Занарач

вёска ў Мядзельскім раёне Менскай вобласьці Беларусі

За́нарач[1]вёска ў Мядзельскім раёне Менскай вобласьці. Уваходзіць у склад Занарацкага сельсавету і зьяўляецца ягоным цэнтрам. Мае статус аграгарадку.

Занарач
трансьліт. Zanarač
Першыя згадкі: 1566
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Мядзельскі
Сельсавет: Занарацкі
Насельніцтва: 592 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1797
Паштовы індэкс: 222382
СААТА: 6240814036
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°49′0″ пн. ш. 26°47′0″ у. д. / 54.81667° пн. ш. 26.78333° у. д. / 54.81667; 26.78333Каардынаты: 54°49′0″ пн. ш. 26°47′0″ у. д. / 54.81667° пн. ш. 26.78333° у. д. / 54.81667; 26.78333
Занарач на мапе Беларусі ±
Занарач
Занарач
Занарач
Занарач
Занарач
Занарач
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Гісторыя

рэдагаваць

Упершыню назва вёскі Занарач згадваецца ў гістарычных летапісах у 1566 годзе. У 1903 годзе на могілках ў Занарачы беларускі археоляг Ф. В. Пакроўскі праводзіў раскопкі і раскапаў 3 курганы, якія ўяўлялі сабой паўсфэрычныя насыпы з прамавугольнымі працягамі. Рэшткі захаваньняў, знойдзеныя ў курганах, былі аднесеныя да 3-й чвэрці 1 тысячагодзьдзя н. э. У вяршыні першага кургана разьмяшчалася пасудзіна з жоўтай гліны, у якой знаходзіўся прах нябожчыка. Пасудзіна мела форму ўсечанага конуса з слабавыпуклымі бакамі. У двух другіх курганах знаходзіліся рэшткі апаленых костак.

Храналёгія

рэдагаваць
  • 1729 год — зьяўлялася маёнткам Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва.
  • 1770 год — зьяўлялася маёнткам і належала Сташкевічам.
  • 1781 год — маёнтак зьяўляеўся ўладаньнем Даброўскіх.
  • З 1795 году знаходзіцца ў складзе Расейскай імпэрыі.
  • 1863 год — адчыненае народная вучэльня, дзе ў 1892/93 навучальным годзе вучыліся 54 хлопчыкі і 9 дзяўчынак. У 1896/97 годзе ва ўчэльні навучаліся 58 хлопчыкаў.
  • 1868 год — зьяўлялася сялом Сьвянцянскага павету Віленскай губэрні. Сяло налічвала 208 жыхароў.
  •  1885 год — сяло Занарач зьяўлялася цэнтрам воласьці, налічвала 22 двары і 295 жыхароў. У сяле разьмяшчалася праўленьне воласьці, царква, карчма, 2 крамы. У склад Занарачанскай воласьці ўваходзілі 20 населеных пунктаў, агулам гэта былі 204 двары і 2861 жыхар.
  • 1893 год — пачала працаваць царкоўнапрыходзкая школа, дзе ў 1896/97 навучальным годзе вучыліся 5 хлопчыкаў і 18 дзяўчынак.
  • 1897 год — у Занарачы 48 двароў, 354 жыхары. Таксама тут знаходзіліся валасное праўленьне, царква, габрэйскі малітоўны дом, народная вучэльня, 2 хлебазапасныя крамы, прыёмны лячэбны пакой, карчма, 3 крамы.
  • 1904 год — насельніцва сяла складае 320 жыхароў.
  • 1908 год — сяло налічвае 323 жыхароў.
  • Падчас Першай сусьветнай вайны зь верасьня 1915 году сяло было акупаванае войскамі кайзэраўскай Нямеччыны, а пазьней — спаленае. 21 сакавіка 1916 году войскі 27-га і 28-га палкоў 7-й пяхотнай дывізіі 2-й расейскай арміі ўвайшлі ў сяло. Пазьней сяло зноў было акупаванае войскамі Нямеччыны.
  • 12 кастрычніка 1940 году Занарач зрабілася цэнтрам Занарацкага сельсавету Мядзельскага раёну Вялейскай вобласьці20 верасьня 1944 году — Маладэчанскай). У 1940 годзе Зарарач ужо мела статус вёскі і налічвала 105 двароў і 425 жыхароў.
  • У верасьні 1943 году падчас Вялікай Айчыннай вайны нямецкія захопнікі цалкам спалілі вёску і забілі 41 жыхара. Пасьля вайны вёска была адбудаваная.
  • У верасьні 1947 году пачаліся заняткі ў Занарачанскай пачатковай школе. Будынак школы быў узьведзены пасьля сканчэньня Вялікай Айчыннай вайны народным мэтадам.
  • 1948 год — будынак сельсавету быў телефанізаваны.
  • 1949 год — створаны калгас імя Пархоменкі.
  • 1952 год — вёска зьяўляецца цэнтрам калгасу «Шлях да камунізму». З 1973 году вёска зьяўляецца цэнтрам сучаснага аднайменнага калгасу, у які ўваходзяць 9 вёсак.
  • 1953 год — пабудаваны радыёвузел.
  • 20 студзеня 1960 году вёска ўвайшла ў склад Менскай вобласьці.
  • У 1960 годзе насельніцтва вёскі складала 282 жыхары.
  • 12 лістапада 1966 году да вёскі Занарач была далучаная вёска Блізьнікі.

