Гатычная архітэктура
Гаты́чная архітэкту́ра — плынь у эўрапейскай архітэктуры высокага й позьняга сярэднявечча. Зьявілася ў XII стагодзьдзі ў Францыі, разьвіўшыся з раманскай архітэктуры. Характэрнымі рысамі каменных гатычных будынкаў зьяўляюцца сьпічастыя аркі і рабрыстыя скляпеньні, а таксама аркбутаны і абломы складанага профілю.
У Беларусі захавалася параўнальна мала гатычных будынкаў, прычым некаторыя зь іх перанесьлі значную пазьнейшую перабудову, напрыклад Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля ва Ўселюбе і асабліва Петрапаўлаўскі касьцёл у Іўі.
Тэрмін «готыка»
рэдагавацьСучасьнікі называлі гатычную архітэктуру «францускім стылем» (Opus Francigenum). Тэрмін «готыка» зьявіўся ў часы Рэнэсансу і першапачаткова насіў адмоўнае, зьняважлівае адценьне. Упершыню яго ўжыў у 1530-х Джорджа Вазары, жадаючы абазначыць гэты архітэктурны стыль як прымітыўны і барбарскі (па асацыяцыі з готамі).
Узьнікненьне
рэдагавацьГотыка зьявілася вынікам эвалюцыі раманскай архітэктуры. Сьпічастыя аркі маглі быць запазычаныя з усходу, але цалкам верагодна, што яны разьвіліся самастойна, магчыма як адказ на патрэбу перакрываць скляпеньнямі памяшканьні складанай формы (што ў раманскай архітэктуры было немагчыма). Першым значным гатычным будынкам лічыцца Базыліка Сэнт-Дэні ў прыгарадзе Парыжу, будаўніцтва нартэксу якой пачалося ў 1136 пад кіраўніцтвам абата Сугерыя.
Рэгіянальныя варыянты
рэдагавацьФранцыя
рэдагавацьГатычныя катэдры Францыі (а таксама Бэльгіі, готыка якой знаходзілася па моцным фрацускім уплывам) адметныя найперш лёгка пазнавальным заходнім фасадам: тры ўваходы, вакно-ружа і дзьве вялікія вежы. Яшчэ адна распаўсюджаная рыса — гэтак званы «вянок капліцаў», паўкола невялікіх каплічак на ўсходнім канцы будынку.
У францускай готыцы вылучаюць чатыры стылі: раньняя готыка (XII стагодзьдзе), высокая готыка (XIII стагодзьдзе), прамністая готыка і палымяная готыка. Апроч гэтага асобны гатычны стыль, гэтак званая паўднёвая готыка (Gothique Méridional), існаваў на поўдні Францыі. Паколькі многія будынкі ўзводзіліся цягам дзесяцігодзьдзяў, нярэдкія выпадкі, калі розныя часкі адной катэдры збудаваныя ў розных гатычных стылях. У прыватнасьці, Шартрская катэдра адносіцца да высокай готыкі, але мае раньнегатычны заходні фасад, а паўночная вежа завершаная ў стылі палымянай готыкі.
Ангельшчына
рэдагавацьСярод асноўных тыпаў гатычных будынкаў у Ангельшчыне — ня толькі катэдры, парафіяльныя цэрквы і абацтвы, але і калегіюмы. У прыватнасьці, у гатычным стылі ўзьведзеныя многія будынкі ў Оксфардзе і Кембрыджы. Адметная рыса ангельскіх гатычных катэдраў — іх асабліва вялікая даўжыня. Вельмі часта сустракаецца вежа на скрыжаваньні наваў. Вокны-ружы звычайна робяцца ў канцах трансэпту, але ніколі — на заходнім фасадзе.
У ангельскай готыцы выдзяляюць тры пэрыяды: раньні ангельскі пэрыяд (Early English Period) (XII—XIII стагодзьдзі), пэрыяд аздобленай готыкі (Decorated Gothic) (XIV стагодзьдзе) і пэрыяд пэрпэндыкулярнай готыкі (Perpendicular Gothic) (да сярэдзіны XVI стагодзьдзя).
Нямеччына
рэдагавацьАдметнасьць нямецкіх гатычных катэдраў — асабліва высокія вежы заходняга фасаду зь вялізарнымі вострымі шпілямі. У агульным, нямецкая готыка дастаткова блізкая да францускай. У пэрыяд позьняй готыкі ў нямецкім рэгіёне разьвіўся адмысловы стыль, які пазьней атрымаў назву зондэрготыка. На поўначы Нямеччына нарадзілася і атрымала шырокі распаўсюджаньне цагляная готыка.
Італія
рэдагавацьУ Італію гатычную архітэктуру прынесьлі манахі-цыстэрцыяны. Характэрнаю рысаю італійскай готыкі зьяўляецца шматкаляровая дэкарацыя будынкаў, у прыватнасьці ўпрыгожаньне сьценаў рознакаляровым мармурам і багаты росьпіс фрэскамі ўнутры. Часам рабіліся таксама мазаікі над уваходамі. Храмы часта вянчаліся вялікімі купаламі, а званіца і баптыстэрый нярэдка рабіліся як асобныя будынкі.
Трэба адзначыць, што адзін з найвядомейшых гатычных будынкаў Італіі, Міланская катэдра, зьяўляецца хутчэй нямецкім па стылі і для Італіі ў агульным нетыповы.
Вядомымі прыкладамі італьянскай готыкі зьяўляюцца Палац дожаў у Вэнецыі, базыліка Сьвятога Францішка ў Асізі, базыліка Сьвятога Петронія ў Балоньі. Гатычныя элемэнты мае таксама базыліка Сьвятога Антонія ў Падуі.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУ ВКЛ гатычная архітэктура разьвівалася ў рэчышчы цаглянай готыкі. Для гатычных храмаў ВКЛ характэрныя выразныя абарончыя рысы. Тыповым зьяўляецца таксама спалучэньне гатычных і бізантыйскіх рысаў у адным будынку.
Позьнегатычныя стылі
рэдагавацьУ рамках позьняй готыкі разьвілася некалькі па сутнасьці асобных стыляў. Апроч згаданых вышэй зондэрготыкі, пэрпэндыкулярнай готыкі і палымянай готыккі, да позьнегатычных стыляў адносяцца мануэлінскі (у Партугаліі) і ізабэлінскі (у Гішпаніі). Трэба адзначыць, што позьнегатычнымі зьяўляюцца і ўсе гатычныя будынкі ВКЛ.