Мікалай Андрэевіч Кавалёў
Мікала́й Андрэ́евіч Кавалё́ў (нар. 1937, Стары Дзедзін, Клімавіцкі раён, цяпер Магілёўская вобласьць, Беларусь) — беларускі вэтэрынар-вірусоляг.
Мікалай Кавалёў | |
Дата нараджэньня | 1 чэрвеня 1937 (87 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | Стары Дзедзін, Клімавіцкі раён, Беларуская ССР, Савецкі Саюз |
Месца вучобы | Віцебскі вэтэрынарны інстытут (1959) |
Занятак | вэтэрынар, навуковец |
Навуковая сфэра | вэтэрынарыя |
Месца працы | Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя Сяргея Вышалескага |
Вядомы як | стваральнік навуковай школы вэтэрынарных імунолягаў і эпізоатолягаў у Беларусі (1972) |
Навуковая ступень | доктар навук (1977) |
Узнагароды |
мэдалі Выставы дасягненьняў народнай гаспадаркі СССР
|
Доктар вэтэрынарных навук (1977) і прафэсар (1979). Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994). Кавалер ордэна «Знак Пашаны» (1971). У 1972 годзе стаў сузаснавальнікам вэтэрынарнай вірусалёгіі ў Беларусі і стваральнікам навуковай школы вэтэрынарных імунолягаў і эпізоатолягаў. Распрацаваў звыш 10 прышчэпак супраць вірусных інфэкцыяў у жывёлаў. 8-ы кіраўнік Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі (1988—1999)[2].
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ 1954 годзе скончыў Клімавіцкі зоавэтэрынарны тэхнікум. У 1959 годзе скончыў Віцебскі вэтэрынарны інстытут і заняў пасаду галоўнага вэтэрынарнага лекара ў «Высокаўскім» саўгасе Клімавіцкага раёну[3]. У 1961-м паступіў у асьпірантуру Беларускага навукова-дасьледчага вэтэрынарнага інстытуту (БелНДВІ)[2]. У 1964-м перайшоў на працу малодшым навуковым супрацоўнікам у БелНДВІ[3]. У 1965 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Эпізоаталёгія шаленства ў Беларусі і пытаньні адмысловай прафіляктыкі»[2]. У 1966-м стаў старэйшым навуковым супрацоўнікам, а ў 1968-м заняў пасаду загадніка аддзелу БелНДВІ[4]. У 1971-м узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны»[3] і ўзяў удзел у Міжнароднай нарадзе Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) ў Празе (Чэхаславаччына). У 1972 годзе стаў сузаснавальнікам вэтэрынарнай вірусалёгіі ў Беларусі і стваральнікам навуковай школы вэтэрынарных імунолягаў і эпізоатолягаў. У 1977 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю «Пытаньні патагенэзу і шляхі ўдасканаленьня лябараторнай дыягностыкі і адмысловай прафіляктыкі шаленства». У 1975-м стаў сябрам Усесаюзнай камісіі біяпрэпаратаў Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР і сябрам доктарскай навуковай рады пры Маскоўскай вэтэрынарнай акадэміі (да 1991 году), а таксама навуковым кіраўніком шэрагу заданьняў Дзяржаўных навукова-тэхнічных праграмаў «Агракомплекс», «Імпартазамяшчэньне» і «Інавацыйныя біятэхналёгіі». Атрымаў некалькі мэдалёў Выставы дасягненьняў народнай гаспадаркі СССР у Маскве (Расейская СФСР)[2]. У 1979-м атрымаў навуковую годнасьць прафэсара[3].