Насельніцтва

рэдагаваць
  • 2010 год — 592 жыхары
  • 30 лістапада 2007 году — 230 двароў і 620 жыхароў
  • 1999 год — 683 жыхары
  • 1 студзеня 1997 году — 246 двароў і 692 жыхары

Інфраструктура

рэдагаваць

У вёсцы разьмяшчаюцца выканаўчы камітэт Занарацкага сельсавету, адміністрыцыйны будынак калгасу, машынны двор, фэрма буйной рагатай жывёлы, аўтаматычная тэлефонная станцыя, аддзяленьне сувязі, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўваньня насельніцтва, Дом культуры, аддзяленьне ашчаднага банку, бібліятэка, сярэдняя школа, дзіцячы садок, больніца, амбуляторыя, аптэка, крама, сталоўка.

Вёска была радыёфікаваная ў 1953 годзе, электрычнасьць да вёскі была падведзеная ў 1966 годзе.

Непадалёк ад вёскі на беразе возера Нарач разьмяшчаецца турыстычная база «Нарачанка». Турбаза была адчыненая ў 1978 годзе.

Па стане на 2007 год у Занарачы 7 вуліцаў.

Занарачанская школа

рэдагаваць

У 1863 годзе ў сяле Занарач была адчыненае народная вучэльня, якая бясплатна разьмяшчалася ў грамадзкім доме. Утрыманьне вучэльні фінансавалася дзяржавай. Адным зь першых настаўнікаў вучэльні зьяўляўся Мікалай Флегмантавіч Авесаломаў — выпускнік Валагодзкай духоўнай сэмінарыі. Па стане на 1873 год у вучэльні навучаліся 45 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка. У 1886 годзе былі ўжо 56 хлопчыкаў і 1 дзяўчына. У 1892/93 навучальным годзе ў вучэльні вучыліся 54 хлопчыкі і 9 дзяўчынак.

Вучэльня мела назву народнай, у ёй навучаліся дзеці з усёй воласьці. Навучаньне ў вучэльні не зьяўлялася абавязковым. Школа валодала дзесяцінай зямлі, якой пераважна карыстаўся настаўнік, які жыў пры школе. Таксама пры школе быў створаны інтэрнат, дзеці прыносілі з дому ўласныя пасьцельныя рэчы. Навучаньне ў школе цягнулася 4 гады. Заняткі праводзіліся з 8 гадзіны раніцы да 18 гадзінаў вечара зь перапынкам на абед.

