Дзяніс Малец (1909, в. Лембаўка Дзісенскі павет, Віленскае ваяводзтва, цяпер Пастаўскі раён — сьнежань 1941, Менск?, гестапа?) — каталіцкі сьвятар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху.

Паходзіў зь беларускай каталіцкай сям’і. У 1933 паступіў у Пінскую духоўную каталіцкую сэмінарыю. Пасьвячоны ў сьвятары ў 1937 годзе. Першыя гады душпастырскай дзейнасьці правёў на пасадзе вікарыя пры парафіі Нараджэньня Дзевы Марыі ў г. Бельск-Падляскі на Беласточчыне.

З восені 1938 — прэфэкт мясцовых школ у Пінску. Пазьней служыў вікарыем пры Пінскі катэдральны сабор[1].

Падчас Другой сусьветнай вайны прымаў удзел у беларускім нацыянальна-рэлігійным жыцьці.

Улетку 1941 году Віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі накіраваў з Вільні ва Ўсходнюю Беларусь ксяндзоў (Станіслава Глякоўскага, Дзяніса Мальца, Пятра Татарыновіча, Казіміра Рыбалтоўскага), якія павінны былі ўзнавіць дзейнасьць касьцёлаў[2].

У якасьці ганаровага госьця разам са сьвятаром Станіславам Глякоўскім прысутнічаў 15 сьнежня 1941 году на канфэрэнцыі школьных інспэктараў у Менску. Пад час выкананьня нямецкага гімну беларускія ксяндзы ўзьняліся, але не выцягнулі рукі. Па сканчэньню мерапрыемства быў арыштаваны разам з Глякоўскім нямецкай тайнай паліцыяй[1]. (Арышту пазьбег толькі кс. Татарыновіч, які быў у цывільным гарнітуры і якога пасьпелі схаваць беларускія дзеячы).

Дата, месца і акалічнасьці сьмерці застаюцца невядомымі.

Літаратура

рэдагаваць
  • Гарбінскі БРД; Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Буэнос-Айрэс, 1966 (рэпрынт: Мн., 1990)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць