Нэпальская мова
Нэпа́льская мова (саманазва: नेपाली भाषा, трансьл. Nepālī bhāṣā; खस कुरा, трансьл. Khas kurā) — адна з моваў індаарыйскае групы індаіранскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, распаўсюджаная ў Нэпале, а таксама ў шэрагу рэгіёнаў Індыі й Бутану. Асноўныя носьбіты — нэпальцы.
Нэпальская мова | |
नेपाली भाषा, खस कुरा | |
Ужываецца ў | Нэпале, Індыі, Бутане |
---|---|
Рэгіён | паўднёвыя схілы Гімалаяў |
Колькасьць карыстальнікаў | |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям'я
|
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Нэпале, Індыі (штат Сыкім, акруга Дарджылінг штату Зах. Бэнгалія) |
Рэгулюецца | Акадэміяй моваў Нэпалу |
Статус: | 1 дзяржаўная[d] |
Пісьмо | дэванагары[d] |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | ne |
ISO 639-2(Б) | nep |
ISO 639-2(Т) | nep |
ISO 639-3 | nep |
У Нэпале зьяўляецца дзяржаўнай мовай і дэ-факта мае статус лінгва-франка. Апрача Нэпалу мае афіцыйны статус у Індыі (штат Сыкім і акруга Дарджылінг штату Заходняя Бэнгалія).
Нэпальская мова гістарычна разьвівалася ў нэпасрэдным кантакце зь іншымі мовамі індаарыйскай групы, у прыватнасьці з мовамі пагары й магагі. Зазнала ўплыў з боку санскрыту, а таксама з тыбэта-бірманскіх моваў сына-тыбэцкай сям’і, зь якімі мае геаграфічную блізкасьць. Нэпальская мова характарызуецца таксама лексычнымі ды граматычнымі адрозьненьнямі ад блізкароднасных цэнтральнапагарскіх моваў (уваходзяць у склад індаарыйскіх), а таксама ўплывам з боку тыбэта-бірманскіх моваў з прычыны цесных кантактаў з гэтымі мовамі. Прыкладна 40% лексыкі мова падзяляе з бэнгальскай мовай, адной з індаарыйскіх моваў.
Гістарычная назва мовы — кгаская, якой пазьней прыйшла на зьмену назва нэпальская, што была запазычаная ад саманазвы нэварскай мовы (мовы сына-тыбэцкай сям’і, якая ня мае роднасьці з нэпальскай). Серад іншых назваў — парбатыя (літаральна «горная») і лгацамікга (ад назвы народу лгацампа, які пражывае ў Бутане).
Пісьмовасьць
рэдагавацьПісьмовая нэпальская мова звычайна выкарыстоўвае пісьмовасьць дэванагары. Гістарычна таксама выкарыстоўвалася пісьмовасьць такры, асабліва на захадзе Нэпалу, а таксама ў сучасных індыйскіх штатах Утаракханд і Хімачал-Прадэш.
Літаратура
рэдагавацьУ нэпальскай мове літаратура атрымала разьвіцьцё галоўным чынам у ХІХ ст. Гэты пэрыяд адзначаецца такімі працамі як Адг’ятма Рамаяна, Сундарананда Бара, Бірсіка, а таксама перакладам эпасу Рамаяна (выкананы паэтам Бганубгакта Ачар’я) і выдадзеным у той час зборнікам народных казак. Серад іншых выбітных нэпальскамоўных аўтараў — Лекгнат Паўд’ял, Лакшмі Прасад Дэўкота і Балкрышна Сама, а таксама некаторыя пісьменьнікі па-за Нэпалам, асабліва ў Варанасі й Дарджылінгу.
У апошняе дзесяцігодзьдзе значны ўнёсак у нэпальскамоўную літаратуру робяць таксама пісьменьнікі нэпальскай дыяспары Азіі, Эўропы і Амэрыкі.
Колькасьць носьбітаў
рэдагавацьПаводле вынікаў перапісу насельніцтва ў Нэпале 2011 году, 44,6% ад насельніцтва краіны вызначае нэпальскую мову як родную[2]. Лінгвістычны партал Ethnologue налічвае 14 410 100 чалавек, якія зьяўляюцца носьбітамі мовы[3].
Арэал нэпальскае мовы ў Нэпале традыцыйна месьціцца ў халмістых рэгіёнах краіны (вядомыя як Пагад) і, асабліва, у заходняй частцы краіны. У даліне Катманду, што вакол сталіцы краіны, дамінавала не-індаэўрапейская нэварская мова, аднак на цяперашні час у рэгіёне дамінуе нэпальская. Нэпальская мова выкарыстоўваецца ва ўрадавай дзейнасьці і часткай насельніцтва. Тым ня менш, выкарыстаньне ў судовай і ўрадавай дзейнасьці выключна нэпальскай мовы аспрэчваецца, а прызнаньне іншых нацыянальных моваў было адной з мэтаў палітыкі мааістаў, якія дамагліся зьвяржэньня канстытуцыйнай манархіі ў 2008 годзе[4].
У Бутане носьбіты нэпальскай мовы, вядомыя як лгацампа, складаюць каля 35% ад насельніцтва краіны[5], у гэты лік уваходзяць таксама бутанскія бежанцы. Неафіцыйныя ацэнкі падаюць дзелю нэпальцаў у Бутане памерам 30-40%, пры гэтым яны складаюць большасьць насельніцтва на поўдні[6]. З канца 1980-х гг. больш за 100 тыс. лгацампа былі абвінавачаныя ўрадам Бутану як нелегалы[5], праз што яны былі вымушаныя сысьці з Бутану і сталі пражываць у лягерах бежанцаў на ўсходзе Нэпалу.
Заўважная колькасьць носьбітаў нэпальскай мовы пражывае таксама ў Індыі, у прыватнасьці, на паўночным захадзе Індыі (штаты Асам, Мэгхалая, Маніпур, Трыпура, Аруначал-Прадэш, рэгіён Нагалэнд) жыве некалькі мільёнаў нэпальскамоўных. Нэпальскамоўныя дыяспары існуюць таксама ў Сыкіме, Калькуце, Дэлі, Бангалоры, Вішакгапатнаме, Гоа, Дарджылінгу, Чэнаі, Мумбаі й Гайдэрабадзе.
Гісторыя
рэдагавацьКаля 5 стагодзьдзяў таму плямёны кгасаў мігравалі з поўначы Індыі і пасяліліся ў паўднёвых раёнах цэнтральнага Нэпалу, якія добра падыходзілі для вырошчваньня рысу, пры гэтым адзін з радоў пасяліўся на поўначы краіны. Ужо ў 1559 годзе ўладу над гэтым рэгіёнам зацьвердзіў прынц Драўя Шаг, а ў канцы XVIII ст. ягоны спадчыньнік, Прытгві Нараян Шаг з дапамогаю новасабранай арміі узяў пад кантроль шэраг дробных княстваў у перадгор’ях Гімалаяў.
Пасьля гэтых падзеяў пасьледавала заваёва даліны Катманду, якая ў тыя часы быў таксама вядомы як Нэпал. Катманду стаў сталіцай уладаньняў Прытгві Нараяна, пасьля чаго ягоныя ўладаньні сталі пашырацца на поўнач, захад, усход і поўдзень.
Гэтае пашырэньне, асабліва пашырэньне на поўначы, захадзе й поўдні, выклікала трывогу Вялікабрытаніі, якая ў той час валодала Індыяй, і імпэрыі Цын, якая валодала Тыбэтам, што знаходзіцца на поўнач ад Нэпалу. Гэтая сытуацыя прывяла да войнаў, у выніку якіх тэрыторыя Нэпалу скарацілася да тэрыторыі, прыкладна адпаведнай сучаснай, аднак пазьней Кітай і Вялікабрытанія ўбачылі ў Нэпале каштоўную ролю буфэрнае дзяржавы, праз што тэрыторыя краіны больш не зьмяншалася. Паколькі даліна Катманду, вядомая таксама як Нэпал, стала новым палітычным цэнтрам краіны, гэтае слова распаўсюдзілася як назва ўсёй краіны, з прычыны чаго мова заваёўнікаў, раней вядомая як гаркгалі, атрымала найменьне нэпальская.
Лінгвістычныя рысы
рэдагавацьМарфалёгія, граматыка
рэдагаваць- Назоўнік:
Нэпальскія назоўнікі для мужчынскіх і жаночых істотаў адрозьніваюцца суфіксальна або лексычна (пры розных умовах)[7]. Сыходзячы з гэтага, да аднаго кораню можа далучацца жаночы або мжучынскі суфікс, які й адрозьнівае плоцевыя характарыстыкі (напр., chorā — «сын», chorī — «дачка»); апрача таго, існуе дэрывацыйны жаночы суфікс -nī (напр., kukur — «сабака», kukurnī — «сука»). Усе іншыя адушаўлёныя істоты, абстрактныя паняцьці й неадушаўлёныя назоўнікі, як правіла, не маркіруюцца. У цэлым, нэпальская мова вылучаецца серад іншых індаарыйскіх моваў досыць абмежаванай сыстэмай граматычнага роду, паколькі ў мове родавы паказчык звычайна мае толькі адушаўлёны прыметнік жаночага роду: нэўтральны канчатак -o мяняецца на -ī[8].
Нэпальскі назоўнік можа таксама зьмяняцца паводле ліку, набываючы агульны множны суфікс -harū (mitra — «сябар», mitraharū — «сябры»). Множны лік не зьяўляецца абавязковым і можа адпадаць у выпадку, калі множны характар прадметаў указаны кантэкстам, напрыклад нумарацыяй або ўзгадненьнем назоўніку.
- Прыметнік:
Прыметнікі могуць зьмяняцца паводле скланеньня, пры гэтым яны падзяляюцца на прыметнікі, якія могуць або ня могуць яго зазнаваць.
Скланяльны прыметнік можа зьмяняцца паводле роду і ліку разам з назоўнікам, які вызначаецца гэтым прыметнікам. Для такіх прыметнікаў характэрныя канчаткі -o (м. р., адз. л.), -ī (ж. р., адз. л.) і -ā (мн. л.), напрыклад: sāno kitāb («маленькая кніга»), sānī keṭī («маленькая дзяўчынка»), sānā kalamharū («маленькія асадкі»). Нягледзячы на гэта, мужчынскі канчатак -o (можа разглядацца й як ніякі) выкарыстоўваецца значна радзей за жаночыя адушаўлёныя паказчыкі[7].
Нескланяльныя прыметнікі не падлягаюць зьменам і сканчваецца на любы гук апрача -o. Напрыклад[9]: garīb («бедны»), saphā («чысты»), dhanī («багаты»), nayā̃ («новы»).
- Часьціцы:
Нэпальская сыстэма склонавай маркіроўкі засноўваецца на сыстэме аглютынацыйных суфіксаў або часьціцаў, якія аналягічныя, прыкладам, прыназоўнікам у беларускай мове. Серад іх адзначаюцца наступныя:
- ko — маркер роднага склону. У некаторых выпадках набывае функцыі прыметніку, з-за чаго можа мець выгляд kī або kā, узгадняючыся з пацыенсам;
- lāī — маркер ускоснага або пэўнага дапаўненьня. У першым выпадку можа разглядацца як пазначэньне давальнага склону;
- le — маркер творнага й эргатыўнага склонаў. У апошнім выпадку выкарыстоўваецца да дзейніку ў пераходных відах скончанага трываньня й іншых відах пераходных дзеясловаў;
- mā — маркер мясцовага склону (ня блытаць зь месным);
- bhandā — аблятыўны маркер, які выкарыстоўваецца пры параўнаньні або разам з прыслоўямі для складаных часьціцаў;
Серад іншых падобных часьціцаў адзначаюцца часьціцы, значэньне якіх падобнае беларускім прыназоўнікам і злучнікам: tala («ніжэй»), muni («пад»), dekhi/bāṭa («з, са»), sãga, sita («з [кімсьці, чымсьці]»), pachi («пасьля»), samma («да»), bittikai («як толькі»)[7]. Акрамя таго, існуюць складаныя часьціцы, якія складаюцца з звычайнай часьціцы (часьцей за ўсё ko або bhandā) і прыслоўя: ko lāgi («для»), ko pachāṛī, bhandā par («за»), ko viruddha («супраць»), bhandā māthi («зьверху») і г.д.
- Займеньнік:
Нэпальская мова мае займеньнікі, якія існуюць для першай і другой асобы, тады як трэцяя асоба мае паходжаньне з указальных займеньнікаў і пазначаецца асаблівым чынам (дэйксіс). Займеньнікі не адрозьніваюцца паводле роду, ае могуць адрозьнівацца паводле сацыяльнага становішча (нізкі, сярэдні, высокі).
Першая асоба адзіночнага ліку мае займеньнік म ([ma]), множнага — हामी ([hāmī]). Іншыя займеньнікі прыведзеныя ў табліцы ніжэй.