На месцы, дзе цяпер у Занарачы знаходзіцца камбінат бытавога абслугоўваньня насельніцтва ў 1893 годзе пачала дзейнічаць царкоўнапрыходзкая школа. Заняткі законавучэньня ў школе праводзіў сьвятар Занарачанскай царквы Мікалай Балвянцаў, які скончыў Літоўскую духоўную сэмінарыю. У царкоўнапрыходзкай школе навучаліся толькі дзяўчынкі. Пасьля заканчэньня яны маглі працягваць навучаньне ў народнай школе, а пасьля яе паступіць вучыцца ў вышэйшую навучальную ўстанову альбо вучыцца рамяству.

Падчас Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе школа была разбураная. Навучаньне было адноўленае пасьля вайны, праводзілася па хатах і на польскай мове. У 1939 годзе быў пабудаваны новы будынак школы, які ў 1941 годзе зноў быў разбураны.

У верасьні 1944 году пачаліся заняткі ў школе, якая знаходзілася ў хаце на хутары Тамаша Мікалаевіча Усовіча. Праз 4 гады зьявіўся новы будынак пачатковай школы, а пасьля яго — і новы будынак сямігадовай. У 1968 годзе быў пабудаваны новы будынак школы, у якім навучаньне працягваецца і цяпер.

Па стане на 2007/2008 навучальны год у Занарачанскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе навучаліся 187 вучняў.

Бібліятэка ў Занарачы

рэдагаваць

У 1948 годзе ў вёсцы Занарач была адчыненая хата-чытальня. З 1948 году апроч бібліятэкарскай працы бібліятэкары займаліся таксама клюбнай працай. Такі стан рэчаў доўжыўся да 1969 году, калі зьявілася пасада клюбнага работніка. У 1961 годзе ў вёсцы быў пабудаваны клюб, бібліятэка таксама разьмяшчалася ў будынку клюбу. У 1970 годзе сельсавет і аддзяленьне сувязі пераехалі ў новы будынак, таму бібліятэка атрымала магчымасьць і была перанесеная ў памяшканьне, якое яны займалі раней. У 1991 годзе штат бібліятэкі быў пашыраны. У сакавіку 1994 году бібліятэка была пераведзеная ў дзейнае памяшканьне сельсавету. З траўня 2006 году яна працуе ў новым будынку Сельскага дома культуры ў вёсцы Занарач.

Амбуляторыя

рэдагаваць

Пасьля вызваленьня вёскі ад нямецкіх захопнікаў у 1944 годзе ў Занарачы быў адчынены мэдпункт у прыватнай хаце Ксеніі Карпаўны Валадкевіч. Праз пэўны час мэдпункт быў перанесены на хутар у хату Тамаша Мікалаевіча Ўсовіча, дзе разьмяшчалася школа. У 1952 годзе мэдпункт быў перанесены з хутару зноў у прыватную хату ў Занарачы.

У 1953—1954 гадох у вёсцы была пабудаваная больніца на 12 месцаў, дзе і адчынілася амбуляторыя. У 2005 годзе пачалося будаўніцтва новай добраўпарадкаванай амбуляторыі, якая адчынілася 26 кастрычніка 2006 году. Амбуляторыя балы пабудаваная пры дапамозе Міжнароднага дабрачыннага грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» па комплекснай энэргазьберагальнай тэхналёгіі.

У 1965 годзе ў вёсцы ўсталяваныя 2 абэліскі ў знак ушанаваньня памяці землякоў, што загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны.

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 333

Літаратура

рэдагаваць
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. — Мн.: БелЭн, 1998. — 635, [3] с. ISBN 985-11-0107-9.
  • Занарочский сельсовет: местная повестка на XXI век / авторы-составители М.Г. Наранович, О.В. Сивограков. — Минск: ОДО «Новапринт», 2007. ISBN 985-6745-86-1