Ніл
Ніл (па-грэцку: Νειλος, па-арабску: النيل) — адна з найдаўжэйшых рэк на Зямлі, знаходзіцца ў цэнтральнай і паўночна-ўсходняй частцы Афрыкі, праходзіць усе кліматычныя зоны кантынэнта. Цячэ на абодвух паўшар’ях: выток знаходзіцца на 2°16′ пд ш., а вусьце на 31° пн ш. Налічваючы амаль 3 млн км² басэйн Нілу на кантынэнце саступае толькі басэйну Конга. Раней Ніл лічыўся самай доўгай ракой сьвету, цяпер ён застаецца самай доўгай ракой «Старога сьвету», і ў сьвеце саступае толькі Амазонцы.
Ніл | |
араб. النيل | |
Ніл у Эгіпце | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Выток | Белы Ніл[1] і Блакітны Ніл[2] |
Вусьце | Міжземнае мора |
Краіны басэйну | Танзанія, Рэспубліка Конга, Эгіпет[3], Судан, Уганда, Паўднёвы Судан, Эрытрэя, Кенія і Дэмакратычная Рэспубліка Конга |
Даўжыня | 6650 км |
Плошча басэйну | 3 400 000 км² |
Месцазнаходжаньне | |
Агульныя характарыстыкі
рэдагавацьДаўжыню Ніла часьцяком адлічваюць ад возера Вікторыя, хоць і ў яго ёсьць уток даволі буйных рэк. Самай аддаленнай кропкай можна лічыць вытоку ракі Рукарару — адной са складнікаў ракі Кагера, якая бярэ пачатак з вышыні больш за 2000 м на адным з горных масіваў Усходняй Афрыцы на поўдні ад экватару і ўпадае ў возера Вікторыя. Даўжыня Ніла (з Кагерам) — каля 6700 км (часьцей за ўсё выкарыстоўваецца лічба 6671 км), але ад возера Вікторыя да Міжземнага мора — прыкладна 5600 км.
Менавіта гэтая даўжыня і зьяўляецца сапраўднай даўжынёй ракі Ніл, бо маючы на ўвазе возера Вікторыя і Кагеру разам з Рукарарай можна казаць толькі пра сумарную працягласьць рачной сыстэмы. Ніл — адзіная зь вялікіх рэк, для якой робяць беспрэцэдэнтнае выключэньне пры вызначэньні даўжыні, дадаючы да яго ня толькі даўжыню Кагера, але і даўжыню возера Вікторыя.
Напрыклад, даўжыня Енісею з улікам даўжыні Селенгі (каля 1000 км), якая ўпадае ў Байкал і самога Байкала значна перавышае 5000 км, аднак географы лічаць ягоную даўжыню толькі ад пачатку Ангары. У супрацьлегласьць да Нілу Амазонка на ўсім сваім працягу ўяўляе менавіта раку.
Плошча басейна паводле розных зьвестак складае 2,8—3,4 млн км², цалкам або часткова ахопліваючы тэрыторыі Руанды, Кеніі, Танзаніі, Уганды, Этыёпіі, Эрытрэі, Судану і Эгіпту.
Пытаньне аб вытоку Ніла
рэдагавацьАнтычныя ўяўленьні
рэдагавацьНад пытаньнем аб вытоках Нілу біліся эўрапейскія розумы з часоў Герадота, які ў сваёй «Гісторыі» выступіў з аспрэчаньнем думкі аб тым, што разліў Ніла адбываецца ад раставаньня сьнягоў у ягоных вярхоўях. Згодна з мапай Герадота Ніл зьліваецца зь Нігерам. Акрамя таго, «бацька гісторыі» прыводзіць зьвесткі саіскага жраца, што воды Ніла б’юць крыніцай зь зямлі паміж Сіенай (цяпер Асуан) і Элефантынай, прычым палова зь іх цякуць на поўдзень, а другая палова — на поўнач.
Ніхто зь вядомых падарожнікаў старажытнасьці не падымаўся па Нілу вышэй Сэда. Па словах Агатархіда, далей ўсіх на поўдзень праніклі маракі Пталямея II, якія высьветлілі, што прычынай разьліву зьяўляецца сэзон ліўняў на Этыёпскім нагор’і. У клясычным мастацтве Ніл было прынята адлюстроўваць у выглядзе баства з задрапіраванай галавой, што намякала на невядомасьць аб ягоных вытокаў.
У працы Пталямея сьцьвярджалася, што выток ракі Ніл знаходзіцца ў Месяцовых горах, і такое меркаваньне існавала да пачатку Новага часу.
Новы час
рэдагавацьУ Новы час услед за Пэдра да Кавільлянам у Этыёпію рушылі ўсьлед партугальскія езуіты. Двое зь іх, Пэдра Паэс (1564—1622) і Жэроніма Лоба (1593—1678), бачылі выток Блакітнага Ніла, але іхныя паведамленьні былі апублікаваны толькі ў XX стагодзьдзі, а ў 1790 годзе шатляндзкі падарожнік Джэймз Брус падрабязна распавёў аб вытоках Блакітнага Ніла ў сваім творы «Падарожжа ў пошуках крыніцы Ніла».
Наконт паходжаньня Белага Ніла яшчэ 150 гадоў таму не было адзінага меркаваньня. Старажытныя аўтары (як, напрыклад, Плініюс Старэйшы) прымалі за вярхоўі Белага Ніла раку Нігер і таму пісалі пра тое, што Ніл бярэ пачатак «на гары ў ніжняй Маўрытаніі». У Новы час перамагла здагадка аб існаваньні ў цэнтры Афрыкі вялізнага возера, зь якога бяруць пачатак Конга, Нігер і Ніл.
Возера Вікторыя, зь якога выцякае Белы Ніл, было адкрыта ў 1858 годзе Джонам Ганінгам Спэкам, які праз пяць гадоў тэлеграфаваў з Александрыі ў Лёндан: «Зь Нілам усё ў парадку». Канчатковасьць прапанаванага Спэкам рашэньня «нільскага пытаньня» паставіў пад сумнеў ягоны напарнік Рычард Фрэнсіс Бэртан. Спрэчка Спэка і Бэртона была вырашына на карысьць першага толькі ў 1871 годзе, калі журналіст Генры Мортан Стэнлі абсьледаваў вярхоўі Белага Ніла ў раёне Рыпонскіх вадаспадаў.
Цячэньне
рэдагавацьГорны Ніл
рэдагавацьКрыніца ракі Ніл — 420-кілямэтровая Карэге, якая бярэ пачатак у месцы злучэньня рэкаў Ніяваронгу, што мае крыніцу ў Руандзе і Рувуву, якая цячэ з Бурундзі. Карэге цячэ па вульканічнай глебе і мае некалькі скальных парогаў, утвараючых вадаспады. Праз 400 км цячэньня яна ўпадае ў возера Вікторыя, у некалькіх кілямэтрах ад гораду Букоба, і выплывае з возера на поўнач як Ніл Вікторыі. Ніл Вікторыі бярэ пачатак у паўночнай частцы праліва Росбэры, які аддзяляе выспу Бувума ад угандыйскага берага возера, а потым цячэ на паўночны захад па крышталічным рэчышчы, утвараючы водныя каскады. Два зь іх маюць выгляд вялікіх вадаспадаў — Рыпон і Авэна. Праз 200 км Ніл Вікторыі ўпадае ў багнавае возера Кіёга, зь якога выцякае вадаспадамі Муршысана і цячэ ў возера Альбэрта. Выцякаючы зь яго мае назву Ніл Альбэрта. Далей мінуючы Афрыканскае ўзвышша цячэ на поўнач.
Сярэдні Ніл
рэдагавацьНіл Альбэрта кіруецца на поўнач у вузкую даліну Німул. Празь некалькі сотняў кілямэтраў паварочвае на паўночны захад. У гэтым месцы ў Ніл упадае правы прыток рака Асва. Ніл пачынае цячы на поўнач пад назвай Горны Ніл (Bahr al-Jabal). З гэтага месца рака становіцца суднаходнай. Пасьля мясцовасьці Джуба Ніл выплывае ў нізіны ўсходняга Судану, а потым паміж 7 і 9° пн ш. упадае ў сыстэму багнаў Ас-Сууд і распадаецца на некалькі рукавоў. Высокая тэмпэратура паветра ў сухую пару году вядзе да таго, што Горны Ніл амаль цалкам зьнікае з паверхні зямлі як самастойная рака. На гэтым участку Горны Ніл траціць 2/3 запасаў вады. У паўднёвым Судане Ніл прымае вялікі левы прыток Бахр аль-Газал. Дзякуючы яму становіцца вялікай ракой і з гэтага моманту мае назву Белы Ніл (Al-Bahr al-Abyad). Пачаткова ён цячэ на ўсход. Але пасьля правага прытока Сабат, паварочвае на поўнач. Потым бег Ніла ляжыць праз сухія раўніны, якія ўваходзяць ва ўсходнюю частку Сахары, і рака цячэ праз сталіцу Судану, Хартум. У Хартуме злучаецца з найвялікшым прытокам — Блакітным Нілам (Al-Bahr al-Azraq). Пасьля ўпадзеньня Блакітнага Ніла рака цячэ далей пад назвай Ніл. На ўзвышшы Баюда Ніл мае выгляд літары «S». Сутыкнуўшыся з скаламі рака ўтварае парогі. У гэтай частцы ракі іх 6, іх абазначаюць рымскімі лічбамі ва ўзрастаючым парадку ў бок пачатку ракі. Парогі суднаходныя толькі пад час высокай вады. Апошнім вялікім прытокам Ніла зьяўляецца Атбара. Потым Ніл праходзіць 2500 км праз Сахару. Перад упадзеньнем у Міжземнае мора разьдзяляецца і ўтварае вялікую дэльту.
Дэльта
рэдагавацьНіл упадае ў Міжземнае мора вялікай дэльтай плошчай 22 000 км². Яна пачынаецца ў прадмесьцях Каіру, аддаленага ад мора на 175 км. Уздоўж берага дэльта мае шырыню 220 км. Ніл разьдзелены на два рукавы:
Дэльта Нілу шчыльна заселеная і эканамічна разьвітая. Дзякуючы ўрадлівай глебе, тут вырошчваюць цукровы трысьнёг, бавоўну, жыта і г. д.
Значнасьць для Эгіпту
рэдагавацьНіл — адзіная рака Паўночнай Афрыкі, якая праходзіць праз Сахару і даносіць свае вады да Міжземнага мора, зьяўляючыся крыніцай жыцьця ў бязводнай пустэльні. Сталы вадацёк Ніла існуе за кошт ападкаў, выпадаючых у больш паўднёвых абласьцёх і кормячых ягоныя вытокі. Белы Ніл, пачынаючыся ў экватарыяльным поясе, атрымлівае папаўненьне ад дажджоў, якія назіраюцца круглы год. У вярхоўях ягоны ўзровень вельмі высокі і даволі сталы, бо ён яшчэ рэгулюецца азёрамі. Аднак у межах Верхнянільскай катлавіны (Сэд) вялікая колькасьць вады губляецца на выпарэньні, і ў харчаваньні Ніла ніжэй Хартума больш важнае значэньне мае Блакітны Ніл, які нясе багатыя воды пасьля летніх дажджоў, выпадаючых на Абісінскім нагор’і. Найбольшы расход на ніжнім Ніле ў гэты пэрыяд прыкладна ў 5 разоў перавышае выдатак у межань.
Ніл у ніжнім цячэньні разліваецца, затапляючы ўсю даліну. Прытокі Нілу, сьцякаючы з Абісінскага нагор’я, прыносяць вялікую колькасьць глею, які асядае падчас разьліву. Гэта рэгулярнае ўгнаеньне гуляе вялікую ролю ў земляробстве Эгіпту.
Водныя рэсурсы Ніла са старажытных часоў выкарыстоўваюцца для арашэньня і натуральнага ўгнаеньня палёў, рыбалоўства, водазабеспячэньня і суднаходзтва. Асабліва важная рака для Эгіпта, дзе ў прыбярэжнай паласе шырынёй 10—15 км пражывае каля 97% насельніцтва краіны. Стварэньне Асуанскага гідракомплекса спрыяла шматгадоваму рэгуляваньню сьцёка Ніла, ліквідавала пагрозу катастрафічных паводак, бо раней падчас паводкі ўзровень вады ў рацэ ў Каіры паднімаўся да 8 мэтраў, і дазволіла павялічыць агульную плошчу арашаемых зямель.
На Ніле стаяць буйныя гарады, якто Хартум, Асуан, Луксор (Тыба), гарадзкая аглямэрацыя Каір-Гіза; ў дэльце — Александрыя. Рака Ніл на поўнач ад Асуану ўяўляе сабой папулярны турыстычны маршрут.
Ніл (iteru на старажытнаэгіпецкай мове) уяўляў сабой крыніцу жыцьця для старажытнаэгіпецкай цывілізацыі ўжо з каменнага веку. Менавіта ў ягонай даліне разьмешчаны ўсе гарады Эгіпта і да гэтага часу жыве практычна ўсё ягонае насельніцтва. Варта прызнаць, аднак, што будаўніцтва вышыннай Асуанскай плаціны і ГЭС, скончанае ў 1970 годзе, паклала канец вясновым паводкам, адначасова пазбавіўшы сельскую гаспадарку Эгіпту найважнейшага прыроднага ўгнаеньня — глею. Але кантроль над паступленьнем вады стварыў умовы для арашэньня круглы год, і цяпер у некаторых абласьцёх можна здымаць нават тры ўраджаі на год.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьНіл — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- ^ Hurst H. E., Smith C. G., El-Kammash M. M. Nile River // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ Hurst H. E., Smith C. G., El-Kammash M. M. Nile River // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ Hurst H. E., Smith C. G., El-Kammash M. M. Nile River // Encyclopædia Britannica (анг.)