Нармандзкая мова

раманская мова
(Перанакіравана з «Нармандзка-француская мова»)

Нарма́ндзкая мова (таксама нармандзка-француская; саманазва: Nourmaund, Normand) — адна з моваў ойль у складзе раманскае галіны індаэўрапейскае моўнае сям’і. Шэрагам лінгвістаў клясыфікуецца як адна з паўночных моваў ойль побач зь пікардзкай ды валёнскай мовамі.

Нармандзкая мова
Normand, Nourmaund
Ужываецца ў Францыі, Вялікабрытаніі
Рэгіён Нармандыя, Джэрзі, Гернсі, Сарк
Колькасьць карыстальнікаў
  • 100 000 чал.
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям’я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў
Дапаможная мова ў рэгіянальны статус (Францыя, Вялікабрытанія)
Пісьмо францускі альфабэт[d]
Коды мовы
ISO 639-1
ISO 639-2(Б)
ISO 639-2(Т)
ISO 639-3 nrf

У ангельскамоўнай літаратуры і, часткова, у літаратуры краінаў былога СССР прыметнік «нармандзкі» можа адносіцца ня толькі да сучаснай раманскай мовы, але й моваў, гістарычна распаўсюджаных у справаводзтве Ангельшчыныангла-нармандзкай і г.зв. францускай законнай моваў[1].

Цяперашняя нармандзкая мова ў значнай ступені зьяўляецца ўзаемназразумелай зь пісьмовай нормай сучаснай францускай мовы. Колькасьць носьбітаў — прыкладна 100 тыс чал., якія жывуць у гістарычным рэгіёне Нармандыя (паўночны захад Францыі), а таксама на астравох Джэрзі, Гернсі ды Сарк, якія належаць да г.зв. каронных уладаньняў Брытанскай кароны.

Лінгвагеаграфія

рэдагаваць
 
Схематычная мапа Нармандыі і Нармандзкіх астравоў
 
Ізаглёса Жарэ
 
Бар у Шэрбур-Актэвілі з шыльдай па-нармандзку

Носьбіты нармандзкае мовы галоўным чынам жывуць у рэгіёне Нармандыя, што на паўночным захадзе Францыі. У Францыі мова мае рэгіянальны статус і выкладаецца ў шэрагу навучальных установаў паблізу Шэрбур-Актэвілю.

Апрача Францыі носьбіты мовы таксама пражываюць на Нармандзкіх астравох. У гэтым рэгіёне гістарычна разьвіліся ўласныя варыянты й дыялекты нармандзкай мовы, кожная з назваў якога адпавядае назьве востраву, на якім распаўсюджаны той ці іншы дыялект — джэрзійскі, гернсійскі і сарскі. Джэрзійскі ды гернсійскі дыялекты прызнаюцца брытанскім ды ірляндзкім урадамі ў якасьці рэгіянальных моваў у межах палітыкі брытанска-ірляндзкай Рады. Сарскі дыялект зь лінгвістычнага пункту гледжаньня зьяўляецца нашчадкам джэрзійскага дыялекту. Ягоныя носьбіты паходзяць ад джэрзійскіх пасяленцаў, якія ў XVI стагодзьдзі засялілі востраў Сарк.

На цяперашні час наймацнейшыя пазыцыі нармандзкае мовы захоўваюцца ў найменш даступных рэгіёнах былога Нарманскага княства: Нармандзкіх астравох (поўнач), паўвостраве Катантэн (захад) і рэгіёне Пэі-дэ-Ко (усход). У двух апошніх рэгіёнах распаўсюджаныя катантэнскі й кашуаскі дыялекты. Блізкасьць Парыжу і папулярнасьць курортаў цэнтральнай Нармандыі, такіх як Давіль, у ХІХ ст. прывялі да вызначанай страты нармандзкае культуры ў цэнтральных рэгіёнах Нармандыі.

Дыялекталёгія

рэдагаваць

У складзе нармандзкай мовы існуюць таксама олдэрнійскі й гермскі дыялект, якія былі распаўсюджаныя, адпаведна, на астравох Олдэрні й Герм. Олдэрнійскі дыялект вымер у ХХ ст., аднак існуе вызначаная колькасьць чалавек, якія ў той ці іншай ступені валодаюць дыялектам. Дата выміраньня гермскага дыялекту невядомая.

Падзел матэрыковых (францускіх) дыялектаў нармандзкае мовы вызначаецца ізаглёсай, вядомай як лінія Жарэ. Гэтая ізаглёса цягнецца ад мястэчка Гранвіль на захадзе Нармандыі да француска-бэльгійскай мяжы ў раёне правінцыі Эно, аддзяляючы паўднёвыя й паўночныя дыялекты мовы. Акрамя гэтага падзелу існуе таксама падзел на дыялекты захаду і ўсходу.

Літаратурная мова падзяляецца прынамсі на тры стандартызаваныя нормы: кантынэнтальную, джэрзійскую і гернсійскую, якія адлюстроўваюць на сабе рознае дыялектнае паходжаньне. З гэтае прычыны нармандзкая мова можа характарызавацца як плюрыцэнтрычная мова — мова, якая мае некалькі рэгіянальных літаратурных нормаў.

