Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы
Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнае супрацы — міжурадавая арґанізацыя Паўднёвае Азіі, заснаваная ў сьнежні 1985 году.
Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнае супрацы | |
анг. South Asian Association for Regional Cooperation | |
Дзяржавы-ўдзельніцы (2022 год) | |
Абрэвіятура | ПААРС |
---|---|
Дата ўтварэньня | 8 сьнежня 1985 (38 гадоў таму) |
Тып | гаспадарчая |
Юрыдычны статус | міжурадавая арґанізацыя |
Мэта | паляпшэньне якасьці жыцьця народаў Паўднёвае Азіі |
Штаб-кватэра | Катманду, праезд Трох багіняў, д. 877[1] |
Месцазнаходжаньне | Нэпал |
Каардынаты | 27°42′48″ пн. ш. 85°18′52″ у. д. / 27.71333° пн. ш. 85.31444° у. д.Каардынаты: 27°42′48″ пн. ш. 85°18′52″ у. д. / 27.71333° пн. ш. 85.31444° у. д. |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Банглядэш, Бутан, Індыя, Пакістан, Шры-Ланка |
Сяброўства | 8 дзяржаваў (2022 год) |
Афіцыйныя мовы | анґельская[2] |
Генэральны сакратар | Эсала Віракун |
Кіроўны орган | Рада міністраў |
Зьвязаныя кампаніі | Гандлёва-прамысловая палата ПААРС, Паўднёваазіяцкі зьвяз рахункаводаў, Фонд разьвіцьця ПААРС, Паўднёваазіяцкая арґанізацыя рэгіянальных стандартаў |
Колькасьць супрацоўнікаў | 61 (2022 год)[3] |
Сайт | saarc-sec.org |
На 2022 год налічвала 8 дзяржаваў[4]. Са студзеня 2006 году запрацавала Паўднёваазіяцкая прастора вольнага гандлю, дзе да 2017 году мыты між усімі дзяржавамі скарацілі да 5 %[5].
Задачы
рэдагавацьПаводле 1-га артыкулу Статуту Паўднёваазіяцкага аб’яднаньня рэгіянальнае супрацы, задачамі ПААРС былі:
- прасоўваньне дабрабыту народаў Паўднёвае Азіі й паляпшэньне іхняе якасьці жыцьця;
- паскарэньне гаспадарчага росту, грамадзкага поступу й культурнага разьвіцьця ў рэгіёне ды забесьпячэньне ўсім асобам магчымасьці жыць з годнасьцю й напоўніцу ажыцьцяўляць свае здольнасьці;
- прасоўваньне й умацаваньне супольнае самадастатковасьці сярод краінаў Паўднёвае Азіі;
- спрыяньне ўзаемнаму даверу, паразуменьню й прызнаньню цяжкасьцяў адно аднаго;
- прасоўваньне дзейнае супрацы й узаемадапамогі ў гаспадарчай, грамадзкай, культурнай, тэхнічнай і навуковай галінах;
- умацаваньне супрацы зь іншымі разьвіцьцёвымі краінамі;
- умацаваньне супрацы міжсобку на міжнародных форумах у справах агульнае зацікаўленасьці;
- супраца зь міжнароднымі арґанізацыямі пры падабенстве задачаў і мэты[2].
Кіраваньне й установы
рэдагаваць- Сустрэча кіраўнікоў урадаў. Склікалася аднойчы на год. Ухваляла пастановы адзінагалосна, як і іншыя ўстановы.
- Рада міністраў. Складалася зь міністраў замежных справаў. Склікалася двойчы на год. Ухваляла рашэньні пра новыя галіны супрацы. Пераглядала поступ супрацы. Прызначала галоўнага сакратара на 3 гады без паўторнага тэрміну на прапанову дзяржаваў-удзельніц у азбучным парадку. Вызначала штогадовы бюджэт Сакратарыяту, які ўлучаў заробкі супрацоўнікаў і ўтрыманьне нерухомасьці.
- Пастаянны камітэт. Складаўся з замежных сакратароў. Складаў справаздачу перад Радай міністраў. Наглядаў за супрацай і ўзгадняў яе. Ухваляў наказы аб спосабах выдаткоўваньня на задумы. Вызначаў галіновыя перавагі й прыцягваў ўнутраныя й староньнія сродкі. Акрэсьліваў новыя галіны супрацы на падставе даследаваньняў[2].
- Сакратарыят. Месьціўся ў Катманду (Нэпал). Складаўся з галоўнага сакратара ў дыпляматычным рангу амбасадара, прафэсійнага й абслуговага пэрсаналу, прызначанага ім на прапанову дзяржаваў-удзельніц. Кожная дзяржава прызначала на 3 гады па кіраўніку ў рангу дарадцы, кожнага зь якіх галоўны сакратар разьмяркоўваў па аддзелах. Кіраўнік найвышэйшага рангу замяшчаў галоўнага сакратара пры ягонай нябытнасьці з чаргаваньнем у азбучным парадку. Працоўнай мовай была анґельская[6].