У 1982-м выдаў у суатарстве кнігу «Новыя мэтады дыягностыкі заонозных інфэкцыяў»[5]. У 1988 годзе ўзначаліў Беларускі навукова-дасьледчы інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі (БелНДІЭВ)[3] і выдаў супольную манаграфію «Прафіляктыка інфэкцыйных хваробаў жывёлаў» у выдавецтве «Ураджай»[4]. У 1990-м выпусьціў разам з П.П. Кузьняцовым і Міхаілам Таршысам манаграфію «Шаленства жывёлаў», а таксама «Слоўнік хваробаў сельскагаспадарчых жывёлаў»[5]. У 1990 і 1992 гадох паўторна браў удзел у Міжнародных нарадах СААЗ у Парыжы (Францыя) і Жэнэве (Швайцарыя). Таксама ўдзельнічаў у Міжнародных вэтэрынарных зьездах у Мэксыцы, Аўстраліі і Расеі. У 1991-м удзельнічаў у паседжаньні Міжнароднага эпізоатычнага бюро ў Парыжы[2]. У 1992-м быў абраны сябрам-карэспандэнтам Акадэміі аграрных навук Беларусі (ААНБ) і стаў акадэмікам-сакратаром Аддзяленьня жывёлагадоўлі і вэтэрынарнай мэдыцыны ААНБ. Напісаў навуковыя працы аб прыродна-ачаговых хваробах дзікай і свойскай жывёлы ў Беларусі. Распрацаваў спосабы хуткай дыягностыкі, папярэджаньня і лячэньня інфэкцыяў у жывёлаў[5]. У 1994-м стаў акадэмікам Акадэміі аграрных навук Беларусі[3].
У 1993 і 1995 гадох паўторна браў удзел у паседжаньнях Міжнароднага эпізоатычнага бюро[2]. У 1997-м стаў намесьнікам старшыні ААНБ[5]. У 1999-м стаў загаднікам лябараторыі БелНДІЭВ. У 2002-м заняў пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка БелНДІЭВ[3]. У 2006-м стаў суаўтарам кнігі «Клясычная і сучасная імуналёгія». У 2010-м выдаў у суатарстве працу «Генэтычная і вузавая інжынэрыя». У 2012-м выдаў сумесную манаграфію «Вірусы і прыёны ў паталёгіі жывёлаў і чалавека»[2]. На 2013 год напісаў звыш 360 навуковых працаў, у тым ліку 8 манаграфіяў. Меў 19 патэнтаў і вынаходзтваў[3]. У 2014 годзе выпусьціў супольную працу «Сьвет мікраарганізмаў у біясфэры»[2].
Навуковая праца
рэдагавацьПравёў навуковыя дасьледаваньні ў галіне распрацоўкі сродкаў і спосабаў дыягностыкі, лячэньня і папярэджаньня вірусных хваробаў жывёлаў. Стварыў монапрышчэпкі супраць шаленства, парагрыпу-3 і рынатрахеіту ў кароваў, супраць ротавіруснай хваробы ў сьвіней і чумы сабакаў, парвавіруснага энтэрыту сьвіней і пастэрэлёзу коней. Таксама стварыў 2-валентныя прышчэпкі супраць парагрыпу-3 і рынатрахеіту, рынатрахеіту і віруснага паносу кароваў, гастраэнэтрыту і ротавіруснай хваробы сьвіней, чумы і шаленства сабакаў. Сярод іншага, распрацаваў шматвалентныя прышчэпкі і сыроватачныя лекі супраць пастэрэлёзу, калібактэрыёзу, адэнавіруснай і ротавіруснай хваробаў у цялятаў і парсючкоў, а таксама пастэрэлёзу, хлямідозу і адэнавіруснай хваробы ў кароваў. Агулам распрацаваў звыш 35 біясродкаў і спосабаў выяўленьня і папярэджаньня заражэньняў у жывёлаў[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ http://catalog.library.mogilev.by/kray/Znak_new/klimovichi/r10p5_4.htm
- ^ а б в г д е ё ж Кавалёў Мікалай Андрэевіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 12 студзеня 2021 г. Праверана 7 лютага 2022 г.
- ^ а б в г д е ё ж Кавалёў Мікалай Андрэевіч (1937) // Магілёўская абласная бібліятэка, 2013 г. Праверана 7 лютага 2022 г.
- ^ а б в Кавалёў Мікалай Андрэевіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 7 лютага 2022 г.
- ^ а б в г Кавалёў Мікалай Андрэевіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — С. 395. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
Гэта — накід артыкула пра асобу з Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |