом на ўласныя сродкі й патрэбы. Пасьля заканчэньня будоўлі Татарыновіч падараваў дом БІГіК.
Выдаваў кнігі й брашуры (Сьвяты Ізідар хлебароб (1928), Вялікія людзі, Купальле(1930), Шляхам дзіваў і ўражаньняў (1934), Зярняткі з роднай юнацкай нівы.
З прычыны хваробы (сухоты) у 1939 годзе быў часова звольнены ад сваіх абавязкаў. У 1940 годзе ўцёк з-пад савецкага арышту ў зону нямецкай акупацыі.
Быў запрошаны разам зь іншым беларускім духавенствам 15 сьнежня 1941 году на канфэрэнцыю школьных інспэктараў, што адбывалася ў Менскім гарадзкім тэатры (сёньня — тэатар імя Янкі Купалы). Кс. Татарыновіч прыйшоў на яе ў звычайным касьцюме. Разам з Антонам Шукелойцям, Адамовічам, Савёнкам, Сянкевічам ён заняў месцы на галёрцы, а ня ў першым радзе зь іншымі сьвятарамі. Падчас выкананьня нямецкага гімну беларускія ксяндзы ўзьняліся, але ня выцягнулі рукі. Адразу пасьля заканчэньня канфэрэнцыі кс. Глякоўскі і Малец былі арыштаваныя СД. Татарыновіча пасьпелі схаваць людзі з каталіцкага камітэту (яго выратавала цывільнае ўбраньне і знаходжаньне на галёрцы) і назаўтра пераправілі ў Баранавічы. Неўзабаве адтуль зьехаў у Варшаву.
Жыў у Варшаве, дзе выкладаў рэлігію ў беларускай школе і служыў для беларусаў-католікаў спачатку ў касьцёле сьв. Марціна, а потым у храме айцоў базылянаў. У 1943 годзе працаваў рэфэрэнтам культуры і асьветы ў Беларускім камітэце.
Удзельнік 2-га Ўсебеларускага кангрэсу ў Менску, дзе выступіў з прывітальнай прамовай.
З 1944 году — на эміграцыі. Напачатку жыў у Ратэнбургу (Нямеччына). З кастрычніка 1945 году ў Рыме.
У 1945—1949 гадах навучаўся ў папскім Усходнім інстытуце, абараніў доктарскую працу «Сьв. Кірыла Тураўскі і яго духоўная навука» ("S. Cirillo Vesc. di Turov e la sua dottrina spirituale"). Зь верасьня 1950 да 1975 году выдаваў беларускі каталіцкі часопіс «Źnič». Арганізаваў у 1950 годзе Беларускую праграму «Радыё Ватыкану». Перадаў у 1970 годзе кіраўніцтва Беларускай праграмы на Ватыканскім радыё вядомаму беларускаму сьвятару, архімандрыту Льву Гарошку.
Выдавец беларускай рэлігійнай літаратуры. Аўтар перакладу кніг «Сьвятая Эванэлія і Апостальскія Дзеі» (Рым, 1954), «Лісты сьвятых апосталаў» (Рым, 1974), якія выдаў з сваімі камэнтарамі. Пераклаў на беларускую мову і выдаў раман Сянкевіча «Quo vadis» (Рым, 1956).
Рашэньнем Кансістарыяльнай кангрэгацыі 21 студзеня 1964 году прызначаны Апостальскім пасадам дырэктарам душпастыраў лацінскага абраду сярод беларускай эміграцыі.
Літаратура
рэдагаваць- Ks. Ad. Stankewicz «Rodnaja mowa ŭ światyniach», Вільня, 1929, Хрысьціянская думка.
- Elenchus... Pinscensis; Бацькаўшчына (Мюнхэн). 1961. № 50-51;
- Małgorzata Moroz «KRYNICA» — Ideologia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu", Беласток, 2001.
- Spis kościołów i duchowieństwa diecezji Pińskiej w R.P. 1933 i 1934 (stan diecezji na dzień 31 grudnia 1933), Пінск, 1933, Wydawnictwo Drukarni Diecezjalnej
- Беларус (Нью-Ёрк). 1978. № 258; 1980. № 283—284.
- Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Менск-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999
- Юры Туронак «Мадэрная гісторыя Беларусі» разьдзел — «Трагізм і загадкавасьць лёсаў. Да гісторыі беларускага каталіцкага душпастырства ў Менску», Вільня, Інстытут беларусістыкі, 2006
- Юры Туронак «Трагізм і загадкавасьць лёсаў», «Наша вера», 1(2)-1996.
- Мартос А.; Божым шляхам (Лёндан). 1967. № 1; 1979. № 150;