На 2022 год налічвалася 4 установы ПААРС:
- Гандлёва-прамысловая палата ПААРС (Пакістан),
- Паўднёваазіяцкі зьвяз рахункаводаў (Індыя),
- Фундацыя Паўднёвае Азіі (Індыя),
- Фундацыя пісьменьнікаў і літаратуры ПААРС (Індыя)[7].
Таксама дзеялі яшчэ 4 адмысловыя ўстановы ПААРС:
- Трацейская рада ПААРС (Пакістан),
- Паўднёваазіяцкі ўнівэрсытэт (Індыя),
- Фонд разьвіцьця ПААРС (Бутан),
- Паўднёваазіяцкая арґанізацыя рэгіянальных стандартаў (Банглядэш)[8].
Сярод іншага, працавалі 5 краёвых асяродкаў ПААРС, якімі кіравалі Ўправы з прадстаўнікоў усіх дзяржаваў-удзельніц пад наглядам Праґрамнага камітэту ПААРС: 1) земляробчы (Дака, Банглядэш; 1988), 2) энэргетыкі (Ісламабад, Пакістан; 2006), 3) культурны (Каломба, Шры-Ланка; 2009), 4) сухотаў, ВІЧ і СНІД (Катманду, Нэпал; 1994), 5) адольваньня бедзтваў (Новы Дэлі, Індыя; 2016)[9]. Урэшце, прызнаньне ПААРС мелі 18 грамадзкіх аб’яднаньняў[10].
Мінуўшчына
рэдагаваць8 сьнежня 1985 году ў Дацы (Банглядэш) кіраўнікі 7 дзяржаваў Паўднёвае Азіі падпісалі Статут Паўднёваазіяцкага аб’яднаньня рэгіянальнае супрацы (ПААРС). Яго падпісалі прэзыдэнт Банглядэшу Гусэйн Эршад, кароль Бутану Джыгмэ Вангчук, старшыня ўраду Індыі Раджыў Гандзі, прэзыдэнт Мальдываў Мамун Гаюм, кароль Нэпалу Бірэндра Шах, прэзыдэнт Пакістану Мугамад Зія-уль-Гак і прэзыдэнт Шры-Ланкі Джуніюс Джаявардэнэ[2]. 17 лістапада 1986 году міністры замежных справаў падпісалі Мэмарандум паразуменьня «Аб заснаваньні Сакратарыяту», пад які ўрад Нэпалу абавязаўся вылучыць нерухомасьць[6]. 17 студзеня 1987 году ў Катманду (Нэпал) пачаў дзеіць Сакратарыят ПААРС[11].
4 лістапада 1987 году ў Катманду міністры замежных справаў 7 дзяржаваў падпісалі Рэгіянальнае пагадненьне ПААРС «Аб здушэньні тэрарызму»[12] й Пагадненьне «Аб заснаваньні Запасу харчовае бясьпекі ПААРС», які меў складацца з пшаніцы й рысу. Паводле 10-га артыкулу, 2-е Пагадненьне набыло моц пасьля назапашваньня 125 000 тонаў збожжа. Агулам сярод 199 800 тонаў доля Індыі мела складаць 76 % (153 200 тонаў), Банглядэшу 10 % (21 000 тонаў), а Пакістану — 9 % (19 000 тонаў)[13]. 27 ліпеня 1988 году ўрад Нэпалу й Сакратарыят ПААРС заключылі Пагадненьне «Аб галаўной сядзібе», якую вызвалілі ад падаткаў і магчымасьці арышту разам з пэрсаналам[14]. 23 лістапада 1990 году ў Мале (Мальдывы) міністры заключылі Пагадненьне «Аб дурманлівых сродках і псыхатропных рэчывах»[15]. 11 красавіка 1993 году міністры падпісалі Пагадненьне «Аб пераважных гандлёвых захадах»[16]. 5 студзеня 2002 году міністры падпісалі Пагадненьне «Аб рэгіянальных захадах прасоўваньня дзіцячага дабрабыту ў Паўднёвай Азіі»[17] й Пагадненьне «Аб папярэджаньні й змаганьні супраць гандлю жанчынамі й дзецьмі для прастытуцыі»[18].
