Пятро Юргялевіч

беларускі мовазнавец

Пятро́ Я́каўлевіч Юргяле́віч (1894, Трабы, цяпер Іўеўскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 1973, Магілёў, цяпер Беларусь) — беларускі мовазнавец.

Пятро Юргялевіч
афіц. Пётр Юргелевіч
Piotar Jurhielevič. Пётар Юргелевіч (1920-29).jpg
Дата нараджэньня 14 студзеня 1894
Месца нараджэньня Трабы, Ашмянскі павет, Віленская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 17 красавіка 1973
Месца сьмерці Магілёў, Беларуская ССР, СССР
Месца вучобы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1925)
Занятак мовазнаўца, пэдагог
Навуковая сфэра мовазнаўства
Месца працы Магілёўскі пэдагагічны інстытут (1944—1968)
Вядомы як аўтар «Нарысу сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі камэнтарамі» (1958)

Суаўтар «Вайсковага расейска-беларускага слоўніка» (1933). Аўтар «Нарысу сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі камэнтарамі» (1958). Дацэнт (1933).

ЖыцьцяпісРэдагаваць

Удзельнічаў у Першай сусьветнай вайне да 1917 году ў якасьці радавога 7-га сыбірскага дывізіёну. У 1917 годзе ўступіў у Расейскую сацыял-дэмакратычную працоўную партыю бальшавікоў. У 1919 годзе знаходзіўся на Заходнім фронце ў складзе Беларуска-літоўскай дывізіі[1]. У 1925 годзе скончыў факультэт грамадзкіх навук Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і заняў пасаду сакратара Мсьціслаўскага раённага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі[2]. З 1926—1927 гадах працаваў рэдактарам Калінінскай акруговай газэты «Наш працаўнік» (Клімавічы)[3]. У 1927—1928 гадах быў стыльрэдактарам у «Дзяржаўнам выдавецтве Беларусі»[4]. У У 1927—1930 гадах быў сакратаром Камісіі па выданьні твораў Леніна на беларускай мове[2]. У 1930—1935 гадах быў навуковым сакратаром Інстытуту мовазнаўства Беларускай акадэміі навук[3]. У 1931 годзе падрыхтаваў зь Пятром Бузуком і Язэпам Мацюкевічам «Анкету для зьбіраньня матэрыялаў па беларускай мове». У 1933 годзе браў удзел у падрыхтоўцы «Вайсковага расейска-беларускага слоўніка»[5].

У 1933—1936 гадах па сумяшчальніцтве быў дацэнтам катэдры мовазнаўцтва ў Менскім вышэйшым пэдагагічным інстытуце. Дасьледаваў унармаваньне беларускай літаратурнай мовы і рэдагаваў асобныя выпускі беларускай навуковай тэрміналёгіі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы інструкцыяў і анкетаў для зьбіраньня дыялектнай лексыкі[3]. Таксама дасьледаваў гісторыю беларускай мовы і гаворак[4]. 2 лістапада 1935 году быў арыштаваны. У выніку быў выключаны з Усесаюзнай камуністычнай партыі. На час арышту быў жанаты і гадаваў 3-х дзяцей[1]. У 1936 годзе выйшаў падручнік «Беларуская граматыка: марфалёгія», у падрыхтоўцы якога ён удзельнічаў[5]. 31 сакавіка 1936 году пазасудовая тройка Народнага камісарыяту ўнутраных справаў Беларускай ССР выракла яго да 5 гадоў папраўча-працоўнага лягеру за «контаррэвалюцыйную дзейнасьць і незаконнае захоўваньне зброі»[1] паводле беспадстаўнага абвінавачаньня ў буржуазным нацыяналізьме[3]. У 1938 годзе вывезены ў Кіраўскі канцлягер НКУС Расейскай СФСР, адкуль вызвалены 2 лістапада 1940 году[1].

У 1940—1941 гадах быў выкладнікам катэдры мовазнаўства ў Гомельскім пэдагагічным інстытуце. У 1944—1968 гадах працаваў дацэнтам катэдры беларускай мовы ў Магілёўскім пэдагагічным інстытуце, дзе ў 1944–1962 гадах быў загаднікам катэдры[2]. У 1958 годзе выдаў «Нарыс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі камэнтарамі. Фанэтыка, графіка і правапіс, лексыка і фразэалёгія», які перавыдалі ў 1961 годзе ў якасьці наватарскага падручніка[3]. 25 лістапада 1960 году Пленум Вярхоўнага суду Беларускай ССР рэабілітаваў яго па ўсіх абвінавачаньнях[1]. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на школьныя падручнікі беларускай мовы. У 1964 годзе напісаў «Праграму па гістарычнай граматыцы беларускай мовы: для філялягічных і гісторыка-філялягічных факультэтаў»[5].

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ а б в г д Леанід Маракоў. Юргелевіч Пётр Якаўлевіч // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія i культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991: энцыкл. даведнік у 3-х тамах. — Менск: 2005 Т. 3. Кніга 2. Лабадаеў—Яцына. — С. 654—655. — 744 с. — 50 ас. — ISBN 985-6374-07-3
  2. ^ а б в Юргелевіч, Пётр Якаўлевіч (мовазнаўства ; 1894—1973) // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2015 г. Праверана 1 кастрычніка 2021 г.
  3. ^ а б в г д Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 14 студзеня 2014. — № 5 (27615). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ а б Міхаіл Яўневіч. Юргелевіч Пётр Якаўлевіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя. — С. 214. — 473 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
  5. ^ а б в Леанід Маракоў. Юргелевіч Пётр Якаўлевіч // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія i культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991: энцыкл. даведнік у 3-х тамах. — Менск: 2003 Т. 2. Лавіцкі—Ятаўт. — С. 364—365. — 380 с. — ISBN 985-6374-05-7