Гісторыя

рэдагаваць

Пасьля нармандзкаё заваёвы Ангельшчыны ў ХІ стагодзьдзі ангда-нармандзкі дыялект нармандзкае мовы стаў моваю адміністрацыі ў краіне. Гістарычна моцныя пазыцыі нармандзкая мова мела таксама і ў паўднёва-ўсходняй Ірляндыі, у якую нарманы ўварваліся ў 1169 годзе. Нармандзкая мова і дагэтуль выкарыстоўваецца ў некаторых брытанскіх фармальных функцыях: так, для наданьня санкцыі парлямэнту брытанскі манарх выкарыстоўвае фразу La Reine/Le Roy Le Veult (па-беларуску: «каралева/кароль дазваляе гэта»). Нармандзкая заваёва таксама паўплывала на сыцылійскую мову, што зьвязана з нармандзкай заваёвай Італіі ў ХІ—ХІІ стагодзьдзях.

У пэрыяд скандынаўскіх заваёваў жыхары сучасных Даніі й Нарвэгіі прыбылі ў тагачасны рэгіён Нэйстрыя. Гэты рэгіён атрымаў назву Нармандыя, а скандынаўскія захопнікі паступова перайшлі на мову мясцовага насельніцтва, якая мела раманскае паходжаньне. Тым ня менш, новая ўлада ў вызначанай ступені насыціла мясцовую мову элемэнтамі ўласнай мовы, якая належала да гаворак старажытнаскандынаўскай мовы (германскае паходжаньне). Сярод падобных элемэнтаў — частка лексычнага ды фанэтычнага інвэнтару. Фанэтычны ўплыў сярод лінгвістаў зьяўляецца больш спрэчным, аднак сьцьвярджаецца, што асьпірацыя гукаў /h/, /k/ у нармандзкай узьнікла праз старажытнаскандынаўскі ўплыў.

Прыклады падобных запазычаньняў з параўнальнымі перакладамі на нарвэскай, францускай і ўсходнім дыялекце старажытнаскандынаўскай моваў.

Нармандзкая Француская Усх. стар.-скандынаўская Нарвэская Беларуская
bel cour bǿli bøl суд, двор
bète appât bæita beta прынада
kanne cruche kanna kanne збан, гарлач
guernotte, guénotte, jarnotte arachide (cacahuète) jorðnotr jordnøtt, peanøtt земляны арэх
gradile, gradelle, gadelle cassis, groseille gaddʀ vinbær парэчкі
greyer préparer græiða greie рыхтаваць
griller, égriller glisser skriðla skli сьлізгаць
hardelle fille hóra (груб. жанчына лёгкіх паводзінаў) hore (груб. жанчына лёгкіх паводзінаў) дзяўчынка
hèrnais charrette járnaðʀ jernet воз
hommet/houmet îlot hulmʀ holme астравок, выспа
hou îlot hulmʀ holm астравок, выспа
hougue monticule haugʀ haug узгорак
mauve gaviote (данармандзкае)/
mouette (пасьлянармандзкае)
mávaʀ (мн.) måke, måse чайка
mielle dune mjalʀ dyne дзюна
mucre humide mygla mugg вільготны
nez falaise (таксама nez) næs nes мыс
viquet guichet (пазычаньне з нарманскай) víkjas vik брамка

У некаторых выпадках старажытнаскандынаўскія словы запазычваліся францускай мовай праз нармандзкую, а некаторыя пазьнейшыя ангельскія словы, запазычаныя францускай, могуць мець нармандзкае паходжаньне. Некаторыя нармандзкія словы, якія трапілі ў ангельскую мову па нармандзкай заваёве, могуць мець паралелі ў францускай мове.

Іншыя ангельскія словы, запазычаныя з нармандзкай, такія як captain, kennel, cattle, canvas, сьведчаць пра тое, што ў нармандзкай, у адрозьненьне ад блізкароднаснай францускай, захавалася лацінскае /k/.

Перасяленцы з Нармандыі ў Амэрыку таксама папоўнілі лексыку квэбэцкага варыянту францускай мовы і дыялектаў францускае мовы Канады наогул. Нармандзкі ўплыў мае таксама й жуаль — сацыялект працоўных Квэбэку.

Разьвіцьцё літаратуры

рэдагаваць

Літаратура на нармандзкай мове падзяляецца на раньні англа-нармандзкі пэрыяд і пэрыяд сучасных аўтараў, які ўмоўна пачынаецца ад ХІХ ст.

  1. ^ Eliz. Nutt, R. Gosling, E. Sayer The Law-French Dictionary Alphabetically Digested: Very Useful for All Young Students in the Common Laws of England. To which is Added, The Law-Latin Dictionary: Being an Alphabetical Collection of Such Law-Latin Words as are Found in Several Authentic Manuscripts, and Printed Books of Precedents. — 648 с.

Літаратура

рэдагаваць
  • Essai de grammaire de la langue normande, UPN, 1995. ISBN 2-9509074-0-7.
  • V’n-ous d’aveu mei? UPN, 1984.
  • La Normandie dialectale, 1999, ISBN 2-84133-076-1
  • Alain Marie, Les auteurs patoisants du Calvados, 2005. ISBN 2-84706-178-9.
  • Roger Jean Lebarbenchon, Les Falaises de la Hague, 1991. ISBN 2-9505884-0-9.
  • Jean-Louis Vaneille, Les patoisants bas-normands, n.d., Saint-Lô.
  • André Dupont, Dictionnaire des patoisants du Cotentin, Société d’archéologie de la Manche, Saint-Lô, 1992.
  • Geraint Jennings and Yan Marquis, „The Toad and the Donkey: an anthology of Norman literature from the Channel Islands”, 2011, ISBN 978-1-903427-61-3

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць