Помнік прыроды

прыродная мясьціна, каштоўная ў аздараўленьні, навуцы і культурным пазнаваньні
(Перанакіравана з «Помнікі прыроды»)

По́мнік прыро́ды (ПП) — прыродная мясьціна, каштоўная ў аздараўленьні, навуцы і культурным пазнаваньні.

Блакітная крыніца — помнік прыроды ў Прапойскім раёне Магілёўскай вобласьці (2011 год)

Зьяўляецца народным набыткам і ахоўваецца дзяржавай. Ёсьць відам аховы прыроды. Абвяшчаецца з прычыны адасобленасьці, немагчымасьці бясшкодна перанесьці ў штучныя ўмовы і меншай плошчы за заказьнік. Можа мець мясцовую і дзяржаўную значнасьць. Віды: батанічны, водны і геалягічны. Мае вызначаныя лад утрыманьня і захады аховы. Непаўторны і ўзорны заказьнік, запаведнік і нацыянальны парк таксама могуць аднесьці да помніка прыроды. 23 лістапада 1972 году на сядзібе Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры ў Парыжы (Францыя) адкрылі для падпісаньня Канвэнцыю па ахове помнікаў сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны[1]. Помнік прыроды можа сустракацца ў выглядзе: урочышча (гай, возера, дзялянка даліны і ўзьбярэжжа), асобнай мясьціны (пячора, агаленьне, мэтэарытны кратэр, рэдкае і гістарычна каштоўнае дрэва, рэдкі від расьліны), прыроднай мясьціны штучнага паходжаньня (старадаўнія алея і парк, сажалка і дзялянка канала)[2].

Беларусь

рэдагаваць

У 1923 годзе ўрад Беларускай ССР зацьвердзіў сьпіс помнікаў прыроды, які дапоўніў у 1926 годзе. У 1963 годзе Савет міністраў БССР ухваліў Пастанову «Аб ахове помнікаў прыроды на тэрыторыі Беларускай ССР», паводле якой абвясьціў помнікі прыроды недатыкальнымі. На пачатак 1984 году ў Беларускай ССР налічвалася 137 помнікаў прыроды рэспубліканскай значнасьці: 60 векавых і рэдкіх дрэваў, 23 дзялянкі каштоўных насаджэньняў, 21 парк, 15 геалягічных агаленьняў, 10 валуноў, 3 месцы росту вадзянога арэху і 1 крыніца[2]. У 1992 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры (Парыж, Францыя) ўлучыла Нацыянальны парк «Белавеская пушча» ў сьпіс аб’ектаў сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны. На 2000 год у Беларусі існавала 303 помнікі прыроды рэспубліканскай значнасьці, зь іх 182 геалягічныя, 116 батанічных і 5 водных[1].