2 ас. | 3 ас. | |||
---|---|---|---|---|
Блізкія | Аддаленыя | |||
Нізкія | tã तँ | yo यो (yas यस) | tyo त्यो (tyas त्यस) | ū उ (us उस) |
Сярэднія | timī तिमी | yinī यिनी (yin यिन) | tinī तिनी (tin तिन) | unī उनी (un उन) |
Высокія | tapāī̃ तपाईं | yahā̃ यहाँ | vahā̃ वहाँ |
Займеньнікі yo, tyo маюць множныя формы yī, tī; іншыя ў множнай форме маюць суфікс -harū (гл. вышэй).
- Дзеяслоў:
Дзеяслоў у нэпальскай мове мае даволі высокую ступень зьмяненьня, узгадняючыся зь дзейнікам паводле ліку, роду, статусу й асобы, апоч гэтага дзеяслоў зьмяняецца таксама паводле часу, ладу й віду. Разам з флектыўнымі формамі канчаткаў існуе вялікая колькасьць дзеепрыметнікавых формаў. Найбольш адметным з пункту гледжаньня правільнасьці й няправільнасьці дзеяслову зьяўляецца дзеяслоў हुनु ([hunu], «быць, станавіцца»). У простым цяперашнім часе гэты дзеяслоў мае тры формы спражэньня, толькі адна зь якіх зьяўляецца правільнай.
Фаналёгія
рэдагаваць- Галосныя:
Фаналягічны лад нэпальскай мове адрозьнівае 11 галосных, зь якіх 5 зьяўляюцца назалізаванымі (насавымі)[a]. Санскрыт — мова, ад якой бярэ сваё паходжаньне нэпальская, мела супрацьпастаўленьне галосных паводле даўжыні/кароткасьці, але ў нэпальскай мове яно страчанае. Аднак у сувязі з гістарычным выпадзеньнем [h] некаторыя словы з гістарычна існым фрыкатывам рэалізоўваюцца з выпадзеньнем гэтага гуку ў інтэрвакальнай пазыцыі, праз што ўзьнікае падоўжаная галосная (напр., /pʌɦaɖ/ > [paaɽ])[10].
Ніжэй прыведзены інвэнтар галосных фанэмаў у нэпальскай мове[10][11]:
Пярэдняга шэрагу |
Сярэдняга шэрагу |
Задняга шэрагу | |
---|---|---|---|
Верхняга ўздыму |
i ĩ | u ũ | |
Сярэдне-верхняга ўздыму |
e ẽ | o | |
Сярэдне-ніжняга ўздыму |
ʌ ʌ̃ | ||
Ніжняга ўздыму |
a ã |
Як указваецца вышэй, у нэпальскай мове існуюць назалізаваныя галосныя фанэмы. Галосная задняга шэрагу сярэдне-верхняга ўздыму ня мае назалізаваны аналяг, як іншыя, але наогул фанэма [õ] у нэпальскай мове існуе. Часта неназалізаваныя галосныя могуць чаргавацца са сваімі насавымі аналягамі ў вольным парадку (напр., [hotso] ~ [hõtso], [bʱeɽaa] ~ [bʱẽɽaa]). Тым ня менш, насавыя галосныя ў мове параўнальна рэдкія і ўзьнікаюць перадусім у дзеясловах.
На думку Чудамані Бандгу й суаўтараў, наяўнасьць назалізацыі галосных не зьяўляцца ў заўважнай ступені відавочным і мінімальныя пары ўзьнікаюць толькі для гуку /a/[12].