4 студзеня 2004 году ў Ісламабадзе міністры замежных справаў 7 дзяржаваў падпісалі Грамадзкую хартыю ПААРС, якая прадугледжвала адказ на безадкладныя патрэбы найбольш закранутых бедзтвамі[19]. 6 студзеня 2004 году тамсама міністры падпісалі Пагадненьне «Аб Паўднёваазіяцкай прасторы вольнага гандлю» (ПАПВГ), якое набыло моц 1 студзеня 2006 году. Паводле 7-га артыкулу Пагадненьня, дамоўныя дзяржавы мелі скараціць мыты да 20 % за 2 гады ад набыцьця моцы Пагадненьнем. Найменш разьвітыя дзяржавы мелі скараціць мыты да 30 %. Ад 3-га году з набыцьця моцы Пагадненьнем цягам наступных 5 гадоў мыты мелі скараціць з 20 да 5 %, а найменш разьвітыя краіны — з 30 да 5 % цягам 8 гадоў. Таксама дамоўныя старонкі мелі скасаваць колькасныя абмежаваньні гандлю, за выняткам дазволеных Агульным пагадненьнем аб мытах і гандлі 1994 году. Згодна зь 10-м артыкулам старонкі засноўвалі Міністарскую раду ПАПВГ зь міністраў гандлю, якая мела склікацца штогод для нагляду за выкананьнем Пагадненьня. Таксама ўтваралі Камітэт экспэртаў з старэйшых гаспадарчых ураднікаў, які выступаў у якасьці Органа ўладжаньня спрэчак і склікаўся кожныя 6 месяцаў для складаньня справаздачы перад Міністарскай радай ПАПВГ[5]. Сярод іншага, міністры адначасна падпісалі Дадатковы пратакол да Рэгіянальнага пагадненьня ПААРС «Аб здушэньні тэрарызму»[20].
13 лістапада 2005 году ў Дацы міністры заключылі Пагадненьне «Аб узаемнай выканаўчай дапамозе ў мытных справах», якая набыла моц 1 студзеня 2006 году[21]. Таксама падпісалі Абмежаванае шматбаковае пагадненьне ПААРС «Аб пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня й узаемнай выканаўчай дапамозе ў падатковых справах»[22]. Урэшце, міністры заключылі Пагадненьне «Аб заснаваньні Трацейскае рады ПААРС»[23]. 3 красавіка 2007 году ў Новым Дэлі (Індыя) аўганскі прэзыдэнт Гамід Карзай падпісаў разам з кіраўнікамі 7 дзяржаваў Сумесную дэклярацыю «Аб прыняцьці Ісламскае Рэспублікі Аўганістан у ПААРС»[24]. Адначасна міністры замежных справаў 8 дзяржаваў падпісалі Пагадненьне «Аб заснаваньні Харчовага банку ПААРС», якое замяніла Пагадненьне «Аб заснаваньні Запасу харчовае бясьпекі ПААРС». Паводле Пагадненьня, запас збожжа меў скласьці 241 580 тонаў, зь іх Індыя забясьпечвала 63 % (153 200 тоны), а Банглядэш і Пакістан — па 16 % (40 000 тонаў)[25]. 4 красавіка 2007 году міністры падпісалі Пагадненьне «Аб заснаваньні Паўднёваазіяцкага ўнівэрсытэту», які вырашылі разьмясьціць у Індыі (Новы Дэлі). Паводле 4-га артыкулу, гэты ўнівэрсытэт вызвалілі ад усіх падаткаў і мытаў[26].
3 жніўня 2008 году ў Каломба (Шры-Ланка) міністры замежных справаў 8 дзяржаваў падпісалі Пагадненьне «Аб узаемадапамозе ў крымінальных справах»[27] і Пагадненьне «Аб заснаваньні Паўднёваазіяцкае арґанізацыі рэгіянальных стандартаў», якую мелі разьмясьціць у Дацы[28]. Таксама падпісалі Статут Фонду разьвіцьця ПААРС[29]. Урэшце, тамсама аўганскі міністар замежных справаў Рангін Спанта падпісаў зь 7-ю іншымі міністрамі Пратакол далучэньня Аўганістану да Пагадненьня «Аб Паўднёваазіяцкай прасторы вольнага гандлю» (ПАПВГ)[30]. 29 красавіка 2010 году ў Тхімпху (Бутан) міністры заключылі Пагадненьне «Аб супрацы ў галіне навакольнага асяродзьдзя»[31] й Пагадненьне «Аб гандлі паслугамі»[32]. 11 лістапада 2011 году ў Аду (Мальдывы) міністры падпісалі Пагадненьне «Аб шматбаковых захадах прызнаньня ацэнкі адпаведнасьці»[33] й Пагадненьне «Аб увядзеньні рэгіянальных стандартаў»[34]. Таксама заключылі Пагадненьне «Аб заснаваньні Банку насеньня ПААРС», які меў утрымліваць запас насеньня рысу, пшаніцы, кукурузы, бабовых і алейных культураў[35]. У лістападзе 2014 году заключылі Пагадненьне «Аб супрацы ў электраэнэргетыцы». За 1985—2014 гады прайшло 18 сустрэчаў кіраўнікоў урадаў[4].
Галоўныя сакратары
рэдагаваць- Абул Агсан (16 студзеня 1987 — 15 кастрычніка 1989; Банглядэш)
- Кант Бхаргава (17 кастрычніка 1989 — 31 сьнежня 1991; Індыя)
- Ібрагім Закі (1 студзеня 1992 — 31 сьнежня 1993; Мальдывы)
- Ядаб Сілвал (1 студзеня 1994 — 31 сьнежня 1995; Нэпал)
- Наім Гасан (1 студзеня 1996 — 31 сьнежня 1998; Пакістан)
- Нігал Радрыга (1 студзеня 1999 — 10 студзеня 2002; Шры-Ланка)
- Кама Рагім (11 студзеня 2002 — 28 лютага 2005; Банглядэш)
- Чэнкяб Дорджы (1 сакавіка 2005 — 29 лютага 2008; Бутан)
- Шыл Шарма (1 сакавіка 2008 — 28 лютага 2011; Індыя)
- Фаціма Саід (1 сакавіка 2011 — 22 студзеня 2012; Мальдывы)
- Ахмэд Салім (12 сакавіка 2012 — 28 лютага 2014; Мальдывы)
- Арджун Тапа (1 сакавіка 2014 — 28 лютага 2017; Нэпал)
- Амджад Сіал (1 сакавіка 2017 — 29 лютага 2020; Пакістан)[36]
- Эсала Віракун (ад 1 сакавіка 2020 году; Шры-Ланка)[37]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Зьвяжыцеся з намі (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 16 жніўня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ а б в г Статут ПААРС (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 12 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Арганізацыйная будова (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 16 жніўня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ а б ПААРС беглым поглядам (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, студзень 2018 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ а б Пагадненьне «Аб Паўднёваазіяцкай прасторы вольнага гандлю» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ а б Мэмарандум паразуменьня «Аб заснаваньні Сакратарыяту» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Вярхоўныя органы ПААРС (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 16 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Адмысловыя органы ПААРС (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 16 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Краёвыя асяродкі (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 16 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Прызнаныя ПААРС установы (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 16 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пра ПААРС (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 12 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Рэгіянальнае пагадненьне ПААРС «Аб здушэньні тэрарызму» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пагадненьне «Аб заснаваньні Запасу харчовай бясьпекі ПААРС» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пагадненьне між урадам Нэпалу і Сакратарыятам ПААРС «Аб галаўной сядзібе» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пагадненьне ПААРС «Аб дурманлівых сродках і псыхатропных рэчывах» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пагадненьне ПААРС «Аб пераважных гандлёвых захадах» (ПАПГЗ) (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пагадненьне ПААРС «Аб рэгіянальных захадах прасоўваньня дзіцячага дабрабыту ў Паўднёвай Азіі» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пагадненьне ПААРС «Аб прадухіленьні і змаганьні супраць гандлю жанчынамі і дзецьмі для прастытуцыі» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Грамадзкая хартыя ПААРС (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Дадатковы пратакол да Рэгіянальнага пагадненьня ПААРС «Аб здушэньні тэрарызму» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пагадненьне ПААРС «Аб узаемнай выканаўчай дапамозе ў мытных справах» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Абмежаванае шматбаковае пагадненьне ПААРС «Аб пазьбяганьні двайнога падаткаабкладаньня і ўзаемнай выканаўчай дапамозе ў падатковых справах» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пагадненьне «Аб заснаваньні Трацейскай рады ПААРС» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Сумесная дэклярацыя «Аб прыёме Ісламскай Рэспублікі Аўганістан у Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пагадненьне «Аб заснаваньні Харчовага банку ПААРС» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пагадненьне «Аб заснаваньні Паўднёваазіяцкага ўнівэрсытэту» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пагадненьне ПААРС «Аб узаемадапамозе ў крымінальных справах» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пагадненьне «Аб заснаваньні Паўднёваазіяцкай арганізацыі рэгіянальных стандартаў» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Статут Фонду разьвіцьця ПААРС (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пратакол далучэньня Ісламскай Рэспублікі Аўганістан да Пагадненьня «Аб Паўднёваазіяцкай прасторы вольнага гандлю» (ПАПВГ) (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пагадненьне ПААРС «Аб супрацы ў галіне навакольнага асяродзьдзя» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пагадненьне ПААРС «Аб гандлі паслугамі» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пагадненьне ПААРС «Аб шматбаковых захадах прызнаньня ацэнкі адпаведнасьці» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пагадненьне ПААРС «Аб увядзеньні рэгіянальных стандартаў» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Пагадненьне «Аб заснаваньні Банку насеньня ПААРС» (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Былыя галоўныя сакратары (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 2022 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ Галоўная сакратарка (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 2022 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Выпускі для прэсы (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 2022 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- Пра нас (анг.) // Анлайн-бібліятэка ПААРС, 2022 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.