Кулгрында
Кулгрында (па-летувіску: kūlgrinda, ад жамойцкіх дыялектных: kūlis — камень + grinda — брук) — брукаваная дарога праз балота, раку, возера ці іншую водную перашкоду на землях, заселеных балцкімі плямёнамі.
Тэхналёгія
рэдагавацьВерхні слой бруку складаўся з роўна ўкладзеных камянёў дыямэтрам 10—20 см і насьцілаўся на аснову, альбо на адмысловы ніжні слой, прызначаны для ўмацаваньня верхняга. Аснова складалася зь бязладна ўкладзеных палявых камянёў дыямэтрам 50—80 см, альбо скінутых у балота пнёў, гольля і камлёў, альбо ўяўляла сабой складаную канструкцыю з пакладзеных упоперак сасновых бярвеньняў, на якія быў насыпаны пласт пяску. З бакоў кулгрынды ўмацоўваліся сасновымі палямі ці каменнымі клінамі і засьцерагаліся ад заносу глеем з дапамогай канавак. Разам з кулгрындамі таксама выдзяляюцца мядгрынды (medgrinda) і жэмгрынды (žemgrinda). Мядгрынды брукаваліся дрэвам, тады як аснову жэмгрындаў складала зямля, часам перасыпаная камянямі ці бярвеньнямі. Шырыня кулгрындаў вагалася ад 1,5 да 6 м, даўжыня — ад 3—4 да некалькіх соцень м. З мэтай захаваньня таямніцы кулгрынды часта пракладаліся пад вадой і мелі зьвілісты абрыс. У большасьці кулгрынды выкарыстоўваліся ў абарончых мэтах, вялі да гарадзішчаў і складалі частку іх фартыфікацыйнай сыстэмы. Некаторыя мелі культавы характар і вялі да сьвяцілішчаў ці месцаў пахаваньня.
Гісторыя
рэдагавацьКулгрынды вядомыя ў Прусіі з I стагодзьдзя, у Літве — з IV стагодзьдзя. Працягвалі будавацца да раньняга сярэднявечча. Традыцыі будаўніцтва дарог, асабліва трывалыя ў заходніх балтаў, выкарыстоўваліся ў ВКЛ, дзе пераселеныя ў XIII стагодзьдзі з Прусіі борці ўтварылі саслоўна-прафэсійную групу, занятую гэтым рамяством. Большасьць захаваўшыхся кулгрындаў знаходзіцца на тэрыторыі Летувіскай Рэспублікі. Найбольшая канцэнтрацыя кулгрындаў прыпадае на жамойцкі рэгіён. Літоўскімі навукоўцамі дасьледаваны дарогі: у вёсках Алкупіс і Бурбішкяй, раён Шылале; вёска Обеляй, раён Укмерге; вёска Кярнаве, Шырвінцкі раён і іншыя. Кулгрынды вядомыя таксама ў Калінінградзкай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі і Латвіі. Маюцца зьвесткі аб кулгрындах на тэрыторыі Беларусі на возеры Краснае ў Дзісенскім павеце і паміж вёскай Наносы і Мядзелам на возеры Нарач. Нарачанская кулгрында, званая ў народзе Чортавай грэбляй і брукаваная шчыльна пакладзенымі камянямі, знаходзілася на глыбіні прыкладна 125 см ад паверхні вады, узвышалася над дном возера прыкладна на 160 см і мела ў даўжыню каля 1 км; у шырыню забяспечвала прастору для праезду чатырох запрэжаных коней адначасова. Вядомая таксама кулгрында на возеры Мястра, якая вяла пад вадой да Мядзельскага замку. Паводле легенды, дарогу да замку швэдам падказала карова, якая па мосьце пад вадой перайшла возера. Магчыма, таксама была калгрында на возеры Мядзел. Мясцовасць ля вёскі Скары да гэтага часу называюць Маставіцай. Драўляныя парэшткі даўняга маста, што вёў да вострава Замак, захаваліся да нашага часу.
Літаратура
рэдагаваць- Я. У. Новікаў // . — Мн.: .
- Доўнар А. «Масты ў паўтара пруты». Нарыс з гісторыі дарожных камунікацыяў Беларусі XVI—XVIII стст. // Спадчына. Мн., №2-3/2003 (152). С. 63-69.
- Киркор А. К. Современная природа Литвы. // Живописная Россия. Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении. Т. 3. Литовское и Белорусское Полесье. Репринтное воспроизведение издания 1882 года. Мн., 1993. С. 49 — 72.
- Каблоў С. Падводная археалогія на Беларусі. // З глыбі вякоў. Наш край. Мн., 1996. С. 27-50.
- Кулгринды. // Литва. Краткая энциклопедия. Вильнюс, 1989. С. 351.
- Ластоўскі В. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна, 1924. С. 42.
- Baubonis Z. Kūlgrindų, medgrindų ir žemgrindų klausimu. // Aktualūs kultūros paminklų tyrinėjimų uždaviniai: Konferencijos pranešimų tezės. (Зянонас Баўбоніс. Да пытаньня аб кулгрындах, мядгрындах і жэмгрындах. // Актуальныя пытаньні дасьледваньняў помнікаў культуры: Тэзісы дакладаў канфэрэнцыі.) Vilnius, 1988. 47-53.