- Дыфтонгі:
Паводле дасьледаваньняў Мадгава Прасада Пакгарэла, нэпальская мова мае дзесяць дыфтонгаў[10]:
дыфтонг | прыклад | глёса | арыгінал |
---|---|---|---|
/ui/ | /dui/ | два | दुई |
/iu/ | /dziu/ | цела | जीउ |
/ei/ | /sʌnei/ | трубы | सनै |
/eu/ | /euʈa/ | адзін | एउटा |
/oi/ | /poi/ | муж | पोइ |
/ou/ | /dʱou/ | мый | धोऊ! |
/ʌi/ | /kʌile/ | калі | कैले |
/ʌu/ | /dzʌu/ | ячмень | जौ |
/ai/ | /bʱai/ | малодшы брат | भाइ |
/au/ | /au/ | прыйдзі | आऊ! |
- Зычныя:
Размоўная нэпальская мова мае 27 зычных гукаў[12][10][11]:
Білябіяльныя | Зубныя | Альвэалярныя | Рэтрафлексныя | Палятальныя | Вэлярныя | Глётальныя | ||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Насавыя | m | n | ŋ | |||||||||||
Выбухныя | p pʰ |
b bʱ |
t tʰ |
d dʱ |
ts tsʰ |
dz dzʱ |
ʈ ʈʰ |
ɖ ɖʱ |
k kʰ |
ɡ ɡʱ |
||||
Фрыкатывы | s | ɦ | ||||||||||||
Ратычныя | r | |||||||||||||
Апраксыманты | (w) | l | (j) |
Плыўныя [j] ды [w] зьяўляюцца нескладовымі варыянтамі /i/ ды /u/ адпаведна[11], гукі /l/ ды /ɦ/ могуць станавіцца пвдвоенымі ў інтэрвакальнай пазыцыі[11]. Падваеньне зычных мае сэнсаадрозную ролю і функцыю ступеняў параўнаньня (/miʈʰo/ — «смачны», /miʈʈʰo/ — «вельмі смачны»).
/ɖ ɖʱ/ маюць постальвэалярны аднаўдарны аляфон — [ɾ̠] (у поствакальнай пазыцыі). Гук /r/ заўсёды рэалізоўваецца як дрыжачы[13].
Адзначаюцца запазычаныя фанэмы, якія ў асноўным маюць паходжаньне з санскрыту. Серад іх — [ɳ] і [ʃ], пры гэтым апошні можа ўзаемазамяняцца з /s/, бо ня мае зь ёю мінімальнае пары.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
- ^ Major highlights (анг.) Цэнтральнае бюро статыстыкі Нэпалу Праверана 30 студзеня 2014 г.
- ^ Nepali | Ethnologue
- ^ Harka Gurung. Social Exclusion and Maoist Insurgency. — Катманду: 2005. — С. 5. — 13 с.
- ^ а б U.S. Relations With Bhutan // Bureau of South and Central Asian affairs. — U.S. Department of State, 2013.
- ^ Worden, Robert L.; Savada, Andrea Matles. Bhutan - Ethnic Groups // Nepal and Bhutan: Country Studies. — Federal Research Division, United States Library of Congress. — В. 6.
- ^ а б в Theodore Riccardi, Danesh Jain, George Cardona. Nepali // The Indo-Aryan Languages. — Taylor & Francis, 2003. — С. 538-579. — 1333 с.
- ^ Colin P. Masica. The Indo-Aryan Languages. — Cambridge University Press, 1993. — 539 с.
- ^ Hutt, Michael; Subedi, Abhi. Teach Yourself Nepali. — выд. 2003 г.. — McGraw-Hill, 1999. — ISBN 978-0-07-142468-4
- ^ а б в г Pokharel, Madhav Prasad. Experimental analysis of Nepali sound system. — University of Pune, India, 1989.
- ^ а б в г Khatiwada, Rajesh. 39 // Nepali. — Journal of International Phonetic Association. — 2009 Т. 3. — С. 337-380.
- ^ а б Bandhu, Chudamani; Dahal, Balabh Mani; Holzhausen, Andreas; Hale, Austin. Nepali Segmental Phonology. — Summer Institute of Linguistics. — Nepal: Tribhuvan University Kirtipur, 1971.
- ^ Acharya, Jayaraj. A Descriptive Grammar of Nepali and an Analyzed Corpus. — Georgetown University Press, 1991. — 396 с. — ISBN 0878400737
Літаратура
рэдагаваць- Schmidt, R. L. (1993) A Practical Dictionary of Modern Nepali.
- Turner, R. L. (1931) A Comparative and Etymological Dictionary of the Nepali Language.
- Clements, G.N. & Khatiwada, R. (2007). «Phonetic realization of contrastively aspirated affricates in Nepali.», Proceedings of ICPhS XVI (Saarbrücken, 6-10 August 2007), 629—632.
- Hutt, M. & Subedi, A. (2003) Teach Yourself Nepali.
- Khatiwada, R. (2009), Nepali. Journal of International Phonetic Association, 39:3, 337—380.Cambridge University Press.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць Вікіпэдыя мае вэрсію нэпальскай мовай |
- Урокі нэпальскай мовы анлайн (анг.)
- Матэрыялы на нэпальскай мове (анг.)
- Нэпальская пісьмовасьць (фр.)
- Nepali alphabet, pronunciation and language (анг.) , Omniglot Праверана 30 студзеня 2014 г.