Антон Шукелойць
Анто́н Анто́навіч Шукело́йць (Шукело́йц; 19 ліпеня 1915, в. Якелеўшчына, цяпер Ашмянскі раён Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 7 студзеня 2017, ЗША) — грамадзкі дзяяч беларускай эміграцыі ў ЗША.
Антон Шукелойць | |
Імя пры нараджэньні | Антон Антонавіч Шукелойць |
---|---|
Род дзейнасьці | настаўнік, таваразнаўца |
Дата нараджэньня | 19 ліпеня 1915 |
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 7 студзеня 2017 (101 год) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Грамадзянства | ЗША |
Месца вучобы | |
Занятак | грамадзкі дзяяч |
Сябра ў | Беларускае культурнае згуртаваньне |
Бацька | Антон Шукелойць |
Маці | Бэнэдыкта зь Пецюкевічаў |
Дадаткова | 11-ы старшыня Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня (1975—2007) |
Біяграфічныя зьвесткі
рэдагавацьНарадзіўся 19 ліпеня 1915 году ў в. Якелеўшчына ў сялянскай сям’і Антона і Бэнэдыкты зь Пецюкевічаў. Бацька меў гаспадарку й гандляваў лесам. Скончыўшы Жупранскую пачатковую школу, паступіў у Ашмянскую польскую гімназію. Скончыў аддзяленьне славянскай філялёгіі й этнаграфіі гуманістычнага факультэту Ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя (1939). Падчас студэнцтва працаваў ува ўнівэрсытэцкім этнаграфічным музэі, часта выяжджаў для збору матэрыялаў у розныя мясьціны Беларусі.
У юнацтве далучыўся да грамадзкага руху, падчас вучобы ў Ашмянскай польскай гімназіі быў сябрам беларускага гуртка сацыялістычнай моладзі, якім кіраваў вядомы ашмянскі сацыялістычны дзеяч адвакат Аляксандар Барановіч. У Вільні далучыўся да групы студэнтаў, якая выдавала часопіс беларускай сацыялістычнай думкі «Золак», ідэалягічна набліжаны да эсэраў. Ува ўнівэрсытэце быў сябрам беларускіх студэнцкіх арганізацыяў: Беларускага студэнцкага саюзу, Таварыства прыяцеляў беларусаведы (у апошнім быў старшынём). Сьпяваў у беларускім студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.
Па далучэньні Заходняй Беларусі да БССР у 1939 г. А. Шукелойць працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне. Арганізаваў у Ашмянах першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школаў на тэрыторыі былога Ашмянскага павету. Выкладаў беларускую мову ў гімназіі, дзе раней вучыўся сам. У 1940 г. стаў дэпутатам Ашмянскага гарадзкога савету, загадчыкам гарадзкога аддзелу народнай асьветы й школьным інспэктарам-мэтадыстам Ашмянскага раёну.
23 чэрвеня 1941 арыштаваны органамі НКУС, вызваліўся з турмы ў выніку налёту нямецкай авіяцыі. Падчас нацысцкай акупацыі працаваў у аддзеле асьветы й культуры Менскай гарадзкой управы, дзе ўпарадкоўваў архівы ЗАГСу, часткова зьнішчаныя ў выніку ваенных дзеяньняў. Затым стаў загадчыкам Беларускага гістарычнага музэю (потым Краязнаўчы музэй). Пасьля арганізацыі ў Менску Беларускага культурнага згуртаваньня А. Шукелойця прызначылі кіраўніком аддзелу краязнаўства галоўнай управы. Урэшце быў школьным інспэктарам пры аддзеле Беларускай цэнтральнай рады. З 1944 г. у Нямеччыне.
Пасьля вайны працаваў у сыстэме адукацыі ў лягерах для перамешчаных асобаў у Нямеччыне. Спрабаваў адшукаць у Баварыі сьляды вывезеных туды беларускіх музэйных каштоўнасьцяў. У пачатку 1950-х гг. пераехаў у ЗША. Працаваў тавараведам пры Інстытуце вытворчасьці моды, у краме вопраткі «Орбакг». Актыўны ўдзельнік жыцьця беларускай дыяспары ў ЗША. Шматгадовы старшыня Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня, сябра рэдакцыі газэты «Беларус», сябра Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку.
Аўтар дзясяткаў артыкулаў, успамінаў, нэкралёгаў апублікаваных у газэтах «Бацькаўшчына» й «Беларус». Апублікаваны матэрыялы А. Шукелойця пра лёс музэйных фондаў вывезеных у час Другой сусьветнай вайны зь Беларусі ў Нямеччыну й Аўстрыю.
Памёр 7 студзеня 2017 году, пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансўіку (Нью-Джэрзі)[1].
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Мы гэтак шмат страцілі: [інтэрв’ю Ю.Хадыкі з А.Шукелойцам] // ЛіМ. 1991. 26 ліп.;
- Пазняк З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. — Варшава: «АРО», 2003. — ISBN 9955-9337-8-X;
- Юрэвіч Л. Шукелойць Антон: Старонкі будучага даведніка // Кантакты і дыялогі, № 7-8. 2000.